Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Чорны рынак, - няўважна адказала яна. - Калi паглядзець збоку, дык я i ёсць менавiта такая дзяўчына. Я вельмi спрытная ў гульнях. У Шпiёнах я была важатай атрада. Тры вечары на тыдзень я працую дадаткова на Антысексуальны Саюз Моладзi. Цэлымi гадзiнамi я расклейваю iхняе паскудства па ўсiм Лондане. На дэманстрацыях я заўсёды нясу сцягi. Я заўсёды ў добрым гуморы i нiколi не ўцякаю ад цяжкай працы. Заўсёды крычы разам з натоўпам - вось як. Гэта адзiная магчымасць жыць спакойна.
Першы кавалачак шакаладу растаў на Ўiнстанавым языку. Смак быў чароўны. А той самы ўспамiн усё яшчэ лунаў недзе на ўзмежку свядомасцi, пачуццё было вельмi моцнае, але яго немагчыма было дакладна акрэслiць, як нешта, што бачыш краем вока. Ён адагнаў яго, зразумеўшы толькi, што ўспамiн датычыўся ўчынку, якi ён хацеў бы не рабiць, але не мог.
- Ты вельмi маладая, - сказаў ён. - Ты гадоў на дзесяць-пятнаццаць маладзейшая за мяне. Што можа вабiць цябе ў такiм чалавеку, як я?
- Нешта ёсць у тваiм твары. Я падумала, цi не паспрабаваць. Я добра ўмею высочваць людзей, якiя думаюць не так, як усе. Як толькi я цябе ўбачыла, я зразумела, што ты супраць iх.
"Iх", вiдаць, азначала Партыю, а дакладней. Унутраную Партыю, пра якую яна гаварыла, не хаваючы з'едлiвай нянавiсцi, i ад гэтага Ўiнстану рабiлася трохi няёмка, хоць ён i ведаў, што калi дзе i ёсць такое месца, у якiм яны маглi пачуваць сябе ў бяспецы, дык толькi тое, дзе яны цяпер былi. Адна рэч у ёй здзiўляла яго - грубасць яе мовы. Сябры Партыi, як правiла, не лаялiся, дый сам Ўiнстан лаяўся рэдка, ва ўсялякiм разе не ўголас. А Джулiя, здавалася, не магла гаварыць пра Партыю, i асаблiва пра Ўнутраную Партыю, не ўжываючы слоў, якiя пiшуць крэйдай на сценах бедных брудных вулак. Але ён не меў нiчога супраць гэтага. Проста ў гэтым выяўляўся яе бунт супраць Партыi i яе метадаў. У нейкiм сэнсе гэта было натуральна, як чмыханне каня, якi чуе нясвежае сена. Яны пакiнулi палянку i зноў брылi цяпер праз плямы святла i ценю, абдымаючы адно аднаго за талiю, калi шырыня сцежкi дазваляла iм iсцi побач. Ён заўважыў, наколькi яе талiя зрабiлася гнутчэйшай, калi яна скiнула пояс. Iх галасы гучалi не мацней за шэпт. Па-за палянай, папярэдзiла Джулiя, лепш iсцi цiшэй. Яны дайшлi да ўзлеску. Яна спынiла яго.
- Не выходзь далей. Нехта можа сачыць. Мы ў бяспецы, пакуль нас хавае лiстота.
Яны стаялi ў цянi зараснiку ляшчыны. На тварах яны адчувалi цёплы дотык сонечных промняў, што прабiвалiся скрозь густую лiстоту. Ўiнстан паглядзеў на поле, што распасцерлася за лесам, i раптам застыў, уражаны. Ён пазнаў поле. Ён яго ўжо бачыў. Гэта быў колiшнi выган, сям-там паточаны кратамi, пасярод яго ў траве гублялася сцяжынка. Насупраць, у здзiчэлым жываплоце галiнкi вязаў ледзь заўважна гайдалiся пад лёгкiм ветрыкам, лiсце калыхалася густымi хвалямi, нiбы валасы жанчыны. Недзе зусiм блiзка, хоць i не было вiдаць, павiнна была цячы ручаiнка з зялёнымi плёсамi, дзе мiтусяцца маленькiя рыбкi.
- Цi няма тут недзе побач ручаiнкi? - спытаўся ён шэптам.
- I праўда. Ёсць ручаiнка. Якраз на краi суседняга поля. У ёй ёсць рыба. Вялiкiя, тоўстыя рыбiны. Можна нават убачыць, як яны плаваюць i варушаць хвастамi ў плёсах пад вербамi.
- Амаль як у Залатой Краiне, - сказаў ён сам сабе.
- У Залатой Краiне?
- Не, не, я проста так. Краявiд, якi я часам сню.
- Глядзi, - шапнула Джулiя.
