KnigaRead.com/

Варлен Бечык - Радкі і жыццё

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Варлен Бечык, "Радкі і жыццё" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

але гэтыя думкі раптам набывалі шырыню і істотнасць, бо недзе і ў іх жыла гэта восеньская святочнасць: гэты шорпат лісцяў, радасць і сум, надзеі на справу і безнадзейнасць, яднанне з людзьмі і светам і адасобленасць ад усяго.

Сёння ездзіў у Астрашыцкі Гарадок. Калі ўбачыце там, што соўгаецца па вуліцах нейкі дзівак у расхлістаным плашчы, узіраецца ў твары людзей, быццам яны ў нечым яму знаёмыя, разглядае гэтыя прыземістыя і старыя, аселыя ў зямлю хаты, задумліва глядзіць на раку, сажалку і возера, прастойвае без выразнага сэнсу на могілках... — то гэта я.

Дзіўнае жаданне ўсё абысці, абгледзець і прыпомніць. А ўсё паўстае з трыццацігадовай даўнасці не над­та і змененым: цэнтр стаіць у той жа каардынатнай сетцы: шавецкая майстэрня, сельмаг, школа, сталярная, бальніца. Але няма, няма знаёмых: яны сустракаюцца толькі на могілках, на надпісах: Лявіцкі, Якунін, Кручонак, Мураўскі, Пашыкі, Абмёткі, Бацяноўскія, Аносік... яшчэ, яшчэ.

Дзесьці раскручваюцца новыя і новыя плёнкі знятага памяццю дзяцінства. Вось было два масты і млын, тут кралі мы ў завознікаў сена, цікавалі, каб адрэзаць конскі волас на вуды. Клуб — на рамонце, стаяць толькі сцены. Тут — цэлая процьма розных успамінаў. Між іншым — Я. пускаў мяне ў кіно бясплатна, але ж я з некім спрабаваў праскочыць так, і быў злоўлены. На возеры пад ледзь чутнай імжакай гойдаліся памалу лодкі з рыбакамі. Возера стала малым, як і ўсё іншае ад часу дзяцінства: усё-ўсё тужліва зменшылася, але яго было так яшчэ многа. Як заўсёды, я пагубляў думкі.

Магілу Веры Фамінічны ўсё засыпаюць новым ламаччам і смеццем, а што рабіць — не ведаю.

На брацкай магіле пакрысе сціраюцца надпісы, не­каторыя ўжо не чытальныя. Забыццё працуе, працуе; старэюць сосны на могільніку, магілам цесна, вольнага месца ўжо няма, а скрозь ляжаць маладыя-маладыя...

23.10.

Дзіцячы час. Наплывы таго, што, можа, і самому не номніцца.

Мы з Гешкам забрыдаем у крапіву, плачам.

Астравок-купіна на сажалцы. Ен рухаецца. На ім — «аерыны і чароціны. Да яго — блізка, і ён — наш. Пахаванне ката. Збіранне шаймораў (пабіліся з-за іх, і я плакаў).

Лугавіна каля рэчкі, па дарозе на Селішча. Месца для мяне (пяць-шэсць гадоў) ужо далёкае, а таму звабнае і загадкавае. На схіле лета палім кастры, нехта накладае вуголле ў бляшанку і раскручвае — здорава! А печаная бульба. Як меншаму мне дастаецца нямала крыўд, але яны ўспрымаюцца як нешта аб’ектыўна дадзенае — я з гэтым расту, і не можа быць іначай.

Я мог бы распісаць характары: былі пераросткі... На горках — акопы, ямы. Туды сцягваем міны, снарады, і мне даводзіцца скідваць іх у агонь. Страшна, але не гэта галоўнае. Пасля кожнага выбуху найперш гляджу, ці жывая ўнізе мая Муська. Але каровы мірна сабе пасуцца, пасуцца...

Бясконца далёкая і бязмежна блізкая далеч. Мы жывём у Будзёнаве. 3 Юркам Зезюлінскім ірвём памідорную расаду з клумбы — горка. Пасля нас лупцуюць — баліць. Мы чулі, што памідоры ядуць, але ж не ведалі, што ядуць не расаду.

29. 10.

Учора снег, і на траве ён ужо крыху затрымаўся. Панурае неба, кватэрны холад.

