Борис Саченко - Тыя (на белорусском языке)
Обзор книги Борис Саченко - Тыя (на белорусском языке)
Саченко Борис
Тыя (на белорусском языке)
Барыс Сачанка
Тыя
Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? I сама не ведаю. Толькi... Рупiць i рупiць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: "Ну, не марудзь, пiшы..."
I я, не ў змозе супрацiўляцца, пiшу...
...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымi таполямi ля вадаспада, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалi густа, як нiколi, i думала пра тое, што займала ў апошнiя днi мяне больш i больш, - пра неапазнаныя лятучыя аб'екты, што з'яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакiнулi ў самых нечаканых месцах на Зямлi iншапланецяне... I не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек - прыкладна маiх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымi разумнымi вачыма, мужным хударлявым тварам i сцятымi, вельмi ж валявымi губамi - якраз такi, якiя мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калi я марыла, каго б магла пакахаць i за каго выйсцi замуж, - i спытаў, цi можна яму прысесцi, таксама паслухаць шум вадаспада. Я, нi слова не кажучы, моўчкi пасунулася на край, дала яму месца.
- Аднак вы смелая, - сказаў незнаёмец. - У такi познi час адна ў парку...
- А якi цяпер час? - спытала, як бы апамятаўшыся, я.
- Другая гадзiна ночы...
- Ой, i праўда ж, - спахапiлася я, што заседзелася. - Заўтра ж на працу...
Я паднялася, каб пайсцi. I трэба ж - акурат на набярэжную, куды мне трэба было кiравацца, вывалiлася аднекуль вялiкая шумная кампанiя падлеткаў. Я ўявiла на хвiлiну, што яны могуць са мною зрабiць, калi траплю iм на вочы, адна, у бязлюдным, амаль неасветленым парку, - i ад страху мiжвольна сцепанулася.
- Можна я правяду вас, - паслужлiва прапанаваў, быццам прачытаўшы мае думкi, незнаёмец.
Я паглядзела на яго больш уважлiва - здаецца, нiчога такога не было ў iм, каб баяцца, - i кiўнула галавою, згадзiлася. I мы - я i незнаёмец, - не падымаючы адно на аднаго вачэй, паволi пайшлi насустрач шумнай кампанii. Як толькi мы наблiзiлiся да падлеткаў, адзiн з iх, расхрыстаны, кудлаты, убачыўшы мяне, закрычаў:
- Хлопцы, i шукаць нiкога не трэба! Адной на ўсiх хопiць!
Мой праважаты iмгненна змянiўся з твару. I не паспела я згледзець, як ён апынуўся ля крыкуна. Схапiў яго загрудкi, калатнуў, ды так, што аж нешта ў кiшэнях у таго зазвiнела - няйнакш манеты.
- Ану, смаркач, - прашыпеў ён, - прабачэння прасi!
I той, даволi рослы i, па ўсiм вiдаць, дужы, спартыўнага складу падлетак, нейк ураз знiякавеў.
- Я пажартаваў, - залапатаў, вiнавата заўсмiхаўся ён. - Даруйце, перапiў...
Незнаёмец адпусцiў крыкуна, вярнуўся да мяне. Я, каб не выглядаць выпадковай сустрэчнай, узяла яго пад руку, i мы пайшлi, не азiраючыся на кампанiю. Кампанiя таксама - а было падлеткаў чалавек з дзесяць, прысаромленая, пайшла сваёй дарогай.
- Якi вы смелы! - выказала незнаёмцу ўголас я сваё захапленне. (Прызнаюся, я марыла менавiта пра такога чалавека, калi думала, хто будзе ў мяне муж.)
- Нiякай смеласцi тут няма, - сказаў незнаёмец. - Проста не люблю дрэнi, не люблю, калi язык лiшне распускаюць, п'яныя цi цвярозыя. Дарэчы, мяне завуць Анатоль Iванавiч, Толя...
- А мяне... Каця, - чамусьцi засаромелася я.
- Ну вось, мы i пазнаёмiлiся, - як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Iванавiч. - А то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалi... Вы дзе жывяце? - спытаў ён, калi мы выйшлi з парку.
- Ды зусiм блiзка. Вунь там, у тым доме, - паказала я на дзевяцiпавярховы дом, што бялеў па другi бок вулiцы.
- Адна?
- Так, адна... А што?
