KnigaRead.com/

Братья Гримм - Казкi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Братья Гримм, "Казкi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Нiчога не падарыў, - кажа Ганс. - Сюды яе прывёў.

- А дзе яна? - кажа матухна.

- Ды я яе да плоту ў двары прывязаў i травы ёй пакiнуў.

Пабегла мацi ў двор, а Грэтэль там ужо няма, - толькi вяроўка на плоце матляецца. Збегла Грэтэль.

Так яе Ганс з той пары i не бачыў.

РУМПЕЛЬШЦIЛЬЦХЕН

Жыў калiсьцi на свеце млынар. Быў ён бедны, але была ў яго прыгажуня-дачка. Аднойчы надарылася яму гутарыць з каралём. I вось, каб выклiкаць да сябе павагу, кажа ён каралю:

- Ёсць у мяне дачка, якая можа прасцi з саломы залатую пражу...

Кажа кароль млынару:

- Справа гэта мне вельмi падабаецца. Калi дачка ў цябе такая мастачка, як ты кажаш, то прывядзi яе заўтра да мяне ў палац, я пагляджу, як яна гэта ўмее рабiць.

Прывёў млынар дзяўчыну да караля, адвёў яе кароль у пакой, у якiм было шмат саломы, даў ёй калаўрот, верацяно i сказаў:

- А цяпер прымайся за працу. Але калi ты за ноч да ранiцы не перапрадзеш усю салому ў залатую пражу, то чакай смерцi.

Потым ён сам замкнуў яе, i засталася яна ў пакоi адна.

Вось сядзiць бедная млынарова дачка, не ведае што ёй прыдумаць, як сваё жыццё выратаваць, бо не ўмела яна з саломы залатой пражы прасцi. I зрабiлася ёй так страшна, што яна заплакала. Раптам адчыняюцца дзверы i да яе ў пакой уваходзiць маленькi чалавечак i кажа:

- Добры дзень, маладая млынарка! Чаму ты так горка плачаш?

- Вой, - адказала дзяўчына, - я павiнна перапрасцi салому ў залатую пражу, але не ведаю, як гэта зрабiць.

А чалавечак i кажа:

- Што ты мне дасi, калi я табе яе перапраду?

- Свае каралi, - адказала дзяўчына.

Узяў чалавечак у яе каралi, падсеў да калаўрота, i - турр-турр-турр - тры разы пакруцiцца кола - вось i намотана поўнае матавiла залатой пражы. I так працаваў ён да самай ранiцы i перапраў усю салому, i ўсе матавiлы былi поўныя залатой пражы.

Толькi пачало сонца ўзыходзiць, а кароль ужо тут як тут: убачыў залатую пражу, вельмi здзiвiўся, абрадваўся, але сэрца яго яшчэ больш зрабiлася прагным да золата. I ён загадаў адвесцi млынарову дачку ў другi пакой, а быў ён большы першага i таксама поўны саломы, i загадаў ёй - калi яна даражыць сваiм жыццём - перапрасцi ўсю салому за ноч.

Не ведала дзяўчына, што ёй рабiць, як свайму гору памагчы. Але зноў адчынiлiся дзверы, з'явiўся маленькi чалавечак i спытаў:

- Што ты дасi мне, калi я перапраду табе салому ў золата?

- Дам я табе з пальца пярсцёнак, - адказала дзяўчына.

Узяў чалавечак пярсцёнак, пачаў зноў гудзець калаўротам i да ранiцы перапраў усю салому ў блiскучую залатую пражу.

Убачыўшы цэлыя кучы залатой пражы, кароль абрадваўся, але i гэтага яму было мала, i ён загадаў адвесцi млынарову дачку ў яшчэ большы пакой, якi быў увесь завалены саломай, i сказаў:

- Ты павiнна перапрасцi ўсё гэта за ноч. Калi табе пашанцуе - станеш маёй жонкай.

А сам сабе падумаў: "Хоць яна i дачка млынара, але багацейшай жонкi не знайсцi мне ва ўсiм свеце".

Вось засталася дзяўчына адна, i з'явiўся ў трэцi раз маленькi чалавечак i пытаецца:

- Што ты дасi мне, калi я i на гэты раз перапраду за цябе салому?

- У мяне больш няма нiчога, што б я табе магла даць.

- Тады паабяцай мне свайго першынца, калi станеш каралевай.

"Хто ведае, як яно там складзецца!" - падумала млынарова дачка. Ды i цi было ў яе iншае выйсце? Давялося паабяцаць чалавечку тое, што ён прасiў. I за гэта той яшчэ раз перапраў салому ў залатую пражу.

