К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Яфрэйтар адрапартаваў камандзеру ПАП-у аб зьнiшчэньнi немцамi "кар'ера" й сьмерцi Пранука Бонка. Гэта была адно фармальнасьць, бо раней яшчэ данесьлi камандзеру ягоныя-ж людзi, што сачылi за ўсiм выпадкам. Тэлефанiчна камандзер зьвязаўся з ротным, якому перадаў няпрыемную навiну. Пасьля зьмярканьня рэшткi Пранука Бонка былi прыбраныя з дарогi людзьмi з санiтарнае часьцi.
Сымонаў твар разьяснеў шчырай, ветлiвай усьмешкай, калi ўбачыў Аляксандра Лабуна. Гэта быў, апрача яго, адзiн беларус на ПАП. Сябры моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
- Здароў, брат, здароў. Сьцiпла называю цябе братам, але ты мне даражэйшы цяпер, як брат, - трос рукой Сымон.
- Такiх мiлых гасьцей чымся пабольш. Ведаеш, як мне аднаму сярод чужых надакучыла.
- Што й гаварыць.
- Як-жа ты ўцалеў? "Кар'ер" ваш немцы разьбiлi.
- Жартуеш? Такога загартаванага ваяку, як я, i кулi ўжо не бяруць.
- Ня вер тым кулям, бо яшчэ, чаго добрага...
- Ускочылi былi за сьцяну руiнаў. Толькi бядака-шафёр папаўся, бо хацеў з "кар'ерам" - наўцёкi. "Спандавам" зрэзалi.
- Сукiны каты!
- Вам добра дакучаюць тут?
- Гэта месца даволi небясьпечнае, асаблiва ўночы.
Як быццам на запярэчаньне гэтаму колькi мiн тузанула паветрам. Адна ўпала блiзка хлява, але не дэтанавала.
- Гэй, там! - пачулася з хаты. - Чаго пасталi, як разiнькi сярод панадворку?! Бяжыце ў хату або трымайцеся блiжэй сьцяны!
Два беларусы падыйшлi й селi ля кучы зь пяском каля самай сьцяны.
- Ну, як ты? Ужо прывык да фронту? - пытаўся Лабун.
- Ведаеш, братка, спачатку было страшнавата. Быў-жа чалавек ужо ня раз пад абстрэлам i на фронце - сам ведаеш. Але кожны новы раз, якi-б ты стары жаўнер ня быў, калi трапiш пад агонь, то нанава прывыкай. Здаецца, што ўсе кулi лятуць у тваiм кiрунку й абавязкова ў цябе трапяць.
- А тая, што мае трапiць, дык так неспадзявана бзыкне, што й не агледзiшся.
- У тым-то й сук. Толькi пасьля ўжо чалавек звыкне, што цi кулi сьвiшчуць, цi чмялi гудуць - усё роўна.
- Кажы, што дзе новага. Бачыў каго з нашых цi чуў мо?
- Не, братка, нiкагусенькi, - адказаў Сымон. - А ты?
- Бачыў на днях Дзежку. Казаў, што ўсе нашы цэлыя й здаровыя. Як i раней, ня страцiў гумару.
- Ага, вось маю i я навiну.
- Ну?
- Не так даўно, тыдзень мо таму назад, чытаў я ў дывiзiйнай газэтцы разьдзел пошукаў Чырвонага Крыжа. I ведаеш, каго напаткаў?
- Каго-ж?
- Мiкула Мар'ян шукае брата Вiталiя Мiкулу.
- Мар'ян Мiкула?
- Так.
- Выглядае, што капiтан Мiкула меў брата.
- Мусiць.
- I што ты зрабiў?
- Ну, што-ж мог... напiсаў у Чырвоны Крыж, што ягоны брат Вiталi быў, ведаеш, у БКА, пасьля ў трыццатай, ды што быў немцамi арыштаваны й, падобна, застрэлены.
- Адказу яшчэ не атрымаў?
- Ня было-ж калi.
- Цiкава. Мы й ня ведалi, што Мiкула меў брата ды яшчэ ў польскай армii.
- Ды яшчэ маёра.
- Так?
- Гэтак падаваўся ў пошуках.
- Гм. Ён табе, напэўна, яшчэ раз напiша. Думаю, варта было-б паiнфармаваць яго дакладна, што ведаеш аб капiтану Мiкуле i што ён, ягоны брат, павiнен толькi ганарыцца Вiталем. Гэта быў адзiн з гэрояў нашага народу. Кажу "быў"... Хто ведае, мо яшчэ жыве...
- Хадзiлi чуткi, што зьлiквiдавалi яго ў Дахаў.
- Сам Бог ведае.
