Алесь Марціновіч - Былое, але не думы
Наперадзе было ні многа ні мала, а васямнаццаць кіламетраў. Віктару Антонавічу цяплей, у яго зімовае паліто, а нам у джэрсі... Колькі памятаю сябе, больш ніколі не даводзілася так мерзнуць. Хіба што на ваенных вучэннях падчас службы ў Забайкаллі, якія праходзілі ў Селенгійскім стэпе.
Каб крыху сагрэцца, спрабавалі ў прычэпе станавіцца ў поўны рост, рухацца, размахваць рукамі. Потым зноў садзіліся. Да таго змерзлі, што, калі б нехта сказаў, што можна раптоўна памерці і ўсе пакуты скончацца, бадай, згадзіліся б і на гэта. Калі ж недзе ў сярэдзіне дня дабраліся ў Драгічын, то ніякіх сіл ісці ў рэдакцыю не было. Пайшоў дахаты і некалькі гадзін праспаў. У рэдакцыі ж з’явіўся толькі пад самы вечар.
Капялюш пракурора і паўголенькая прыгажунька
Паліто-джэрсі для мяне аказалася нейкім нешчаслівым. У гэтым канчаткова ўпэўніўся, калі праходзіў раённы семінар лепшых дружыннікаў. Праводзіўся ён у зале райкама партыі. Ад рэдакцыі — непадалёку, усяго трэба перайсці праз вуліцу. Пачалася ўжо вясна, але яшчэ было халаднавата, таму я, хоць спачатку хацеў прабегчы гэтыя метры ў пінжаку, усё ж апрануў паліто. Як і мае быць, павесіў яго ў гардэробе. Выпадкова аказалася свабоднае месца поруч з шынялём і капелюшом пракурора раёна. Нумаркоў тут ніколі не было, усё ж выпадковыя людзі ў райкам не хадзілі, адпаведна і гардэробам не карысталіся. Праўда, так думалі райкамаўскія работнікі, але яны памыляліся.
Калі на пасяджэнні аб’явілі абедзенны перапынак, я, карыстаючыся вольным часам, вырашыў схадзіць у рэдакцыю. Заходжу ў гардэроб і вачам сваім не веру: майго паліто няма. Першае, што прыйшло ў голаву: пажартаваў Слава. Спяшаюся ў рэдакцыю і адразу да яго:
— Дзе маё паліто?
— Адкуль мне ведаць? — здзіўлена адказвае Слава. — Ты ж, здаецца, у ім на нараду пайшоў?
Расказваю, што здарылася.
— Можа, ты не заўважыў яго? — выказвае меркаванне Слава.
— Паліто ў гардэробе не заўважыць? Ты хоць думаеш, што гаворыш.
— Можа, хто-небудзь перавесіў на іншае месца?
— Дык дачакаўся, пакуль ўсе разыдуцца. Гардэроб свабодны, нічога з апраткі ў ім не застало ся.
Не ведаем, што і рабіць. Але, аказваецца, абакралі не толькі мяне. Самае ж смешнае ў тым, калі падобнае сцвярджэнне ў дадзеным выпадку да месца, што прапаў капялюш пракурора. Ён спачатку пра гэта не гаварыў. Адбылося ж гэта ў час нарады лепшых дружыннікаў раёна! ЧП раённага маштабу, нічога не скажаш. Хоць, як гэта па-кашчунску і не гучыць, з-за таго, што абакралі і пракурора, я ... выйграў.
Як вядома, негалоснае супрацьстаянне з міліцыяй і пракуратурай існавала заўсёды. Не заставалася сумнення, што пры такой сітуацыі ён «раскруціць» іх на поўную катушку. Таму ў міліцыі не драмалі. Разумеючы, што крадзёж капелюша пракурора ім можа каштаваць дорага, супрацоўнікі яе прынялі ўсе захады, каб знайсці злодзеяў.
