К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Калi Вiталi скончыў сямiгодку, старэйшы брат накiраваў яго здаваць iспыт у кадэцкi корпус. У Польшчы былi спачатку тры, а пасьля адно два кадэцкiя корпусы, у якiя прымалi маладых хлопцаў, што скончылi сямiгодку ды змаглi здаць канкурсовыя iспыты. Скончыўшы корпус, юнакi былi кандыдатамi ў афiцэрскiя школы.
Вiталi Мiкула вытрымаў iспыты пасьпяхова. Апрача праверкi агульных ведаў, ад кандыдатаў у кадэцкi корпус вымагалiся пэўныя фiзычныя дадзеныя. Вiталi быў малым, хударлявым, замораным хлапцом. Калi стаў на вагi, то выйшла, што важыў на колькi кiлаграмаў менш, чым вымагала норма. Лекар маладога беларуса адкiнуў.
Аднак Мiкула не здаўся. Ён наважыўся на вельмi радыкальны крок: напiсаць заяву прэзыдэнту Польшчы Масьцiцкаму. У заяве, мiж iншага, пiсаў гэтак: "Карпусовы лекар адкiнуў мяне за тое, што мая вага не сягае нормы. Гэта праўда. Але лекар ня ведаў таго, што я ў хаце ад маленства гадаваўся адно на бульбе з халаднiком". Няведама, цi гэты аргумэнт пераканаў Масьцiцкага, але прэзыдэнт налажыў на пiсьмо Мiкулы рэзалюцыю "прыняць". Вiталi Мiкула трапiў такiм чынам у кадэцкi корпус.
Так добра злажылася, што кадэт Вiталi трапiў у роту Кушаля Францiша, добрага вайскоўца й ведамага беларускага патрыёты. Кушаль узяў хударлявага вучня на асаблiвую ўвагу.
Было гэта ў 1932 годзе, якраз пасьля пераводу Кушаля з палка ў кадэцкi корпус на становiшча камандзера роты. Вучыўся Мiкула вельмi добра, але фiзычным заморышам застаўся далей, нягледзячы на тое, што кадэтаў добра кармiлi. У 1935 годзе кадэцкi корпус, аб якiм мова, перавялi з горада Хэлмно на Памор'i ў горад Равiч у Пазнаньшчыне. Была ў Равiчы ведамая вялiзарная турма, дзе побач са злачынцамi адбывалi кары й розныя палiтычныя, у тым лiку й грамадоўцы* - беларусы.
* Сябры "Беларуска сялянска-рабочай грамады" - масавай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганiзацыi ў Заходняй Беларусi, у 1927 годзе забароненай польскiмi ўладамi.
Увесну 1936 году, калi Кушалева рота рыхтавалася да выпускных iспытаў, камандзер яе быў папрошаны ў канцылярыю камандзера корпуса палкоўнiка Кавальскага. Апошнi пачаў распытваць Кушаля аб кадэце Мiкуле. Атрымаўшы найлепшыя водгукi, Кавальскi тыцнуў камандзеру роты нейкi лiст i загадаў тут-жа прачытаць. У лiсьце гэным адзiн чалавек з тае вёскi, адкуль паходзiў Вiталi Мiкула, пiсаў свайму сябру-беларусу, якi сядзеў у Равiцкай турме, быццам за камунiзм, што ў Равiчы знаходзiцца "свой чалавек", Вiталi Мiкула, якi можа яму дапамагчы. Турэмная адмiнiстрацыя, замiж таго каб уручыць лiст вязьню, пераслала яго палкоўнiку Кавальскаму.
Паляк заявiў Кушалю, што Мiкула неадкладна будзе звольнены з кадэцкага корпуса. Шмат нэрваў каштавала беларусу, каб упрасiць Кавальскага пакiнуць Мiкулу ў корпусе, каб хаця здаў iспыты. Неахвотна, але паляк згадзiўся. Малая была з таго пацеха, бо калi пасьля iспытаў усiх пасьпяховых вучняў накiравалi ў афiцэрскiя школы, Мiкулу адлiчылi. Але малады беларус i тут ня здаўся, а, паклiкаўшы на дапамогу свайго брата, сам паехаў у Торунь, дзе была артылерыйская афiцэрская школа й куды ўдалося яму ўладзiцца. Скончыўшы школу, Вiталi Мiкула быў авансаваны на падпаручнiка артылерыi.
