Анатоль Казлоў - Дзеці ночы
Вілену той раз здалося, што ім авалодаў гіпнатычны сон. Некуды знікла нудотнасць і скруха, сэрца ў грудзях білася роўна, у такт крокаў, а цела запаўнялася лёгкасцю. I светлякі ўздоўж нябачнай сцежкі ўжо не палохалі яго, а наадварот — лашчылі вочы і нібы сагравалі, няхай сабе і халаднаватым святлом.
Вілен Падкідны цяпер ужо не памятаў, колькі часу хадзіў ён з Гуронам па лясных сцежках, бо ўсё адбывалася як у сне.
Раніцай прачнуўся ён у Доме ночы (так Гурон перахрысціў оылы дом адпачынку) быццам перароджаны...
«Мерседэс» паволі каціў па калдобістай дарозе. На паваротах аб язджаў парослыя травою рыцвіны з дажджавой вадою, якую паспела зацягнуць ужо плёнка зялёнай пратухлайтвані. Фары срэбранай машыны выхоплівалі з цемры жаўтавата-залацістыя ствалы гонкіх карабельных сосен, разлапістыя цёмна-зялёныя елкі, а ў нізінах, там, дзе пачыналіся балацявіны, фары на імгненне асвятлялі хілыя і карослівыя бярозачкі, якія ў сваёй большасці, ад нразмернай вільгаці, паспелі ўжо вымакнуць. Там, у балацявінах, раскашавалі шаравагыя алешыны, гладкае, маладое вербалоззе ды вечна палахлівыя д'ябальскія дрэвы— асіны.
Матор «мерседэса» вуркатаў прыцішана-лагодна, без аніякай натугі. Ён пераадольваў дарожныя перашкоды, аб'язджаў выварагні і груды высахлага ўжо голля. (Паўз дарогу некалі рабілі нрасеку, дрэвы сцягнулі і забралі, а голле гак і тлела над летнім сонцам, выпетрывалася вятрамі, мокла ад няспынных восеньскіх дажджоў, а зімнія маразы трушчылі яго, руйнавалі да таго часу, пакуль не заносілася голле шчодра мяккім, пульхным снегам.)
Вілену ў салоне машыны было ўтульна і добра. Прыцішаная мелодыя навявала санлівасць, расслабляла цела, галаву апаноўвала незразумелая абыякавасць. Зусім нечакана для сябе ён узгадаў Нінку Смаляк, дзяўчыну, з якой жыў разам пад часы бадзяння на вакзале. Чарнявая Нінка з прамяністымі блакітнымі вачыма (дзіўнае гэта было спалучэнне для Вілена напачатку, пакуль ён выпадкова не йабачыў на тым жа вакзале негрыцянку з такімі ж бяздонна блакітнымі вачыма) патрапіла ў Мінск з далекаватага Дрыбінскага раёна. Яна была маладзейшай за Вілена на тры гады. Дзіўна, але Нінка пра сябе амаль нічога не расказвала, не любіла яна чамусьці ўзгадваць сваё мінулае. Мо не вельмі салодкім было яно ў дзяўчыны. 3 Нінкай хлопец пражыў разам амаль паўтара года. Ад нечаканага ўспаміну ў Вілена зашчымела ў грудзях, на сэрцы зрабілася нудотна, аў вачах зашчыкаталі нябачныя слязіны. Вілен, будучы разам з Нінкай, заўсёды здзіўляўся яе чысціні і гаспадарлівай жылцы. Яыа насіла доўгія валасы, заплеценыя ў касу, якая спускалася амаль да паясніцы. Два разы на тыдзень, як кажуць, кроў з носа, а павінна была схадзіць у гарадскія душавыя ці ў лазню. Вадзіла яна з сабой і Вілена, з-за чаго, іншым разам, даходзіла і да сварак.
Нінка была надзіва разумнай і кемлівай дзяўчынай. Менавіта яна ўгаварыла Вілена на зіму перабрацца начаваць далей ад вакзала, аж у раён Сухарава. Там яны аблюбавалі цёмны тэхнічны паверх у вялікім жылым будынку.
