KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Толькi няўцям было Бiму, што вiнавацяць яго несправядлiва.

- Укусiць хацеў! Укусi-iць! Амаль што ўкусi-iў!

Iван Iванавiч, перабiўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Бiма:

- Бiм! А прынясi мне пантофлi.

Бiм споўнiў гэта з ахвотаю i лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнiчыя чаравiкi i ўсунуў ногi ў пантофлi.

- Цяпер занясi пастаў чаравiкi.

Бiм зрабiў i гэта: па аднаму занёс iх пад вешалку.

Цётка прымоўкла, вылупiла вочы. Госць сказаў з пахвалою:

- Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. - Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. - А яшчэ ўмее што-небудзь?

- Ды вы сядайце, сядайце, - запрасiў Iван Iванавiч цётку.

Яна села, схавала рукi пад фартух. Гаспадар паставiў Бiму крэсла i загадаў:

- Бiм! На крэсла!

Паўтараць Бiму не трэба было. Цяпер усе сядзелi на крэслах. Цётка прыкусiла язык. Госць задаволена пакiваў нагою, прыказваў:

- Добра выходзiць, добра, добра.

Гаспадар хiтравата прыплюшчыў вочы да Бiма:

- А ну дай лапу. - I падаў руку.

Прывiталiся.

- Цяпер, дурненькi, павiтайся з госцем, - i паказаў на таго пальцам.

Госць падаў руку:

- Здароў, браток, здароў, значыцца.

Бiм зрабiў усё далiкатна, як i патрэбна было.

- А не ўкусiць? - асцярожна запыталася цётка.

- Ну што вы! - здзiвiўся Iван Iванавiч. - Падайце руку i скажыце: "Лапку!"

Тая i сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха i падала Бiму:

- Толькi не ўкусi, - папярэдзiла яна.

Ну, а тут няма як i расказаць, што зрабiлася. Бiм шарахнуўся на ляжак, падрыхтаваўся баранiцца, прыцiснуўшыся задам у куток, глядзеў у вочы гаспадару. Iван Iванавiч падышоў да яго, узяў за аброжак i падвёў да пакрыўджанае:

- Дай лапку, дай...

Не, не падаў лапу Бiм. Адвярнуўся i глядзеў на падлогу. Першы раз не паслухаў. I панура паплёўся ў свой куток, паволi, вiнавата i засмучана.

Вой, што тут зрабiлася! Цётка затараторыла, як сухая трашчотка:

- Ты ж мяне збэсцiў! - крычала яна на Iвана Iванавiча. - Нейкi задрыпаны сабака на мяне, савецкую жанчыну, увагi не мае! - I тыцкала пальцам на Бiма. Ды я... ды я... Пачака-ай!

- Даволi! - неспадзявана раўнуў на яе госць. - Брэшаш ты, значыцца. Не кусаў ён цябе i не збiраўся. Ён жа цябе баiцца, як чорт кадзiла.

- Ты не крычы, - прабавала яна абаранiцца.

Тады госць сказаў коратка:

- Кыш! - I загаварыў да гаспадара: - З такiмi iначай нельга. - I зноў цётцы: - Бач ты! "Савецкая жанчына" яшчэ мне... Iдзi адсюль! - рыкнуў ён. Яшчэ раз накаламуць - асмяю! Iдзi! - Скаргу ён парваў перад ёю.

Апошнi сказ госця Бiм зразумеў выдатна. А цётка пайшла маўчком, ганарлiва задраўшы голаў i нi на кога не гледзячы, хоць Бiм цяпер не зводзiў з яе вачэй i нават глядзеў яшчэ на дзверы пасля таго, як яна выйшла, а крокi яе зацiхлi.

- Вельмi ж вы з ёю... грубавата, - сказаў Iван Iванавiч.

- Iнакш няма як, кажу вам: увесь двор скаламуцiць - ведаю. Калi гавару, то ведаю. Во дзе яны ў мяне, гэтыя сплетнiцы i буяны, - ён паляпаў сябе па зашыйку. - Рабiць ёй няма чаго, яна i цаляе, каб куснуць каго. Дай такiм волю, увесь дом пойдзе цераз пень-калоду.

