Данііл Жугжда - Чаму ў сланяняці доўгі нос
— Ну, як справы? — праз усмешку звярнуўся да Данеля Локі.
— Яна не памятае мяне!
— Ды няўжо? Як такое магло здарыцца?
— Нібы размаўляў з іншым чалавекам!
— Хочаш, каб яна ўсё ўспомніла? — запытаўся Локі. — Ёсць адзін сродак! — Шэры працягнуў Данелю бутэльку «Стэла Артуа».
— Піва?.. Што?!. Не! Як ты можаш так жартаваць?
— Што такое жарт, як не сумленнае фізічнае дзеянне, накіраванае на дасягненне пастаўленай мэты? А цяпер у цябе адна мэта.
— Але гэта заб’е яе!
— І што з таго?..
— Адкажы мне на адно простае пытанне: чаму ты, на сваю галаву, сеў у цягнік? — працягваў Локі.
— Трэба было ехаць.
— Каб даведацца, чаму ў сланяняці такі доўгі нос? — Гэта проста смешна! Сур’езны чалавек павёў сябе як дзіця, ганяючыся за адказам на дзіцячае пытанне; ганяючыся за марай, за казкай! Навошта?
— Яна прасіла.
— Вось! Вось яно! Што б ты зрабіў, калі б цябе папрасіў пра гэта нехта іншы?.. Але ёй ты не адмовіў! Чаму?
— Ну. Яна.
— Заплюшчы свае вочы. Адкажы, што ты бачыш, калі ўзгадваеш яе?
— ...Усмешку!.. Не!.. Вочы!.. Блакітныя вочы! Чыстыя, як самая празрыстая крыніца, і глыбокія, як самая велізарная бездань!..
— Можа, ты не адмовіў ёй таму, што яна падарыла табе маленькі каменьчык? — Не! Ты не адмовіў ёй таму, што яна прыгожая, мілая і ДОБРАЯ!
— Яна?.. ЯНА!..
— Так, Данель, ЯНА! А цяпер адкажы мне на яшчэ адно пытанне: што трэба зрабіць са скарбонкаю, каб дастаць адтуль грошыкі?.. Яе час на зямлі ўжо скончыўся. Нябёсы чакаюць вяртання Бога. Ведаеш, калі Бог жыве ў чалавечым целе, Ён можа вярнуцца, толькі пазбавіўшыся ад кволае абалонкі. Але ёсць адно «але» — няскончаныя пры жыцці справы зноў і зноў прыцягваюць да гэтае зямлі. Таму ідзі да Яе і раскажы пра сланяня. Яна так хацела пачуць гэтую гісторыю.
Данель знямелымі рукамі ўзяў бутэльку.
— Але ж ёсць яшчэ Чорная Котка і Ліс. Яны з Юлінай складаюць адзінае цэлае.
— Пачакай крышачку. — Локі на імгненне знік, потым матэрыялізаваўся. — Пра што ты казаў? — у руках Локі дымеў ягоны пісталет. — А, ужо ўсё роўна, — выкінуў з барабана дзве пустыя срэбныя гільзы. — Дарэчы, Яна ўспомніць цябе бо ў час смерці перад вачыма паўстае ўсё жыццё. Так розум шукае выйсце ў цяжкіх абставінах. Розум абапіраецца на жыццёвы вопыт. Але ад смерці выратавання няма. Яна чакае .
— Мо ты хочаш піць? — Данель стаяў увесь збялелы. Яго пачынала біць ліхаманка.
— Піва?
— Не, тут. ВАДА.
— Тады можна. Сядай побач! Ты хацеў расказаць, чаму ў сланяняці такі доўгі нос?!
— Так!.. — пабачыўшы, як Юліна зрабіла глыток, Данель апусціўся на лаву ля Яе. — Было гэта так: жыло на свеце сланянятка, якое любіла кветкі. — Ён працягваў. Юліна зрабіла яшчэ глыток. — І была адна ружа, да якой сланяня не магло дабрацца. — яшчэ глыток. — Бо расла яна ў непралазных калючках. І тады.
