Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Яна накiравалася да тыльных пакояў. Хлопец апярэдзiў яе, адчынiў перад ёю дзверы; увайшоўшы, Ганна кiнула позiрк назад: блазан стаяў за вершнiкам, невыразна акрэслiваўся там, быццам куча лахманоў. Ах, не трэба было аглядацца, бо хлопец сачыў за ёй i заўважыў нейкi рух каля дзвярэй.
Напэўна, ён проста спалохаўся. Мабыць, не здагадаўся, што там Акiплеша. Нечакана моўчкi, як воўк, даганяючы ахвяру, хлопец кiнуўся ў куст, наставiўшы нож перад сабою, быў ён нястрымны i больш нiчога не бачыў.
Ганна толькi паспела ахнуць...
Блазан мякка адскочыў убок, хлопец стукнуўся аб сцяну i ўпаў, заняўшы блазнава месца ля сцяны. Гарбун выцер тонкае лязо штылета, сказаў, як бы просячы прабачэння: - Ён мне не раўня... я ў сарацынаў навучыўся.
- Я не магу больш, - сказала Ганна. - Не магу...
- Страшны час, - сказаў блазан. - Напэўна, не было яшчэ такога жорсткага веку, i я таксама жорсткi... Але я не подлы. Разумееш, я не подлы. Я абараняюся, але не здраджваю...
Блазан падышоў да адчыненага люка i спынiўся так, што з сярэдзiны яго было цяжка ўбачыць.
- Цi будзе лепшы час? - спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўнiз. - Цi будзе добры час, цi смертаносныя коннiкi ўжо скачуць па нашай зямлi?
- Будзе, - сказала Ганна. - Павiнен быць.
Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружылiся яго плечы i кароткая шыя. Яна зрабiла крок наперад, заглянула ўнiз, у сутарэнне. Раман прынiк да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кiн ззаду.
- Адыдзiся, - адмахнуўся ад яго Раман.
Кiн паслухмяна адступiў на некалькi крокаў.
У дзверы стукнулi два разы. Потым яшчэ тры разы.
- Я так i ведаў! - прашаптаў блазан. - Я ведаў... Трэба было бегчы да князя!
Раман адсунуў засаўку, i цяжкiя дзверы адчынiлiся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.
Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:
- Усё ў парадку?
- Усё, - адказаў Раман. - Як там каля варотаў?
- Хутка рухнуць, - сказаў Фрыдрых. - Хутка.
Ён накiраваўся назад у цёмны праход i крыкнуў штосьцi па-нямецку. Раптам блазан завiшчаў, як параненая жывёлiна, i скочыў унiз, мiнаючы лесвiцу, з двухметровай вышынi, i ўмомант апынуўся каля дзвярэй, iмкнучыся дацягнуцца да засаўкi.
Раман першы скемiў, у чым справа, i схапiўся за тронкi нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож i блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так i не паспеўшы зачынiць дзверы, а ў руцэ ў яго блiшчаў штылет...
- Кiн! - адчайна крыкнула Ганна. - Не той!
Кiн павярнуўся да яе. Вочы ў качэўнiка зрабiлiся вузкiмi шчылiнкамi. Голас яго быў цiхi, але страшны, i непадпарадкавацца было нельга:
- Iдзi зараз жа.
Ганна зрабiла крок па лесвiцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кiну...
- Нацiснi на прысоску! Загубiш усё!
I Ганна, амаль не разумеючы, што робiць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыi...
I ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалiлася, знiкла, бясконцая бездань часу захапiла яе i панесла цераз цемру, мiж недарэчных i незразумелых прывiдаў: лавiна конскiх мызаў i капытоў неслася на яе праз агонь, якi вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвiстаў вецер, данеслiся абрыўкi музыкi...
Ганна стаяла ў маленькiм халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, i Жуль, схiлiўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:
- Зрабi крок убок! Выйдзi з поля!
Ганна паслухмяна ступiла - галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар - як акно ў падвал.
Надта маленькi ў шары блазан бiўся з Раманам, i рука яго, як абцугамi, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сцiскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож i крычаў штосьцi, але Ганна не чула слоў.
- Не той, - сказала яна хрыпла. - Не той!
Блазан вывернуўся, i Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману i той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлi адзiн за адным нямецкiя ратнiкi. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваiм мячом... I мiльгануў ценем Кiн...
- Не той! - паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.
У той жа момант з шара знiклi двое: Кiн i блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. I, адкiнуўшы яго, рыцар апусцiўся на каленi над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглi наверх. I ратнiкi адзiн за адным пачалi падымацца па лесвiцы - жвава i спрытна...
Шар патух.
- Усё, - сказаў Жуль.
- Дзе яны? - спыталася Ганна.
- Яны прайшлi скрозь нас. Яны ўжо там, дома... Ты не ўяўляеш, як я стамiўся.
- Я таксама стамiлася, - сказала Ганна.
- Дзякуй, - сказаў Жуль. - Без цябе было б не выбрацца нам.
- Не варта падзякi, - адказала Ганна. - Ты ўпэўнены, што ён забраў Акiплешу?
- Ты ж бачыла, - адказаў Жуль. Ён падняў пульт i паклаў у чамадан.
- Яны дабралiся на месца? Ты ўпэўнены?
- Безумоўна, - сказаў Жуль. - Што з iмi можа здарыцца?
26
Ганна прачнулася, калi сонца ўжо хiлiлася на захад. У пакоi было горача, над пакiнутай на стале фiлiжанкай кавы кружылiся восы. У пакоi стаяў дзед Генадзь.
- Выбачай, - сказаў ён. - Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклiкаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, - у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я i ўвайшоў.
- Нiчога, - сказала Ганна, апускаючы ногi з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.
Ганна акiнула сябе позiркам - яна так i засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменнiцы караля Лешкi Белага, родам са стольнага горада Кракава.
- Гэта ў Маскве так носяць? - спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасмiхаецца з яе. Яна ўстала i выглянула ў сенцы. Там было пуста i чыста. Дзверы ў халодную святлiцу расчынены насцеж. I там пуста. Ложак акуратна засланы.
Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.
- Паехалi, значыць? - сказаў ён.
- Паехалi, - адказала Ганна.
- А я табе на памяць прынёс, - сказаў дзед. - З музея.
Ён выцягнуў з глыбокай кiшэнi з плашча медную львiную галаву з колцам у пашчы.
- Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.
- Дзякуй, дзядуля, - сказала Ганна. - Яны напраўду адтуль?
- А цi я ведаю? Былi б людзi добрыя.
Ганна вярнулася ў вялiкi пакой. Праз адчыненае акно быў вiдаць круты пагорак. Каля ручая пасвiлася гнядая кабыла Клеапатра.
- Грахi нашы цяжкiя, - уздыхнуў дзед. - Спяшаемся, мiтусiмся, падарожнiчаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш пiць?