Масей Седнев - Раман Корзюк (на белорусском языке)
Я даўно ведаю гэтыя абшары - Менскiя, Вiленскiя, Слуцкiя, Магiлеўскiя. Маладосьць мая пакiнула сьляды й памяць на гэтых абшарах. Рэвалюцыя кiдала мяне ў самы вiр жыцьця. Менск быў апошняй маёй авантурай, як назваў гэта Цiмошка ў сваiм досьледзе Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Беларусi. Але Цiмошка, мусiць памылiўся. Вось цяпер ужо Менск - гэта хiба мая апошняя авантура, сапраўды... Ромусь, трэба канчаць ужо. Наслухаўся ты мяне досыць. Позна ўжо. Позна ўжо наогул. Ня бойся свайго дня, як не баяўся я. Я буду наведваць цябе i там. Ты ня згiнеш. Iдзi туды! Бачыш, як я табе памагаю? Толькi йдзi на ўвесь рост! Ня прысядай! Чуеш мяне? Нешта й духу твайго ня чуваць!
Раман Корзюк, як акамянелы, увесь гэты час стаяў ля вакна i слухаў Кандраценю, яго нязвычайную гаворку, споведзь i запавет. Кандраценеў напамiнак аб мацi засмуцiў Рамана, якому стала шкада сваiх родных, што цяпер ня з iм, недзе ў iншай краiне пакутуюць, наракаючы на сваю долю i вiнавацячы ўва ўсiм яго. А ён тут таксама адзiн сумуе па iх, хоць яны й ня ведаюць пра гэта. Думаюць, што ён усё-ж такi, як i быў, жыве сабе бястурботна й бадзяецца абы дзе. Яны таго ня ведаюць, што ён цяпер стаiць во ў пацёмках i душа яго заходзiцца па iх. Раман думаў, што каб яны былi цяпер на сваiм хутары, яны чулi-б яго i яму было-б лягчэй, а так яны на тым баку i таму iх няма як-бы на сьвеце зусiм. I што iх няма, у тым толькi ён адзiн вiнаваты. Каб ён не адводзiў iх туды, яны былi-б тут разам з iм, i ён ня мусiў-бы во слухаць Кандраценю i не баяўся-б яго. Яму здавалася, што на цэлым сьвеце ён застаўся толькi з адным Кандраценем, i што апрача яго, у яго няма цяпер нiкога. Адчуваньне было такое, быццам ён ехаў у акiяне на вялiкiм параплаве, на якiм было многа пасажыраў, але параплаў гэты няўцям затануў i з усiх пасажыраў, якiя былi на гэтым параплаве, у жывых застаўся толькi ён адзiн з Кандраценем, i вось цяпер знаходзiцца з iм у вадным цесным труме на самым дне акiяну.
- Што-ж ты маўчыш, Ромусь?
Раман Корзюк нiчога не адказваў Кандраценю. Заскрыпелi палавiцы на кухнi, i ў дзьверы, што вялi туды з Раманавага пакою, пастукалася, як трэба было думаць, гаспадыня. I сапраўды, увайшла гаспадыня з лямпай у руках. Ад нечаканага сьвятла Кандраценя зажмурыўся за сталом, а Раман падыйшоў да гаспадынi i, узяўшы ў яе з рук лямпу, паставiў на маленькi зэдлiк у кутку. Раман быў рады гаспадынiнаму прыходу.
Генадзь Кандраценя, хуценька падняўшыся з-за стала, усьмiхаўся, чакаў, пакуль яго пазнаёмiць Раман з гаспадыняй. Але Корзюк ня прыкмячаў гэтага. Тады Кандраценя сам фанабэрыста падыйшоў да гаспадынi i прывiтаўся з ёю, пацалаваўшы ёй руку. Але прозьвiшча свайго не назваў. Гаспадыня на момант зьбянтэжылася, але хутка знайшла што сказаць:
- У цябе, - звярнулася яна да Рамана, - няма пасьцелi для госьця, дык я прынясу i пасьцялю во тут на гэтым дыванчыку, хай нам даруе госьць.
Раман, канешне, добра ведаў, што на самай справе гаспадыня прыйшла да яго, каб пабачыць "госьця".
- Дзякую, дзякую, нажаль, мне трэба йсьцi ўжо, i так заседзеўся во позна, - сказаў Кандраценя такiм тонам, якi не дапушчаў угаворую
Гаспадыня пастаяла яшчэ з хвiлiну, сказала дабранач i, акiнуўшы вачыма, пайшла назад у кухню.