Анатоль Iванавiч збянтэжыўся, але на хвiлiну, толькi на адну хвiлiну.
- Гэта я... На ўсякi выпадак... I што - адгадаў? - усмiхнуўся ён.
- Адгадалi, - усмiхнулася i я.
Не, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку i назваўся Анатолем Iванавiчам. I ад п'янай кампанii падлеткаў абаранiў, i... Прыемна было разам з iм дадому iсцi. Асаблiва калi пад руку я яго трымала - быццам з самым дарагiм, блiзкiм чалавекам iшла. I расставацца... Не, не хацелася мне, анi не хацелася расставацца.
- Выбачайце, я затрымала вас... I паслухаць шум вадаспада... не дала... прашаптала, павiнавацiлася я.
- Нiчога, другi раз паслухаю... А што да затрымкi, дык я... Нiкуды не спяшаюся.
- Вам што - хiба заўтра на працу не трэба?
- Я ў адпачынку.
- I нiкуды не едзеце, у горадзе будзеце?
- Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькi пачынаецца... Заўтра першы дзень.
- А вы... Пуцёвак нiякiх нiкуды не бралi?
- Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.
- А ад каго? Вы што - жанаты, сям'ю маеце? Цi, можа, мацi, бацька старыя, нямоглыя?
- Не, я гэтакi ж адзiнокi, як i вы. Зноў я здзiвiлася, аж плячыма павяла.
- Адкуль вы ведаеце, што я адзiнокая?
- Не ведаю, а здагадваюся, - усмiхнуўся Анатоль Iванавiч. - Калi б вы былi не адзiнокая, не сядзелi б так позна на лаўцы ў парку. А каб i сядзелi, дык не адна...
Была, была логiка ў разважаннях Анатоля Iванавiча. Разумны, здагадлiвы ён. I лiшняга нiчога сабе не дазваляў. Паводзiў, словам, не так, як iншыя мужчыны i хлопцы - не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, i мне гэта падабалася. I не толькi гэта - сам Анатоль Iванавiч падабаўся. Iнтэлiгентны, далiкатны, выхаваны. I разам з тым... Рашучы, смелы. "Такi ў крыўду нiкога не дасць, - падумала я. - Вось бы блiжэй з iм пазнаёмiцца... А потым... I замуж за такога выйсцi". Анатоль Iванавiч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.
- Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? - сказаў ён, правёўшы мяне ў пад'езд дома, дзе я жыла, i выклiкаўшы лiфт.
- Дзе? - прашаптала я, ласкава акiнуўшы вачыма Анатоля Iванавiча.
- Там жа, ля вадаспада, на лаўцы... Прыйшоў лiфт, i я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Iванавiчу добрай ночы i падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...
Назаўтра, ледзь змерклася, я заспяшалася ў парк. На маё шчасце, тая, як я яе называла, "мая" лаўка, што стаяла пад старымi таполямi i на якой я заўсёды сядзела, калi прыходзiла да вадаспада, была незанятая. I я, апусцiўшыся на тое самае месца, што i ўчора, калi да мяне падышоў Анатоль Iванавiч, зноў, слухаючы, як мерна i быццам з сумам падае з вышынi плацiны вада, думала пра розныя касмiчныя цуды, пра iншапланецян... Цiкава, няўжо гэта праўда, што пiшуць некаторыя вучоныя? Загадкавыя малюнкi i надпiсы на вечках саркафагаў, што знойдзены ў самых розных месцах? Сляды гiганцкага касмiчнага аэрадрома Наска? Намаляваныя - ну рыхтык касманаўты - у шлемах, з антэнамi - у пячорах, цэрквах, на скалах - людзi i разам з тым быццам не людзi? Дый гэтыя лятучыя неапазнаныя аб'екты - "талерачкi", - што час ад часу з'яўляюцца ў небе - iх бачаць лётчыкi i пастухi, жыхары вёсак i гарадоў? Больш таго - "талерачкi" гэтыя садзяцца на Зямлю, з iх выходзяць жывыя iстоты, абмацваюць глебу, збiраюць каменнi, iрвуць траву i ламаюць голле - няйнакш вывучаюць. I людзей, што здараюцца паблiзу, з сабой забiраюць. Адных вяртаюць назад на Зямлю, а iншых... Цiкава, няўжо самi тыя людзi на Зямлю вяртацца не хочуць? Цi iх... Не выпускаюць?..