KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Далiкатнасць узяла верх над нахабствам, а Кудлаты сабака, абнюхаўшы Бiма, палiзаў жывот, крыху адышоў i распiсаўся на каменi. Бiм зрабiў тое ж самае. А наогул, гэта абазначала: мiру - мiр. А пакуль гаспадар Бiма гаварыў з гаспадаром Кудлатага, яны пагулялi ў даганялкi, i, аказалася, Бiм i быстрэйшы i вёрткi, што нават заслужыў павагу новага знаёмага. Калi яны развiтвалiся (трэба ж iсцi за гаспадарамi!), то панюхалi камень i пераглянулiся так: "Ты прыходзь калi-небудзь сюды", - сказаў Бiм i паскакаў далей.

"Эх, работа..." - сказаў Кудлаты i паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.

Так было. Вось i цяпер пахне авечкамi. Бiм не мог не ўспомнiць пра Iвана Iванавiча ад гэтага паху, якi трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутоннi вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.

Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелi нейкiя струменьчыкi: жжых-жжых! жжых-жжых! Бiм не ведаў, што гэта такое - жжых! жжых-жжых! Незнаёмыя гукi сцiхлi, i адразу ж з двара з тым вядром увайшла жанчына. А з вядра пахла малако. Цудоўна пахла! У горадзе каб так пахла малако, Бiм нi разу не чуў, нi разу, а гэта - iншае, але ўсё роўна малако - гэта так. У горадзе малако не пахне чалавечымi рукамi, рознымi прыемнымi травамi i зусiм не пахне кароваю вось што дзiўна. А тут усё гэта перамяшалася ў чароўны водар, якi дзiвiў сваёй абаяльнаю, нейкаю ружаваю пахучасцю. Не будзем спрачацца: калi ўжо чалавек нiколi не адрознiць малако ад малака, то як гэтага не заўважыць нашаму Бiму, якi мае надзвычайны нюх, як не дзiвiцца паху, у якiм чалавечыя рукi змяшалiся з кветкамi i травою. Таму ён i падхапiўся хуценька, i павiляў жанчыне хвастом. Але наўрад цi яна магла зразумець Бiмава захапленне.

За доўгiя чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так нi разу i не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такi кароваю. Нейкая няяснасць так i засталася ў Бiма: ён сяго-таго не ведаў. Памiж iншым, цi мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нiчога брыдкага няма. А калi якi-небудзь сабака i скажа, дапусцiм, што ён усё ведае i ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што i як рабiць i куды бегчы, то нават i курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу - не паверыць. А такiя сабакi бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цаглiна напхана рознымi iдэямi (барада, доўгiя вусы i бровы - фiлосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круцiцца бесперастанна. А толку? Нiякага! Адзiн выгляд. А ўсярэдзiне пух або зусiм пуста.

Бiм - iншая справа: ён шчыры i прамадушны. Калi чаго не ведае, то так i з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калi не любiць каго, то так i скажа: "Нядобры ты чалавек. Iдзi адсюль! Гаў!" I забрэша часам так, што дай бог!

Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў i глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.

Але нехта падышоў з вулiцы i рашуча расчынiў дзверы.

"Хто? - адным словам запытаўся Бiм. - Гаў!"

Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло i запытаўся:

- Хто тут?

- Я, брыгадзiр, - адказаў незнаёмы.

Потым ён зайшоў у сенцы, яны пацiснулi адзiн аднаму рукi (значыцца, сябры - брахаць нельга) i падышлi да Бiма. Тата прысеў на кукiшкi, гладзiў Бiма i гаварыў:

- А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец - службу ведаеш. Харошы сабака. Адвязаў яго i ўпусцiў у пакой.

Самiае галоўнае - у хаце была i кульгавая курыца. Бiм прыцэлiўся на яе, зрабiў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: "Што гэта за птушка? Нешта не даводзiлася..."

- Глядзi, брыгадзiр! - крыкнуў Тата. - Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, на ўсе рукi!

