Алесь Марціновіч - Былое, але не думы
— Як быццам і правільна, — падтрымаў мяне Пратасевіч, — але ж адначасова крыху і смешна.
Эцін задумаўся.
— Сапраўды штосьці не тое, — нарэшце вырвалася ў яго. — Куды ж ты глядзеў, — маючы на ўвазе Славу, абурыўся ён.
— Не я такі загаловак прыдумаў, — пачаў апраўдвацца Пратасевіч, — а Саша.
— То чаму згадзіўся? — дапытваўся Лазаравіч. — Матэрыял жа твой.
— Пажартаваць хацелі, — патлумачыў я.
— Жартаўнікі знайшліся, — Эцін задумаўся. — А і сапраўды, лепей загаловак памяняць.
Так і зрабілі, знайшоўшы нешта гэткае ж правільнае, але больш сур’ёзнае.
Не надта фарсі, калі маеш джэрсі
Пытанне на засыпку: вы ведаецце, што такое джэрсі? Адрасую гэтае пытанне, зразумела, у першую чаргу людзям майго пакалення, альбо крыху старэйшым ці маладзейшым, бо калі хто-небудзь з моладзі і паспрабуе адказаць на яго, то, хутчэй за ўсё, згадае востраў з такой назвай. Але я маю на ўвазе зусім не гэты востраў, а.
Тут жа людзі пажылыя і прыпомняць, што ў сярэдзіне шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя вялікае распаўсюджванне атрымала тканіна джэрсі. Дарэчы, назоў яе ўзнік менавіта ад назвы вострава Джэрсі. Каб лепш расказаць, што яна ўяўляла сабой тым, хто яе ніколі не бачыў, я вырашыў зазірнуць у Беларускую энцыклапедыю, у якой і прачытаў: «асновавязаная тканіна (трыкатаж) з шарсцяных, баваўняных, шаўковых ці сінтэтычных нітак, а таксама адзенне з такой тканіны». Толькі ў энцыклапедыі не сказана, што гэтая аснова была надта ж танюткая і наклейвалася на гуму ці на штосьці падобнае. Калі ж перавесці ўсё ў практычнае рэчышча, то яна прыгожая, практычная (не мнецца), аднак, па сутнасці, не грэе.
Аднак што нам са Славам было думаць пра тое, наколькі вырабы з джэрсі цёплыя. Нас, маладых, гарачых, гэта ніколькі не цікавіла, затое вабіла прыгажосць гэтай тканіны. Убачыўшы ў раённым універмагу паліто з джэрсі, Славу адразу захацелася купіць яго. Мае ўгаворы, што зімой у ім будзе холадна, а акурат на зіму ён і збіраўся прыдбаць гэты цуд, нічога не далі.
— Купляю, — заявіў ён з такой упэўненасцю, быццам у ягонай кішэні ляжала 180 рублёў, якія неабходна было заплаціць за паліто, а гэта два тагачасныя месячныя заробкі. Гэтаксама рашуча дадаў: — І ты купляй.
Такое паліто, не сказаць, каб мне падабалася, але ж за сябра трэба і ў ваду, і ў агонь ісці, а тут нейкае адзенне. Не падтрымаць Славу было раўназначна здрадзе. Здрадзіць жа Пратасевічу я не мог, чаго б гэта мне ні каштавала. Адно мяне стрымлівала ў гэтым патрыятычным учынку— дзе ўзяць такія грошы.
— Грошы будуць, — не пакідала Пратасевіча ўпэўненасць.
Слухаючы яго, можна было падумаць, што ў ягоных кішэнях не вецер гу-ляе, а ляжыць непачатая пачка асігнацый і ён, доўга не ведаючы, што з імі рабіць, нарэшце знайшоў ім прызначэнне, таму нават гатовы падзяліцца часткай і са мной.
— Адкуль з’явяцца яны? — я не падзяляў ягонага аптымізму.
