Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
I раптам ён ускочыў, працяты жахам. Спiна ў яго ўкрылася халодным потам. I ён пачуў свой адчайны крык:
- Джулiя! Джулiя! Джулiя, каханая! Джулiя!
На нейкi момант у неадольнай галюцынацыi яму прымроiлася, што яна побач з iм. Здавалася, што яна не проста з iм, а ўнутры яго. Яна нiбы запоўнiла сабою кожную клетачку яго цела. У гэтую хвiлiну ён кахаў яе значна болей, чым тады, калi яны былi разам i на волi. I яшчэ ён ведаў, што яна жывая i чакае ад яго дапамогi.
Ён лёг на ложак i паспрабаваў супакоiцца. Што ён нарабiў! Колькi гадоў дадаў ён да свайго рабства гэтай хвiлiнай слабасцi!
Праз нейкi момант ён пачуе грукат ботаў у калiдоры. Яны не пакiнуць гэтага выбуху пачуццяў без пакарання. Цяпер яны даведаюцца, калi толькi не ведалi гэтага раней, што ён парушае пагадненне, заключанае з iмi. Ён падпарадкоўваўся Партыi, але ён усё яшчэ ненавiдзеў Партыю. Раней ён хаваў ерэтычныя думкi пад маскай добранадзейнасцi. Цяпер ён адступiўся на крок: у думках ён здаўся, але спадзяваўся захаваць чыстай душу. Ён ведаў, што не меў рацыi, але ён палiчыў за лепшае не мець рацыi. Яны зразумеюць гэта - О'Браэн гэта зразумее. Усё гэта выявiлася ў адзiным неразумным выкрыку.
Яму прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Можа, на гэта пойдуць гады. Ён правёў рукою па твары, спрабуючы прызвычаiцца да новых абрысаў. Шчокi былi парэзаны глыбокiмi барознамi, скулы тырчалi, нос прыплюснуўся. Апроч гэтага, з таго часу, як ён апошнi раз глядзеўся ў люстэрка, яму выдалi новы зубны пратэз. Было вельмi цяжка захоўваць непранiкальнасць твару, калi не ведаеш, як твой твар выглядае. Ва ўсялякiм разе, простага кантролю над тварам было недастаткова. Упершыню ён зразумеў, што, калi хочаш захаваць таямнiцу, ты мусiш хаваць яе i ад самога сябе. Мусiш ведаць заўсёды, што яна з табой, але пакуль не надыдзе патрэба, яна не павiнна ўсплываць у тваёй свядомасцi нi ў якай выразнай форме. Адгэтуль ён мусiў не толькi правiльна думаць, але i правiльна адчуваць, i правiльна марыць. I ўвесь гэты час ён мусiў трымаць сваю нянавiсць замкнёнай унутры сябе, як нейкi цвёрды шарык, якi быў бы часткай яго i разам з тым не быў бы звязаны з рэштай цела, накшталт кiсты.
Аднойчы яны вырашаць яго расстраляць. Немагчыма сказаць, калi гэта адбудзецца, але за некалькi секунд перад тым можна здагадацца. Заўсёды ззаду, калi вядуць па калiдоры. Дзесяцi секундаў было б дастаткова. За гэты час свет унутры яго мог бы перавярнуцца. I тады раптам, не кажучы нi слова, не прыпыняючы хады, не мяняючы выразу твару - раптам ён скiне камуфляж i - бабах! - стрэляць батарэi яго нянавiсцi. Нянавiсць ахопiць яго, як нястрымнае разлютаванае полымя. I амаль у той самы момант - бабах! - грымне стрэл, занадта позна цi занадта рана. Яны выб'юць яму мазгi, так i не выправiўшы iх. Ерэтычная думка застанецца непакараная, нераскаяная, назаўсёды для iх недасягальная. Застрэлiўшы яго, яны прастрэляць дзiру ў сваёй дасканаласцi. Памерцi, ненавiдзячы iх, - вось у чым была свабода.
Ён заплюшчыў вочы. Гэта было цяжэй, чым пагадзiцца на разумовую дысцыплiну. Тут трэба было ўжо прынiжацца, калечыць самога сябе. Ён мусiў акунуцца ў самы агiдны i мярзотны бруд. Што было найстрашнейшае, найагiднейшае? Ён падумаў пра Вялiкага Брата. Вялiзны твар (бачачы яго паўсюль на плакатах, ён заўсёды ўяўляў яго сабе на метр шырынёю) з густымi чорнымi вусамi i вачыма, што сочаць за табою, куды б ты нi пайшоў, мiжволi ўзнiк у яго свядомасцi. Якiя былi яго сапраўдныя пачуццi да Вялiкага Брата?