— Тут нас не натурбуе і не заграбе аніякі мент,— ідраконвала напачатку яна хлопца.— Зімою, сам ведаеш, як шныраюць службісты па гарышчах прывакзальных камяніц, адлоўліваюць нас, небаракаў, і саджаюць у клетку.— Вілен гэта і сам добра памягау, бо не адзін і не два разы прыходзілася гібець яму зімовыя ночы за жалезнымі прутамі міліцэйскіх устаноў.— Нічога, што ездзіць далекавата, але затое спакойна ў цёплым месцы можна выспацца,— даводзіла яна хлопцу.
Вілен і да сённяшняга дня не ведае, адкуль Нінка прыцягнула даволі добры матрац і яшчэ не падраную вагнюю коўдру. Замест падушкі яны прыладкавалі мяшок, запоўнены мяккім сенам са стажка, які стаяў у прыватным сектары, вельмі блізенька ад іх дванаццаціпавярховіка.
— Ты не бойся, я не зацяжару,— супакойвала ўцешнымі начамі дзяўчына свайго каханка.
— Кожная можа падзаляцець,— не згаджаўся Вілен.
— Дурненькі ты. Я ж ведаю сябе.
— Не гавары абы-што. У вас, жанчын, такая прырода.
— Не ўва ўсіх яно аднолькава,— пярэчыла Нінка.
— Калі што якое, адразу збягу,— злаваўся хлопец.— Не тое ў нас жыццё, каб з дзіцём і пялюшкамі валаводзіцца. Не трэба на свет пускаць яшчэ аднаго пакутніка. Хопіць і таго, што я ніколі ў вочы не бачыў сваёй маці, не гаворачы ўжо пра бацьку.
— Ды супакойся ты. Ускіпеў, як гаршчок на агні.
— Трэба галавой думаць, Нінка.
— Я і думаю.
— А чаму тады не адпускаеш з сябе, забіраеш усё?
— Простая бясплодная ад прыроды. Бяс-плод-ная! Зразумеў нарэшце?
— Адкуль ты ведаеш? — не верыў напачатку Вілен.
— Калі гавару, значыць, упэўнена. Ты думаеш, што адзіным у мяне мужчынам быў? — пачынала нервавацца Нінка.
— Гэта не аргумент.
— Добра. Каб закрыць гэтае пытанне аднойчы і назаўсёды, гавару табе як на духу: некалькі разоў правяралася я, бацькі вазілі мяне да найленшых спецыялістаў-дактароў, і паўсюль адзін і той жа дыягназ — прыроднае бясплоддзе. Цяпер ты задаволены?
Гэта было першы і апошні раз, калі Нінка ўзгадала сваіх бацькоў. Вілен не стаў распытваць далей, бо ведаў, як да такіх пытанняў паставіцца дзяўчына. Ён меркаваў так, што калі яна захоча нешта расказаць, то зробіць гэта сама, без яго назойлівага даймання, на сваёй волі.
«Эх, Нінка, Нінка, дзе ты цяпер, маё дзяўчо?» — скрушна мільганула думка.
«Будзь заўсёды жорсткім эгаістам, вер сабе і любі толькі сябе! — быццам адказам на роспач Вілена прагучаў у яго вушах голас Максіма Гурона.— Галоўнае: не распускаць слюні, не быць слабаком, няхай тыя, хто не мае свайго Гаспадара, упадабаюцца слімакам, ды яны і ёсць слімакі.— Свідраваў слых Вілена голас Максіма.— Ты прыйшоў на зямлю, якая ўжо прагніла і заіржавела, каб кіраваць бязвольнымі, тымі, хто, як машкара-трохдзёнка, таўкуцца летнімі надвячоркамі ў парным паветры прырэчных лугоў і гарадскіх звалак з пустэльнямі!»
Хлопец страсянуў галавою, адганяючы няпрошаны і чамусьці надакучлівы голас сябра. Ён адчуў лядзяшны халадок усярэдзіне, дзесьці каля самага пазваночніка, а пальцы левай рукі сцягнула сутаргай, яны непаслухмяна і кручкавата трымалі руль «мерседэса».