З малых гадоў, трапiўшы яшчэ ў кадэцкi корпус, малады Вiталi заўважыў дыскрымiнацыю нацыянальных меншасьцяў палякамi. Яму-ж, якому давялося перажыць цi мала лiха, паўгалоднаму, недагледжанаму, якi жыў, вечна турбуючыся за заўтрашнi дзень i ўважаючы на свой кожны крок, каб дзе не правалiцца (абы, як гаварыў той старэйшы брат, "выйсьцi ў людзi"), нацыянальнае ўсьведамленьне прыйшло ў раньнюю пару. Памаглi, зусiм ясна, у гэтым самi-ж палякi, якiя на кожным кроку вытыкалi нацыянальную розьнiцу, хоць яны, ясна, ня ўжывалi слова "беларус", а найчасьцей - "хам" цi "кацап". У Мiкулы, як i ў сотняў тысяч iншых прыгнечаных польскiмi панамi беларусаў, нацыянальнае цесна вязалася з сацыяльным. Дык i дарога да поўнага ўсьведамленьня ня была крутая. Калi ў 1939 годзе ўспыхнула вайна, лейтанант Мiкула не належаў да тых, што старалiся грудзьмi ўтрымаць нятрывалы паверсальскi твор - дзяржаву, пад прыгнётам якой было некалькi мiльёнаў беларусаў.
II
Магчымасьць служэньня свайму народу прыйшла ў 1943 годзе, калi арганiзавалася Беларуская Самаахова й Францiшак Кушаль паклiкаў свайго былога вучня ў Менск. Вiталi Мiкула ўкладае элемэнтарны беларускi вайсковы статут, працуе над устанаўленьнем беларускай вайсковай тэрмiналогii й прысьвячае шмат часу i сiл вайсковаму школьнiцтву. Цэлы час ён мае надзею, што Самаахова ёсьць адно пачатак беларускiх нацыянальных збройных сiлаў. Адносна акупанта ў яго няма iлюзiяў. Ведамы сваёй сьцiпласьцю, вымагальнасьцю да сябе й iншых ды настойлiвасьцю, ён часта ўступае ў канфлiкты зь немцамi ў абароне беларускiх жаўнераў. Ёсьць сяньня шмат людзей, якiя цьвердзяць, што гэныя канфлiкты ўплылi на пазьнейшы трагiчны Мiкулаў лёс. Вельмi праўдападобна.
Калi насьпела арганiзацыя Беларускае Краёвае Абароны, адкрылася шмат шырэйшае поле да дзеяньня. Капiтан Мiкула, цяпер ужо заступнiк камандуючага БКА, ведае, што сiла армii ляжыць перадусiм у афiцэрскiх кадрах. Выкладаючы на курсах перашкаленьня беларускiх афiцэраў для Самааховы, ён спасьцярог, што мiж добрага зерня была маса й мякiны, якую разьнясе ў лiхi час першы вецер. На такi нятрывалы элемэнт нельга было абапiраць армiю на даўжэйшы час. Толькi зусiм малады, добра нацыянальна ўзгадаваны й сьведамы, патрыятычны, адукаваны элемэнт мог стацца трывалымi падвалiнамi пад будучую армiю. Школа Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, у якую прымалiся юнакi ад 16 да 19 год, i была адказам на гэтыя высновы. Мiкула часьценька прыгадваў колiшнiя свае цяжкасьцi й цэлую масу непрыемнасьцяў ды перашкодаў, што давялося перанесьцi й перамагчы ў польскiм войску беларусам, i добра ведаў вартасьць навучаньня будучых афiцэраў БКА ў сваёй роднай мове й пад сваёй камандаю, хаця ў заўсёднай амаль прысутнасьцi немцаў. Дзеля таго ён прысьвячаў афiцэрскай школе цi не найбольш увагi.
З выгляду Вiталi Мiкула быў чалавекам дробнага складу, сярэдняга росту, сьветлавалосы, з шэрымi вачыма i, здаецца, рабацiньнем на твары. Наплечныя падкладкi вайсковага мундзiра рабiлi ягоныя плечы шмат шырэйшымi, чым былi ўзапраўду. Рухi меў упэўненыя, надта апанаваныя, глядзеў заўсёды ласкава й стараўся прамаўляць цi гаварыць проста, бязь лiшнiх крывуляў. Твар ягоны, звычайна лагодны, меў тую ўласьцiвасьць, што адразу будзiў давер i пашану да гэтага чалавека. Кадэты Менскае Школы Камандзераў БКА хаця спазналi капiтана Мiкулу блiжэй упершыню ў тую чэрвеньскую ранiцу, калi пакiдалi Менск, адразу вычулi, што ў асобе капiтана маюць свайго найлепшага сябру, пратэктара, чалавека, якi будзе дбаць пра iхняе дабро ня менш, чым пра сваё собскае. Яны, як пазьней паказалася, зусiм не памылiлiся.
III
Перад тым, пакуль спынiмся над падзеямi, зьвязанымi з утварэньнем трыццатае дывiзii, неабходна хаця павярхоўна пазнаёмiцца нам яшчэ з дзьвюма асобамi - палкоўнiкам Зiглiнгам i маёрам Мураўёвым.