— Крэдыт возьмем, — Слава паглядзеў на мяне як на дзівака, у ягоным позірку прачытвалася: грошы на паверхні ляжаць, а ты яшчэ сумняваешся, ці браць іх.
Падобны варыянт, дарэчы, мне і ў галаву не прыходзіў. Дый, у рэшце рэшт, на той час я і слаба ведаў, што такое крэдыт і з чым яго ядуць. Аднак прызнавацца Пратасевічу ў гэтым не стаў. Моўчкі пацвердзіўшы сваю дасведчанасць, запытаўся:
— Думаеш яго нам дадуць?
— А хіба мы горшыя? — на пытанне пытаннем адказаў Слава.
Я не сумняваўся, што мы не горшыя. Я нават быў перакананы, што мы ў многім за шмат каго лепшыя. Але ж, у гэтым я таксама быў перакананы, крэдыт не даецца па прынцыпе: лепшы — горшы. Пры атрыманні яго дзейнічаюць іншыя крытэрыі. Дый суму нам трэба браць не такую і малую.
Прынамсі, бухгалтарша рэдакцыі, даведаўшыся пра наш намер — у курс справы яе ўводзіў Слава, а я сціпла стаяў збоку і маўчаў, ці то са здзіўленнем, ці з неразуменнем паглядзела на нас:
— Хлопчыкі, вы ўяўляеце сабе, якія гэта грошы?
Слава ўсміхнуўся:
— Думаеце, мы лічыць не ўмеем?
— Але ж грошы аддаваць трэба, — працягвала бухгалтарша.
— На гэта і ёсць крэдыт, — павучальна адказаў Пратасевіч.
— Яно то так, — пагадзілася бухгалтарша і тут жа спахапілася: — А ці дадуць яго вам?
— Чаму не дадуць?! — умяшаўся ў гаворку я. — Усім даюць, а нам не дадуць.
— Прабачце, — пачала апраўдвацца бухгалтарша, — мне трэба было гэта адразу вам сказаць. Як жа я і запамятавала, — яна пачала рыцца ў нейкіх сваіх паперах. — Здаецца, гэтыя, — раскрыўшы папку, пачала ўважліва чытаць. — Сапраўды, — уздыхнула яна, — каб атрымаць крэдыт, трэба адпрацаваць год, а вы.
Мы працавалі ўсяго некалькі месяцаў.
— Не дадуць вам крэдыт, — адказала бухгалтарша і па тым, як гэта было сказана, адчувалася, што яна хацела б нам дапамагчы. — Што ж рабіць? — задумалася яна.
Мы стаялі моўчкі. У Славы быў такі выраз, быццам пад пагрозай аказалася здзяйсненне самай галоўнай ягонай мары. Далёка не лепшае адчуванне было і ў мяне. Калі дагэтуль ніякага паліто-джэрсі мне не хацелася, то цяпер. Уявіў сабе, як мы са Славам у джэрсі з’явімся на вуліцах Драгічына. Глядзіце: «рэдакцыя» ідзе. Здаецца, я нават усміхнуўся сам сабе, быццам увачавідкі ўбачыўшы ўсё гэта. Аднак бухгалтарша праз нейкае імгненне вярнула мяне з нябёсаў на зямлю. Правільней, наблізіла да яе, бо выхад з таго незайздроснага становішча, у якім мы апынуліся, усё ж меўся.
— Калі рэдактар угаворыць старшыню райспажыўсаюза, — сказала яна, — то могуць для вас, як для маладых спецыялістаў, зрабіць выключэнне.
Гэта, канечне, быў варыянт, які даваў нам права на жыццё. Прабачце, права на набыццё паліто-джэрсі. Птушка-шчасця вось-вось магла апынуцца ў нашых руках, калі ўдасца ўгаварыць. Што рэдактар пойдзе нам насустрач, мы ніколькі не сумняваліся, але ці ўгаворыць ён старшыню райспажыўсаюза, гэта пакуль што знаходзілася пад пытаннем. Праўда, зноў жа сумняваўся толькі я. Пратасеіч жа быў упэўнены, што ўсё для нас абавязкова скончыцца добра.
