KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках

Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Валянцін Блакіт, "Вяселле ў Беражках" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Цяпер, калі гэтак раптам з’явіліся людзі, якіх не тое што можна, а трэба зваць мамаю і татаю, Іра радавалася, як дзіця,— аж смешна было. Спярша нясмела, нібы вучылася гаварыць, потым, як тое цялё, хадзіла то за старою, то за старым і за кожным словам — «мама», «тата», быццам мела намер нагаварыцца адразу за ўсе гады, калі не было каму сказаць гэтых звычайных, простых слоў. А маці нарадавацца не магла: працавітая, увішная, ласкавая, не распешчаная (вядома, сірата, гора хлебанула), сваім розумам добрую спецыяльнасць набыла; знаходзіла сотню прьгчын, каб разам прайсціся па вёсцы, і яе наіўныя хітрыкі былі відаць кожнаму: паглядзіце, пазайздросце, якая прыгажуня — любую артыстку за пояс заткне, а значыць, і сын нечага варты, калі за яго пайшла такая. Адна толькі Іра, пэўна, не здагадвалася, для чаго гэта маці кліча то ў магазін разам схадзіць, то на соткі, то дзялку буракоў за вёскай паглядзець. Міхася гэтая матчына пахвальба трохі забаўляла, аднак маўчаў — яму было прыемна.

Бадай, ніколі яшчэ для яго не бег так хутка час, як тады. Не паспелі і ачомацца ад вяселля, як кончыліся канікулы, трэба было ехаць у Мінск. На вяселлі ім надарылі больш за дзве тысячы рублёў. Іра аж жахалася ад гэтакай сумы, бянтэжылася, што рабіць з такімі грашыма, упрошвала маці: пакіньце іх сабе.

— Ой, спатрэбяцца, яшчэ як спатрэбяцца! — хітравата ўсміхнулася старая і параіла: — Толькі ж на вецер не кідайце, купіце што-небудзь вартае, вопратку харошую, напрыклад, а то як вада ўцякуць, не заўважыце.

Так яно, вядома, і сталася...

Два дні шукалі які пакойчык — сямейных не асабліва хто хоча пускаць. Праз тыдзень усё ж знайшлі нейкую каморку метры два на тры за дваццаць пяць рублёў у месяц.

Пэўна, заўжды так: жывеш неўладкавана, нечага не хапае, нечым незадаволены, нешта праклінаеш, а праходзіць час — і з настальгіяй пачынаеш адчуваць, што гэта былі твае самыя лепшыя, самыя светлыя дні. Зараз ён з асаблівай вастрынёй і яснасцю разумеў, што, сапраўды, у той цеснай каморцы, дзе і шафу для адзення нельга было паставіць, а зімою па начах замярзала вада, прайшлі яго самыя шчаслівыя месяцы.

Тут у іх нарадзілася Верачка. Нарадзілася якраз у той чэрвеньскі дзень, калі здаў перадапошні дзяржаўны экзамен. 3 самай раніцы Іра паводзіла сябе неяк неспакойна — думаў, хвалюецца за яго экзамен, не разумеў, чаго так настойліва выправоджвае ў інстытут, калі яшчэ можна гадзіну-другую пагартаць канспекты. Гэта пасля дайшло: ёй рабілася кепска і не хацела яго хваляваць перад экзаменам.

Але, мусіць, праўда ёсць прадчуванне: ужо ў тралейбусе адчуў нейкую цьмяную трывогу. Гэтая трывога прычапілася неадступна, не хацела пакідаць нават на экзамене. I ледзь выскачыў з аўдыторыі — памчаў дамоў, было не да адзнакі.

Іру ўжо забрала «хуткая дапамога». Сама дайшла да тэлефона-аўтамата і выклікала, напісала запіску, замкнула дзверы.

