Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках
Яна ішла і намагалася прыгадаць Віктараў твар. Са здзіўленнем, смуткам і нейкай радасцю злавіла сябе: а я ўжо не памятаю яго твару... Толькі ўвогуле, як у тумане... А кажуць: калі забываеш твар — значыць, забываецца...
***
Як толькі ступіла на дарогу, прыцярушаную сённяшняй, не — ужо ўчарашняй кудасай, паскорыла крок, потым пабегла. I цяжка было зразумець, што гоніць яе: жудасць, мароз, які так упарта прабіраецца пад паліто, ці проста жаданне ўцячы ад усяго свайго былога. Яна ўсведамляла толькі адно: хутчэй адсюль, хутчэй, хутчэй...
Неўзабаве стамілася ад бегу, прыпынілася, аддыхваючыся, задумалася, куды ісці: ці назад у вёску пераначаваць у Ганны Яваровіч, ці далей, да шашы — мо трапіцца які начны аўтобус альбо спадарожная машына... Не! Назад ходу няма... I ўвогуле, яна тут апошні раз. Вось развіталася з Віктарам, назаўсёды развіталася. Ён памёр.
Для яе больш няма Віктара.
А ёй трэба жыць, інакш трэба жыць, жывое павінна браць верх...