KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Детективы и Триллеры » Детектив » Грэм Грин - Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)

Грэм Грин - Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Грэм Грин, "Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

2

Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.

- Выберыце за мяне, - папрасiла яна i ўзрадавалася, калi ён заказаў вiно. "Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч", - падумала яна. - Мне падабаецца ваш пярсцёнак.

Агнi Вены пранеслiся мiма ў акне, знiкаючы ў цемрадзi ночы, афiцыянт перагнуўся цераз столiк i апусцiў штору.

- Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, - сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхiю i пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзiн людзей. Карта вiн у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккiя крокi афiцыянтаў, якiя сноўдалi мiма яго крэсла, - усё гэтае надавала яму ўпэўненасцi. Усмiхнуўшыся, ён паварушыў рукой, i гранi каменя зазiхацелi на столi i на келiхах. - А сапраўдная цана яго ўдвая большая.

- Раскажыце мне пра яе, - сказаў мiстэр К.С.Сейвары. - Дзiўная асоба. Выпiвае?

- Яна так да мяне прывязалася.

- Нiчога дзiўнага. - Нахiлiўшыся наперад i разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: - Не магу нiяк зразумець, чым такiя жанчыны займаюцца?

- Не, не буду болей пiць гэтага пiва. Мой страўнiк яго не прымае. Спытай, цi няма ў iх "Гiнеса". З асалодай выпiла б зараз шклянку "Гiнеса".

- Вядома, у вас у Германii адраджаецца вялiкi спорт, - казаў мiстэр Оўпi. - Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьмiце, да прыкладу, Хобса i Сатклiфа...

Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.

Але ж я не ведаю iх тарабарскай мовы, Эймi.

- Кожны раз вы нагадваеце, колькi кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькi каштую я? - Ад разгубленасцi i страху яна зрабiлася з'едлiвая. Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за бiлет.

- Я ж усё ўжо растлумачыў наконт бiлета.

- А калi б на маiм месцы была вунь тая дзяўчына?

Майет павярнуўся i паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккi прамянiсты погляд на хвiлiнку затрымаўся на iм, ацанiў i адхiлiў яго.

- Вы лепей, - вымавiў ён яўна няшчырым тонам, iзноў iмкнучыся злавiць погляд той маладой жанчыны i прачытаць свой прыгавор. "Гэта праўда, пераконваў ён сябе, - бо калi Корал у гуморы, яна вельмi цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават i даць такое вызначэнне. З ёй я б i слова не сказаў, - думаў ён. - Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукi падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць". У парыве ўдзячнасцi ён павярнуўся да Корал: - Вы такая да мяне добрая. - Ён нахiлiўся над талеркай з супам, булачкамi, графiнчыкам з воцатам. - Вы i далей будзеце такая добрая да мяне?

- Асаблiва сёння ўначы.

- Чаму толькi сёння? Калi прыедзем у Канстанцiнопаль, чаму б вам, чаму б нам... - ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акiяне iх сяброўскiх адносiн.

- Жыць разам з вамi там?

- А чаму не?

Розум яе супрацiўляўся яго прапанове, але яна так здзiвiла яе, што ёй давялося засяродзiць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнiк, якi крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны - яны, здаецца, ядуць i пьюць, седзячы памiж апушчанымi шторамi, - абрыўкi чужых размоў.

- Так, вось i ўсё. Цалавалiся. Толькi цалавалiся.

- Хобс i Зудглiф?

Усе довады былi на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на свiтанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадынi - тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку цi кубак гарбаты i пачне прапаноўваць нейкi невядомы заменнiк аспiрыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, - замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе блiскучыя краны i заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккi ложак, пакрыты квяцiстым шаўковым пакрывалам - за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасцi. "Аднак пра такое жыццё можна толькi марыць, - думала яна, - i сёння ўначы, калi ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая i нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча".

- Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.

- Не, вы мне заўсёды патрэбны.

- Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Цi наогул не пытайцеся болей нiколi.

- Не, не крыкет, не крыкет, - сказаў Ёзеф Грунлiх, выцiраючы вусы. - Мы ў Германii вучымся бегаць.

Незвычайнасць такой заявы выклiкала ў мiстэра Оўпi ўсмешку.

- А самi вы калi-небудзь бегалi?

- У маладосцi я быў выдатны бягун. Нiхто не бегаў лепей за мяне. Нiхто не мог мяне злавiць.

- "Д'ябал".

- Не трэба лаяцца, Джым.

- Гэта зусiм не лаянка. Гэта такая марка пiва. У iм меней газаў. А тое, што ты раней пiла, называецца "Дункель".

- Мне вельмi прыемна, што вам спадабалася.

- Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомнiць яе iмя, але яна проста цудоўная.

- Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохi пасля абеду.

- А вы не будзеце займацца глупствам, мiстэр Сейвары?

- Я абавязкова ў вас спытаюся.

- Не кiдайцеся пустымi абяцанкамi. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь iншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцiнопалi?

- Толькi справамi. Складанымi. Калi наступны раз будзеце есцi "пярэстага сабаку", успомнiце пра мяне. Разынкi. Я - разынка, - дадаў ён з пацешнай гордасцю.