Праўда аказалася на Слававым баку. Рэдактар наш Каваленка быў цудоўным чалавекам. Да тых рэдкіх людзей належаў, якіх трэба яшчэ пашукаць. Таму Антонавіч ахвотна пайшоў нам насустрач. Ён без асаблівай цяжкасці дапамог, бо ведаў па сутнасці ўсё раённае начальства, а раённае начальства добра ведала яно. Дый не апошнюю ролю, канечне, сыграла тое, што мы са Славам патраплялі пад катэгорыю маладых спецыялістаў.
Праўда, бухгалтарша, афармляючы набходныя дакументы на атрыманне крэдыту, усё ж была менш аптымістычная.
— Вы хоць падумалі, як жыць будзеце? — яна па-мацярынску заклапочана паглядзела на нас. — Вам давядзецца штомесячна выплачваць не такую і малую суму.
Запярэчыць нам не было чым, але і адступаць не збіраліся. Адступленне ўспрымалася паражэннем. Нам жа неабходна была перамога, і толькі перамога. Няхай і такая маленькая, як набыццё паліто-джэрсі. Праўда, калі ва ўнівермагу пачалі прымерваць тое, што нам прапанавалі, я засмуціўся. Звычайна люблю светлыя колеры, але памерам мне падыходзіла толькі карычневае паліто. Аднак іншага выйсця не было — хто ведае, калі завязуць чарговую партыю. Дый ці завязуць яшчэ.
Гэта ж быў час суцэльнага ажыятажу на паліто-джэрсі, плашчы-балоння, кашулі з нейлону — на ўсё тое, што ў праклятым капіталістычным свеце выездзенага яйка не варта было. К слову сказаць, кашулю па знаёмстве ў тым жа ўнівермагу купіла мне Маркіянаўна, мая хатняя гаспадыня. Што да плашча, то прыдбаў яго толькі ва Улан-Удэ, калі трапіў у армію, але, як высветлілася, плашчы-балонні ўжо выйшлі з моды.
Таму давялося ўсё ж купляць карычневае паліто, затое Славу трапілася больш светлае. А праз колькі дзён мы ў сваёй абноўцы паказаліся ў рэдакцыі. Восень усё больш уступала ў свае правы, дні сталі халоднымі, то паліто-джэрсці і прыйшлося акурат. Супрацоўнікі рэдакцыі нашу абноўку ўспрынялі належным чынам: і сучасная, і прыгожая, дый утульна ў ёй. Праўда, хтосьці запытаўся:
— Не баіцёся, хлопцы, што зімой у гэтых вашых джэрсі зуб на зуб патрапляць не будзе?
Акурат тое меў на ўвазе, што і я, калі з не надта вялікай ахвотай успрыняў прапанову Славы прыдбаць сабе гэтыя паліто. Ды тое, што можна казаць сябру, ні ў якім выпадку нельга давяраць усім.
— Мы што, мерзлякі якія? — на маім твары з’явілася здзіўленне.
— Праходзім зіму і не заўважым, — падтрымаў мяне Слава.
Той, хто выказаў сумненне наконт таго, што пальто-джэрсі добра падыходзяць для зімы, толькі ўсміхнуўся. Іншыя проста прамаўчалі. Відаць, не хацелі псаваць наш святочны настрой. А хутчэй разумелі, што становішча ўсё адно ўжо не выправіш: рэч куплена, выплата крэдыту пачалася, то трэба мірыцца з тым, што атрымалася. А, магчыма, хто-небудзь з іх добра ведаў і гісторыю, якую любіла расказваць мне мая бабуля.
Купіў даўным-даўно цыган на базары кавалак мыла, сядзіць на нейкай лаўцы і, крывячыся, есць яго. Мужык, які праходзіў міма, запытаўся ў цыгана:
— Што гэта ты робіш, чалавеча?
— Мыла ем, — яшчэ больш крывячыся, адказаў цыган.