KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Герберт Уэллс - Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)

Герберт Уэллс - Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Герберт Уэллс, "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Гэта вельмi проста i зусiм праўдападобна, - сказаў Грыфiн, адклаўшы ў бок сурвэтку.

- Для вас, вядома, але... - Кемп засмяяўся.

- Ну так, i мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер... Божа лiтасцiвы! Нас чакаюць вялiкiя справы! Упершыню гэта iдэя ўзнiкла ў мяне ў Чэзiлстоў.

- У Чэзiлстоў?

- Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кiнуў медыцыну i заняўся фiзiкай. Не ведалi? Ну, дык вось: я заняўся фiзiкай. Мяне захапiла праблема святла.

- А-а!..

- Аптычная непранiкальнасць! Усё гэтае пытанне - суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмi цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, i я быў энтузiяст, вось я i сказаў сабе: "Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць". Вы ж ведаеце, якiм бываеш дурнем у дваццаць два гады.

- Яшчэ невядома, цi не дурней мы цяпер, - сказаў Кемп.

- Як быццам веды могуць задаволiць чалавека! Але я ўзяўся за работу i працаваў як катаржны. Мiнула паўгода ўзмоцненай працы i роздуму - i вось скрозь туманную заслону блiснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пiгментаў i праламленняў святла - формулу, геаметрычны выраз, якi ўключае чатыры вымярэннi. Дурнi, звычайныя людзi, нават звычайныя матэматыкi i не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фiзiку, якi-небудзь агульны выраз. У кнiгах - кнiгах, якiя ўкраў гэты валацуга, - ёсць цуды, магiчныя лiчбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была iдэя, якая магла навесцi на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявiлася б магчымасць, не змяняючы ўласцiвасцi матэрыi, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, - практычна звесцi каэфiцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых цi вадкiх, да каэфiцыента праламлення паветра.

Кемп прысвiснуў.

- Гэта цiкава. Але ўсё ж для мяне не зусiм ясна... Я разумею, што такiм шляхам вы маглi б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабiць чалавека нябачным - да гэтага яшчэ далёка.

- Безумоўна, - сказаў Грыфiн. - Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбiвае, альбо праламляе яго, а можа, i ўсё разам. Калi цела не адбiвае, не праламляе i не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла i адбiвае астатняе, а менавiта усе чырвоныя промнi. Калi б скрынка не паглынала некаторай часткi святла, а адбiвала б яго ўсяго, то яна была бы блiскучай белай скрынкай. Успомнiце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, i яе паверхнасць таксама адбiвала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасцi ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбiвалася б i праламлялася, i мы б бачылi блiскучую павуцiну адлюстраванняў i празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкiлета. Шкляная скрынка не такая блiскучая i не настолькi выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў i праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункi шкла больш бачныя, чым астатнiя. Хрустальная скрынка блiшчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмi тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленнi, таму што яна не паглынае амаль нiякiх промняў i адбiвае i праламляе зусiм мала святла. Калi вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду цi, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусiм не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца i адбiваецца вельмi слаба i ўвогуле не трапляе амаль нi пад якое ўздзеянне. Шкло ў такiм выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струменi вуглекiслаты цi вадарода ў паветры. I па гэтай жа прычыне.

- Так, - сказаў Кемп, - усё гэта нескладана. У такiх рэчах цяпер разбiраецца кожны школьнiк.

- А вось яшчэ адзiн факт, у якiм разбярэцца любы школьнiк. Калi разбiць кавалак шкла i дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры i ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялiчвае лiк плоскасцяў праламлення i адлюстравання. У шкляной пласцiнцы ёсць усяго дзве паверхнi, у парашку ж кожная крупiнка ўяўляе сабою плоскасць праламлення цi адлюстравання святла, i скрозь увесь парашок святла праходзiць вельмi мала. Але калi белы шкляны парашок апусцiць у ваду, то ён амаль зусiм знiкае. Шкляны парашок i вада маюць амаль аднолькавы каэфiцыент праламлення, i святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца i адбiваецца вельмi мала. Вы робiце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблiзна з такiм жа каэфiцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робiцца нябачнай, калi яе змясцiць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфiцыентам праламлення. I калi вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабiць нябачным i ў паветры, калi толькi пашчасцiць давесцi каэфiцыент праламлення святла ў iм да каэфiцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такiм выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе нi адбiвацца, нi праламляцца.

- Усё гэта так, - сказаў Кемп. - Але ж чалавек - не шкляны парашок.

- Не, - сказаў Грыфiн. - Ён больш празрысты.

- Глупства.

- I гэта гаворыць урач. Як лёгка ўсё забываецца! Няўжо за дзесяць гадоў вы паспелi пазабываць усё, што ведалi па фiзiцы? А вы падумайце, колькi iснуе празрыстых рэчываў, якiя празрыстымi не здаюцца! Папера, напрыклад, складаецца з празрыстых валокнаў, i калi яна ўяўляецца белай i непразрыстай, то гэта адбываецца па той жа самай прычыне, па якой нам здаецца белым i непразрыстым тоўчанае шкло. Прамаслiце белую паперу, запоўнiце ўсе поры памiж часцiцамi паперы маслам так, каб праламленне i адлюстраванне адбывалiся толькi на паверхнях, i папера зробiцца такой жа празрыстай, як шкло. I не толькi папера, але i валокны бавоўны, iльну, шэрсцi, драўнiны, а таксама - заўважце гэта, Кемп! - i косцi, i мышцы, i валасы, i ногцi i нервы. Адным словам, увесь чалавечы арганiзм складаецца з празрыстай тканкi, за выключэннем чырвоных крывяных шарыкаў i цёмнага пiгменту валасоў; вось як мала патрэбна, каб мы маглi бачыць адзiн аднаго. Па большай частцы тканкi жывой iстоты не менш празрыстыя, чым вада.

- Правiльна, правiльна! - усклiкнуў Кемп. - Толькi сёння ноччу я думаў аб марскiх лiчынках i мядузах!

- Вось-вось, цяпер вы мяне зразумелi. I ўсё гэта я ведаў i прадумаў ужо праз год пасля ад'езду з Лондана, шэсць гадоў назад. Але я нi з кiм не падзялiўся сваiмi думкамi. Мне давялося працаваць у вельмi цяжкiх умовах. Габема, мой прафесар, быў мужлан у навуцы, чалавек, ахвочы да чужых iдэй ён вечна за мной падглядваў! Вы ж ведаеце, якое махлярства пануе ў навуковым свеце. Я не хацеў публiкаваць сваё адкрыццё i дзялiцца славай з гэтым Габемам. Я працягваў працаваць, я ўсё блiжэй падыходзiў да ператварэння сваёй тэарэтычнай формулы ў эксперымент, у рэальны дослед. Я нiкому не паведамляў аб сваiх работах, я хацеў асляпiць сваiм адкрыццём i адразу заваяваць вядомасць. Я заняўся пытаннем аб пiгментах, каб запоўнiць некаторыя прабелы, i раптам, па чыстай выпадковасцi, зрабiў адкрыццё ў галiне фiзiялогii.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*