Сяргей Белаяр - Полюс недаступнасці
— Так!.. Аненербэ?.. «Крышталі волі»?
— Я, на жаль, вучыў англійскую!
— Нейкая мешаніна з акультызму, фізікі і тэхналогіі, — прабегшыся вачыма па тэксце, сказаў Медзелец. —Наўрад ці гэта нам дапаможа!
— Хто ведае? — нагадаў пра сябе Судзераў. — «Нямецкае таварыства па вывучэнні старажытнай германскай гісторыі і спадчыны продкаў» займалася не толькі акультна-ідэалагічным забеспячэннем функцыянавання дзяржаўнага апарату Трэцяга рэйха, але і сур’ёзнымі навуковымі даследаваннямі.
— Пра гэта вы таксама прачыталі ў часопісе?
— У манаграфіі... Гады тры таму, калі я яшчэ працаваў у ЖЭСе, трапілася мне невялікая «халтурка» — правесці праводку ў катэджы аднаго доктара гістарычных навук. Працу зрабіў хутка і ў чаканні гаспадара вырашыў пагартаць тэчку, што ляжала на стале ў кабінеце...
Казанцаў прыгнечана паківаў галавой, але нагадваць пра нетактоўнасць не стаў.
— ...а там амаль дзвесце старонак аб гэтым самым Аненербэ. Містыкі хапала, але і акадэмічнай навукі таксама!
— Прызнаюся шчыра, вашы словы прымушаюць мяне зірнуць на паперы з іншага боку, Аляксандр Мікалаевіч!
— Не буду вам перашкаджаць! — прафесар пайшоў.
Судзераў вярнуўся да перапыненага занятку. Медзелец, адкрыўшы на камп’ютары руска-нямецкі слоўнік, з галавой пагрузіўся ў чытанне.
Час паляцеў чыгуначным экспрэсам.
— Што гэта было? — падняў галаву дацэнт, краем вока заўважыўшы кароткія хвалі, якія прайшлі па ўстаноўцы.
— Дзе?
— Нейкая рабізна! — Медзелец падышоў да механізма ўшчыльную. Следам наблізіўся Судзераў. Мужчыны некалькі хвілін не адрывалі поглядаў ад устаноўкі. — Здалося!.. Якая гадзіна?
— Амаль адзінаццатая.
— Як хутка ляціць час! Ці не хочаце спаць, Аляксандр Мікалаевіч?
— Я б яшчэ папрацаваў.
— Я таксама, але баюся, што стомленасць адолее нас раней, чым мы знойдзем адказ. Знайшлі што-небудзь цікавае?
— Аднавіў ланцужок. Тут усё прадублявана... Рабілі немцы, але потым улезлі нашы. Сёе-тое пачало працаваць лепш, але большую частку чапаць было не варта!.. А як у вас з перакладам?
— Нічога новага — усё тая ж калянавуковая ахінея. Пра значэнне часткі тэрмінаў застаецца толькі здагадвацца. Тут патрэбен прафесійны філолаг.
— У агульных рысах можаце расказаць?
— Механізм дазваляе ўздзейнічаць на «крышталі волі». Якім чынам і для чаго — яшчэ трэба будзе разабрацца... Зноў!
На гэты раз рабізну заўважыў і электрык:
— Нібы жывая істота... Халодная!
— Тэмпература металу павінна быць нашмат ніжэйшай, — Медзелец таксама паклаў руку на ўстаноўку, у думках зганіўшы сябе за тое, што не вымераў пачатковую тэмпературу. — Мы не маглі нагрэць яго настолькі!.. — дацэнт сеў за ноўтбук і забарабаніў па клавішах. Ціха віскнуў трансфакатар. — Размяшчэнне вузлоў змянілася!.. Механізм працуе!
Павісла доўгая паўза.
Медзелец тры разы ўсё пераправерыў. Памылкі не было.
— Мы павінны неадкладна паведаміць прафесару Казанцаву! — дацэнт ускочыў. Яму на плячо лягла рука электрыка. Нечакана цяжкая.
