KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Сяргей Белаяр, "Расследаванні інспектара Сарвы" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Па дарозе да празектарскай Цінгулса выклікалі ў дзяжурную часць, так што ролю гіда давялося ўзяць на сябе Гамалію.

— Скажыце, спадар Гамалій, ці маюцца падставы для падазрэння забітых у здзяйсненні самагубства?

— Запэўніваю — абсалютна ніякіх!.. Навуковы персанал штомесяц праходзіць поўны медыцынскі агляд, які ўключае ацэначныя тэсты псіхасаматычнага стану. Мы абавязкова заўважылі б дэвіяцыі!

— У Жаўнова, Таўса і Бабрука былі ворагі?

— Ворагі ёсць у любога чалавека, які мае сацыяльную вагу, спадар Сарва! Пытанне толькі ў тым, ці гатовыя ворагі да прамога дзеяння... У кола маіх абавязкаў уваходзіць маніторынг псіхалагічнай атмасферы ў навуковым гарадку. Гарантую: людзей, гатовых на забойства калег, у «Элізіуме» няма!

— Ці дапускаеце вы магчымасць дыверсіі?

— З падобным пытаннем вам лепш звярнуцца да Дзіржа Нарыбутавіча, спадар Сарва!

— Абавязкова прыслухаюся да вашай парады!.. І ўсё ж такі?

— Чужому ў «Элізіум» не пракрасціся. Служба бяспекі свой хлеб есць недарма!

У планшэце з'явілася адзнака насупраць радка «ўкаранёны агент». Ужо на ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы інспектар ацаніў верагоднасць пранікнення ўнутр навуковага гарадка як нулявую: подступы прыкрывалі батарэі рэйкатронаў, а ахоўны перыметр рабіў «Элізіум» падобным на непрыступную крэпасць.

Целы чакалі Сарву ў халадзільных камерах. Іх агляд з'яўляўся толькі данінай інструкцыі — заключэнні аб аўтапсіі былі прафесійна падрабязнымі. Знаёмства са справаздачамі заняла нейкі час. На жаль, праліць святло на злачынствы яны не здолелі. Да справаздач былі прымацаваныя фатаграфіі высокай якасці, якія пазбавілі інспектара ад неабходнасці здымкі.

— Я так разумею, па план «Элізіума» мне трэба звярнуцца да Цінгулса?

— Не злуйцеся на яго, спадар Сарва! Дзірж Нарыбутавіч проста робіць сваю працу. Такі груз адказнасці сагне любога... Я магу падзяліцца з вамі схемамі сектараў, у якіх адбыліся забойствы.

— Баюся, гэтага будзе недастаткова, спадар Гамалій. Не той выпадак, калі па частках можна зразумець цэлае!.. Лепш падкажыце, як мне прайсці ў службу бяспекі?

Начальнік аховы доўга не хацеў прадастаўляць неабходную інфармацыю. Толькі пагроза дакладу камісару Айнбунду прымусіла Цінгулса скарыстацца бесправадной персанальнай сеткай.

Ніякай сувязі паміж месцамі забойстваў не прасочвалася, таму інспектар вырашыў агле­дзець боксы. У тым, што старонні не мог здзейсніць забойства, Сарва пераканаўся, пакуль ішоў да працоўнага месца акадэміка Жаўнова. Камеры назірання, пасты аховы, складаная сістэма допуску, разнастайныя дэтэктары... Забойцу варта было шукаць сярод персаналу «Элізіума».

— Дзве тысячы чатырыста восемдзесят дзевяць чалавек. Я фізічна не паспею ўсіх апытаць! — хранометр бязлітасна адлічваў апошнія гадзіны. Інспектар не меў сумненняў у тым, што неўзабаве адбудзецца наступнае забойства.

