Ала Сямёнава - Бэзавы попел
Увогуле Міхась Стральцоў быў з тых, для каго існасць рэчаў i падзей i свет літаратурны, мастацкі былі заўсёды відавочнай рэальнасцю, неад'емнай. Не ў рэчышчы дурной літаратуршчыны, a ў тым неад'емным сэнсе, які дае існаванню чалавека высокая культура. Калі свет ужо не ўяўляецца без Дантэ i Скарыны, без Рафаэля i Моцарта, без Блока i Багдановіча...
Не, жыццё не было для яго толькі літаратурным матэрыялам. Першая i другая рэальнасць суіснавалі ў яго ўсведамленні. Ён вельмі тонка адчуваў код узаемаадносін паміж існасцю — мастацтвам, паміж „перадмастацтвам” i ўласна творчасцю. Паміж шэрай звычаёвасцю i таямніцай. Таямніцай чалавека, асобы, творцы. Жанчыны. Раздумваў над тым. Меціў задумамі. Згадваў пра няспраўджанае. Можа, у эпісталярным жанры гэта ўсё не мела той эстэтычнай крышталёвай завершанасці, як, скажам, у „Смаленні вепрука”, але мела сваю стыхію дакладнасці, сваю дысцыпліну родзуму i пачуццяў. Прырода яго чалавечага таленту змяшчала ў сабе непадзельнасць роздуму i ацэнак, плыні жыцця i ўсведамленне яго. Як i таленту пісьменніцкага:
„Во — хацеў я аднойчы напісаць апавяданне пра танцпляцоўку (даўно), i задума, здавалася, цікавая была: нябожчыку Рылько [Алесь (Аляксей Іванавіч) Рылько (1923-1967) — празаік, публіцыст, драматург] нападпітку неяк расказваў, а ён уталопіў вочы ў мяне, доўга глядзеў, неяк тужліва-хітравата, як гэта ён умеў, a потым кажа нешта накшталт гэткага: а ты даўно, хлопча, каровы пасвіў, касіў ці дровы пілаваў? I пра Дастаеўскага нешта сказаў, i пра ягоную „хромоножку” ca Стаўрогіным — маўляў, вывіх i выбрык. Разумны быў чалавек, i мы, гадамі розныя, сябравалі, можа, па-сапраўднаму, а больш ён нібы бацька мне быў. А пра Даст[аеўскага] ён сказаў нездарма: у мяне ў той задуме нейкім саматужным Фрэйдам патыхала, ён гэта неяк адразу зразумеў. А задума ці не забылася, памятаю толькі i цяпер чамусьці ўпэўнены, што, далібог, неблагая была. Калі-небудзь, можа, успомню: нечага з другога вопыту дадам i, дадаўшы, можа, напішу. Бо начытаешся, як У. з В. „живописуют” жанчын i каля, дык не па сабе неяк робіцца: i тэмы шкада, i праўды шкада, той праўды, пра якую стары Талстой (у адносінах да жаноча-мужч[ынскай] прабл[емы]) выказаўся неяк так: я пра тое голас падам, калі адной нагой у труне буду i выкажуся, шасну ў труну i векам накроюся. Так, здаецца, Горкі перадае — чалавек, які выдумаў сябе i выдумляў другіх, страшная ў яго гэтая ўласная выдуманасць, упэўненасць дзяка ці царкоўнага начотчыка. Можа, адзіны з рускіх літаратараў вёску не разумеў i не любіў. Яно дык любіць, канечне, мала за што можна, але... ягоная яўная, а часцей схаваная, варожасць да інтэлігенцыі даказвае толькі тое, што ён самавук i тое, што інтэлігентам трэба нарадзіцца. Прапаведваць веды, з аднаго боку, услаўляць волю i нейкага чалавека, паднаўляючы зноў жа саматужна Ніцшэ, i забыць пра Акакія Акакіевіча, як гэта было ў Горкага, — гэта i не па-руску неяк, i не па-асветніцку нават. Пану грамата цяжка даецца, a калі даецца, дык прымаўкай робіцца нездарма.
А наогул, самавукі небяспечныя людзі — гэта можна убачыць, напрыклад, i на нашым S. Прыгледзьцеся.
Надвор'е у нас даўно ўжо сапсавалася — сырасць, макрэча — не ведаю, як у вас. Радыё я не слухаю, ды i ўключаюць яго прапары цэнтралізавана, так сказаць, калі захочуць. Футбол я не гляджу. Вось пішу табе (гэта раніцай, палова восьмай, да паверкі) — дождж шастае, a ў мяне круцяцца рубцоўскія радкі:
Седьмые сутки дождь не умолкает —
И некому его остановить!
Все чаще мысль угрюмая мелькает,
Что может всю деревню затопить.
[Цытавана дакладна.]