Але паколькi курыца не звярнула на Бiма ўвагi, то ён сеў, усё ж скоса пазiраючы на яе, што па-сабачы абазначала: "От мне... Знайшлася!.. Яшчэ i ты!" I зiрнуў на прысутных.

- I курэй не зачэпiць! - захапляўся Алёшка.

Бiм уважлiва глядзеў на яго.

- А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, - радаваўся Алёшка. - Чарнавух, iдзi да мяне... да мяне!

Хiба Бiм маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы i сеў побач.

За сталом пайшла гаворка. Тата адкаркаваў бутэльку, Мама падала ежу. Брыгадзiр выпiў усё са шклянкi, Тата таксама. Мама - таксама. Алёша чамусьцi не пiў, а еў вяндлiну i хлеб. Ён кiнуў кавалачак пасярод падлогi, але Бiм не скрануўся з месца (трэба ж было сказаць: "Вазьмi!").

- Iнтэлiгент, мабыць, - заўважыў брыгадзiр, - хлеба не есць.

Курыца прыкульгала i забрала той кавалачак, якi належаў Бiму. Усе смяялiся, а Бiм уважлiва-ўважлiва глядзеў на Алёшку: смеху мала, калi не разумееш адзiн аднаго, хоць i сябруеш.

- Пачакай, Алёша, - сказаў Тата. Ён паклаў кавалачак хлеба на падлогу, адагнаў куру i сказаў Бiму: - Вазьмi, Чарнавух, вазьмi!

Бiм з задавальненнем пракаўтнуў смачны кавалачак хлеба, хаця i быў пад'еўшы.

Брыгадзiр таксама паклаў на падлогу кавалачак вяндлiны.

- Нельга! - папярэдзiў ён.

Бiм сядзеў. Кура бачком-бачком пакульгала да вяндлiны, але толькi-толькi сабралася клюнуць, Бiм фыркнуў, чуць не штурхануў яе носам. Адным словам, цырк, дый годзе.

- Чарнавух, вазьмi! - дазволiў брыгадзiр.

Бiм акуратна з'еў i гэты кавалачак.

- Усё! - крычаў Тата. Ён i так гаварыў моцна, а пачырванеўшы, стаў яшчэ дабрэй. - Чарнавух - цуд цудам што нi на ёсць! - I нават абняў яго.

"Харошыя людзi", - падумаў Бiм. Яшчэ яму спадабалiся вусы ў Таты, мяккiя, далiкатныя, гэта ён адчуў, калi той абдымаў.

А потым пачалася такая размова, з якое Бiм зразумеў толькi адно слова "авечкi", але затое дакладна вызначыў, што абодва мужчыны спачатку пачалi спрачацца.

- Ну, Хрысан Андрэевiч, давай пра справу. - Брыгадзiр паклаў руку на плячо Таты. - Авечкi есцi хочуць цi не хочуць?

- Хочуць, - адказаў Тата. - Толькi мой тэрмiн кончыўся, мне - да пакроў, а пакровы прайшлi.

- Авечкi людскiя, асабiстыя, а не калгасныя, i яны таксама хочуць кармiцца. Мне калгаснiкi вушы пратрубiлi: снегу няма, паша пад нагамi, авечкi да снегу павiнны быць на падножным. I праўду кажуць.

- "Авечкi - да снегу..." А я жалезны? А Алёшка табе - жалезны?

- Пакуль снег, Хрысан Андрэевiч - угаворваў брыгадзiр, - удвая плацiць будзем. Зразумеў?

- Не буду, - спакойна, але настойлiва паўтараў Тата. - Баба мая на бураках закiсла - трэба дапамагаць, а ты - "пакуль снег".

Але ўсё-такi яны паляпалi адзiн аднаго па руках са згодаю i перасталi далдонiць "авечкi да снегу". Потым брыгадзiра правялi на ганак усе ўтраiх, забыўшыся пра Бiма.