Пачуўся грукат ботаў па калiдоры. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчынiлiся. О'Браэн увайшоў у камеру. За iм стаяў афiцэр з васковым тварам i ахоўнiкi ў чорным.
- Устаньце, - загадаў О'Браэн. - Хадзiце сюды.
Ўiнстан стаяў насупраць яго. О'Браэн паклаў Ўiнстану на плечы свае дужыя рукi i ўважлiва паглядзеў на яго.
- Вы хацелi падмануць мяне, - сказаў ён. - Гэта было неразумна. Станьце роўна. Паглядзiце мне ў вочы.
Ён памаўчаў, пасля сказаў ужо мякчэй:
- Вы iдзяцё на папраўку. Iнтэлектуальна вы ўжо амаль здаровы. А вось што да эмоцый, дык тут вам не ўдалося зрушыцца з месца. Скажыце мне, Ўiнстан - але памятайце: не манiць, бо вы ведаеце, што я адразу распазнаю ману, - скажыце мне, якiя вашы сапраўдныя пачуццi да Вялiкага Брата?
- Я ненавiджу яго.
- Вы ненавiдзiце яго. Добра. Значыць, настаў час, каб вы зрабiлi апошнi крок. Вы павiнны палюбiць Вялiкага Брата. Мала проста падпарадкоўвацца яму вы павiнны палюбiць яго.
I ён лёгенька падштурхнуў Ўiнстана да ахоўнiкаў.
- Пакой 101, - сказаў ён.
5
На кожнай стадыi свайго зняволення ён ведаў цi яму здавалася, што ён ведае, у якой частцы глухога будынка ён знаходзiўся. Можа, ён адчуваў нязначную рознiцу атмасфернага цiску. Камеры, дзе яго бiлi ахоўнiкi, былi пад зямлёй. Пакой, дзе яго дапытваў О'Браэн, быў высока, пад самым дахам. Месца ж, дзе ён быў цяпер, знаходзiлася пад зямлёю, так глыбока, як толькi можна было апусцiцца.
Памяшканне было большае за камеры, у якiх ён быў дагэтуль. Але ён не надта зважаў на тое, што было навокал. Усю яго ўвагу прыцягвалi два столiкi якраз насупраць яго, абодва засланыя зялёным сукном. Адзiн быў усяго за пару метраў ад яго, другi - трохi далей, каля дзвярэй. Ён быў прывязаны да крэсла ды так моцна, што не мог паварушыць нiводнай часткай цела, нават галавой. Нешта накшталт падушкi моцна трымала галаву ззаду, змушаючы яго глядзець проста перад сабой.
Нейкую хвiлiну ён быў адзiн, пасля дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшоў О'Браэн.
- Некалi вы ў мяне спыталiся, - сказаў О'Браэн, - што адбываецца ў Пакоi 101. Я сказаў вам, што вы ўжо ведаеце адказ. Яго ведаюць усе. У Пакоi 101 адбываецца найгоршае, што толькi ёсць у свеце.
Дзверы зноў адчынiлiся. Увайшоў ахоўнiк. У руках ён нёс нешта сплеценае з дроту, нейкую скрынку цi кошык. Ён паставiў гэта на дальнi стол. Што гэта было - Ўiнстан бачыць не мог, бо перад iм стаяў О'Браэн.
- Што ёсць найгоршае ў свеце, - сказаў О'Браэн, - залежыць ад iндывiда. Гэта можа быць пахаванне жыўцом, або смерць у агнi, або патапленне, або пасаджэнне на кол, або дзесяткi iншых спосабаў забiцця. А часам гэта зусiм звычайная, нават не смяротная рэч.
Ён трошкi адышоўся ўбок, каб Ўiнстану было лепш вiдаць, што стаiць на стале. Гэта была драцяная клетка з ручкай зверху, каб несцi. Спераду да яе было прымацавана нешта накшталт фехтавальнай маскi, угнутым бокам вонкi. I хоць ён сядзеў за тры-чатыры метры, ён усё ж мог бачыць, што клетка была падзелена ўздоўж на два аддзяленнi i ў кожным з iх сядзела па нейкай жывёлiне. Гэта былi пацукi.
- У вашым выпадку, - сказаў О'Браэн, - найгоршае ў свеце - гэта пацукi.
Нейкi трывожны дрыгат, страх перад нечым няпэўным прабег па целе Ўiнстана, калi ён першы раз глянуў на клетку. I ў гэты момант да яго раптам дайшло, што значыць гэтае падобнае да маскi прыстасаванне спераду клеткi. У яго пахаладзела ўнутры.