KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках

Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Валянцін Блакіт, "Вяселле ў Беражках" бесплатно, без регистрации.
Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках
Название:
Вяселле ў Беражках
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
-
Дата добавления:
19 июнь 2019
Количество просмотров:
132
Возрастные ограничения:
Обратите внимание! Книга может включать контент, предназначенный только для лиц старше 18 лет.
Читать онлайн

Обзор книги Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках

Назад 1 2 3 4 5 ... 17 Вперед
Перейти на страницу:

ВАЛЯНЦІН БЛАКІТ

Вяселле ў Беражках

Дзень быў ціхі і хмурны. 3 самага ранку вісела беспрасветна-шэрая, нудная смуга. Такая смуга бывае хіба толькі глыбокай восенню. I каб не сярэдзіна студзеня ды не ўляжалы снег над нагамі, можна б было падумаць, што на дварэ ўсё яшчэ канае — сканаць ніяк не можа — сыры, азызлы лістапад. Але к абеду даў пра сябе знаць сярдзіты сіверны ветрык, і неўзабаве разгуляўся, завіхрыў снег, дробны, спорны — у двух кронах нічога не разгледзіш.

Гадзіны дзве вар’яцела гэтае снежнае пекла, пра якое кажуць: ваўкалак з вядзьмаркаю жэняцца. А потым нечакана ўсё аціхла. Нізкія хмары сталі выцягвацца, як кудзеля, сям-там бліснулі бледна-сінія прагаліны, неўзабаве засталіся ўжо не хмары, а толькі іх ашмоткі — фіялетавыя, з рудымі грывамі, а праз якую гадзіну неба зусім ачысцілася, быццам сабралася выставіць напаказ, як за лес павольна і стомлена садзіцца расчырванелае ад холаду сонца.

На пацямнелай усходняй палове неба замільгалі дрыготкія халодныя зоркі.

Пацягнула марознай бадзёрасцю.

Веска была непазнавальна белай, чыстай і нязвыкла бязлюднай, бы вымерла, бы людзям і не верылася, што гэтак хутка скончылася завіруха. Недзе працяжна і жаласліва замыкала карова, зарыпалі дзверы, самавіта застукалi вёдры...

Беражкі ажывалі, пачыналі жыць сваімі звычайнымі перадвячэрнімі клопатамі.

Непрыкметна сутонілася. Адчувалася, што на ноч бярэцца добры марозік.

Па вуліцы праехаў грузавік з уключанымі падфарнікамі, і неўзабаве ля фермы доўга-доўга чулася яго завыванне і фырканне — пэўна, буксаваў у сумётах, якіх паспела надзьмуць завіруха. Грузавік, мусіць, нарэшце выехаў, заглух — і зноў усё сцішылася. I было нешта дзіўнае, насцярожанае ў гэтай не па часе соннай цішы. Толькі калі ўважліва-ўважліва прыслухацца, недзе ў сярэдзіне вёскі можна пачуць глухія, як з падзямелля, гукі гармошка. Сёння ў Ступакевічаў вяселле...

***

Музыкант, адчувалася, ужо ладна стаміўся, але граў і граў адну мелодыю за другой, намагаючыся развесяліць гасцей, выжыць нейкую прыгнечанасць, што панурай няпрошанай госцяй прыбілася ў хату.

Госці, ніякавата хаваючы позіркі, пілі чарку за чаркай. Спачатку дзеля прыстойнасці прыслухоўваліся да сватавай каманды, потым — хто як хоча. Пілі моўчкі, не асабліва закусваючы, бы кожны толькі аб тым і думаў, каб захмялець.

Малады — русавалосы каржакаваты хлопец гадоў пад трыццаць у традыцыйным чорным касцюме і белай кашулі — сцішана, нават прыгнечана сядзеў на покуці, і немагчыма было зразумець, што ён думае і ці думае што наогул. Позірк яго, то абыякава-пусты, то насцярожана-трывожны, блукаў над галовамі гасцей. Можна было падумаць, што малады, ратуючыся ад рэальнасці, раз-пораз упадае ў нейкі транс і думкі яго ў гэты час далёка-далёка адсюль, аднак кожны, пэўна, здагадваецца, дзе могуць быць цяпер яго думкі, і гэта прыгнечвала яшчэ больш. Побач з ім моўчкі сядзела маладая — ужо не юная, але яшчэ свежая, прывабная, адчужана глядзела на гасцей, і ў яе недружалюбных зеленаватых вачах быў глухі смутак. У сваім белым вэлюме яна была надобная на мармуровую скульптуру — аж аддавала халадком.