— Ты такі збялелы. Выпі вады! — прапанавала Юліна.Данель успомніў пра Камень Трахэнберга, паглядзеў на Шэрага Локі — той кіўнуў. Данель узяў бутэльку абедзвюма рукамі. Велізарны ком засеў у горле і было складана глытаць. Тая ВАДА была халоднай і незвычайна цяжкай. Можа, праз тую цяжкасць ЯНА прасачылася скрозь ком туды, куды Ёй было трэба.
— ...І тады сланяня наступіла на свой нос і, церпячы пакуты, выцягнула яго ў хобат. — бутэлька выслізнула з рук Данеля і разбілася. ВАДА пацякла па зямлі да бліжэйшае магілы. Локі зноў кіўнуў. — .Каб толькі дабрацца да тае ружы. — Данель зазірнуў у вочы Юліны.
Ліхаманка адпусціла яго. Стала лёгка, як ад дзівоснага малака Чорнае Коткі. Яны з Юлінай глядзелі ў вочы адно аднаму. Неўзабаве вочы яе пачалі змяняцца: празрыстасць стала больш празрыстаю, а глыбіня — больш глыбокаю. Праз тыя вочы на Данеля глядзела бясконцасць! Бровы Юліны ўзняліся. Яна прытулілася да Данеля, абняла яго рукамі і ціха прашаптала:
— Ты прыйшоў. Дартарыель!..
— Што?! — перад вачыма Данеля пачалі з’яўляцца дзівосныя карціны, і самая дзівосная з іх — чароўныя блакітныя вочы з-пад даўгіх валасоў.
— Так, Данель, нам патрэбны ты! — усміхаўся Локі. — Ну, не ты, а нехта іншы, але таксама на «Д»!
— А яна?
— А яна памерла. Я не папярэдзіў цябе? Ой, прабач! Яна зрабілася смяротнай, як толькі пакахала Дартарыеля. Багі кахаць не ўмеюць. Чамусьці гэта не падабалася Сакрысціі. Вось яна і.
— Памерла?!
— Усё роўна, навошта нам Багіня ветрыку, які вырывае парасоны з рук і зрывае з галоў капелюшы? Нам патрэбен Дартарыель — Бог навальнічнага дажджу і грымот! Ведаеш, цяпер вельмі цяжка прымусіць людзей верыць. Толькі катаклізмы здольныя разварушыць смяротных. Ад часін Ноя нікога не было лепшага за цябе!
— Але гэта бесчалавечна!
— Маеш рацыю!
— Чаму вы не забілі мяне адразу? Навошта гэты ШЛЯХ?
— А забівалі. І не аднойчы! Але ж ты кожны раз вяртаўся да гэтае абалонкі. Вось і вырашылі даць табе скончыць твае зямныя справы, — Локі паказаў на цела Юліны. — Тым больш, цяжка забіць уладальніка Трахэнбержскага Камня.
— Ты мяне падмануў!
— Ды няўжо? А ці я сказаў штосьці не тое? Я сказаў, што нябёсы чакаюць Бога; хіба ж я называў пэўныя імёны?
— Юліна!.. Сакрысція!.. Што я нарабіў?! — Данель схіліўся над целам. З яго шэрых, як хмары, вачэй ліліся буйныя слёзы.
— О! — пазнаю старыну Дартарыеля! Чым ты незадаволены? Столькі вясёлых прыгод: спачатку — аварыя цягніка, потым — грашогі, Хельг, Дыяс! Ты знайшоў Юліну, Чорную Котку і Ліса; даведаўся, чаму ў сланяняці такі доўгі нос! — Хіба ж не гэтага ты жадаў?
Але Данель яго ўжо не чуў.
ЭПІЛОГ
— Уставай, Дартарыель. Як я і казаў, у нас шмат працы.
...Дартарыель!
...Дартарыель?..