- Значыцца, я буду называць вас "пярэстым сабакам". Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нiбы мянушка.

- Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьмiце адну. Смачная, праўда?

- Сакавiтая.

- Гэта нашай фiрмы - "Майет, Майет i Пейдж". А цяпер вазьмiце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?

- Паглядзi вунь туды, у першы клас, Эймi. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампанiяй. Надта ўжо задзiрае нос угору.

- Тая, што з жыдам? Усё зразумела.

- Вядома, я стаўлюся з вялiкай павагай да рымска-каталiцкай царквы, гаварыў мiстэр Оўпi. - Я не фанатык. Як прыклад добрай арганiзацыi...

- Вось што?

- Я нiчога не магу зразумець.

- Сакавiтая.

- Не, не, гэта зусiм не сакавiтая.

- Я нешта не тое сказала?

- Гэта разынка фiрмы Стэйна. Танная разынка нiзкай якасцi. З вiнаграднiку, якi расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хiба вы не адчуваеце рознiцы?

- Сапраўды, яна зусiм сухая. Але ж тая была сакавiтая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталiся.

- Не можа такога быць. Я асабiста выбiраў узорныя экземпляры. Дзiўна. Надта дзiўна.

Раптам у рэстаране запанавала поўная цiшыня - у такiх выпадках кажуць звычайна: анёл праляцеў. Але ў гэтай раптоўнай цiшынi было чутна, як пазвоньваюць шклянкi на столiках, глуха пагрукваюць па жалезных рэйках колы, злёгку дрыжаць вагонныя вокны, за якiмi ў цемры, нiбыта галоўкi запалак, мiгацяць iскры. Доктар Цынер не паспеў да апошняй змены, ён увайшоў у вагон-рэстаран якраз у той момант, калi там панавала цiшыня, каленi ў яго былi злёгку сагнутыя, як у марака, якi сiлiцца цвёрда ўстаяць на нагах пад час шторму. Паперадзе iшоў афiцыянт, але доктар не ўсведамляў, што той вядзе яго да свабоднага столiка. У яго галаве гарэлi словы, якiя ператварылiся ў фразу: "Вы кажаце, што я здрадзiў радзiме, але я не пазнаю сваёй радзiмы. Прыступкi, што вядуць у цемрадзi ўнiз, гной каля глухой сцяны, змарнелыя твары. Гэта ж не толькi славяне так пакутуюць, гэта - гаротнiкi ўсяго свету", - думаў ён. Словы яго былi звернуты да ваеннага трыбуналу, якi засядаў пад арламi i перакрыжаванымi шпагамi. "Гэта вы перажылi свой час з вашымi кулямётамi, з вашымi ўдушлiвымi, слёзацечнымi газамi i з вашай балбатнёй пра айчыну". Рухаючыся па праходзе ад столiка да столiка, ён машынальна папраўляў туга завязаны гальштук, кратаў старамодную заколку. "Я належу да нашага часу". Але ў яго ўзнёслыя мары на iмгненне ўварвалiся ўспамiны пра доўгiя рады зласлiвых твараў падлеткаў, пра кпiны за спiнай, пра мянушкi, пра карыкатуры, пра запiскi ў падручнiках па граматыцы, якiя перадавалiся пад партамi, пра шэпты, якiя чулiся паўсюль - парушальнiка нельга было знайсцi i пакараць.

Ён сеў за столiк i няўцямным поглядам утаропiўся ў меню.

"Так, я б не адмовiўся апынуцца на месцы гэтага жыда, - думаў мiстэр Пiтэрс, пакуль анёл цiшынi лунаў наўкол. - Яму дасталася неблагая спаднiчка. Неблагая! Але i не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, - разважаў ён сам сабе, азiраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкi, нагадваючы яе бурклiвы страўнiк. - А гэта самае галоўнае".

Дзiўна. Ён выбiраў узоры асаблiва старанна. Можна дапусцiць, вядома, што нават разынкi Стэйна могуць быць не ўсе нiзкай якасцi, але ў гэтым шмат што выклiкае падазронасць. Дапусцiм, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак iх фiрмы - гэта на нейкi час павысiць якасць яго тавару, i дзякуючы палепшанай якасцi Экман пераканае фiрму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фiрму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвiлiны, гартаючы расклад руху цягнiкоў, глядзiць на гадзiннiк, прыкiдвае, цi праехаў ужо Майет палавiну дарогi. "Заўтра дам тэлеграму i даручу ўсю справу Джойсу, - думаў Майет. - Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскiя кнiгi". Ён уявiў сабе, якая пачнецца мiтусня, туды-сюды, нiбыта ў мурашнiку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна цi ад Стэйна да Экмана, таксi, выклiканае ў адным месцы i адпушчанае ў другiм, абед, на гэты раз без вiна, а потым крутая лесвiца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкi Джойс правярае бухгалтарскiя кнiгi. I ўвесь гэты час мiсiс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе i вязаць дзiцячыя кофтачкi англiканскай мiсii, а вялiзная пашарпаная Бiблiя - першая хлусня Экмана пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*