Жадаючы прасвятліць галаву, хлопец збавіў і так чарапашы ход машыны і другой, незамлелай, рукой намацаў пачатую гшяшку з моцным напоем і зрабіў два глыткі. Заглыбіўшыся ў сябе, ясна і прыемна адчуў, як лагоднай, сагравальна-цёплай хвалькай пракацілася тэкіла ў грудзях, адагнала халадэчу са спіны, разняволіла пазваночнік...
Перад тым як сысці з вакзала, Вілен хацеў, як гавораць, па-людску развітацца з Нінкай. Усё ж столькі месяцаў прабылі і пражылі разам, грэліся ў завірушна-сцюдзёныя ночы пад адной коўдрай, дзяліліся адубелымі пералечанымі пончыкамі. Адным словам — жылі разам. Якія ні прыводзьце довады, а ганебна і нізка сысці вось так ад чалавека і не сказаць на развітанне хоць некалькі душэўных і цёплых, шчодрых, не падманлівых слоў. Максім сядзеў той раз з новым, толькі што падабраным братам на лаўцы ў невялічкім скверыку. Нешта гаварыў, даходліва пераконваў, а Вілен думаў толькі пра Нінку. Здавалася, што да яго не даходзяць словы, якія вымаўляў гладка паголены малады мужчына. Ён гаварыў і без перадыху курыў цыгарэты з прыемным пахам. Дымок ад іх зносіўся ветрам якраз на Вілена. Вакол кіпела прывычнае для хлопца жыццё, жыццё вакзала: паспешліва крочылі пасажыры на платформы, горбіліся пад цяжарам вялікіх сумак і кардонных скрынь, меладычны голас дыктаркі абвяшчаў пра адпраўленне цягнікоў і іх прыбыццё з розных гарадоў і краін, над галавой шапацелі лістотай тоўстыя і ўгрэтыя сонцам ліпы. Усё гэта, здавалася, было побач і ў той жа час далёка ад Вілена. Ён думаў пра Нінку. 3 самай раніцы яна, нават не папярэдзіўшы хлопца, некуды знікла. Такое здаралася не часта, але бывала. Відаць, што з нейкай вакзальнай таваркай адправілася на промысел, бо, як гаварыла Кірылаўна (самая старая кабеціна з іхняга тутэйшага гурта), калі прасядзіш дзень без турботаў карчом, то ноч прыкрые цябе з пустым жыватом. Вось Нінка і пасунулася шукаць шчасце некуды далей ад вакзала, каб пад вечар была работа не толькі яе зубам, але і Віленавым, каб незадаволена не бурчэлі пустыя і галодныя жываты.
— Так што хадзем разам,— нарэшце даляцеў да слыху голас новага знаёмага.— Пажывеш пакуль у мяне, а там прыгледзішся, падумаеш над маімі ідэямі і тэорыямі, калі яны падыдуць табе — станеш адным з братоў Гурона, будзеш гуронаўцам (Вілен на той час так і не зразумеў гэтых гуронаўцаў і іхтэорыі з ідэямі, але ён не быў супраць таго, каб на дармаўшчыну перакусіць, а калі пашчасціць, то і чарку кульнуць). Ён толькі пабойваўся аднаго: дай божа, каб гэты знаёмы не аказаўся гомасексуалістам. 3 выгляду здаецца, што не надобны, але хто іх разбярэ. Віцька Кудравы — ці не яго, Віленаў, аднагодак — аднойчы патрапіў на такое знаёмства. Пасля таго як ён расказаў ііра той выпадак, уся вакзальная бамжатня з тыдзень рогатам заходзілася. (Знаўцы сцвярджаюць, што дармавы сыр бывае толькі ў мышалоўцы. Вось так яно ў жыцці часта і здараецца.) — А калі падасца табе ўсё тое, што пачуеш і пабачыш — чужым, вернешся на свой вакзал,— неяк проста і даверліва ўталкоўваў знаёмы.