Ходзіш каля старых хат, паглядваеш — усё іншае. Другія і неба, і вада, і дрэвы. Вось тут жылі Саі. Для майго дзіцячага ўспрыняцця нешта недружалюбнае, але я з імі знаўся. Аднойчы гоняцца за мной мае заклятыя ворагі — Жэнька Назарэнка і яго хеўра. За што яны мяне ганялі, не ведаю. I вось я шмыгаю да Саяў і зашчыкваю дзверы на кручок. Дома толькі дзеці, збольшага — мае равеснікі. Прашу, але няўпэўнена: не адчыняйце. Адчыняюць, а нават і са зларадствам. I вось мяне выводзяць з хаты — тут біць нельга, строгае дыпламатычнае правіла. Вядуць. Праз вузкія праходы ка­ля бальнічных плоцікаў. I вось тут, выбраўшы момант, я штурхаю Жэньку, трашчаць штакеціны. Але нядоўгая радасць — мяне зноў схапілі, а тут яшчэ строгі выкрык: мяне ўгледзела Шатэрнік, урачыха. Непрыемнасць — скажа маёй маці. Выводзяць на вуліцу. Тут ужо іду сам. Нешта накшталт джэнтльменскага пагаднення: мяне не будуць трымаць, а я не павінен бегчы. Каб не ўмешваліся дарослыя. I тут новая непрыемнасць. Падыходзіць Наталля Васільеўна Нальгачова.

— Варлен, ты што робіш?

Тут я павінен спыніцца, і мае канваіры спыняюцца таксама, што паробіш.

— Ды вось гуляем.

— Дык ты, калі ласка, хуценька схадзі да мамы ў школу і перадай ёй, што я...

Тут ужо зусім складана. У школу яны мяне; ясна, не адпусцяць, выслізну я з іхніх рук. Адмовіць Наталлі Васільеўне я таксама не магу: не ў характары нашых адносін і майго выхавання. Але ж выхаду няма.

— Н. В., я не магу зараз.

— А ты што — заняты?

— Я гуляю...

I дзеля чаго? Дзеля таго, каб яны адвялі мяне зараз у які кут ды пабілі да плачу (а мне яшчэ ўсяго шэсцьсем гадоў)?

Аднойчы, мы тады пераехалі ўжо на гэты самы бок Гарадка, дзе жывуць Назарэнка і яго сябры, яны мяне зноў падпільнавалі. А пільнавалі так: я хадзіў гуляць да сваіх ранейшых сяброў, а вяртацца мог праз адзін з трох мастоў. I выпільнавалі мяне, прычым не без подласці. Нехта з іхніх жа гаворыць: ідзём каля Данэйкаў, там ніхто цябе не зловіць. I вусцішна, і нехаць, але і вы­хаду няма, і хочацца верыць. I толькі я зайшоў у ваду (там можна было пераходзіць раку), як ужо і ў іхніх руках. Зноў вядуць, і чамусьці не б’юць. Мне ўжо гадоў з дзевяць (ну, восем). Праходзім каля дома Зезюлінскіх. Я — шусь у хату. Пра нешта са мной гавораць. А выйсці мне нельга.

Я цягну, цягну, пакуль Юркаў айчым не гаворыць мне:

— Табе дамоў пара.

А я муляюся.

«/

— Можа, ты баішся?

Зноў жа не. 1ду як на пакаранне. Але на вуліцы ніхто не чакае. Імчу да хаты. Збавенне.

25.11.

У адносна цёплы і не дажджлівы (нават пробліскі сонца) дзень — Прылукі. Хваляванне і стомлена-абыякавы стан перамяшаліся. Тое, што было незвычайным, штодзённым, стала нязвыклым, да няёмкасці. Чаго тыў гэтым аўтобусе, дзе ведаюць, што ты ужо не звязаны з ім, але і пазнаюць яшчэ адзін аднаго.