Прыходзiць ранiцою кароль i бачыць, што ўсё зроблена, як ён хацеў. Наладзiлi вяселле, i прыгожая дачка млынара стала каралевай.

Праз год нарадзiла яна прыгожае дзiця, а пра таго чалавечка i не думала больш. I раптам неяк уваходзiць ён у яе пакой i кажа:

- А цяпер аддай мне тое, што абяцала.

Спалохалася каралева i пачала яму прапаноўваць багаццi ўсяго каралеўства каб толькi ён пакiнуў ёй дзiця. Але чалавечак сказаў:

- Не, жывое мне падабаецца больш, чым усе скарбы ў свеце.

Засумавала каралева, заплакала i пашкадаваў яе чалавечак:

- Даю табе тры днi тэрмiну, - сказаў ён, калi за гэты час ты даведаешся, як мяне зваць, дзiця застанецца ў цябе.

Усю ноч каралева перабiрала ў памяцi розныя iмёны, якiя калi-небудзь чула, а ганца накiравала ездзiць па краiне i збiраць усе iмёны, якiя iснуюць. На другi дзень з'явiўся маленькi чалавечак, i яна пачала пералiчваць усё, што ведала, пачынаючы з Каспара, Мельхiора, Бальцара. Але на кожнае iмя чалавечак адказваў:

- Не, мяне завуць не так.

Тады каралева загадала даведацца, як завуць суседзяў. Цяпер яна называла чалавечку самыя рэдкiя iмёны:

- А можа, цябе завуць Рэпенбiст або Гамельсвадзе або Шнюрбейн?

Але ён адказваў:

- Не, мяне завуць не так.

На трэцi дзень вярнуўся ганец i сказаў:

- Нi аднаго новага iмя знайсцi я не мог, але вось калi я падышоў да высокай гары, парослай густым лесам, дзе жывуць адны лiсы ды зайцы, то ўбачыў маленькую хатку, перад ёй гарэў касцёр i праз яго скакаў смешны, цiкавы чалавечак. Ён скакаў на адной ножцы i крычаў:

- Сёння пяку, заўтра пiва вару,

У каралевы дзiця адбяру.

Ой, добра, што нiхто не знае,

Што Румпельшцiльцхен мяне называюць!

Можаце сабе ўявiць, як абрадвалася каралева, пачуўшы гэта iмя! I вось, калi ў яе пакой неўзабаве ўвайшоў гэты чалавечак i спытаў: "Ну, панi каралева, як жа мяне завуць?", яна спачатку сказала:

- Можа, Кунц?

- Не.

- А можа, Гейнц?

- Не.

- Дык, пэўна, ты Румпельшцiльцхен!

- Гэта табе сам чорт падказаў, сам чорт падказаў! - заенчыў чалавечак i так моцна тупнуў у гневе правай нагой, што правалiўся ў зямлю па самы пояс. А потым шалёна схапiў абедзвюма рукамi левую нагу i сам разарваў сябе папалам.

ЖЫВАЯ ВАДА

Жыў некалi кароль; быў ён хворы, i нiхто ўжо не верыў, што ён зможа калi-небудзь ачуняць. А было ў караля тры сыны; вось зажурылiся яны з-за гэтага, пайшлi ўнiз у каралеўскi сад i заплакалi. Але сустрэўся iм у садзе нейкi дзядок, стаў пра iх гора распытваць. Яны яму гавораць, што iхнi бацька вельмi хворы, вiдаць, памрэ, а дапамагчы яму нiчым немагчыма. А дзядок i кажа:

- Я ведаю яшчэ адзiн сродак, - гэта жывая вада; калi хто той вады нап'ецца, дык зноў ачуняе; але ваду гэтую знайсцi нялёгка.

Старэйшы сын i гаворыць:

- Вось я гэтую ваду i знайду.

Пайшоў ён да хворага караля, пачаў яго прасiць, каб той адпусцiў яго на пошукi жывой вады, што гэта толькi i можа яго вылечыць.

- Не, - сказаў кароль, - гэтая справа надта небяспечная, лепш ужо мне памерцi.

Але сын доўга яго ўпрошваў, i, нарэшце, кароль пагадзiўся. А прынц падумаў: "Прынясу я гэтую ваду, стану ў бацькi самым любiмым сынам i атрымаю ў спадчыну каралеўства".

I ён рушыў у шлях-дарогу; праехаў ён некаторы час, зiрк - стаiць на дарозе карлiк. Карлiк паклiкаў яго i кажа:

- Куды гэта ты так спяшаешся?