— Гор-ка! Го-о-р-р-ка! — забасіў сват.— Мадады-ым го-о-о-рка!

У ненатуральна-бадзёрым сватавым голасе дрэнна хавалася ніякаватасць. Ён, гэты голас, нібы ўмольваў і папракаў: «Ну, што ж гэта вы, браточкі? Мы ж на вяселлі, а не на памінках, браточкі...»

— Горка-а! Горка-а! — нядружна падтрымалі госці.— Го-ор-ка-а!

Маладыя, здалося, узрадаваліся, не змусілі доўга чакаць, усталі і несарамліва пацалаваліся.

— Горка! Яшчэ раз горка! Капуста горкая! Гарэлка горкая! — надрыўна закрычаў брат маладога — Андрэй.

— Го-о-ор-ка! Гор-ка! — вяла паўтарылі госці.

Маладыя пацалаваліся яшчэ раз.

Ад гэтага «саладжэння» гасціна трохі ажывілася — пачуўся лёгкі гаманок, звон чарак, бразганне відэльцаў. Гармонік нібы чакаў, каб перадыхнуць. Але ледзь аціхла музыка, як зноў у хаце стала ўсталёўвацца ніякаватая цішыня. Прайшла хвіліна, другая — і цішыня рабілася невыноснай.

— Увага! Увага! — ускочыў са свайго месца брат маладога Андрэй, стукаючы відэльцам па бутэльцы, бы тут быў невядома які гам.— Час патанцаваць! Сват! Не забывай пра свае абавязкі!

Прапанова ўсім спадабалася, хоць і прынялі яе без асаблівага энтузіязму. Не чакаючы сватавай каманды, з палёгкаю сталі ўставаць з месцаў і выходзіць з-за сталоў.

Музыкант зайграў вальс. Маладыя моўчкі выйшлі на сярэдзіну хаты і закружыліся ў такт музыцы. Неўзабаве да іх далучыліся сват са сваццяю, сёй-той з маладзейшых гасцей. Але весялосці ніхто не адчуваў.

— Давай польку! — скамандаваў сват.

На польку аматараў стала менш, а тыя, хто застаўся ў крузе, танцавалі неяк вяла, без імпэту. Танец, здавалася, цягнецца да няёмкасці доўга, і кожны, пэўна, стаў адчуваць, што і гэтая вясёлая мелодыя нікога развесяліць не можа. Яна была сама па сабе, госці, нават танцоры — самі па сабе.

Гарманіст — хлопец гадоў пад дваццаць пяць, з ускудлачанымі доўгімі валасамі — зашпіліў гармонік і ледзь не ўзмаліўся:

— Дайце перадыхнуць трохі — дальбог, рукі апухлі,— і каб не западозрылі, што збіраецца пагультайнічаць, выставіў самлелыя рукі, сціскаючы і расціскаючы пальцы.

— I то праўда: не дадуць чалавеку і паесці — грай ды грай,— заступілася за гарманіста старая Ступакевічыха.— Радыёлу трохі пакруціце... А ты, музыканцік, еш, еш! I выпі — весялей будзе,— замітусілася яна, падкладваючы ў гарманіставу талерку ладныя кавалкі мяса, марынаваныя баравічкі, наліла ў гранёную шклянку аж па паясок гарэлкі.

— Ой, што вы, цётка! Ды я ад такой дозы — адразу пад стол,— для прыліку запратэставаў гарманіст, а сам падумаў, што якраз і не пашкодзіць гэтая шклянка.

— То кропля для здаровага мужыка. Вунь бабы і то...— таксама для прыліку ўгаворвала гаспадыня, а на самую раптам навалілася нейкая слязлівасць.

— А! Пайшло як па масле! — задаволена пракрактаў музыкант, трыма глыткамі апаражніўшы шклянку, і, апетытна закусваючы, абы нешта сказаць, заўважыў:

— I чаго тэта, цётка, вы ўсё плачаце ды плачаце? Радавацца трэба...