Толькі пачаў я разважаць, можа, лепей цяпер пайсці на кватэру і ўзяць плашч, бо пад вечар пахаладае, як у рэдакцыю прыйшла радасная вестка. Усё знойдзена. Праўда, як ні стараліся міліцыянеры, але спрацавалі яны ўсё ж не прафесійна. Украдзенае знайшлі, але саміх злодзеяў затрымаць не змаглі. Правільна вызначыўшы накірунак іх магчымага ўцёку — у бок Брэста, дакладна ўсё не пралічылі. Таму, калі аўтобус, што праходзіў праз Драгічын, спыніўся ў Кобрыне, міліцыянеры замест таго, каб, не выпускаючы з салона нікога з пасажыраў, папрасіць тых, у каго вялікія сумкі раскрыць іх, узяліся за гэта пасля таго, як некалькі чалавек выйшла. Сярод іх аказаліся і тыя, хто ўчыніў крадзеж. Зразумела, што сваю сумку пакінулі ў салоне.
Так зноў маё любімае паліто-джэрсі (ці ўсё ж не любімае, па сённяшні дзень канчаткова так і не вызначыўся з гэтым) зноў апынулася на мне. Аднак кропку ў гэтай гісторыі ставіць было рана. У міліцыі, вядома ж, не маглі не разумець, што за недагляд у гардэробе некаму ўсё ж давядзецца адказваць. Але пакаранне стане слабейшым, калі пацярпеўшых акажацца менш, чым было заяўлена першапачаткова. Значыць, нехта павінен заявіць, што ён ніякіх прэтэнзій не мае, а, прасцей кажучы, у яго нічога не прападала. Пра пракурора, зразумела, і гаворкі не магло ісці. Таму для апрацоўкі выбралі мяне.
Выклікалі ў міліцыю, дзе следчы, не збіраючыся гуляць у хованкі, папрасіў:
— Скажы, што ў цябе паліто не ўкралі.
— Ды як я скажу, калі пра гэта ўсе ў рэдакцыі ведаюць?
Нават хацеў абурыцца, але следчы, бадай, быў вопытны, таму апярэдзіў магчымасць падобнай рэакцыі:
— Прабач, не дакладна сказаў. Нічога нікому не гавары, проста аб гэтым у заяве напішы.
— На такое я не пайду, — цвёрда заявіў я.
Следчы задумаўся, як быць далей, а потым нечакана прапанаваў:
— Я табе за гэта падарунак дам.
— Што за падарунак? — мне стала не па сабе: яшчэ гэтага неставала.
— Глядзі, — следчы падышоў да сейфа і адтуль выцягнуў складзены папалам аркуш паперы, — глядзі, — паўтарыў ён.
Глядзець было на што. Прабачце, на каго. На каляровым укладышы з нейкага, канечне ж, замежнага часопіса ляжала на жываце, у чым маці нарадзіла, няпісанай прыгажосці дзяўчына. Толькі невялічкі ручнічок прыкрываў яе попку. Канечне, сёння такімі здымкамі нікога не здзівіш, а тады.
— Пішы заяву, — яшчэ больш настойліва папрасіў следчы, — і забірай гэты здымачак сабе. Бачу, што падабаецца.
Я апынуўся ў незайздросным становішчы. Не буду хлусіць, гэты здымак мне хацелася мець, бо гэткія ілюстрацыі тады і днём з агнём было не знайсці. Гэта сёння падобнае ўспрымаецца чымсьці бязвінным. Нават порна падаецца як звычайная эротыка, а таму і дазваляецца. Тады ж наконт гэтага быў голад. Дый чаму толькі тады. Калі на світанку так званай перабудовы пачала выходзіць газета «Двое», то некаторыя кабеткі, нават бальзакаўскага ўзросту, куплялі яе па некалькі асобнікаў.