Ну i што ж, ён таксама выйшаў на ганак, абабег навокал двара, пастаяў за тынам, пастаяў, удыхнуў пах авечак, з якiмi звязан адзiн з успамiнаў пра любiмага адзiнага чалавека, i нерашуча прысеў.

Ноч. Восеньская чорная ноч у вёсцы, цiхая, затоеная ад зiмы, хоць i гатовая сустрэць яе. Усё ў гэтай ночы невядома Бiму. Сабакi наогул не любяць падарожнiчаць уночы (хiба толькi бяздомныя, якiя не вераць людзям i абмiнаюць iх), а Бiм... Што тут казаць! Бiм пакуль што сумняваўся. Ды i Алёша - такi харошы маленькi чалавек.

Сумненнi перапынiў Алёшкаў голас. Ён трывожна, на ўсю моц закрычаў:

- Чарнаву-ух!

Бiм падбег i ўвайшоў следам за iм у сенцы. Алёша паклаў яго на месца, падаткнуў з бакоў сена, палашчыў i пайшоў спаць.

Усё зацiхла. Не чуваць нi трамвая, нi тралейбуса, нi гудкоў - нiчога звыклага.

Новае жыццё пачалося.

Сягоння Бiм даведаўся, што Тата - яшчэ i Хрысан Андрэевiч, а Мама - яшчэ i Пятроўна, Алёша ж - так Алёша i ёсць. Акрамя таго, да курыцы ён не меў пагарды, але i не паважаў: на яго сабачы розум, птушка павiнна лятаць, а гэтая толькi ходзiць, а таму i не варта, каб яе, бяскрылую, паважалi. Але вось авечкi - яны напамiнаюць пра Iвана Iванавiча; Алёша таксама пахне авечкамi... Пятроўна - зямлёй i буракамi... А такi земляны пах заўсёды турбаваў Бiма. Магчыма, i Iван Iванавiч сюды прыйдзе...

Бiм заснуў, сагрэўшыся ў цёплым сене. У такiм сене, ад водару якога мiжволi хочацца ўсмiхнуцца, нават чалавек засынае адразу, i ад гэтага паху свежага сена ў яго ўзнiкае ўваччу блакiтны колер перад сном. Бiму ж намнога лепш было чуваць усе самыя тонкiя адценнi гэтага водару, якi заспакойваў, унiмаў яго сум.

Пабудзiў Бiма пеўнеў крык. Некалi ён яго чуў неаднойчы, але не так блiзка, а гэты - проста за сцяною, гучна, працяжна i з гонарам: "Кука-рэ-ку-у-у!" Яму адгукнулiся ўсе вясковыя пеўнi. (Крыху пазней Бiм даведаўся, што гэты певень запявала i што такiя пеўнi сярдзiтыя.) Бiм сядзеў i слухаў дзiўную музыку; далей яна кацiлася па вёсцы хвалямi - то блiжэй, то далей, у залежнасцi ад таго, чыя была чарга, а апошнi, адзiн пракукарэкаў нейкi немагушчы пеўнiк, хрыпла, коратка i непадобна да пеўня, вартага павагi. Потым, праз некаторы час, Бiм разабраўся, што такiя пеўнi - баязлiўцы, уцякаюць ад чужога пеўня, якi ўрываецца на iх двор, хоць па ўсiх правiлах курынага жыцця гэты баязлiвец павiнен абараняць спакой падпарадкаваных яму курэй. А ён, iдал, уцякае. Затое менавiта такi певень бязлiтасны да чужых куранят - клюе, такая падла, а мiж iншым нi адзiн певень, калi ён паважае сам сябе, нiколi не клюне кураня, якое прыбiлася невядома адкуль. Такi вось i заспяваў апошнi, i толькi тады, калi, вiдаць, пераканаўся, што не памылiўся наконт часу. Людзi б назвалi такога пеўня кан'юнктуршчыкам, але Бiму ўсяго-наўсяго было толькi смешна. Дарэчы, Бiм зусiм не ўяўляў, што па такiм здохлым пеўню нiхто нiколi не правярае час.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*