Палову дня і ўсю ноч правёў ля радзільнага дома, праз кожную хвіліну назаляючы дзяжурнай: ну, што там? I толькі перад самым узыходам сонца нарэшце сказалі: усё нармальна — дачка. Ён не ўзрадаваўся і не засмуціўся, што дачка,— на гэта проста не хапіла сіл. Адчуў толькі, які страшэнны цяжар зваліўся з плеч, які ён стомлены, галодны. Не дайшло, што яшчэ гаварылі пра кесарава сячэнне. Важна: Іра адчувае сябе нармальна, дачка была яшчэ нечым абстрактным.

Калі выйшаў на вуліцу, ногі сталі як з ваты, блага, што трапілася нейкая лаўка. Ачомаўся, калі добра пачало прыпякаць сонца. Успомніў, што трэба купіць кветак, якіх-небудзь ласункаў, перадаць Іры, і тут раптам ахапіла такая ўтрапёная радасць, што заскакаў, хацелася неадкладна бегчы ў інтэрнат паведаміць хлопцам, крычаць на ўвесь свет пра сваю радасць.

Праведваць Іру пайшлі пасля абеду ўсёй групай. Пад вокнамі нарабілі такога ляманту, што выйшаў урач і папрасіў «не праяўляць так бурна сваіх эмоцый»: маўляў, разумею, але тут лячэбная ўстанова, а не стадыён. Нават незласліва прыгразіў паклікаць міліцыю, калі «не перастануць хуліганіць», але ніхто не верыў у гэтую пагрозу і, праўда, трохі цішэй, а працягвалі скандзіраваць:

— І-р-ра! І-ра! Ма-ла-дзец!

Іру любіла ўся іх «першая рыцарская група». Яна была не ў прыклад жонкам жанатых к таму часу хлопцаў. Тыя, як адна, з падазронасцю і асуджэннем, з нейкай неразумнай ці то рэўнасцю, ці то асцярогаю глядзелі на шумныя, трохі легкадумныя студэнцкія кампаніі, цураліся іх, рабілі ўсё, каб разладзіць мужчынскую дружбу. Іра з першага ж дня стала сваёй у групе, напаўжарт-напаўсур’ёз яе абралі ганаровым членам іх «рыцарскай».

Ён, вядома, чакаў сына, але, як хлопцы казалі, у радзільным доме выбару няма. Зрэшты, мо і праўда, добра, што першая дачка.

Дзесяць дзён вычухвалася Іра пасля кесарава сячэння.Прывёз яе з малою якраз за дзень да таго, як уручалі дыпломы — была двайная радасць. Праўда, радасць трохі азмрочвалася: неяк адразу пасля экзаменаў стала разладжвацца, развальвацца іх «першая рыцарская». Хоць і было больш чым трэба клятваў у вечнай дружбе, урачыстых абяцанняў штогод прыязджаць на сустрэчу ў сваю альмаматэр, але адчувалася, што іншыя клопаты сталі адольваць хлопцаў: зборы, ад’езды, хваляванні перад новым, таямнічым самастойным жыццём. Толькі і размовы былі пра будучую работу, сыходзіліся нават тыя, хто ніколі не таварышаваў, а цяпер па волі лёсу павінен ехаць у адну альбо суседнюю меліярацыйную арганізацыю. Аднак што б там ні было, а ў адведзіны да Міхася прыйшлі ўсе як адзін. Заходзілі па чарзе — чатыры-пяць чалавек, завалiлi пакойчык кветкамі, ускладчыну купілі дзіцячую каляску, якую і паставіць не было дзе. Але цесната ўжо яго не хвалявала — у тым катушку яны дажывалі апошнія дні, наперадзе была р а б о т а.

***

Гарадок яму адразу спадабаўся: чысты і ўтульны, ціхі, увесь у зеляніне і новабудоўлях. Але нават не гэта галоўнае. Важна было тое, што спаткалі яго надзвычай ветла і прыязна, і пры размове з начальнікам і галоўным інжынерам будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі высветлілася, што ён мае справу з аднадумцамі — тут дбаюць не толькі пра выкананне планаў, але і пра тое, каб асушаць з галавой, наносіць прыродзе як мага менш шкоды. Мець такіх начальнікаў — шмат што значыць.