Бiм увесь час сачыў за тварам, за рухамi, iнтанацыяй i зразумеў выдатна: госць i гаспадар нiяк не ворагi, а нават, як здаецца, паважаюць адзiн аднаго. Назiраў ён доўга яшчэ, пакуль яны пра нешта гаварылi. Але калi даведаўся пра асноўнае, то астатняе яго мала цiкавiла. Ён падышоў да ног госця i ўлёгся, быццам хацеў гэтым сказаць: "Прабачце".

ЗАПIСКI ГАСПАДАРА

Сёння быў старшыня дамавога камiтэта, разбiраўся са скаргаю на сабаку. Выйграў Бiм. Мiж iншым, госць мой судзiў, як Саламон. Самародак!

Чаму ж Бiм загырчаў на яго спачатку? А, зразумеў! Я ж не падаў руку, сустрэў прышэльца сурова (давялося ж адкласцi паляванне), а Бiм рабiў усё па сабачай сваёй натуры: вораг гаспадара - i мой вораг. I тут павiнна быць сорамна мне, а не Бiму. Дзiва, якое тонкае ў яго адчуванне iнтанацыi, выразу твару, рухаў! Пра гэта абавязкова трэба памятаць.

Пасля была ў нас цiкавая гаворка са старшынёй дамавога камiтэта. Ён канчаткова перайшоў на "ты".

- Ты, - кажа, - толькi падумай: сто пяцьдзесят кватэр у мяне ў доме. А чатыры-пяць баламутак-гультаек могуць такога нарабiць, што жыць людзям не будзе як. I ўсiх я iх ведаю, i ўсе баяцца, а цiшком клянуць. На дурнога ж жыхара нават i ўнiтаз бурчыць. Дальбо!.. Самы мой страшны вораг хто? Ды той, хто не працуе. У нас можна i так, брат: не працаваць, а есцi, што аж жывот трэскаецца. Тут нешта не тое, скажу я табе шчыра. Нешта не так, значыцца... Можна, можна не працаваць. Бач ты! Вось ты, напрыклад, што робiш?

- Пiшу, - спакойна адказваю яму, хоць не зразумеў жартуе ён цi сур'ёзна гаворыць (вясёлыя людзi часта так могуць).

- Ды цi ж гэта работа! Сядзiш - нiчога не робiш, а грошы, нябось, плацяць?

- Плацяць, - адказваю. - Але ж я мала палучаю - стараваты стаў, за пенсiю жыву.

- А да пенсii - хто?

- Журналiст я. У газетах рабiў. А цяпер патроху пiшу пра тое-сёе дома.

- Пiшаш? - паблажлiва перапытаў ён.

- Пiшу.

- Ну давай, калi на тое пайшло... Вядома, ты чалавек, вiдаць, нядрэнны, а тут бачыш... Вось яно то i ёсць. Я таксама на пенсii, сто рублёў, а працую старшынёй дамкама. Я прывык працаваць, усё жыццё кiрую, i з наменклатуры не выцiснулi, i на другi захад не iшоў... Пад канец ужо зацерлi: нiжэй, нiжэй. Апошняе месца - маленькi заводзiк. Там i пенсiю далi: замiнка крыху выйшла... Працаваць павiнен кожны. Я так думаю.

- Але ж у мяне работа таксама цяжкая, - спрабаваў я апраўдвацца.

- Гэта пiсаць? Глупства. Каб быў ты малады - дабраўся б я i да цябе. Ну, а калi пенсiя... А так, калi маладыя ды не робяць, выкурваю з дома: iдзi на работу, а не - кацiся абаранкам.

Ён i сапраўды насланнё на гультаёў у доме. Здаецца, галоўнае цяпер у яго ў жыццi - даканаць гультаёў, сплетнiкаў i дармаедаў, але затое - i павучаць усiх па парадку, што ён i робiць ахвотна. Даказаць яму, што пiсаць - таксама работа, аказалася немагчыма: тут ён цi хiтрыў з падводным гумарком, цi быў проста паблажлiвы (няхай, як гаворыцца, пiшуць пакуль што - гультаi ёсць i не такiя).

Пайшоў ён добры, без хiтрыкаў, пагладзiў Бiма i сказаў:

- А ты жывi, значыцца. Але з Цёткаю не займайся. - I да мяне: - Ну, бывай. Пiшы, вiдаць, што зробiш, калi такая справа.

Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi. Бiм правёў яго да дзвярэй, вiляў хвастом i зазiраў у твар. У Бiма з'явiўся новы знаёмы: Павел Цiтавiч Рыдаеў, у абыходзе: "Палцiтыч".

Затое ў Бiма з'явiўся i вораг: Цётка, адзiны чалавек з усiх людзей, якiя яму не вераць. Сабака спазнаў паклёпнiка. Але паляванне прапала. Бывае так: чакае чалавек добрага дня, а мае адны непрыемнасцi. Бывае.

Раздзел 4

ЖОЎТЫ ЛЕС

У адзiн з наступных дзён досвета яны ўдвух выйшлi з дому. Спачатку ехалi на трамваi, стоячы на пляцоўцы. Вагонаважатая аказалася знаёмая Iвану Iванавiчу i Бiму. Вядома ж, Бiм прывiтаў яе, калi яна выходзiла перакiнуць стрэлку. Важатая пацерабiла яго за вуха, але Бiм не лiзнуў у руку, а проста патупаў лапамi, седзячы, i адстукаў хвастом адпаведнае прывiтанне.

Потым, ужо за горадам, ехалi на аўтобусе, у якiм было толькi пяць-шэсць чалавек у такую рань. Калi садзiлiся, шафёр нешта прабурчаў, паўтараючы "сабака" i "няма дазволу". Бiм лёгка ва ўсiм разабраўся: шафёр не хоча iх везцi, i гэта дрэнна, - гледзячы на твары зразумеў. Адзiн пасажыр заступiўся за iх, другi, наадварот, паддакнуў шафёру. Бiм зацiкаўлена глядзеў на спрэчку. Нарэшце шафёр выйшаў з аўтобуса. На парозе гаспадар даў яму жоўценькую паперку, узышоў па прыступках разам з Бiмам, сеў на сядзенне i журботна ўздыхнуў: "Эх-хэ-хэ!"

Бiм даўно прыкмецiў, што людзi мяняюцца нейкiмi паперкамi, якiя пахнуць бог ведае чым. Аднаго разу ён пачуў, што адна з тых, што ляжалi на стале, пахне крывёю, патыкаў у яе носам, каб заўважыў гаспадар, але той i ў вус не дзьмуў - бясчутны! - а толькi паўтараў сваё "нельга". Ды яшчэ i замкнуў паперкi ў шуфлядзе. Некаторыя, пакуль чыстыя, пахнуць хлебам, каўбасою, наогул, магазiнам, але амаль усе - безлiччу рук. Людзi любяць iх, гэтыя паперкi, хаваюць у кiшэнi, у шуфляды, як гаспадар. Хоць у гэтым Бiм мала петрыў, аднак сцямiў: як толькi гаспадар даў шафёру паперку, яны пасябравалi. Але чаму ўздыхнуў Iван Iванавiч, Бiм не разумеў, i было гэта прыкметна па яго пiльнаму позiрку ў вочы свайму сябру. Наогул, пра магiчную сiлу паперак ён i прыблiзна не здагадваўся - недаступна гэта сабачаму розуму, не ведаў ён, што яму яны некалi саслужаць пагiбельную службу.

Ад шашы да лесу iшлi пяшком.

Iван Iванавiч спынiўся на ўзлеску адпачыць, а Бiм паблiзу аблазiў мясцовасць. Такога лесу ён яшчэ не бачыў нiколi. Лес-то, прынамсi, той самы яны былi тут вясною, прыходзiлi i летам (так, пагуляць), але цяпер усё тут навокал было жоўтае i барвовае, здавалася, што ўсё гарыць i свецiць разам з сонцам.

Дрэвы толькi-толькi пачалi распранацца, i лiсце падала, пагойдвалася ў паветры, нячутна i павольна. Было халаднавата i лёгка, а таму i весела. Пах восеньскага лесу - незвычайны, непаўторны, моцны i чысты такi, што за дзесяткi метраў Бiм чуў, дзе гаспадар. Лясную мыш ён "прыхапiў" здалёку, але не пайшоў за ёю (яна вядомая драбяза), а вось нешта жывое так шыбанула ў нос, што Бiм прыпынiўся. А як падышоў, забрахаў на калючы мячык.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*