Валянцін Блакіт - Вяселле ў Беражках
Неяк, праводзіўшы да хаты, ён намякнуў: мо пара б ёй і ў госці запрасіць? Люба не сказала ні слова, дакладней, сказала ўсё сваім маўчаннем — яна чакала гэтага. Што думала, на што спадзявалася? Думала надзвычай цвяроза, ні на што не спадзявалася. Яна хацела толькі аднаго — нарадзіць сына ці дачку. Гэтае рашэнне выспявала даўно, для таго, шчыра кажучы, і заводзіла раман з Аляксеем, суцяшаючы сябе свавольнай думкай: што-што, а ў яе ёсць нават нейкая перавага перад замужнімі — яна можа выбраць у бацькі свайму дзіцяці каго захоча...
***
Яна была пераканана, што клопаты аб маленькім, бездапаможным чалавечку напоўняць яе самотнае жыццё новым зместам, раз і назаўсёды пазбавяць ад дакучлівай адзіноты і начных кашмараў. Болей нічога ёй ад Аляксея не патрэбна. Ніколі і нізашто не дазволіць сабе адабраць бацьку ў дзяцей. Ды і ён таксама, мусіць, не змог бы пакінуць сваіх дзяцей сіротамі.
Але цікава, чаму ён, ужо не першай маладосці, сур’ёзны, салідны, муж і бацька, так лёгка пайшоў на гэтую сувязь? Запытацца б у яго... Ат, то яе не датычыць! Мусіць, самалюбства ўсіх мужчын яго ўзросту цешыцца ад аднаго ўсведамлення, што яны яшчэ здольныя закруціць галаву на дзесяць гадоў маладзейшай. Хай сабе цешыцца. Усё роўна яна прагоніць яго да сям’і, як толькі... I нічога не скажа, не дасць ніякай падставы здагадацца, чаму парывае гэтую сувязь назаўсёды. Ды і ён, пэўна, рады будзе, што так усё абышлося. Сказаць праўду? А навошта, каб яго мучыла сумленне? Яна, калі ўсё будзе ясна, звольніцца ці папросіць, каб перавялі куды-небудзь, і ён ні пра што не будзе здагадвацца.
Тры месяцы, месяцы надзей і расчараванняў, былі доўгімі, як тры гады. Потым, пераадольваючы сорам, пайшла ў жаночую кансультацыю, адтуль — на абследаванне ў бальніцу. Прысуд быў страшны, ашаламляльны: яна не можа стаць маці.
— Не адчайвайцеся — мо лячэнне, мо аперацыя...— супакойвала ўрач.
Усё рушылася, пераварочвалася, фарбавалася ў шэры колер, змрочны, бязлітасны. Яна заходзілася ад няўцешных слёз, праклінала сябе, маці, якая амаль сілком завяла тады...
Такою, усю ў слязах, застаў яе ўвечары Аляксей. Ён разгубіўся, зразумеў усё па-свойму, замітусіўся, спалохаўся так, што стаў заікацца. Ачомаўшыся, пачаў лісліва і вінавата супакойваць:
— Ну, кінь ты... Ну, перастань... Я, вядома, сваёй віны пе здымаю, але ж... разумееш...— I, умольна гледзячы, прасіў: — Ты ў мяне разумніца... Ну, сходзіш... Ведаю, няёмка. Але што рабіць? Сама разумееш... Я...
Яна заморгала, нібы прачнулася, здзіўлена паглядзела на гэтага разгубленага, збянтэжанага чалавечка — і раптам аж скаланулася, зразумеўшы, у якую гразь сама сябе вымазала. Ён быў ненавісны ёй, і ўся іх блізкасць, якую так і не прывыкла выносіць без гідлівасці, зараз зрабілася паганай, паскуднай, кашчуннай.
— Вон! Пайшоў вон!
— Ну-у, што ты... Ну, што ты...— зусім разгубіўся Аляксей.— Ты-ы сёння не ў гуморы... Мо супакоішся — тады абгаворым усё дэталёва... Я зайду-у праз пару дзён...
— Вон! Каб мае вочы цябе не бачылі! Вон! — аж калацілася Люба.— Ты нічога тут не згубіў! Вон! Нам няма пра што гаварыць!