I вось як сон (усё знаёмае і пязвыклае): прылуцкая асфальтаванка, контуры саду, як востраў замшэлай пракавеччыны — прылуцкі Шанхай. Усюды — змены, якія значна паціснулі і архаізавалі маё мінулае. У былым будынку школы (колішняя карчма, а ў мае гады — цэнтр жыцця) — суммы спакой, бітыя вокны, пахілы (як збуцвелы крыж) калідор прыстройкі. А новая школа перайшла за горку, пад Атоліна. Старыя вербалозы — былі жэрдачкамі. Дарогу і мост перасунулі, дагніваюць старыя сваі — каля іх неяк брудна, неглыбока, пуста. А якое было зачараванне глядзець на рэчку, мост і берагі дваццаць сем гадоў назад. Танцы на мосце — не верыцца, але было. Шуравалі яльцы, верхаводкі, плоткі, каля рэчкі былі нейкія важныя асяродкі жыцця, прыгажосці, духоўнасці. Мутная, брудная вада змыла ўсё сонечнае, вабнае. Яго спакваля размывала яшчэ ў мой час — будаваўся РЦ, потым — вопытная станцыя, большала людзей; абсягі шырэлі, але гублялася маналітнасць, адчужэнне расло...

Машыны, легкавушкі. Дарога каля пашэрхлай (не замерзла, але і згусцела, зальдзілася) і сумнай старыцы. Скрозь нейкія агароджы, скрозь відавочныя перамогі прагрэсу (раней — жаданыя, важныя). Упіраюся ў драўляную агароджу-сцяну: раптам не стала дарогі — і ўсё. А да могілак пхнуўся па нейкім тунелі, прарытым у Барысёнкавай гары. Панавіслі карані падкапаных дрэў. Ах, якія ж чарадзейныя былі горкі. Дзесьці тут засталіся і такія кавалкі дзяцінства, што стогнеш. Паваляны, выкарчаваны сад, які мы садзілі з Шуркам -Бабуркам. Сумна гляджу на наваколле. Усё былое пракручваецца, чую шум, галасы, бачу блёсткі ўсяго даўняга-нядаўняга, што тут было. Паныла-адзінока. Мно­гая захоплена новым часам, беззваротна адваявана ў нас.

Імчуся — ну, не бягом ;— а вокам да дзедавага помніка. Вунь ён — каменнае, абсечанае дрэва. Скрозь абступілі іншыя магілы. Ну, дзень добры, дзед. Знімаю шапку. Дзень добры, Павел Максімавіч. Яшчэ раз сустрэліся. Можа б, не так усё чулася востра, калі б ведаў, што і сам лягу на гэтых могілках. Прыходзілі б людзі, нехта мяне ўспамінаў бы, і я быў бы тут свой...

Тут іду, і розныя часы, і велізарны аб’ём жыцця адбіваецца ў драматычнай завершанасці і незваротнасці. Лена Красоўская, Міра Гробар, Соф’я Фролаўна Саковіч, Кашканы, брат Івана Сабалеўскага, бацькі Яні Сушчынскай. Новыя, аглушальна раптоўныя магілы: Ганчарык, Жудро, побач — Тарноўскі, Рудовіч.

I шкадуеш усіх іх больш, як сябе, і мутнеюць вочы, і напружаны пачуцці, і вяртаецца столькі ўспамінаў. Хто тут помніць цяпер маю аднакласніцу Лену Грыневіч? А гэту Міру з Атоліна (апрача сваіх)? Мельнічонкі, а сярод іх Коля... Чаму? Што за драмы? У каго спытаць?

Могілкі ўшчыльнілі часы і ўзросты. Ляжаць маладзёны побач са старымі — равеснікі не па нараджэнні, а па смерці. Яны ўжо не старэюць, але і застаюцца нашымі равеснікамі. I дзесяцігадовы Сярожа Нальгачоў рос і сталеў са мною, я адчуваю яго сённяшнім сваім равеснікам.

I вось у альховых жэрдках кавалак выкатанай з дзёрну зямлі. Калі я плакаў апошні раз, у якім дзяцінстве? Не помню. Каб плакаў — было б лягчэй. Плачу, плачу, гладжу гэтыя шэрыя жэрдкі. Дарагі таварыш Шурка Бабурка — тут ты, побач, і ў бясконцай далечы. Плачу ўсё-такі, але не лягчэе. Тут не раз бачыў яго каля магілы бацькі, і вось ужо лёг. За дзвесде метраў ад нашай школы, за некалькі метраў ад урокаў фізкультуры (школьная горка, лыжня), непадалёк ад многіх сцежак, дарог, на якіх вадзіла школьная пара...

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*