— Глеб Міхайлавіч даўно спіць. Думаю, не варта трывожыць яго сон паўторам таго, што мы і так ведалі да гэтага.
Памеркаваўшы, Медзелец прызнаў, што Судзераў мае рацыю. Узбуджэнне схлынула. Дацэнт кіўнуў і, апусціўшыся ў крэсла, пачаў другі раз фіксаваць вузлы. На гэты раз электрык палічыў за лепшае ўбачыць усё на ўласныя вочы да канца.
Размяшчэнне вузлоў зноў змянілася.
— Прайшло пятнаццаць хвілін сорак восем секунд, а ад першага да другога часу мінула больш, — Медзелец аўтаматычна адзначыў на машынапісным аркушы час і ў трэці раз скарыстаўся сканерам. — Дваццаць дзве хвіліны тры секунды...
Трансфармацыя была апошняй. Ні праз гадзіну, ні праз дзве схема не змянілася. Метал пачаў астываць.
— І гэта ўсё? — расчаравана спытаў Судзераў, цярэбячы ланцужок на шыі.
— Я, як і вы, чакаў большага, але адкуль нам ведаць, паводле якога алгарытму працуе іншапланетная тэхніка?.. Дый наогул — ці працавала ўстаноўка? Можа, гэта якая-небудзь рэшткавая з’ява?
Электрык паціснуў плячыма і сказаў:
— Хутка дзве гадзіны. Засядзеліся мы.
— Я задам рэжым фатаграфавання праз кожныя трыццаць хвілін. Раніцай параўнаем!
IV
Нягледзячы на позні час і насычаны падзеямі працоўны дзень, заснуць атрымалася не адразу. Абдымкі Марфея былі моцнымі, але толькі да таго моманту, пакуль у калідоры не закрычалі. Спалох Медзельца ледзь не скончыўся падзеннем з ложка.
Трапіць нагой у калашыну атрымалася з трэцяй спробы. Накінуўшы куртку і сунуўшы ногі ў шлёпанцы, дацэнт выскачыў з жылога блока. За Едусам гналіся Крагін, Грабеня і Кныш. Усе напаўапранутыя, з ускудлачанымі валасамі.
— Што здарылася?
— Прыступ! — не спыняючыся, крыкнуў кухар.
— Яны ў мяне ў галаве! — Едус трымаўся за галаву і нёсся, не разбіраючы дарогі. — Яны ў мяне ў галаве!
— Стой! — у радыста ніяк не атрымлівалася схапіць уцекача.
Хліпкі Кройцар выскачыў з жылога блока і яго кінула на сценку, калі памочнік Крагіна ўрэзаўся ў яго. У выніку сутыкнення Едус страціў хуткасць, чым не прамінуў скарыстацца Грабеня. Затрашчаў матэрыял, і майка засталася ў руках радыста. Але здабыць свабоду ў Едуса не атрымалася — на яго наваліліся Крагін і Кныш.
— Яны грызуць мой мозг! — памочнік кухара аказаўся на падлозе і нема закрычаў. Супраціўляўся ён адчайна, не выбіраючы сродкаў. Кухару, радысту і вадзіцелю каштавала вялікіх намаганняў не дазваляць Едусу вырвацца.
На шчасце, падаспеў Кабуш.
Імгненна зарыентаваўшыся ў сітуацыі, лекар напоўніў шпрыц і ўвагнаў іголку ў ягадзіцу памочніка кухара. Той яшчэ хвіліну ці дзве працягваў супраціўляцца, а затым абмяк. На ўсялякі выпадак Крагін, Грабеня і Кныш працягвалі ўтрымліваць Едуса.
— Што тут адбываецца?
— Мы рыхтавалі сняданак, калі Пеця раптам зваліўся на падлогу і закрычаў, што ў яго галаву залезлі прусакі, Глеб Міхайлавіч... — дыхаў таўстун цяжка. — Яго схапіла сутарга... Я паклікаў на дапамогу і паспрабаваў утрымаць Пецю... Куды там — у яго нібы ўсяліўся д’ябал!.. Ён адштурхнуў мяне і ўскочыў... Потым мы з Валерам і Інакенціем кінуліся ў пагоню, а Руслан пабег за Кабушам.