Цытую па памяці, таму i сумняваюся. Неяк так. Там яшчэ, здаецца, ёсць радкі: „на кладбище, как будто крокодилы, ворочаются, спятивши, гробы”.
Бр! Мальчишка. Часто „смешной и милый”, кажется, у него эта страсть пугать и легкомысленничать. Вроде:
Прозрачно небо голубое,
Прозрачен воздух голубой.
Какое место вам? — Любое!
Любое время, край любой.
Ах ты, божа мой!
Як яму ў тым абраным ім ці некім другім краі цяпер, адзін бог ведае. Напрадракаўся: „Я умру в крещенские морозы”. Так, здаецца, i было. Някрасаўскі пейзаж нейкі над намі, да Кальцова не дараслі ці перараслі, — паспяшаліся. Але нешта я сумнае пад дождж пачаў — не буду. Вось табе зноў славянская рыса” (5.VI.82).
Засталося ненапісаным i тое апавяданне, i іншыя апавяданні, эсэ. Стральцоў не любіў ні саматужнай нудоты прымусу i самапрымусу, не апускаўся да хуткапісу важных праблем. Увогуле ж — задумваючыся над безданню i вышынямі чалавечых пачуццяў i розуму, выяў жыцця, існавання, заўсёды ўсё ж заставаўся ў, так бы мовіць, арэале Быцця, не пацвельваючыся з Небыццём, за тым, што па-за рысай нашага існавання.
Загадка ж творчасці i творцы заўсёды, мабыць, займала яго. Заўсёды меціла яго думку. Часам i перашкаджаючы. Не даючы спраўдзіцца намерам. Ці, можа, нават замінаючы першаадчуванню, ці што, жыцця. I — прыходзілі вось такія згрызотныя думкі. Думкі ягоныя — I наконт свайго занятку, i наконт маласпрыяльнай нашай глебы для сапраўднага таленту. А дзе, дарэчы, для таленту — спрыяльная глеба?
„А толькі літаратурай займаюцца ў нас ці адпетыя дурні, накшталт мяне (ды каб жа яшчэ займацца было можна, седзячы за айчынным дротам) (ЛПП — лякарска-працоўны прафілакторый), ці чыноўнікі, якім здаецца, што без ix літаратура загінула б, i тут ужо яны аддаюцца ёй цалкам, няўхільна шнуруючы яе пад ранжыр, — хоць тут ужо можа не літаратура, а нейкая кітайская плантацыя. А С. i D. стаяць над гэтай плантацыяй i ў калатушкі б'юць — адпужваюць вераб'ёў. Ну ix!”
„Кінуць бы ўсё гэта, ды вось бяда — позна, нічога другога не ўмею, а вучыцца другой навуцы калі? Ды i ранейшае такое-сякое ўмельства, напраўдзе, растрачана ўжо...” (На канверце дата 29.5.82.)
Думка гэтая, пра тое, што ўжо ўсё растрачана i Стральцоў „адпісаўся”, была вельмі ж папулярнай у так званым Аппаратурным атачэнні. Я нездарма згадваю яе.
Міхась Стральцоў часам, не толькі ca мною, уголас даводзіў думкі свае, асабліва ў якую роспачную хвіліну. У лістах ён пісаў нават такое: „Усе мае (амаль усе — бо не паверыш) кволыя літздольнасці i скупыя вольныя хвіліны забіраеш ты...” (12.VI.82). (Маюцца на ўвазе лісты.) Я тады не паверыла i зараз не даю веры. Былі шматлікія абставіны, былі своеасаблівасці характару, была, здаецца, калі не лянота, дык хісткая самадысцыпліна. Было i такое: „А каму гэта трэба?” Сапраўды, талент тонкі, ламлівы, элітарны. Не з тых, якім захапляюцца хатнія гаспадыні i дзяўчаткі з універмага. Ці хлопцы з ПТВ. Я не збіраюся прынізіць ні тых дзяўчатак, ні тых хлопцаў. Там таксама, між іншым, ёсць выключэнні. Але ж каб слухаць Баха, трэба мець хаця б прыродную схільнасць да гэтага. Сякую-такую падрыхтоўку, накіраванасць Менталітэту — пачуццяў. Ну, i ўсё ж нейкія ўмовы i перадумовы. I Гегеля не ўхопіш, прызвычаіўшыся чытаць выключна дэтэктывы. I Поля Валеры наўрад ці агораеш, калі вока i розум шукаюць адно: хто каго любіў, хто каго забіў. Патрэбны чытач, што ўмее размежаваць побытавую i пазазвычаёвую свядомасць.
