KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Дзiўна, але яе чамусьцi адпусцiлi, запiсаўшы адрас, i сказалi, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлiм. Як бы там нi было, але Цётка ўзненавiдзела Бiма лютаю нянавiсцю. Шэрага - таксама, але крышку менш, хоць ён i падвёў яе пад дурнога хату.

У сувязi з дзвюма такiмi заявамi праз два днi ў абласной газеце з'явiлася аб'ява:

"Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просiм паведамiць на адрас... для таго, каб злавiць на аналiз i лiквiдаваць магчымыя непрыемнасцi. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе i здароўе другiх - не маўчыце..." i г.д.

За некалькi дзён пасыпалiся лiсты ад чытачоў. У адным з iх паведамлялася:

"...(пэўнага чысла i месяца гэтага года)... бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбiраў нiчога i пёр напрасцякi; так здаровыя сабакi не бегаюць - напрамкi цi наўскасяк цераз плошчу, а абмiнаюць тое, што сустракаецца з перашкод на iх дарозе. Хвост быў апушчаны ўнiз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусiць любога грамадзянiна Савецкага Саюза i нават замежнага турыста, якiя бываюць, а таму патрэбна лавiць i знiшчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамiнаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты".

Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпiсаў.

Былi i яшчэ лiсты (усiх не пералiчыць). Ну, напрыклад, такое: "...Гэтакi ж самы сабака, толькi без чорнага вуха, таксама бег напрасткi..." Або: "У горадзе поўна сабак, а якi з iх шалёны, нiяк не разбярэшся". Або: "I зусiм той сабака не шалёны, самi вы шалёныя вiцiнары". Або: "Калi аблвыканком не можа паставiць на шырокую нагу арганiзацыю планамернага, разлiчанага на гады, знiшчэння сабак, то да чаго мы iдзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка i чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзянiна - кiшка тонкая. Я - чэсны чалавек i гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. I не баюся я нiкога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напiсаў. У мяне ўжо сiлы нестае цярпець: пiшаш, пiшаш, а толку мала".

Наогул, пiсем было так многа, што разгарнулася дыскусiя, у вынiку якое з'явiўся рэдакцыйны артыкул "Том у кватэры", дзе прыводзiлiся вытрымкi з лiста дацэнта педiнстытута. Той дацэнт быў вiдавочны сабаканенавiснiк. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей i юнакоў яго выступленне мела гiганцкае: калi яны яго зразумеюць правiльна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, якi трымае сабаку дома, будуць калектыўна i дружна крычаць на вулiцы: "Гультай!" (так дацэнт аблаяў людзей, якiя трымаюць сабак), "Гразнуля!" (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).

Ужо гаварылася, што ўсiх пiсем нельга пералiчыць, але адно прачытаем усё ж, апошняе. У iм было толькi два радкi. Чытач проста пытаўся: "А калi на абодвух вухах чорнае - бiць?" То чытач быў практычны, далёкi ад таго, каб абстрактна глядзець на свет. Але, тым не меней, лiст гэты нi ў артыкул, нi наогул на старонкi друку не трапiла i нават засталося без адказу. Падумаць толькi! Якая непавага да чалавечых запатрабаванняў!

Ёсць яшчэ, ёсць чытач актыўны, не звёўся-такi, дзякуй богу. Такi чытач не прамiне, каб не выказацца i не закляймiць. Так вось i ў нашай гiсторыi: Бiма ўжо шукалi па ўсiм горадзе, зганьбiлi добрага сабаку. А за што: хай ён укусiў, скажам, - гэта праўда, а тое, як ён укусiў i тое, што шалёны, - гэта чыстае вады хлусня. Клапатлiвы чытач перамяшаў усё гэта па сваёй ахвоце: ён i не думаў пра нагавор, а ў сплетнi хоць i кароткiя, але моцныя ногi.

Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусiя гэтая стыхiйная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусiя нiяк не арганiзаваная, самацёчная. I ён зрабiў разумна - даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, якi не прамiне пастаянны чытач): "Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусiю на гэту тэму. Рукапiсы не вяртаюцца".

Рэдактар быў гумарыст, чаго "чытач-змагар" не можа цярпець.

Але то была няпраўда: Бiма нiхто не ўлавiў. Проста-напраста Толiк, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазванiў, а калi адчынiлi, сказаў:

- Я ад Чорнага вуха, ад Бiма.

Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толiк паехаў да Бiма i завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго i сказаў:

- Хлусня - уся гэтая дыскусiя. Сабака не шалёны, а хворы. Збiты i скалечаны. Эх, людзi! - неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.

Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзiне, выпiсаў мазь на лапу, лякарства пiць i, праводзячы сяброў, хлопчыка i сабаку, спытаў на развiтанне:

- Як жа завуць цябе, герой?

- Толiк.

- Добры ты мужчына, Толiк. Маладзец.

Бiм, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развiтанне. Ён пах лякарствам, але ён нiякi не хворы, а, наадварот, высокi, мужны чалавек з добрымi вачыма.

"Добры чалавек, - сказаў яму Бiм хвастом i позiркам. - Вельмi добры вы чалавек!"

...Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пiсем, якiя "кляймяць", сабакi паядуць усiх грамадзян i грамадзянак, не, не той. Другi мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лiрычна-аптымiстычнай аповесцi пра сабаку я часам напiшу адну-дзве сатырычныя староначкi. Не вiнаваць за тое, што парушаю законы творчасцi, бо ў кожнага пiсьменнiка свае "законы". Не вiнаваць, дарагi, i ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё - змяшэнне: дабро i лiха, шчасце - няшчасце, смех i гора, праўда i хлусня жывуць побач, i так блiзка, што часам цяжка адрознiць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмецiў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкi. А даказваць, што не адно i тое ж паўпустая i паўпоўная бочка, не мае сэнсу.

Галоўнае, я за тое, каб пiсаць пра ўсё, а не пра адно i тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калi пiсаць толькi пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калi пiсаць толькi пра шчасце, то людзi перастануць бачыць няшчасных i ў рэшце рэшт не будуць iх заўважаць, але калi пiсаць толькi пра сур'ёзна-прыгожае, то людзi перастануць смяяцца з пачварнага.

Раздзел 10

ЗА ГРОШЫ

Дзякуючы клопату Толiка i Сцяпанаўны, Бiм папраўляўся. А праз тыднi два лапа пачала гаiцца, хоць i засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатнiх; Бiм ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, - толькi спрабаваў. Расчасаная Толiкам шэрсць надавала Бiму зусiм прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянiлася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся i здзiўлена чакаў, што ж з iм будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзiла, да наступнага прыступу. Так i ў чалавека, якi панёс траўму цi якога ашаламiлi несправядлiвасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашумiць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, i ён, хiстаючыся, спыняецца i чакае, што ж з iм будзе; потым сапраўды праходзiць, а часам нават i не паўтараецца. Усё бывае i ўсё мiнае. Чалавек таксама жывёлiна - толькi больш адчувальная.

Толькi позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозiку, Бiм пайшоў на чатырох лапах, але такi накульгваў - чамусьцi стала карацейшая нага. Так, Бiм застаўся калека, хаця галава быццам i наладзiлася. Сапраўды: усё бывае i ўсё мiнае.

Гэта б яшчэ нiчога, але гаспадара няма i няма. I аркуш лiста нiчым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нiкому не патрэбная. Бiм ужо б мог шукаць сябра, але Толiк не пускаў яго з павадка, калi выводзiў гуляць. Толiк усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце i Шэрага дзядзьку, ды i прахожыя часам пыталiся: "А гэта цi не той шалёны сабака з чорным вухам?" Толiк нiчога не адказваў i скоранька iшоў, не азiраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: "Не, не той сабака", - i на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусiць i таiць свае пачуццi - страх, насцярожанасць, сумненне i ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду - праўда. I не толькi гэта, у яго пачынала развiвацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлiвасць, сапраўднага гумару, калi пра смешнае гаворыцца без адзiнае ўсмешкi, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца i плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасцi якога ён i сам яшчэ не разумеў як след, а толькi цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.

Такiм чынам, хлопчык у спартыўных асеннiх штонiках i жоўтых чаравiках, у светла карычневым пiнжачку i асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, iшоў з кульгавым сабакам па аднаму i таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такi чысценькi i акуратны, што кожны сустрэчны думаў: "Адразу бачыш - з культурнае сям'i хлопчык". Да Толiка пачалi ўжо прывыкаць блiжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталiся адно ў аднаго: "Чый жа гэта такi харошы i спакойны хлопчык?"

З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равеснiцаю, цiхаю i сцiплаю, Толiк моцна пасябраваў, хоць чамусьцi i саромеўся браць яе на прагулкi. Затое ў кватэры ў Iвана Iванавiча яны, здаралася, забаўлялiся з Бiмам, а той плацiў iм адданаю любоўю i неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем i радавалася дзецям.

Аднойчы яны раўнялi Бiму ачосы на нагах i падвесак на хвасце, i Люся запыталася:

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*