Кандраценя сапраўды хутка пакiнуў Корзюка, адзiнотнага i распачлiвага ў сваiх думках.
22
Iнстытут высыпаўся на двор Унiвэрсытэцкага гарадка i станавiўся ў чацьвёркi. Але гэтыя чацьвёркi фармавалiся не адразу, марудна й неахвотна. Пагода была халаднаватая, i нiхто не сьпяшаўся вылазiць з будынку. А тыя, што ўжо стаялi ў чацьвёрках, бачачы такую замаруджанасьць, разыходзiлiся i працiскалiся назад у будынак. Асаблiва зяблi студэнткi. Выкладчыкi стаялi за шырокiмi дзьвярыма ў сярэдзiне i назiралi адтуль: яны чакалi пакуль не зарганiзуецца iнстытуцкая калёна. Аркестра вучылася яшчэ ў падвале, i адтуль даносiлiся такiя галасы, быццам там каго рэзалi цi зьдзеквалiся. Плякаты, партрэты, транспарэнты i сьцягi былi ўжо вынесеныя i стаялi каля ўваходу, але тымчасам нiхто iх не разьбiраў. Каля iх круцiўся толькi Сьцяпан Мялешка i нешта меркаваў. Парадку ня было. Натоўп гудзеў на розныя галасы, сьмяяўся, гаварыў, грэўся i быццам адцягваў арганiзаванае выступленьне з Гарадка.
Па Савецкай даўно ўжо йшлi дэманстранты з музыкай, песьнямi i калыхлiвым бязладзьдзем сьцягоў, плякатаў, партрэтаў. Беларускi Дзяржаўны Ўнiвэрсытэт i Мэдiнстытут ужо вырушылi з Гарадка, абыходзячы з правага боку пэдiнстытут, сьмяючыся i жартуючы з ягонай няўпраўнасьцi. Але вось падаў каманду загадчык Ваеннай кафэдры станавiцца ў чацьвёркi. Дзесьцi ў натоўпе зарагаталi i голас загадчыка Кафэдры - ня дужа моцны - прапаў у тлуме, сквiле i гомане. Загадчык узьняў свой голас яшчэ, але натоўп заставаўся натоўпам. Тады ён пачаў хадзiць узад i ўперад, стаўляючы сам першыя чацьвёркi, пераважна з дзяўчат, як больш паслухмянага элемэнту. Нейчы звонкi голас з натоўпу жартлiва падаў сваю каманду i толькi па гэтай камандзе заварушылiся студэнты, становячыся падкрэсьлена павайсковаму ў шарэнгi. Так пакрысе пачала вызначацца калёна. Падыйшлi й iншыя падпiхачы - сакратар парткому, выкладчыкi фiзкультуры, адказныя за арганiзацыю кастрычнiцкай манiфэстацыi i iншыя актывiсты. Натоўп як растаў. Замест яго вырасла на ўсю сваю даўжыню калёна й застыла ў маўклiнi. Толькi зрэдку перабягалi з аднае чацьвёркi ў другую дзяўчаты, шукаючы зацiшных хлапцоўскiх плячэй. Iхныя касынкi матлялiся на ветры й гарэлi аганькамi. Нарэшце, выйшлi з-за шкляных дзьвярэй выкладчыкi i сталi ў галаве калёны. Усё агалела. Толькi на сходках усё яшчэ сьпiсваў з натуры i завяршаў свой твор студэнт Мень. Натурай быў Раман Корзюк. Раман стаяў у нейкай трагiчнай позе i нiкуды не глядзеў, застыгшы, як помнiк, на ўвесь свой рост, стоячы высока на сходках, быццам тое, што адбывалася на двары, было для яго толькi фонам. А Мень, Раманаў аднакурсьнiк, раз-поразу кiдаў на яго то адным, то другiм прыжмураным вокам i ўсё сьпяшаўся накiдаць Рамана на паперу. Мень доўга ганяўся за Раманам, як за мадэляй, i сягоньня ён прост сiлком затрымаў яго на сходках на той вышынi, на якой ён здаваўся яму нязвычайным i манумэнтальным перад натоўпам унiзе. Гэтак зарадзiлася кампазыцыя твору ў мастака Меня. I Раман Корзюк гатовы быў служыць яму сваёй постацяй. Дзiчкоўская i Лагоўская з калёны любавалiся экстравагантнасьцяй гэтага моманту. Але хутка ўзабраўся на сходкi Сьцяпан Мялешка i сьпёр iх далоў. Пачалi раздаваць сьвяточны матэрыял партрэты, сьцягi, плякаты, транспарэнты, каб усё гэта ўзьнялося ўгору й пайшло.