Рабочы бокс уяўляў сабой невялікае памяшканне з дзвярыма, якія герметычна зачыняліся. Забойца мог трапіць унутр толькі з дазволу гаспадара бокса. Падобны варыянт быў магчымы выключна для першага забойства. Пасля смерці Жаўнова навукоўцаў, безумоўна, праінструктавалі супрацоўнікі службы бяспекі.

Слядоў узлому замок не меў. Сарва сарваў пластыкавую плёнку з галаграфічнай пячаткай службы бяспекі і ўвайшоў у бокс.

Абведзены флуарэсцэнтным маркерам контур цела размяшчаўся побач з крэслам каля працоўнага стала. Павароты давалі зразумець, што пасля смяротнага ўдару Жаўноў зваліўся на падлогу. Ужо адно палажэнне трупа казала пра многае:

— Забойцу акадэмік не чуў. Ці не ўспрымаў як забойцу...

Выцягнуўшы з чамаданчыка з інструментамі, без якіх не абыходзілася ніводнае расследаванне, газавы храматограф, Сарва апусціўся на калені і пачаў вадзіць па падлозе сілікагелевым алоўкам з надзеяй выявіць доказы.

Інспектар ніколі не забываў пра тое, што д'ябал хаваецца ў дробязях.

— Нічога... — гадзіна прайшла марна: бокс быў нібыта стэрыльна ачышчаны. Сарва праверыў і вентыляцыйную шахту, хоць яе шырыня не дазваляла пралезці па рукаве нават дзіцяці, не кажучы ўжо пра дарослага.

Ніякіх слядоў не ўдалося знайсці і ў боксах Таўса і Бабрука. Дакладваць камісару не было чаго.

— Прылады забойства знайшлі? — спытаў інспектар, вярнуўшыся ў модуль службы бяспекі. Можа, хоць тут атрымаецца выявіць зачэпку.

— Забойца панёс іх з сабой.

— І ніводзін з вашых прыбораў гэтага не зафіксаваў? — Сарву прымусілі здаць зброю яшчэ на ўваходзе.

— Не! — працадзіў Цінгулс, выдатна разумеючы, што гэта пракол яго як начальніка аховы. Інспектар не стаў завастраць на гэтым увагу — не выключана, што забойца мог выкарыстаць пакрыты цэлюлознай біялагічнай плёнкай грыбны міцэлій. Бакаў з вадой, дастатковай для растварэння вегетатыўнага цела, у «Элізіуме» хапала з лішкам.

— У вас ёсць здагадкі, хто стане наступнай ахвярай?

Начальнік аховы скрывіўся, як ад зубнога болю, і сказаў:

— Вобласці інтарэсаў акадэміка і члена-карэспандэнта ніяк не перасякаліся. Мы гэтак і не здолелі знайсці нічога, што звязвала б Жаўнова, Таўса і Бабрука.

— Вельмі кепска! — Сарву прыгнятала бяздзейнасць. Але што заставалася рабіць? Любы з дзвюх тысяч чатырохсот васьмідзесяці дзевяці чалавек мог стаць наступнай ахвярай. — Я хачу азнаёміцца з асабістымі справамі забітых, а вы, спадар Цінгулс, узмацніце меры бяспекі!

Інспектар вярнуўся ў выдзелены яму жылы блок і цяжка апусціўся на ложак. Ніць Арыядны ніяк не хацела ісці ў рукі. Вядома, можна было б зрабіць паўторнае апытанне патэнцыйных сведак, але наўрад ці падначаленыя Цінгулса нешта прапусцілі. Выраз «Чаканне смерці падобна» набываў злавесны сэнс.

За гадзіну да апошняга тэрміну Сарва пакінуў жылы блок з надзеяй апынуцца ў патрэбны момант у патрэбным месцы.

Не атрымалася.

— Спадар Сарва, новае забойства! — неўзабаве выйшаў на сувязь Гамалій.

— Хто? — інспектара раздзірала бяссільная лютасць. Ізноў аларм-сістэма не падала сігнал трывогі.

— Прафесар Нік Хеймніц. Сектар дэ-шэсць. Індывідуальны рабочы бокс нумар адзін-адзінтры.

