Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
Шчыльны людскi натоўп ужо запоўнiў паўднёвы бок плошчы. Ўiнстан, якi звычайна iмкнуўся заўсёды вырвацца са штурханiны, цяпер пiхаўся i ўцiскаўся глыбей у натоўп. Хутка ён ужо стаяў амаль побач з дзяўчынай, але дарогу яму заступiў вялiзны прол i амаль гэткая ж вялiзная кабецiна, напэўна, яго жонка. Разам яны былi як непраходны мур. Ўiнстан адсунуўся трошкi ўбок i, разагнаўшыся, рэзкiм штуршком здолеў працiснуць плячо памiж iмi. На нейкi момант яму здалося, што iх мускулiстыя сцёгны зараз расцiснуць яму вантробы, але нарэшце, змакрэўшы, ён прабiўся наперад. Цяпер ён стаяў поплеч з дзяўчынай, абое глядзелi проста перад сабой.
Доўгая чарада грузавiкоў павольна кацiлася ўздоўж вулiцы. На кожнай машыне стаялi ахоўнiкi з суровымi драўлянымi тварамi i з аўтаматамi напагатове. Унутры тулiлiся маленькiя жаўтатварыя людзi ў падранай шэра-зялёнай унiформе. Iх тужлiвыя мангольскiя твары пазiралi цалкам безуважна праз бакавыя барты грузавiкоў. Часам чуўся металiчны скрыгат - ва ўсiх палонных на нагах былi кайданы. Адна за адной праязджалi мiма поўныя машыны тужлiвых твараў. Ўiнстан ведаў, што яны там, але бачыў iх толькi ўрыўкамi. Дзяўчына сваiм плячом i правай рукою прытулiлася да яго. Яе шчака была так блiзка, што ён амаль адчуваў яе цеплыню. Таксама, як i тады ў сталоўцы, яна адразу ўзяла iнiцыятыву ў свае рукi. Яна пачала гаварыць, амаль не варушачы вуснамi, цiхiм шэптам, якi патанаў у гамане натоўпу i грукаце машын.
- Ты добра мяне чуеш?
- Ага.
- Цi ты можаш вызвалiцца ў нядзелю па абедзе?
- Магу.
- Тады слухай уважлiва. Ты павiнен усё дакладна запомнiць. Паедзеш да станцыi Пэдынгтан...
З неверагоднай, амаль вайсковай дакладнасцю яна растлумачыла яму дарогу, якой ён павiнен быў пайсцi. Паўгадзiны чыгункай, пасля, выйшаўшы са станцыi, налева, два кiламетры па дарозе да драўлянай брамы без верху; сцежка цераз поле; парослая травой сцежка; сцяжынка праз хмызняк; высахлае, зарослае мохам дрэва. Здавалася, што яна трымае ў галаве карту мясцовасцi.
- Ты можаш усё запомнiць? - прашаптала яна ўрэшце.
- Змагу.
- Пойдзеш налева, пасля направа, тады зноў налева. I брама без верхняй бэлькi.
- Так. А каторай гадзiне?
- Каля пятнаццацi. Можа, табе прыйдзецца пачакаць. Я прыйду другой дарогай. Ты ўпэўнены, што ўсё запомнiў?
- Ага.
- Тады адыходзь зараз ад мяне як мага хутчэй.
Пра гэта яму можна было i не казаць. Але якраз цяпер яны не маглi выбрацца з натоўпу. Машыны ўсё яшчэ праязджалi мiма, а людзi ўсё яшчэ разявiўшы раты глядзелi на iх. Спачатку яшчэ чулiся крыкi абурэння i агiды, i крычалi выключна сябры Партыi, але хутка яны сцiхлi. Пераважным пачуццём была простая цiкаўнасць. Чужынцы, цi з Эўразii, цi з Усходазii, былi нечым накшталт дзiвосных звяроў. Iх нiколi нельга было ўбачыць iначай, як палоннымi, i нават тады толькi мiмаходзь. Невядома было таксама, што з iмi рабiлi пасля, за выключэннем тых нямногiх, хто быў павешаны як ваенны злачынца. Астатнiя проста знiкалi, хутчэй за ўсё ў лагерах прымусовай працы. Круглыя мангольскiя твары змянiлiся цяпер на брудныя, барадатыя, змучаныя твары, больш эўрапейскiя на выгляд. З-пад парослых шчэццю шчок на Ўiнстана глядзелi вочы, часам з дзiўнай пранiклiвасцю, а пасля зноў знiкалi. Калона канчалася. У апошнiм грузавiку ён убачыў старога чалавека, твар якога быў суцэльным зараснiкам сiвых валасоў. Ён стаяў проста, склаўшы рукi, быццам прызвычаены да кайданоў. Настаў самы час расстацца з дзяўчынай. Аднак у апошнi момант, калi натоўп яшчэ даволi шчыльна iх сцiскаў, яе рука намацала ягоную i ўпотай пацiснула яе.
Хоць мiнула не болей за дзесяць секунд, здавалася, што iх рукi трымаюць адна адну вельмi доўга. Ён паспеў адчуць кожную рысачку яе рукi. Ён абмацаў яе даўгiя пальцы, прыгожыя пазногцi, працоўныя далонi з радком мазалёў, мяккасць запясця. Цяпер ён пазнаў бы яе рукi з выгляду. У той самы момант ён падумаў, што не ведае, якога колеру ў яе вочы. Напэўна карыя, хоць часам у чарнявых бываюць i блакiтныя вочы. Але павярнуць галаву i паглядзець ёй у вочы было б неверагодным глупствам. Сцiснуўшы рукi, нябачныя ў шчыльным натоўпе, яны няўхiльна глядзелi перад сабой, i замест вачэй дзяўчыны на Ўiнстана сумна пазiралi з-пад сiвых касмылёў вочы старога палоннага.