Корзюк стаў у чацьвёрку недзе пасярэдзiне калёны, але загадчык Ваеннай кафэдры перагнаў яго наперад, як рослага. Дзiчкоўская пабегла за iм i стала ў аднэй з iм чацьвёрцы, нясучы Кагановiча.
Вецер узьняўся мацнейшы. У вышынi i на даляглядзе ён шпарка гнаў парваныя хмары на ўсход, i яны, як iльдзiнкi ў моры, iмклiва плылi, засланяючы i адкрываючы блакiтна-сiнiя вокны ў глыбокiм небе. Стаяў халодны восеньскi дзень. Ад холаду людзi зызлi. З iх рук вецер вырываў сьцягi, плякаты, партрэты, тузаў i рваў iх. Таму нiхто нiчога не хацеў несьцi, хоць i трэба было. Мялешка з загадчыкам кафэдрай i сакратаром партарганiзацыi раздалi ўжо шмат сьвяточнага матэрыялу, але яшчэ шмат яго i заставалася. Трэба абавязкова было ўсталiць у галаве калёны самы вялiкi партрэт Сталiна. Партрэтаў Сталiна было ўжо поўна па ўсёй калёне, але ў Мялешкi быў свой плян: каб усiх маленькiх сталiнаў ззаду засланяў вялiкi Сталiн наперадзе. У галаве калёны кожны ўжо што-небудзь трымаў, апрача Корзюка, i Мялешка наважыўся аддаць вялiкага Сталiна яму. Мялешка паднёс партрэт да Рамана i папрасiў яго ўзяць. Але Раман, як трымаў свае рукi ў кiшэнi, так i заставаўся, спакойна i холадна гледзячы на Мялешку. Мялешка паставiў партрэт цаўём на зямлю.
- Ня хочаш?
- Не хачу!
- Тады выйдзi з калёны.
- Ты мяне сюды ня ставiў.
Заднiя за Раманам чацьвёркi насьцярожылiся, пярэднiя павярнулiся назад.
- Значыць, не бярэш?
- Не бяру.
Сьцяпан Мялешка падняў Сталiна i перадаў некаму iншаму.
Сакратар партарганiзацыi сказаў нешта на вуха загадчыку Ваеннай кафэдры i той голасна скамандваў:
- Студэнт Корзюк, выйдзеце з калёны!
Як сапраўдны жаўнэр, Корзюк выйшаў, выцягнуўся на зважай на ўвесь свой рост перад загадчыкам Ваеннай кадэдры:
- Куды загадаеце стаць?
Загадчык кафэдры ня ведаў, што адказаць i зьбянтэжана глядзеў на сакратара партарганiзацыi, але й той разгубiўся.
- Iдзеце дахаты! - знайшоў што, нарэшце, сказаць загадчык кафэдры.
- Ёсьць дахаты!
I Раман Корзюк хутка адыйшоўся на бок i стаў на дашчаным тратуары перад усёй калёнай. Калi ён яшчэ стаяў перад загадчыкам Ваеннай кафэдры, выцягнуўшыся як вайскавiк, ён думаў збыць свой паступак жартам, надаць усёй гэтай гiсторыi гiранiчна-кплiвы сэнс, але з самага мамэнту, калi ён апусьцiў узьнятую было да скронi сваю руку, Раманава жартаўлiвасьць прапала i ён стаяў цяпер пераможаным, нiкчэмным i ўдвая нiжэйшым. Уся калёна моўчкi глядзела на яго. Мень памкнуўся быў i тут схапiць мамэнт трагiзму ў вобразе Корзюка, але яго ўпхнулi назад у калёну.
Выйшла з падвалу аркестра i стала на самым перадзе. Вялiкi Сталiн быў узьняты ўгору. Зайгралi туш, i калёна ўлiвалася ўжо ў вагромнiстую ляву дэманстрацыi, што плыла па Савецкай. I толькi адзiн Раман Корзюк, як быў, гэтак i заставаўся стаяць на тратуары, пакiнуты грамадой.