Проста перад iмi, метраў за пяць, на галiнку сеў дрозд. Напэўна, ён iх не бачыў. Ён быў на сонцы, яны - у засенi. Ён выпрастаў крылы, акуратна склаў iх, нахiлiў галоўку, быццам кланяючыся сонцу, i - звонкiм патокам пацяклi чароўныя мелодыi. У перадвячорнай цiшы моц яго голасу проста здзiўляла. Ўiнстан i Джулiя ў захапленнi прытулiлiся адно да аднаго. Музыка гучала, яшчэ i яшчэ, хвiлiну за хвiлiнай, з цудоўнымi варыяцыямi, якiя ўжо болей не паўтаралiся, быццам птушка хацела паказаць усё сваё ўмельства. Часам дрозд на хвiлiнку перапыняўся, раскрываў i складаў крылы, надзiмаў рабенькае валлё i зноў рассыпаўся спевамi. Ўiнстан глядзеў на яго з павагай. Дзеля каго, дзеля чаго спявала гэтая птушка? Нiводнага таварыша, нiводнага супернiка побач не было. Што ж вымушала яго сядзець тут, на краi самотнага лесу, i разлiваць чароўную музыку ў суцэльную пустоту? Ўiнстан падумаў, цi не схаваны тут недзе побач мiкрафон. Ён i Джулiя гаварылi толькi шэптам. Яны не запiшуць iх размову, але яны маглi запiсаць драздовыя спевы. Можа, недзе на другiм канцы проваду маленькi жукападобны чалавечак напружана слухаў, слухаў вось гэта. Але цудоўная музыка паступова выцясняла ў яго з галавы трывожныя развагi. На яго быццам лiлiся струменьчыкi нейкае вадкасцi, яны мяшалiся з промнямi сонечнага святла, што сеялася праз лiстоту. Думкi знiклi, засталiся толькi пачуццi. Пад сваёй далоняй ён адчуваў мяккую i цёплую талiю дзяўчыны. Ён павярнуў яе да сябе i прытулiў да грудзей. Цела Джулii быццам раставала ў ягоным целе. Яно было пяшчотнае i паслухмянае. Iх вусны злучылiся ў пацалунку. Гэта былi ўжо не тыя сцятыя пацалункi, якiмi яны абмянялiся раней. Адарваўшы вусны, абое глыбока ўздыхнулi. Птушка спалохалася i паляцела, лопаючы крыламi.
Ўiнстан шапнуў на вуха Джулii:
- Цяпер.
- Толькi не тут, - адказала яна, таксама шэптам. - Хадзем у схованку. Гэтак будзе надзейней.
Яны хуценька прабралiся на палянку, абламаўшы з трэскам некалькi сухiх галiнак. Калi яны апынулiся на ўзгорачку, абкружаным маладымi дрэўцамi, яна павярнулася i паглядзела на яго. Абое дыхалi перарывiста, але ў куточках вуснаў Джулii зноў прытаiлася ўсмешка. Нейкi момант яна глядзела на яго, пасля намацала замок свайго камбiнезона. I, так, усё было амаль як у ягоным сне. Амаль такiм самым хуткiм рухам, як ён сабе ўяўляў, яна сцягнула з сябе адзенне i адкiнула яго ўбок - тым самым велiчным рухам, якi, здавалася, абвяргаў цэлую цывiлiзацыю. Яе белая скура зiхацела на сонцы, але нейкi момант ён не глядзеў на яе цела. Ён не мог адвесцi позiрку ад яе рабацiнiстага твару з задзiрлiвай усмешкай. Ён укленчыў перад ёй i ўзяў яе за рукi.
- Ты ўжо рабiла гэта?
- Вядома. Сто разоў... Ну, разоў дваццаць дакладна.
- З сябрамi Партыi?
- Ага. Заўсёды з сябрамi Партыi.
- З сябрамi Ўнутранай Партыi?
- З гэтымi свiннямi не. Але сярод iх ёсць безлiч такiх, хто хацеў бы, каб меў хоць якую магчымасць. Не такiя яны ўжо i святыя, як прыкiдваюцца.
Ўiнстанава сэрца падскочыла. Яна рабiла гэта разоў дваццаць. Хай бы зрабiла гэта сотнi, тысячы разоў. Усё, што хоць неяк паказвала на карупцыю ладу, заўсёды поўнiла яго шалёнай надзеяй. Хто ведае, можа, Партыя знутры ўжо ўся прагнiла? Можа, яе культ ахвярнасцi i энергii быў усяго толькi камедыяй, за якой хавалася беззаконне i несправядлiвасць? Калi б ён мог усiх iх заразiць праказай або сiфiлiсам, з якой ахвотай ён зрабiў бы гэта! Усё, што можа раз'есцi, аслабiць, падарваць. Ён пацягнуў яе да зямлi, i яны сталi на каленi адно перад адным.