2
Ўiнстан прабiраўся па дарожцы праз лапiкi святла i ценю, i кожнага разу, як хмызняк разыходзiўся, ён апынаўся ў моры залатога святла. Злева, пад дрэвамi зямля была ўсеяна пралескамi. Лёгкi ветрык цалаваў твар. Было другога траўня. Аднекуль з лясных нетраў да яго даносiлася мяккае вуркатанне вехiроў.
Было яшчэ трошкi зарана. Падарожжа прайшло без перашкод. Дзяўчына была, вiдаць, добра абазнаная, i яму было не так страшна, як павiнна было б быць. Пэўна, можна было спадзявацца, што яна ведае надзейнае месца. Хоць увогуле, нельга было лiчыць, што за горадам было бяспечней, чым у Лондане.
Тэлеглядаў тут, вядома ж, не было. Але заўсёды заставалася небяспека прыхаваных мiкрафонаў, праз якiя голас можа быць запiсаны i пазнаны. Апроч гэтага, было нялёгка вандраваць аднаму, каб не прыцягнуць да сябе ўвагi. На адлегласцi да ста кiламетраў вiза ў пашпарце была непатрэбная, але часам патрулi шнырылi па вакзалах, правяралi паперы ў стрэчных сябраў Партыi i задавалi непрыемныя пытаннi. Аднак гэтым разам патруля не было, i, выйшаўшы са станцыi, ён упэўнiўся па дарозе, асцярожна паазiраўшыся, цi за iм хто не сочыць. Цягнiк быў забiты проламi, якiх разлагодзiла цёплая пагода. Вагон з драўлянымi сядзеннямi, у якiм ён ехаў, быў напоўнены адной вялiзнай сям'ёй ад бяззубай прабабкi да месячнага немаўляцi. Яны выправiлiся пагасцяваць да вясковых сваякоў i, як яны не хаваючыся растлумачылi Ўiнстану, паспрабаваць дастаць трошкi масла на чорным рынку.
Дарожка зрабiлася шарэйшая, i праз пару хвiлiн ён выйшаў на сцяжыну, пра якую дзяўчына яму гаварыла - звычайную звярыную сцежку, што патанала ў хмызняку. У яго не было гадзiннiка, але яшчэ не магло быць пятнаццацi гадзiн. Пад нагамi было так шмат пралесак, што немагчыма было прайсцi, не наступiўшы. Ён нахiлiўся i пачаў збiраць букет, i дзеля таго, каб прабавiць час, i таму, што яму прыйшла ў галаву iдэя - цi не было б добра, калi яны сустрэнуцца, падараваць дзяўчыне букет кветак. Ён ужо назбiраў вялiкi букет i ўдыхаў дзiўны, трошкi прывялы пах, як раптам ззаду пачуўся нейкi гук. Ён застыў на месцы. Без сумнення, гэта затрашчала сухая галiнка пад нечай нагой. Ён зноў пачаў збiраць пралескi. Найлепшае, што ён мог зрабiць. Або гэта была дзяўчына, або нехта за iм сачыў. Азiрнуцца значыла прызнаць сваю вiну. Ён сарваў кветку, другую. Нечая рука лёгка легла яму на плячо.
Ён падняў вочы. Гэта была дзяўчына. Яна пахiтала галавою, вiдаць, папярэджваючы, каб ён маўчаў, пасля развяла рукою кустоўе i пайшла наперадзе вузкай сцежкай, што вяла ў лес. Напэўна, яна ўжо раней была тут, бо абыходзiла ўсе балацявiнкi, быццам ведала iх на памяць. Ўiнстан, сцiскаючы ў руцэ букет, iшоў следам. Спачатку ён адчуў палёгку, але разглядаючы зграбнае i крамянае цела дзяўчыны, што iшла перад iм, пунсовы пояс, зацягнуты якраз настолькi, каб падкрэслiць круглiзну клубоў, ён адчуў, як уласная непаўнацэннасць цiсне на яго нязносным цяжарам. Нават у гэты момант яму здавалася, што яна можа адмовiцца ад яго, калi азiрнецца i прыгледзiцца ўважлiвей. Ласкавае паветра i зелень лiстоты яшчэ болей дадавалi роспачы. Ужо iдучы са станцыi, ён адчуў, якiм брудным i нягеглым ён выглядае пад травеньскiм сонцам. Ён адчуў сябе пакаёвым стварэннем з гарадскiм пылам у порах скуры. Ён падумаў, што дагэтуль яна, напэўна, яшчэ нi разу не бачыла яго на вулiцы, пад сонечным святлом. Яны прыйшлi да паваленага дрэва, пра якое яна казала. Дзяўчына пераступiла яго i рассунула хмызняк, праз якi, здавалася, не было праходу. Ўiнстан пайшоў за ёй i ўбачыў, што яны выйшлi на лясную палянку - невялiчкi, парослы травою ўзгорак, шчыльна закрыты з усiх бакоў маладымi гонкiмi дрэвамi. Дзяўчына спынiлася i азiрнулася.