Чытаць Міхася Стральцова — таксама трэба мець i пэўныя схільнасці, i пэўныя ўмовы. Гэта пісьменнік для людзей падрыхтаваных. Разумова i духоўна. Пісьменнік вытанчанай, празрыстай умельствам сваім мовы. Беларускай мовы. На рускай мове, хай не пакрыўдзяцца ягоныя перакладчыкі, таго Стральцова, якога ведалі мы, ужо не было. I Міхась Стральцоў фатальна рабіўся пісьменнікам для вельмі вузкага кола людзей. Хто ведае? Хто чытае? Была, мне здаецца, i яшчэ „стрэмка”. Ці, хутчэй, стрыжнявая „зацыкленасць”. Натура, якая міласцю сваёй вялікай, Боскай, дорыць талент, „выдае” да яго i бясконцага сумніву, i нездаволенасці сабою i іншымі, i прагу абсалюту. Абсалюту ва ўсім. У стасунках высокага розуму i пачуццяў. У звычайных побытавых з'явах. У адносінах з людзьмі — увогуле. З сябрамі. З жанчынамі. Абраннікі Боскія ствараюць вобразы. Прагнуць гармоніі. A рэчаіснасць падсоўвае мітусню i сурагаты. Замест сапраўдных пачуццяў. Высокіх ідэяў. Бездакорных адносін.
I поўзае чыноўнае вока па выпакутаваных радах, дзе словы — выяўленыя ў фразах, у літарах: i міласць, i дараванне, i дабро, i зло, i пакуты, i шчаслівы крок лёсу. Расчыненая Кніга Быцця. I чалавечае „я” сціскаецца ад гэтых позіркаў, ад чужой знешняй сілы, бунтуе супраць ахвяравання, супраць парушэння існасных сувязей. I супраць мітуслівага нібыта клопату тых, хто побач, хто перашкаджае існаванню на ўзроўні вышэйшых сутнасцяў. I Чалавек, Творца бяжыць ад усяго, i недзе знікаюць, раструшчваюцца думкі, праекты, ідэі.
Няпростыя адносіны звычайна складваюцца ў творцаў з уладамі (не будзем лічыць „лукавых царедворцев” стваральнікамі сапраўднага). Невыпадкова, мабыць, Міхась Стральцоў меў тую сталую схільнасць да рускай „усадебной культуры’. Яму патрэбны былі незалежная адстароненасць, магчымасць размысліць, быць вольным. Мастакі ці не заўважаюць уладароў, ці бягуць ад ix — калі гэта магчыма. Ці ўваходзяць у канфлікт. Ці адкрыта змагаюцца. Але не будзем перабольшваць. Безліч — тых, хто пакутаваў, хто загінуў, хто пісаў у пекле ці пасля пекла, хто меў творчасць як зямны крыж i як зямное збавенне, хто зведаў здраду i ўціск. Але „спісваць” усё на сацыяльныя варункі — ці то ў часы Мікалая I, ці то пад час сталыпінскіх рэформаў, ці то ў часы сталінізму, ці ў часы так званага застою — таксама вульгарызатарства i спрошчанасць. Прыгонны лад, царскія сатрапы, паўстанні, перавароты i рэвалюцыі, сталінскі ГУЛАГ, брэжнеўскія „ўшчыльніцелі духу” — было. Усё гэта некага змусіла да подзвігаў пяра, некаму прысудам зрабіла духоўную смерць, некаму — зрабіла прымусам немату. Але — былі i заўсёды застануцца — пры ўсіх уладах: i ў самым росквіце эканамічным i палітычным — i чалавечая зайздрасць (досыць заўсёды акуратна i абмежавана здольных Сальеры, i так мала таленавітых, ад Бога — Моцартаў), i пэўныя абставіны лёсу, i цяжкае ўжыванне ў свет чалавека, для якога норма — адыход ад нормы, a ўзлёты мяжуюць з наканаванасцю бездані, урэшце — чалавек — гэта не толькі прыродна-грамадскае існаванне, гэта існаванне самога з сабой, рознага, добрага i злога, высокага i нікчэмнага, прыгожага i страхотлівага, У сваёй неад'емнай залежнасці ад людзей i ў сваёй суцэльнай экзістэнцыі, калі ў самыя роспачныя, цяжкія хвіліны чалавек застаецца сам-насам, i ніхто не можа яму дапамагчы: ні спрыяльныя сацыяльныя абставіны, ні каханне жанчыны, ні прыязнасць сяброў, ні прывілеі службовыя, ні дарункі фартуны. Лёсу. Hi усмешка дзіцяці. Ён сам-насам у сваёй Ладдзі Роспачы (паводле Караткевіча), сам сабе прысуд, сам сабе суддзя, сам сабе выратавальнік. Праз што? Праз вялікае ўзрушэнне. Праз якую драбязу. Праз нейкі патаемны імпульс. Праз... Тут у кожнага сваё. Мне так, прынамсі, здаецца. Але ад гэтага залежыць — здзейсніліся задумы ці не. Спраўдзілася дараванае Богам ці не.