KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Лячыўся Бiм яшчэ пяць дзён. Кармiўся чым бог пашле, але лячыўся настойлiва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапiў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапiўся i даў дзёру. Бiм i не спрабаваў яго даганяць. Не дагонiць i здаровы сетэр, а хвораму нечага i думаць. Правёў вачыма, аблiзаўся, ды i ўсяго. Аднак лес не крыўдзiў Бiма, ён сяк-так кармiўся - дрэнна, вядома, але пракармiўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы i недаядання, ды зёлкi зрабiлi сваё - Бiм не толькi застаўся жыць, але знайшоў магчымасць iсцi далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. I зноў жа гэта прыйшло без асаблiвага розуму, а толькi ад сэрца, адданасцi i вернасцi.

Калi зноў наведаўся да палянкi з пяньком, прылёг Бiм, устаў, i яшчэ прылёг, i яшчэ ўстаў. Вiдаць, вырашыў ён, што Iвана Iванавiча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там i тут затрымлiваўся толькi на хвiлiнку i зноў вяртаўся. Вельмi моцны непакой адчуваўся ва ўсёй гэтай бегатнi туды-сюды; непакой мацнеў. Нарэшце ён прабег усё-такi паўз пянёк, не прыпынiўся, а цiхенькаю рыссю пакiраваў да шашы. Гэта было надвячоркам, калi сонца толькi збiралася на адпачынак.

У горад Бiм прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавiта гэтае святло i турбавала Бiма. Такога з iм нiколi не было раней. I ён пайшоў асцярожна i адначасова паспешна, колькi дазваляла здароўе, кiруючыся, вядома, дадому, да - гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсi, да Толiка: усе яны, вiдаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраiнным новым раёне, сярод тых дамоў-блiзнят, Бiм вырашыў абысцi небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скiраваў на бакавую вулiцу i ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзiць i нечакана замёр ля варотцаў: Толiкаў след. Хлопчык, якога так палюбiў Бiм, прайшоў тут. Вось толькi-толькi прайшоў. Варотцы былi зачынены, але Бiм не задумваючыся палез паднiз i пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькi, вось толькi прайшоў! Гэта быў малюсенькi парк-сад, а пасярод яго стаяў невялiчкi двухпавярховы дом. Туды i павёў след.

Бiм падышоў да дзвярэй, у якiя толькi нядаўна зайшоў Толiк. Прывучаны са шчанячага ўзросту кожным дзвярам давяраць, ён падрапаўся i ў гэтыя. Адказу не было. Бiму ж не здагадацца, што такiя яго паводзiны ля гэтых дзвярэй можна было назваць нахабствам наiўнага. Але ён яшчэ раз падрапаў, яшчэ мацней.

За дзвярыма пачуўся жаночы голас:

- Хто тут?

"Я - адказаў Бiм. - Гаў!"

- Гэта яшчэ што такое? Толiк! Нехта да цябе з сабакам. Гэтага толькi не хапала!

"Я, я, - сказаў Бiм. - Гаў, гаў!"

- Бiм, Бiм! - закрычаў Толiк i адчынiў дзверы. - Бiм, мiлы Бiм, Бiмка! - I абняў яго.

Бiм лiзаў рукi хлопчыку, куртачку, пантофлi i бесперастанку глядзеў яму ў вочы. Столькi было надзеi, веры i любовi ў позiрку сабакi, якi гэтулькi вытрываў!

- Мама, мама, ты паглядзi, якiя ў яго вочы! Чалавечыя! Бiмка, разумны Бiмка, знайшоў сам. Мама, сам знайшоў мяне...

Ды мама не вымавiла нi слова, пакуль сябры радавалiся сустрэчы. Але калi захапленне ацiхла, яна запытала:

- Гэта той самы?

- Ага, - адказаў Толiк. - Гэта Бiм. Ён добры.

- Зараз жа праганi.

- Мама!

- Зараз жа!

Толiк прытулiў Бiма да сябе.

- Не трэба, мама, калi ласка! - I заплакаў.

Музычна празвiнеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:

- Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толiк? - Ён зняў палiто, разуўся, уссунуў пантофлi i, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: - Ну чаго ты, дурненькi? - I пагладзiў Толiка па галаве, палашчыў за вушка i Бiма. - Бач ты! Сабачка. Глядзi, якi сабачка. Бач, якi сабачка... худы.

- Тата, тата, ён добры, Бiм. Не трэба.

Мама цяпер ужо закрычала:

- Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзiця! - Яна загаварыла на "вы": - Будзеце локцi кусаць, Сямён Пятровiч, але позна.

- Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна. - I павёў яе ў далёкi пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.

З усяго гэтага Бiм зразумеў, што Мама не хоча Бiма, а Тата - за яго, i што ён пакуль што застанецца ў Толiка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы i тады, калi б яму заткнулi вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымi вушамi i разумнымi вачыма. Як не зразумець! I праўда, Толiк павёў Бiма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькi Толiкам).

Нi Бiм, нi Толiк не чулi, што далей гаварылi Мама i Тата.

А там было вось што:

- Нашто ты крычыш пры Толiку такiя словы: "Скалечыш дзiця" i ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.

- А гэта не згуба: вiдавочна хворы сабака, бадзяга - i ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выганi сабаку!

- Эх, мацi, мацi! - уздыхнуў Сямён Пятровiч. - Нi грама ты не знаеш, што такое тактыка.