Ён, здалося, з палёгкаю выскачыў за дзверы, забыўшыся нават развітацца, а Люба два дні не магла прыйсці ў сябе, было такое пачуццё, быццам дакранулася да нечага слізкага, агіднага, як вужака,— мыеш і ніяк не можаш адмыць рукі.
Праз тыдзень Аляксей, заклапочаны, збляднелы ад перажыванняў, прыйшоў зноў. Нерашуча спыніўся ў парозе, пакутна топчучыся на месцы. Ён быў смешны, варты жалю. Спачатку яна мела намер нічога не казаць, хай трохі пахвалюецца, але перадумала: цяпер для яе нават яго хваляванні былі брыдкімі, абразлівымі.
Спачатку Аляксей, даведаўшыся праўду, зусім разгубіўся, не хацеў верыць, потым зразумеў — не хлусіць, узрадаваўся:
— Як цудненька! Як цудненька! Ай ды разыграла. Aй ды разыграла! Цяпер нам нічога не страшна. Цяпер мы...— Распасцёр рукі і пайшоў на яе.
— Ну і нягоднік жа ты...— ціха, амаль абыякава сказала Люба, ухіляючыся ад яго абдымкаў. Яе абурала, абражала яго радасць, але нейкая глухая пустата ў душы адбірала сілы, іх не ставала нават для таго, каб абурыцца. Мо яна і стрымалася б, каб Аляксей здагадаўся, зразумеў, што ў яе на душы, аднак на радасці ён быў сляпы і глухі.
— Мярзотнік! Мярзотнік! Мярзотнік! — адно, што выгаворвала яна праз сцятыя зубы, стала біць па твары, схапіла за каўнер, што аж затрашчала адзежына,— і сама здзівілася, адкуль раптам узялося столькі сілы.— Вон! Вон!
***
Міхась заявіўся месяцы са два таму назад. Разгублены, прыгнечаны, сам не свой. Заявіўся і ледзь не з парога:
— Люба, калі не маеш нікога — выходзь за мяне замуж.
— Ды што з табою? — здзівілася і трохі збянтэжылася яна.— Што здарылася? Ты звар’яцеў ці п’яны?
Ён нервова патаптаўся на месцы, хаваючы ад яе вочы.
— Ды не п’яны я, Люба! I пакуль што ў сваім розуме...
— То што вярзеш? — У яе поглядзе было пытанне і насмешка.— Мо хоць распранешся...
— Ты згодна ці не? — Нейкая глухая, зацятая рашучасць чулася ў яго голасе, і гэтая рашучасць не падабалася ёй.
— Во, паглядзіце — жанішок аб’явіўся! Як снег на галаву, як па латарэі! А я-то думала, а я-то шукала... А тут на табе — такое шчасцейка прываліла! — Яна жартавала, але ў яе жартах былі дакорлівыя, нават злыя ноткі.— Чатыры гады назад хоць у каханні прызнаваўся, а цяпер — адразу быка за рогі. Сучасны мужчына! Дальбог, Міхаська, цябе прадзьмула не тым скразнячком. Выпі вадзічкі, супакойся...
Міхась не хацеў прымаць яе іроніі і, не пераменьваючы ўзрушанага тону, стаяў на сваім:
— Люба, можаш насміхацца, лічыць мяне вар’ятам але я сур’ёзна...
Яе стаў раптам душыць нейкі дурны смех, да слёз, да колікаў, і за гэтым смехам пачала адчуваць дзіўную неасэнсаваную радасць.
— Ты ж, наколькі мне вядома, маеш ужо жонку. Ці мо захацеў займець цэлы гарэм, як той султан?
— Люба, перастань! — патрабавальна і панура сказау Міхась, і яна адразу ж перастала смяяцца, здагадваючыся, што ў яго здарылася нешта сур’ёзнае.
Ён моўчкі распрануўся, павесіў плашч на вешалку і раптам здаўся такім бездапаможным і пакрыўджаным, што ў яе зашчымела сэрца.
— Ну, сядай, Міхась, расказвай,— сказала памяркоўна і, каб змяніць тэму, якая цяпер стала недарэчнай, бязглуздай, дадала: — Колькі ж мы з табою не бачыліся? Здаецца, гады чатыры...
— Так, каля чатырох,— неахвотна пацвердзіў ён і, схамянуўшыся, прапанаваў: — То давай мо вып’ем за сустрэчу? Я тут прыхапіў...
