Масей Седнев - Раман Корзюк (на белорусском языке)
- Ужо ня будзе й лекцыi? - уськiнуў прафэсар на Мялешку спалоханы пагляд сваiх вачэй.
- Такi загад, таварыш прафэсар.
Пiятуховiч заўсёды баяўся сходаў - ён нiколi нiчога добрага для сябе не чакаў ад iх. Тым болей баяўся сягоняшняга сходу. Пiятуховiч даведаўся аб арыштах яшчэ перад заняткамi i добра ўяўляў сабе, якi гэта будзе сход. Згроб свае сьпiсаныя алавiком лiсткi, паклаў iх асьцярожна ў партфэль. Паглядзеў неяк асаблiва на студэнтаў i ягоныя вусны зноў склалiся ў журботную i вiнаватую напаўухмылку. Пiятуховiч быццам разьвiтваўся iз студэнтамi. Здавалася - прафэсар шкадуе, што ягоная лекцыя засталася не прачытанай. На самай-жа справе, гэта было ня так: Пiятуховiч баяўся, што гэта ягоная апошняя лекцыя наагул. I Пiятуховiч не памыляўся.
Студэнты паднялiся з-за сталоў, але з аўдыторыi ня выходзiлi, стаялi гуртам, зачыналi гаворку, хаця яна хутка й абрывалася.
- Шынкевiч, а чаму цябе не арыштавалi? - распачала свой звычайны ход Дзiчкоўская i пайшла, сьмяючыся, на яго з кулакамi. - Чаму вас усiх не арыштавалi - i цябе, i цябе, i цябе! - бiла яна з падскокам кожнаму ў жывот сваiмi маленькiмi кулакамi. - Ня люблю я такiх хлопцаў. Вы нiкому непатрэбныя!
Яна шукала яшчэ Мялешку, але той ужо пасьпеў выйсьцi.
- Хто куды, а я ў буфэт! - пераводзячы на iншае гутарку, выгукнуў Пелагейчык. - Оля пабiла жывот кулакамi, дык балiць - пайду палячу малачком.
- Iдзеце й вы ўсе з Пелагейчыкам, я-ж вас усiх пабiла, - лячыць свае жываты! Зараз-жа! Каб вас болей я тут ня бачыла!
Жарты Дзiчкоўскай памаглi мала - нiхто асаблiва не сьмяяўся. Лагоўская не сказала нi слова. А Ларыса адыйшлася ад гурту i стала ля вакна, углядаючыся ў голыя галiнкi дрэў на панадворку.
Калi выйшлi на карыдор, убачылi ля дошкi абвестак натоўп студэнтаў. Дзяўчаты накiравалiся туды. Загадам дырэктара выключалiся з складу студэнтаў усе арыштаваныя. Дзяўчаты табунком павярнулi да выхаду, сцiшаныя i сумныя.
На дварэ сеелася iмжа. Дзяўчаты тулiлiся адна да аднэй, настаўлялi каўняры - зябка. У паветры як-бы малолася вiльгаць i, прасееная, як на самым тонкiм сiце, спадала нi то сьцюдзёнай зольлю, нi то дажджом. Дрэвы ад ветру хiсталiся i з iх сыпалiся буйныя кроплi дажджу. Дзяўчаты перайшлi на другi бок вулiцы, дзе ня было прысадаў. Iхныя валасы хапаў вецер i яны часта спынялiся, павяртаючыся сьпiной да ветру. Але ўсё роўна ён даймаў iх, безабаронных, у паношаных палiтончыках нарасхлiст. На завароце сквiлiлi трамваi, ахутаныя дажджанай iмглой.
У карыдоры манастыру дзяўчаты ўгледзелi бацькоў Валi Камоцкай, якiх яны ведалi яшчэ з ранейшых часоў, калi яны прыяжджалi ў Менск наведаць дачку. Цяпер яны прыехалi за дачкiнымi рэчамi. Стаялi ля ўваходу ў манастыр дзяўчаты, iдучы на заняткi, прымкнулi сваю багадзельню. Гуртам увайшлi ў хату. Бацькi Камоцкай горка заплакалi, угледзеўшы сiратлiвы ложак свае дачкi. Мацi Валi была мяккога характару i ўсё сьлязiлася. Бацька, няпрыметна выцершы сьлязiнкi, што дрыжэлi на ягоных вейках, узяўся за работу: складаў рэчы, пакаваў, зьвязваў. Мацi гаманiла з дзяўчатамi, распытвала пра дачку, як яе арыштавалi, за што, цi пiша яна да iх i што яны думаюць будзе з ёй. Дзiчкоўская, як магла, суцяшала яе, сказала, што можа яшчэ Валю й выпусьцяць. Лагоўская таксама спрабавала супакоiць Валiну мацi, гаворачы, што не адну-ж яе арыштавалi, на што Камоцкая-мацi адказала:
- А от вас-жа не арыштавалi.