- Дурны малыш, - горда адказаў прынц, - табе пра гэта не трэба ведаць, - i паскакаў далей.

Разгневаўся маленькi чалавек i пажадаў яму зла. Трапiў прынц неўзабаве ў горную цяснiну, i чым далей ён ехаў, тым усё больш сыходзiлiся горы, i нарэшце дарога стала такою вузкаю, што ўжо нельга было i кроку ступiць; немагчыма было i каня павярнуць альбо ўстаць з сядла; i вось апынуўся прынц запёртым у скалах. Доўгi час прачакаў яго хворы кароль, але ён усё не вяртаўся.

Гаворыць тады сярэднi сын:

- Бацька, дазвольце мне паехаць на пошукi жывой вады, - а сам пра сябе падумаў: "Калi брат мой памёр, дык каралеўства дастанецца мне".

Кароль напачатку таксама не хацеў яго адпускаць, але нарэшце саступiў яго просьбам. Паехаў прынц той жа самай дарогаю, што i яго брат, i таксама сустрэўся яму карлiк, якi яго спынiў i запытаўся, куды гэта ён так спяшаецца.

- Эх ты, малыш, - сказаў прынц, - пра гэта ведаць табе не трэба, - i паскакаў далей, нават не азiрнуўшыся.

Але карлiк яго зачараваў, i прынц таксама трапiў, як i яго брат, у горную цяснiну i не мог зрушыцца нi ўзад нi ўперад. Вось так яно здараецца з людзьмi фанабэрыстымi!

Не вярнуўся назад i сярэднi сын, i падахвоцiўся тады iсцi на пошукi жывой вады малодшы сын, i давялося каралю ўрэшце яго адпусцiць.

Сустрэў меншы прынц карлiка, i той запытаўся ў яго таксама, куды гэта ён так спяшаецца. Прынц спынiў каня, пагаварыў з карлiкам, адказаў яму на пытанне i сказаў:

- Я шукаю жывую ваду, - бацька мой ляжыць пры смерцi.

- А ты ведаеш, дзе знайсцi яе?

- Не, - адказаў прынц, - не ведаю.

- Таму, што ты трымаеш сябе, як след i не фанабэрышся, як твае крывадушныя браты, я пакажу табе дарогу да жывой вады. Гэтая вада цячэ з крынiцы ў двары зачараванага замка. Але ты туды трапiць не зможаш, калi я не дам табе жалезнага прутка i двух маленькiх боханаў хлеба. Ты стукнi тым прутком тройчы ў жалезныя вароты замка, i яны тады расчыняцца; ляжаць на двары два iльвы, яны раззявяць пашчу, ты кiнеш кожнаму з iх па бохану, яны будуць маўчаць; але ты не марудзь, набяры сабе жывой вады, пакуль не праб'е поўнач, iнакш вароты зачыняцца i ты апынiшся там запёртым.

Падзякаваў яму прынц, узяў пруток i боханы i рушыў у шлях-дарогу. Калi ён прыехаў туды, усё было, як сказаў яму карлiк. Вароты расчынiлiся пасля трэцяга ўдару прутком, i калi ён задобрыў iльвоў хлебам, ён трапiў у замак i ўвайшоў у вялiкую цудоўную залу; а сядзелi ў той зале зачараваныя прынцы. Паздымаў ён у iх з пальцаў пярсцёнкi; i ляжалi тут жа меч i хлеб i ён узяў iх з сабою. Потым зайшоў ён у пакой, i стаяла там цудоўная дзяўчына. Пабачыўшы яго, яна ўзрадавалася, пацалавала яго i сказала, што ён яе вызвалiў ад злых чараў i можа цяпер атрымаць усё яе каралеўства; а калi ён вернецца праз год назад, дык яны адсвяткуюць з iм вяселле. Потым яна сказала, дзе крынiца з жывой вадою, i што павiнен ён спяшацца i набраць з яе вады, раней, чым праб'е поўнач. Пайшоў прынц далей, зайшоў, нарэшце, у пакой, дзе стаяў прыгожы, толькi што разасланы ложак; а быў бн стомлены i схацелася яму трошкi адпачыць. Ён лёг i заснуў; а калi прачнуўся, прабiла без чвэрцi дванаццаць. Ён ускочыў з перапуду, пабег да крынiцы, зачарпнуў вады ў кубак, якi стаяў там, i паспяшаўся хутчэй назад. Толькi ён выйшаў за вароты, якраз прабiла дванаццаць, i вароты зачынiлiся, ды так моцна, што адарвалi яму кавалак пяткi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*