— Еш, сынок, еш,— адчужана глянула старая.— Гэта ў мяне ад радасці.— Прыкрыла рукою рот і, стрымліваючы ўсхліп, борздзенька пайшла на кухню.

«Во цемень беспрасветная! — паціснуў плячыма музыкант.— Вяскоўшчына — што казаць. Пабылі б яны ў горадзе, паглядзелі, што чаўпецца. У газеце вунь пісалі — кожная трэцяя пара разводзіцца. А тут... Падумаеш — другі раз жэніцца! Па тры, па чатыры ўмудраюцца! А тут на табе — байкот! Маралісты пазнаходзіліся... Зрэшты, якая справа яму да ўсяго гэтага! Твая справа — грай, адрабляй грошы, не лезь, куды не просяць. Калі разабрацца, то ты на службе: узяўся граць — грай...»

Цяпер, калі так усё павярнулася, Міхась праклінаў сябе, што спачатку згадзіўся, а потым дамагаўся ў бацькоў вяселля. Старыя як у ваду глядзелі. I праўда, каму была патрэбна гэтая камедыя? Запісаліся б без шуму, выпілі б кампаніяй у рэстаране — на тым і кропка.

Разбірала злосць на Любу — гэта ўсё праз яе. Адгаворваў, казаў, а яна... Бачыце, захацелася як у людзей, бачыце, для яе ў рэстаране ўжо і не вяселле, а звычайная п’янка! У горадзе цяпер усе ў рэстаране жэняцца і ніхто не лічыць звычайнай п’янкай. Пацягнула ў гэтыя Беражкі, старамоднай камедыі захацелася... Дурань быў, што згадзіўся... Бачыце, яна ў Беражках вырасла, там яе кожны ведае! Бачыце, ёй вельмі падабаюцца вясковыя вяселлі, бачыце, яна ўсё жьщцё марыла пра такое вяселле! Мужчынам трэба было быць: сказаць цвёрдае «не», паставіць на сваім. Хоць... казаў... «Вяртайся да сваёй... Я табе не набіваюся!» — во што пачуў у адказ! I дарма спалохаўся, дарма прыкусіў язык. Па якому гэта праву яна, яшчэ не стаўшы законнай жонкай, начала з папрокаў?! Ён жа яе не папракае былым...

Гэта на сённяшні розум. А тады... Сказаныя з выклікам словы «вяртайся да яе» секанулі непрыемна і балюча. Хацелася абурыцца, сказаць усё, што думае, але не абурыўся, прамаўчаў — нейкае не зусім зразумелае страхавітае пачуццё змусіла зацугляць свае эмоцыі. У яе было нешта неразважлівае, далёкае ад перадвясельных клопатаў, нешта сваё, зацятае, рашучае, і гэтае нешта насцярожвала, палохала: ні з таго ні з сяго яна рабілася то да слёз чуллівай, то праз хвіліну агортваў няўцешны смутак, і тады не хацела нічога заўважаць, рабілася абыякавай да ўсяго на свеце, то раптам надыходзіла нейкая ўтрапёная весялосць, і тады надобна была на ненармальную.

— Міхаська, ты мо грошай не маеш на вяселле — таму і не хочаш, каб яно было,— жорстка і здзекліва смяялася яна. — То ў мяне на дзесяць вяселляў хопіць.— А вочы не смяяліся, былі халодныя і пакутныя.

Яго даймаў страх, цвярозая разважлівасць: не зладзіцца ў іх сямейнае жыццё, характар у яе — не для жонкі, аднак ён адганяў гэтыя думкі, суцяшаючы сябе: прытрэцца, зладзіцца. Тады хацелася толькі аднаго: хутчэй бы адсекчы былое, хутчэй бы ўсё скончылася, як-кольвек уладзілася, хутчэй бы з’явілася хоць якая яснасць... На далёкае ён загадваць не хацеў. У яго быў толькі адзін сродак, толькі адно выйсце (ва ўсякім разе, іншага ён тады не бачыў) пазбавіцца ад гнятлівага цяжару, які ўзваліўся на яго, выбіў з каляіны, даводзіў да роспачы. Гэтае выйсце было — ажаніцца...

Назад 1 2 3 4 5 ... 17 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*