- Можа яшчэ арыштуюць, - пацешыла яе Дзiчкоўская.
- Крый Божа, каб я гэтага хацела. Я гэта толькi так сказала.
- Пагаманiла й хопiць. Пара нам кратацца, - зьвярнуўся Камоцкi да сваёй старой.
Стоячы ля парогу i гатовыя выйсьцi, яны яшчэ раз падзяквалi, што Валiны рэчы засталiся цэлымi. Ад парогу яны прыкмецiлi на сьцяне свой партрэт у рамачцы.
- Iдзi, стары, здымi! Хай не назаляе паненкам. Досыць яны ўжо нагледзелiся на нас з табою.
Валiн бацька зьняў рамачку, i месца, якое яна займала, цяпер выглядала бялейшым i чысьцейшым у параўнаньнi з цэлаю сьцяною.
- Бачаце, памяць аб вас усё роўна застанецца, - не сьцярпела й тут каб не пажартаваць Дзiчкоўская.
Старыя выйшлi. На Валiным ложку застаўся цяпер толькi адзiн парыжэлы матрац, падкрэсьлiваючы й без таго пусьцiню i няўтульнасьць у хаце.
За сьценамi хлюпацеў дождж, сек шыбы i дзяўчатам не хацелася йсьцi на агульны сход, хоць i трэба было.
28
Удзень НКВД, можна сказаць, не працавала: яно ажывала толькi ўначы. Удзень тут панавала змора i нехаць, жыцьцё як-бы драмала, схаваўшыся ў патайных куткох, i тое, што тут i рабiлася, выглядала звычайнай работай нармальнай установы. Удзень НКВД як-бы шчупульвалася, абыякава пазяхала за столiкамi, пiло каву, толькi часамi ажывала ад лiсьлiва-кароткiх усьмешак прыгожых працаўнiцаў, што раптам зьяўлялiся i зьнiкалi, невядома куды. Удзень НКВД як-бы ўсяго толькi й рабiла, што з падкрэсьленай далiкатнасьцяй прыймала нейкiх наведвальнiкаў i, пасьля марудна-доўгiх гутарак, выпушчала iх на вулiцу, пасьпешна зачыняючы за iмi дзьверы, быццам баючыся ўсяго вонкавага, што нечакана магло ўварвацца сюды. Удзень НКВД адпачывала, як пасьля пякельна цяжкой працы. Яно маскавалася ў культурную i дабрадзейную ўстанову, што ня выклiкае i ня можа выклiкаць якiх-небудзь спэцыяльных асацыяцыяў, зьвязаных з ейным iмём. I калi-б вы йшлi гэтым часам па вулiцы, вы маглi-б падумаць, што гэта самая бясьпечная ўстанова i што з ёю нават зацiшней у сьвеце. Так выглядала гэтая ўстанова ўдзень.
А з начой ейныя вокны цямнелi i нейкiя ценi бiлiся сполахам у iх. На момант сьвятло ад трамвая, што праiмчыцца тут, адбiвалася ў iхнай глыбiнi i гасла, не прабiваючы яе. З цёмнага прадоньня вокан, здавалася, нехта глядзеў на вас i сачыў за вамi, дармо што, як выглядала, установа была зачыненай. У нiводным вакне вы не маглi пабачыць сьвятла - для вока людзскога гэта быў мёртвы будынак, што заснуў на цэлую ноч. На самай-жа справе, у ягоных унутраных, падземных лябiрынтах iшло сваё жыцьцё, варочалася, прыглушанае й зацiснутае ў сховах.