Каб гэта быў не Міхась, а хто-небудзь іншы, яна пакрыўдзілася б, мо нават абурылася б, што прынёс з сабою бутэльку. Бывала, не зважаючы на пратэсты, прыносіў шампанскае ці віно Аляксей. У мужчын, кажуць, такая завядзёнка: да палюбоўніц хадзіць са сваёю выпіўкай. На Міхася яна не магла ўзлавацца, аднак і не магла стрымацца, каб не папікнуць:
— Ты, мусіць, думаеш: жыву так, што для госця кроплі не знойдзецца? Ці мо думаеш, што па бутэльку — мне не па кішэні выдаткі? Ці мо за парогам стаіць сват? То кліч яго сюды, сватам мы рады...— Гэта атрымалася ў яе з’едліва, жорстка. Міхась збянтэжыўся.
— Даруй, Люба. Я не падумаў, што ты пакрыўдзішся.
Калі селі за стол, ён адным глытком апаражніў кілішак, адразу ж наліў і выпіу яшчэ, толькі пасля гэтага ўзяў кавалачак хлеба. Па тым, як заняло дых, як паморшчыўся, Люба зразумела, што ён не ахвочы да гарэлкі, выпіў, каб уняць сваю збянтэжанасць і хваляванне, і пашкадавала: не трэба было так жорстка.
— Раскажы, Міхась, як жывеш — мы ж з табою сто год не бачыліся,— каб разрадзіць атмасферу, лагодна сказала яна.— Дзе ты цяпер прападаеш, як работа, сям’я, жонка? — I тут жа схамянулася: навошта ляпнула пра жонку? Ён з парога даў зразумець — нешта няладнае...
— Была жонка — і няма жонкі...— панура сказаў ён і пасля паўзы дадаў: — Паўгода, як развяліся...
— А што сталася? Чаму?..— зноў асеклася, зразумеўшы, што пытанне яе зараз нетактоўнае, хоць і страшэнна хацелася даведацца, чаму ён развёўся з жонкай, якую хвалілі нахваліцца не маглі ўсе Беражкі. Разам з тым падсвядомая, цьмяная радасць, што з’явілася з яго прыходам, рабілася выразнай — ён, мусіць, і праўда, хоча зрабіць прапанову? Гэтая радасць і палохала і, як кожнай жанчыне, незалежна, згодзіцца яна ці не, была прыемнай.
Пасля прысуду гінеколага і разрыву з Аляксеем Люба адчула, што ў яе адбыўся душэўны надлом, мо яшчэ больш страшны, чым той, які быў пасля таго, як яе завяла маці... Жыццё здавалася пустым, нікога не хацела бачыць, нават да работы, якая заўсёды прыносіла супакаенне, стала ставіцца без былога імпэту: а каму гэта патрэбна, а для каго яна стараецца? Па начах зноў сталі даймаць кашмары. Са страхам заўважала, што ў яе характары адбываюцца нядобрыя змены — усё часцей «зрываецца», робіцца злою, несправядлівай да людзей, з’яўляецца брыдкая зайздрасць да чужой радасці, да чужога шчасця. Гэтыя перамены жахалі, яна ненавідзела сябе, але перасіліць, зрабіцца такою, як колісь, не магла. Выдатна разумела, ад чаго ўсё гэта, часта былі такія змрочныя гадзіны, надыходзіў такі адчай, такая няўцешпая жуда, што, здавалася, альбо звар’яцее, альбо нешта зробіць з сабою. Але ведала: нiчога яна не зробіць, бо ўсё гэта глупства, і пачынала думаць, што ёй варта ўсынавіць ці ўдачарыць малое, калі ўжо так сталася, што сваіх нельга мець. Аднак зноў пачыналіся сумненні: а ці зможа яна, ачарсцвелая, злая, стаць ласкавай, пяшчотнай маці чужому дзіцяці, ці зможа выгадаваць з яго чалавека? А яшчэ можа здарыцца так, як у газетах не раз пісалі: вырасце дзіця — знаходзіцца родная маці, пачынаецца цяганіна па судах. Ды і, зрэшты, што за дзіця трапіцца, што яму перададзена з генамі? А раптам вырасце які дэбіл, алкаголік ці распусніца — тады кусай сябе за локаць...