Зараз зусім не тое. Яго цяперашняму начальству давай план любою цаною і менш думай, што будзе пасля,— не твой клопат. Дальбог, праз год-два тут зробішся падобны на тых, што некалі ў Беражках...

Гэта было ў той год, калі ён не паступіў у медыцынскі інстытут і працаваў у калгасе. Меліяратары асушалі пойму невялікай рачулкі, што ўпадала ў Нёман непадалёк ад іх вёскі. Магутнымі экскаватарамі выверпулі глыбозную, прамую, як страла, канаву, павярнулі ў яе ваду з рэчкі. Аднак рачулка, нібы на злосць, не хацела паміраць: ледзь-ледзь, а ўсё струменілася па звыклым рэчышчы — яе жывілі шматлікія крынічкі на берагах. Тады некаму прыйшло ў галаву засыпаць старое рэчышча. I пачалі бульдозерамi сцягваць зямлю з пагоркаў, пасля чаго там і цяпер нішто не расце. Месцамі рэчка была глыбокая, у ёй вялося шмат рыбы, у тым ліку і такая рэдкая, як фарэль. А якія шчупакі заходзілі сюды на нераст! Бывала, яны, падшпаркі, на вясне хадзілі з восцямі. Спрадвеку тут беражкоўцы білі шчупакоў, расказвалі, што некалі трапляліся па пуду і больш. Потым, калі па Нёмане стаў шныраць рыбнагляд, ганялі — браканьерства.

Бульдозеры, падрываючы маторы, ссоўвалі зямлю ў старое рэчышча, вада адступала, амаль наверсе плюхалася рыба. Каторая большая, меліяратары бралі голымі рукамі, варылі юшку, смажылі, прадавалі прыезжым рыбакам-аматарам, а драбязу, якой кішэла кожная лужынка, завальвалі зямлёю. Аднак неўзабаве стала ясна, што з гэтага засыпання нічога не будзе: кругом шмат крынічак, і вільгаць, нягледзячы ні на што, прасочваецца наверх. Тады пачалі ўкладваць дрэнаж. Але і гэта не памагло. Рачулка была жывучай і непераможнай, як цяга да жыцця, як само жыццё, і людзі з усёй сваёй магутнай тэхнікай, здавалася, былі бяссільныя перад ёю... Намучыўшыся і адхапіўшы вымовы, меліяратары кінулі знявечаную лагчыну і пераехалі са ўсёй сваёй тэхнікай у іншае месца, казалі, знішчаць другую, не такую ўпартую рачулку.

Чаму ён стаў меліяратарам? Каб узарваць меліярацыю знутры! Канечне, гэта быў дзіцячы, наіўны пратэст, потым у інстытуце самому было смешна: вінавата не столькі сама меліярацыя, колькі людское невуцтва, абыякавасць, халодны разлік, мінутная выгода. Во за гэта і помсціць прырода. Помсцяць крынічкі, помсцяць марна загубленыя рэчкі, на месцы якіх, апроч асоту, нішто больш і расці не хоча, помсцяць знявечаныя лагчыны, што сталі чорнаю пустыняй, разносчыкамі пустазелля, помсціць Нёман, які на вачах мялее. Яшчэ дзесяць гадоў паўз Беражкі праплывалі вялізныя баржы, а ўжо зараз раку ў многіх месцах можна ўброд перайсці. Мала хто задумваецца, што будзе праз дзесяць, праз дваццаць, праз сто гадоў.

У тым раённым пасёлку, той меліярацыйнай арганізацыі, куды ён прыехаў пасля інстытута, думалі пра гэта і шмат што рабілі.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*