Начальнiк НКВД Бэрман асабiста паклiкаў да сябе ў габiнэт на нараду галоўнага тэарэтыка й стратэга па нацдэмаўшчыне Цiмошку, а за адно з iм i некалькi iншых сваiх адказных працаўнiкоў-экспэртаў, а таксама сьледчых, у тым лiку Палiтыку й новапрыбылага Пушкiна, што толькi вярнуўся з заданьня - усяго чалавек дзесяць. Слаба асьветлены вялiкi габiнэт начальнiка беларускага НКВД быў добра абсталяваны, з дыванамi на падлозе i на сьценах. Але ня гэтая акалiчнасьць зьвяртала на сябе ўвагу. Уражвала ягоная поўная iзаляванасьць, здавалася, што ён кругом быў абабiты тоўстым лямцам, якi нiчога не прапускаў: нi крокаў, нi голасу. Што-б хто нi гаварыў - усё глухла, i стваралася ўражаньне, быццам вы знаходзiцеся ў каюце падводнай лодкi, на якую цiсьне страшэнная тоўшча вады, i ад гэтага цiску ў вас балiць галава.
Начальнiк НКВД сядзеў у крэсьле за вялiкiм сталом, накрытым сукном, а за меншымi столiкамi - насупраць i побач яго - расьселiся запрошаныя. Iхныя твары асьвячалiся лямпамi, што гарэлi ў кажнага з iх на столiках, так што начальнiк НКВД мог добра бачыць кожнага з iх. Падняўшыся, Бэрман адчынiў нараду громкiмi словамi:
- Беларускае НКВД, таварышы, як вы ведаеце, пагранiчнае НКВД i на яго ўскладваецца падвойная задача - лiквiдацыя ня толькi ўнутранай кантррэвалюцыi, а й замежнай агентуры. Сказаць толькi, што НКВД - гэта меч дыктатуры пралетарыяту, яшчэ замала: трэба, каб гэты меч не ржавеў! Як начальнiк НКВД, мушу давесьцi да вашага ведама, што ў Маскве нашым, беларускiм НКВД, незадаволеныя. Там сьцьверджаны факт, што яно, iменна як пагранiчнае НКВД, не спаўняе сваiх абавязкаў. Асабiста таварыш Сталiн незадаволены намi, разгневаны нашым склаўшы рукi сядзеньнем. Вы можаце ўявiць, што гэта можа азначаць? Увесь цяжар вiны, зразумела, ляжыць на мне, але - не таюся - у сваю чаргу я знайду таксама вiнаватых. Нашу ўнутраную кантррэвалюцыю, як духоўна, гэтак i матэрыяльна, жывiць, як ведама, замежная разьведка. Яна стварыла ў нас ня толькi ачагi кантррэвалюцыi, але й навiла гнёздаў шпiгунства. Побач трацкiстка-бухарынскага ахвосьця, самая небясьпечная ўнутраная кантррэвалюцыя ў нас на дадзеным этапе - нацдэмы. Нацдэмы - гэта памагатыя замежнай разьведкi. З лiку нацдэмаў разьведка навярбавала сабе шпiёнаў, дывэрсантаў i тэрарыстаў. Драпежныя лапы замежнай разьведкi працягнулiся аж да самага нашага НКВД. Мы, седзячы ў сваiх габiнэтах, чакаем пакуль вораг сам ня прыйдзе да нас, не пастукаецца ў нашыя дзьверы i ня здасца нам. Мы пляцёмся ў хвасьце, мы адсталае НКВД, а адсталых, як сказаў таварыш Сталiн, б'юць. Памятайма словы Сталiна: "Калi менскае НКВД сьпiць, яго разбудзiць маскоўскае". Я патрабую як найхутчэйшага заканчэньня нацдэмаўскай справы. Адкрыты працэс нацдэмаў - гэта канкрэтная нагода рэабiлiтаваць сябе. Як нядаўна на допыце сказаў мне былы мiнiстр Беларускай народнай рэспублiкi (БНР) пан Цьвiкевiч, якi, дарэчы, сядзiць у нас ужо цэлы год, нацдэмаўская справа страцiць сваю вайстрыню, калi мы будзем яе адцягваць. Я сягоньня паклiкаў вас сюды, каб ад вас, як ад знаўцаў i спэцыялiстаў справы, даведацца, якiя рэальныя магчымасьцi ёсьць для таго, каб у самым блiжэйшым часе распачаць адкрыты працэс нацдэмаў. Слова для дакладу мае таварыш Цiмошка.