Сам неаднойчы мог у гэтым упэўніцца, падышоўшы да газетнага кіёска. Зразумела, у гэтым нічога благога: твая справа што купляць, а што не купляць. Ды знаходзіліся «цнатліўкі», якія перад кіяскёрам апраўдваліся, кшталту: «Дачка папрасіла, ці нявестцы купляю». Неяк не вытрымаў, стаўшы сведкам, як гэткая кабетка, у якой кроў з малаком ды яшчэ «шкура гарыць», пачалася даводзіць:
— Суседка папрасіла...
Гэтае яе, нікому не патрэбнае апраўданне, вывела мяне з сябе:
— Каго гэта цікавіць? Хочацца, купляйце... Сабе ж бярэце.
То гэтая «цнатліўка» мяне хамам абазвала.
Аднак гэта між іншым.
Мець фота прыгажунькі я быў не супраць, але напісаць заяву прапанаванага зместу не мог. Не хацелася хлусіць, што нічога ў мяне ў гардэробе райкама партыі не прападала. Калі следчы, нарэшце, зразумеў, што ўгаворы нічога не дадуць, усміхнуўся:
— Лічы, што ў нас з табой гэтай размовы не было, — і, мабыць, здагадваючыся, якое ўражанне на мяне зрабіў паказаны ім здымак, нечакана прапанаваў: — Забірай сабе.
Адмовіцца я не мог. У рэдакцыі мужчыны спрабавалі даведацца, адкуль ён у мяне, але я адказаў штосьці няпэўнае. Маўляў, якая розніца. Праўду набыцця мною прыгажунькі ведаў толькі Слава. А разглядалі яе з непрыхаваным задавальненнем усе мужчыны рэдакцыі. Нездарма кажуць: «запретный плод сладок», а ў савецкія часы самы вялікі дэфіцыт быў акурат «клубнички», а чаго няма, таго асабліва хочацца. Гэта як той «Маніфест Камуністычнай партыі», які, калі ён быў забаронены, многія хацелі прачытаць. Цяпер жа пераважная большасць моладзі і не ведае, што гэта такое і з чым яго ядуць.
Сорак пяць — сама ягадкі збіраць
Яшчэ колькі выпадкаў з майго драгічынскага жыцця. Самі па сабе яны, канечне ж, нічым асабліва не адметныя, бо ніякай такой важкасці ў сабе не нясуць. Тым не менш запомніліся мне. А запомніліся па той прычыне, што жыццё ў раённых гарадках усё ж намнога іншае, чым у вялікіх гарадах, бо гарадкі гэтыя ўжо і не вёскі, але яшчэ і не гарады. Таму і кожны ў іх навідавоку, а нярэдка бывае і так, што лёсы чужых людзей могуць нечакана сутыкнуцца. Сітуацыя ж, што ўзнікае пры гэтым, нават просіцца ў які-небудзь мастацкі твор. Хоць, калі глядзець у шырокім плане, то яна нібыта і шараговая. Аднак не для раённага гарадка.
Паколькі з Маркіянаўнай, у якой я кватараваў, адносіны былі вельмі добрыя, то звычайна ад яе асаблівых сакрэтаў у мяне не было. Найперш таго, што тычылася журналісцкай работы. Тым больш заўсёды папярэджваў, калі ехаў на раён. Часцей мы са Славам дабіраліся аўтобусамі. Часам і без білета.
На той час у раёнках, ва ўсякім разе ў драгічынскай, камандзіровак ніхто не афармляў. Проста кожнаму супрацоўніку выдзялялася на месяц пэўная сума грошай. Ці то дзесяць, ці то пятнаццаць рублёў, а ты ўжо, як хочаш, так імі і распараджайся. Атрымаўшы гэтыя грошы з зарплатай, мы нярэдка адразу растрачвалі іх, таму і ўзнікалі праблемы з паездкамі. Толькі не для нас са Славам. Ён якога хочаш шафёра мог угаварыць правезці нас без білета, бясплатна. Паколькі на Драгічыншчыне вельмі паважна ставіліся да супрацоўнікаў раёнкі, то Пратасевіч гэтым і карыстаўся. Праўда, нярэдка рэдактар даваў нам і машыну.