I сапраўды за нейкi тыдзень пазьней Сымон Спарыш атрымаў ад маёра Мiкулы лiст, дзе той, пiшучы па-польску, распытваўся пра брата й прасiў, каб Сымон напiсаў усё-ўсенька, хаця-б найменш важнае, што ведае. Сымон напiсаў другi лiст на беларускай мове. У цёплых словах адлюстраваў усё яму ведамае адносна былога свайго камандзера, пачынаючы ад Менску й канчаючы Эльзасам ды пераходамi беларусаў да макiсаў. Што да далейшага лёсу шэфа штаба БКА, хлапец адно мяркаваў, бо й сам ня ведае напэўна, цi капiтан быў зьлiквiдаваны немцамi ў Дахаў. На другi лiст адказу не атрымаў.
VII
Пяшчотна-цёплае вясеньняе сонейка вяртала прыродзе жыцьцёвыя сiлы. Навокал абароннага пункту пачыналi зелянець сады й вiнаграднiкi, усьмiхалiся краскi. Травiца зарастала й пакрывала зеленьню сляды танкаў i "кар'ераў", няглыбокiя канаўкi ад мiнаў i снарадаў. Парваная, патаптаная, парэзаная зямля, як магла, лячыла ваенныя раны. Густым зялёным дываном буйнела на палях азiмiна. Ад ПАП у кiрунку нямецкiх умацаваньняў на насыпе ракi Сэньё роўнымi шэрагамi апраналiся ў лiсточкi яблынi, грушы й вiнаграднiк. Птушкi, часта палоханыя ўзрывамi й перастрэлкаю, маўклiва таiлiся ў садох, а то i ўцякалi ад фронту, каб у бясьпечнейшых месцах будаваць гнёзды. На гэтак званай нiчыёй зямлi - паласой мiж нямецкiмi й хаўрусьнiцкiмi абароннымi пазыцыямi - зелень дрэваў мела ўплыў на павышэньне двухбаковай актыўнасьцi патрулёў. Пад аховай зеленi людзi падпаўзалi зусiм блiзка да ўмацаваньняў працiўнiка. Вартавыя напружвалi зрок, сачылi за рухам кожнае галiнкi, каб у час спасьцерагчы ворага й не дапусьцiць яго за мяжу небясьпечнае лiнii.
У адзiн з такiх прыгожых вясеньнiх дзён на панадворку фэрмы сядзела група жаўнераў. Бальшыня была разьдзетая вышэй паясьнiцаў i старалася здабыць першы вясеньнi загар. Чацьвёра зь iх, седзячы на траве на разасланых коцах, крокаў за восем ад задняе сьцяны дома, гулялi ў карты. Адзiн выпыльваў коц. Сымон прымасьцiўся на старым крэсле пад сьцяною каля дзьвярэй i штосьцi чытаў. Лабун стаяў побач карцёжнiкаў. Было цiха й цёпла. То з аднаго, то з другога боку адклiкаўся фронт. Мiны капалi на палях i агародах новыя канаўкi.
Адна такая мiна раптам разарвалася крокi за два ад карцёжнiкаў i блiзка чалавека, што выпыльваў коц. Цэлая група здаровых i дужых людзей за iмгненьне да гэтага раптам замянiлася ў акрываўленых калекаў. Рэзультат быў настуюны:
Аднаму карцёжнiку, што ляжаў на левым баку ды, выставiўшы ўверх рукi, трымаў карты, адарвала тры галоўныя пальцы правае рукi. Вiселi яны на перасечанай амаль напалову далонi, што ператварылася ў акрываўлены кавалак мяса. Другому карцёжнiку, што сядзеў задам да месца ўзрыву, асколак патузаў правае плячо. Трэцяму кавалак, жалеза зашыўся ў мякаць правага бока. Аляксандру Лабуну два маленькiя кавалачкi гарачай сталi трапiлi ў нiжнюю шчаку. Кроў тоненькiмi нiтачкамi сачылася па шыi. Чалавека, якi, трымаючы абедзьвюма рукамi за рагi, выпыльваў коц, нейкiм цудам жалеза мiнула. Адно ў руках з тоўстага суконнага коца засталiся падзюраўленыя, быццам сiта, абрыўкi. Сымону, што сядзеў найдалей ад месца дэтанацыi, нешта балюча ляпнула па цеменi на пальцы чатыры ўверх ад левага вуха. Ён памацаў мiж густых валасоў маленькi гузячок, прыцiснуў яго, зiрнуў на плямку крывi на пальцы i пераканаўшыся, што косьць была непашкоджаная i што пад скураю ня было асколку, прыглядаўся суматосе сярод параненых.
На панадворку паднялiся енкi. З хаты выбеглi жаўнеры. Раненыя хутка так-сяк былi перавязаныя, а выклiканая тэлефонам санiтарная машына забрала чатырох на пункт першае дапамогi. Ужо на зьмярканьнi Аляксандр Лабун вярнуўся назад з аблепленай бандажом нiжняй часткай левай шчакi. Тры раненыя засталiся ў шпiталi.