- Прападзi ты пропадам, Сямён Пятровiч, са сваёю тактыкаю!

- Ну вось, зноў за сваё... Трэба ж з галавою рабiць: i Толiка не траўмiраваць, i сабаку прыбраць. - Потым нешта пашаптаў ёй на вуха i кончыў: Так i зробiм: прыбяром.

- Так бы i сказаў адразу, - супакоiлася Мама.

- Не мог жа я гэта сказаць пры Толiку... А ты, дурненькая, завялася: "Прападзi з тактыкаю". - Ён пагладзiў яе па шчацэ (гэта значыць, памiрылiся).

Яны зайшлi да Толiка. Мама сказала:

- Ну, хай жыве, што ж...

- Вядома, хай жыве, - падтрымаў Тата.

Толiк зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму i Тату, ён расказваў пра Бiма i паказваў усё, што той умее.

Гэта была шчаслiвая сям'я, дзе ўсе цяпер былi задаволены жыццём.

- Але адна ўмова, Толiк: Бiм будзе спаць у прыхожай i нi ў якiм выпадку не з табою, - скончыў Тата.

- Вядома, хай, - згадзiўся Толiк. - Ён жа вельмi акуратны, Бiм. Я добра ведаю.

Бiм прыкмецiў, вядома, што Тата - добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калi, крышку пазней, Толiк правёў Бiма па пакоi, знаёмячы з кватэраю, то тады Бiм прыкмецiў, што Тата еў адзiн, з газетаю ў руках, i таксама спакойна i ўпэўнена. Добры чалавек - Тата, ён жа Сямён Пятровiч.

Дапознага прагуляў Толiк з Бiмам, расчасаў яго, крыху накармiў (больш не дазволiў Тата: "Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубiць"), выпрасiў у Мамы матрасiк (зусiм новы!), паслаў у кутку прыхожае i сказаў:

- Вось тваё месца, Бiм. На месца!

Бiм паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзiне ў яго ўсё пацяплела ад ласкi i спагады маленькага чалавека.

- Пара спаць, Толiк. Пара. Палова адзiнаццатае. Iдзi кладзiся, - угаворваў Тата.

Толiк лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: "Заўтра пайду да Сцяпанаўны i скажу, хай у мяне жыве Бiм, пакуль вернецца Iван Iванавiч..." I яшчэ ўспомнiлася такое: калi ён расказаў дома, што ходзiць да Сцяпанаўны i там ёсць Люся, а ён водзiць Бiма, то мама пачала крычаць, а тата сказаў Толiку: "Болей туды ты не пойдзеш"; калi ж Толiк плакаў, то тата напаслед сказаў маме: "Мы забылiся з табою, што такое тактыка?" I гладзiў Толiка па галаве, гаворачы: "Што ж цяпер зробiш? Трэба табе вырасцi, вялiкiм чалавекам стаць, але не сабачнiкам i не да бабак розных там хадзiць. Нiчога не зробiш!" А цяпер вось Бiм будзе жыць у яго i да "бабак" хадзiць не трэба... Ён толькi разочак сходзiць да Сцяпанаўны, каб сказаць ёй пра ўсё... i да Люсi... Яна харошая дзяўчынка, Люся... А Бiм спiць. Добры Бiм".

Ад гэтых думак Толiк заснуў радасным сном.

...Глыбокаю ноччу Бiм пачуў крокi. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, i глядзеў. Тата цiха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку i паўшэптам сказаў толькi два словы:

- Машыну... Зараз жа.

Значэння гэтых слоў Бiм, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзiць на дзверы, дзе спаў Толiк, неспакойна зiрнуў на Бiма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю i нейкiм клуначкам. Бiм здагадаўся: нешта не тое, неяк перамянiўся Тата - ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Бiму, што трэба забрахаць, бегчы да Толiка! Бiм не сумняваўся, абавязкова б зрабiў так, але Тата падышоў i пачаў гладзiць Бiма (значыць, усё добра), потым прывязаў вяроўку да аброжка, апрануў палiто, цiхенька-цiхенька адчынiў дзверы i вывеў Бiма.

Ля пад'езда мармытаў матор аўтамабiля.

I вось едзе Бiм на заднiм сядзеннi. Уперадзе чалавек за рулём, побач з iм Сямён Пятровiч. З клуначка, што пакладзены побач з Бiмам, пахне мясам. На аброжку вяроўка. Людзi маўчаць. Бiм таксама. Ноч. Цёмная, цёмная ноч. Неба завалакло хмарамi - яно чорнае, як чыгун у доме ў Хрысана Андрэевiча. У такую ноч нельга сабаку назiраць з машыны i запомнiць дарогу назад. I куды вязуць, Бiм таксама не ведаў. Сабачы клопат - што? Вязуць - i ўсё. Толькi вось вяроўка навошта? Трывога зусiм завалодала Бiмам, калi пад'ехалi да лесу i спынiлiся.

Сямён Пятровiч павёў Бiма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Iшлi ўнiз у яр, свецячы на прасеку лiхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялiчкую паляну, акружаную вялiзнымi дубамi. Тут Сямён Пятровiч прывязаў Бiма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго мiску з мясам i паставiў перад Бiмам, але не прамовiў нiводнага слова. I пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькi крокаў, азiрнуўся, асляпiў Бiма лiхтарыкам i сказаў:

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*