— Зразумела!.. Віктар Канстанцінавіч?
Лекар выдаткаваў яшчэ некалькі хвілін на агляд і толькі потым сказаў:
— Гіперсалівацыя, тахікардыя, пачашчанае дыханне... Мяркую, нервовы зрыў. Аднак пакуль нічога не магу сказаць пра тое, што яго выклікала. У Едуса першая група здароўя, псіхалагічны клімат у сям’і нармальны, канфліктаў з сябрамі і сваякамі не было, у кіраўніцтва на добрым рахунку.
— Гэта значыць, Пеця проста ўзяў і закаціў істэрыку?
— Нематываванай істэрыкі быць не можа, Фёдар Лукіч. Калі толькі гэта не сімуляцыя!
— Навошта яму сімуляваць? Ён жа мог проста адмовіцца ад удзелу ў экспедыцыі. На яго месца знайшлося б шмат жадаючых — дзе яшчэ заробіш такія грошы?
— Трэба шукаць прычыну... Аляксандр Мікалаевіч, плашч-палатка як нельга дарэчы! Спадары, нясіце Пятра Сцяпанавіча ў медпункт!
Едуса паклалі на ложак і распранулі да бялізны, пасля чаго ўсім, акрамя Казанцава і Медзельца, давялося сысці.
— Паляжыць пакуль, супакоіцца, а потым я з ім паразмаўляю. Блатафобія бярэ пачатак у нейкай жыццёвай сітуацыі, у якой мае месца моцны спалох. Як правіла, гэта траўматычны дзіцячы вопыт, ён мае аўтаматычную і паслядоўную асацыяцыю з прусамі. Для людзей, якія пакутуюць на блатафобію, з’яўленне прусакоў выклікае панічны страх. Паводзіны такога чалавека рэзка змяняюцца. У яго адзначаюцца моцнае хваляванне, пачашчанае сэрцабіццё і галавакружэнне. Асаблівасць блатафобіі ў тым, што сам хворы выдатна разумее, што яго боязь неабгрунтаваная, але самастойна змяніць сітуацыю не можа. Часам блатафобу здаецца, што ён можа нават памерці ад сваіх перажыванняў.
— І як яе лечаць?
— Гіпнатэрапіяй ці кагнітыўнай тэрапіяй. Падыходзіць і дэсэнсібілізацыйны метад.
— Едуса неабходна адправіць на Вялікую зямлю — я вас правільна зразумеў, Віктар Канстанцінавіч?
— Так, Глеб Міхайлавіч. Пасля таго, як Едус ачуецца, ён зразумее неадэкватнасць сваіх паводзін, але гэта зусім не выключае паўтарэння прыступу. Рэакцыя можа быць вельмі сур’ёзнай — аж да паралічу.
— А паблізу можа нікога не аказацца... Бура ў лепшым выпадку скончыцца да вечара, верталёт прыляціць не раней за заўтрашнюю раніцу... Віктар Канстанцінавіч, Едус застаецца пад вашым назіраннем. Трымайце мяне ў курсе!
— Абавязкова!
У калідоры сабраліся ўсе насельнікі «Полюса недаступнасці». На тварах чыталася трывога.
— Спадары, нічога сур’ёзнага не адбылося — у Едуса звычайны нервовы зрыў. Яму патрэбен спакой, таму прашу ўсіх разысціся! — казаў Казанцаў з такой упэўненасцю, што ні ў каго не ўзнікла жадання паставіць пад сумнеў яго словы. Праз некалькі хвілін калідор апусцеў. — Які ўсё ж такі выдатны падабраўся калектыў! Чэрствых душ няма, і гэта не можа не радаваць!.. Што атрымалася высветліць? Дапамаглі паперы Аненербэ?