Сарва вылаяўся і сарваўся з месца. Каля бокса сабраўся натоўп, у паветры вісеў незадаволены гул. Да прамога абвінавачвання службы бяспекі ў некампетэнтнасці яшчэ не дайшло, але гэта было толькі пытаннем часу.

— Прапусціце!.. Спадар Цінгулс, прашу вас забяспечыць мне ўмовы для працы! — па кіўку начальніка аховы супрацоўнікі службы бяспекі прыступілі да навядзення парадку. У боксе застаўся толькі інспектар.

Сарва апусціўся на калені і адкрыў чамаданчык з інструментамі. Чатыры гадзіны карпатлівага абследавання нічога не далі, што не магло не адбіцца на настроі Сарвы.

— Кажуць, забойствы — справа рук неалудзітаў, — сказаў начальнік медыцынскай служ­бы пасля таго, як санітары забралі ўпакаванае ў патолагаанатамічны мяшок на маланцы цела Хеймніца.

— Што, прабачце?

— Па навуковым гарадку цыркулююць чуткі, што ў «Элізіум» атрымалася пракрасціся аднаму ці нават некалькім сапернікам навукова-тэхнічнага прагрэсу. І цяпер яны ад слоў перайшлі да прамога дзеяння.

У словах Гамалія мелася пэўная рацыя, але... Ці не занадта прафесійна для дылетантаў?

— Кожны з забітых з'яўляўся кіраўніком навуковай школы. Ці не праз гэта іх забілі?

— У такім выпадку даводзіцца казаць пра дыверсанта, спадар Гамалій!.. Калі ласка, звяжыцеся са мной, калі будзе гатовае заключэнне!

— Абавязкова, спадар Сарва!

Застаўшыся сам-насам, інспектар апусціўся ў крэсла і задумаўся. Нешта не давала яму спакою. Але што?.. Страціўшы надзею адшукаць адказ, Сарва набраў крыві забітага ў пластыкавую прабірку для ўзораў і адправіўся да сябе для чарговага даклада камісару Айнбунду. Яшчэ ніколі расследаванне не было такім цяжкім.

— Што ж тут адбываецца? — фактаў катастрафічна не хапала.

— Спадар Сарва, можаце зайсці! — па сканчэнні дзвюх гадзін патэлефанаваў начальнік ме­дыцынскай службы.

— Дзякую! — азнаёміўшыся з заключэннем, інспектар сунуў аркушы ў папку. — Ці магу я скарыстацца вашым электронным мікраскопам?

— Так!

Растравы электронны мікраскоп дазваляў атрымліваць карціну паверхні аб'екта да адной дзясятай нанаметра. Сарва размазаў па прадметным століку фібрынавы згустак і ўключыў электронную гармату, сумешчаную з электроннымі лінзамі. Вынік збянтэжыў:

— Нанаробаты!

Гамалій наблізіўся да манітора, але словы скепсісу з яго вуснаў не зляцелі — Сарва не памыліўся.

— Экзэмпляр відавочна нежыццяздольны!.. Спадар Гамалій, ці не выкарыстоўвалі вы нанаробаты для лячэння прафесара Хеймніца?

— У гэтым не было неабходнасці — хапала і традыцыйных метадаў. Як і ў выпадку з Жаўновым, Таўсам і Бабрукам.

— Я хацеў бы зрабіць аналіз крыві забітых!

— Ваша права!

— І падрыхтуйце медыцынскія карты ўсіх чацвярых.

У крыві Жаўнова і Бабрука нанаробатаў не аказалася, а вось у Таўса інспектар выявіў прысутнасць іншародных цел. Версія начальніка медыцынскай службы не знайшла пацвярджэння. Забойствы былі падобнымі на прамысловы шпіянаж, што пацвярджалі і медыцынскія карты — ніводзін з чацвярых навукоўцаў лячэння з дапамогай нанаробатаў не праходзіў.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*