KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Владимир Орлов - Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)

Владимир Орлов - Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Владимир Орлов, "Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Владимир Орлов - Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)
Название:
Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
8 февраль 2019
Количество просмотров:
115
Возрастные ограничения:
Обратите внимание! Книга может включать контент, предназначенный только для лиц старше 18 лет.
Читать онлайн

Обзор книги Владимир Орлов - Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:

Орлов Владимир (2)

Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi

Здарыцца так, што дабрадзеi з Саюзу пiсьменьнiкаў адшпiляць табе пуцёўку ў Дом творчасьцi iмя Антона Паўлавiча Чэхава, i ты апынесься сярод дзьвюх сотняў творцаў, зь якiх калi-небудзь схiлялiся над пiсьмовым сталом мо чалавек дзесяць. Цябе гэта зусiм ня будзе абыходзiць, калi левакi будуць трымацца, як людзi, але яны будуць касiць пад пiсьменьнiкаў, i ты паспрабуеш закасiць пад сантэхнiка, узнагароджанага пуцёўкаю за перамогу ў сацыялiстычным спаборнiцтве, i будзеш з ганьбаю выкрыты, калi прарве трубу, i трое пiсьменьнiкаў з суседняга стала прафэсiйна залезуць у каналiзацыйны лаз i ймгненна лiквiдуюць аварыю. Праўда, сярод творцаў будзе непрыкаяна блукаць пад кiпарысамi некалi гнаны, а цяпер улаўраны расейскi паэта, i расейскамоўная аўтарка зь Менску, у якой ад беларускай мовы на твары зьяўляецца гiдлiвая грымаска, i малады армянскi перакладчык Ашот, якi, кажучы словамi М. Зошчанкi, "знает дам и верит в их назначение"...

Зрэшты, ты прыедзеш у гэты дом ня дзеля назiраньняў за прадстаўнiкамi твайго вiду й безь вялiкiх спадзяваньняў стварыць нешта генiяльнае. Ты прыедзеш таму, што недзе там, у Ялце, ля сiняй бухты, ляжыць Максiм Багдановiч. Адзiны на сьвеце паэта, пра вершы якога ты можаш з усёй пэўнасьцю сказаць, што паэзiя сапраўды здольная зьдзейсьнiць дзiва. Бо бачыў тое дзiва на свае вочы: твой раўналетак, сын савецкага афiцэра й расеец па пашпарце, якi зрываў урокi нiколi не вывучанай iм белмовы, у дзясятай клясе грэблiва выкалупнуў нагой з сабранае пiянэрамi макулятуры Максiмаў зборнiчак, пачаў, скрывелiўшыся, чытаць, а потым зрабiўся беларускiм празаiкам, пабыўшы перад гэтым выдаўцом падпольнага альманаху, якi адабралi хлопцы ў цывiльным.

Недзе там, зусiм блiзка, будзе ляжаць Максiм Багдановiч, i табе дастаткова будзе запынiць таксоўку ды сказаць: "Старое Ливадийское кладбище", але замест простага й лягiчнага ўчынку ты чамусьцi будзеш дзень пры днi плёхацца ў цёплым, быццам вада ў лазнай балеi, моры ды шнураваць па ўзьбярэжжы.

На ўзьбярэжжы будуць стаяць пад пальмамi плеценыя столiкi з гумовай садавiнаю й парожнiмi пляшкамi з-пад трункаў, якiя п'юць у сваiх краiнах замежныя грамадзяне. За дзесяць рублёў ты зможаш пасядзець за тым столiкам i атрымаць каляровую фотку, але ты лепей вып'еш за гэтыя грошы дзьве шклянкi херасу ў татарскай кавярнi ("Ў чарцы цёмнай i глыбокай, плешча, пенiцца вiно...") i пасунесься далей - паўз фатографа з плюшавым Мiхаiлам Сяргеевiчам, паўз фатографа з малпаю, якая з зусiм чалавечаю радасьцю задарма паказвае кожнаму мiнаку вогненна-чырвоны зад, паўз фатографа з трохмэтровым смарагдавым пiтонам, якi нечым няўлоўным нагадвае галоўнага камiсара TV таварыша Краўчанку, паўз карункавы ад пены прыбой, што выносiць на бераг дарункi мора ў выглядзе шкарпэтак i скарыстанага прэзэрватыва ("Ў iх русалкi заблуталi косы, - рвуць i блутаюць срэбныя нiцi..."), паўз мастакоў, што малююць партрэты з натуры, паўз мастачку, якой ты б з прыемнасьцю папазiраваў, але толькi ня тут, паўз гiтарыстаў, скрыпачоў i джазiстаў, гледзячы на якiх узгадваеш раньняга Алега Гаўрылавiча Мiнкiна:

Бродячий музыкант, он дело знает:

Футляр раскрыл, и - шляпу на цемент,

И на глазах у всех опять терзает

Неповоротливо печальный инструмент...

Потым будзеш лезьцi да сябе на гару, а, падняўшыся ў нумар, выйдзеш на гаўбец i незнарок угледзiш, як на гаўбцы пад табою перакладчык Ашот расшпiльвае станiк на бялявай студэнтачцы Зiне, якую цэлы дзень пасьвiла ды так i не ўпасла дагледжаная маскоўская маман.

Назаўтра будзе задушлiвы скварны дзень ("Ад сьпёкi пышуць дахi i асфальт...") з экскурсiяй па чэхаўскiх мясьцiнах. Тут жыве Ратару, у яе сухоты. Тут выпiваў Купрын, там - Бунiн. Тут Чэхаў пажартаваў - убачыў у асьветленым начным вакне жаночы профiль i гучна кажа спадарожнiку: "А вы чулi? Учора Бунiна ў адной татаркi зарэзалi".

Лiвадзiйскiя могiлкi зусiм блiзка, аднак ты ўсё адно ўпарта павернеш у iншы бок i выйдзеш на ўзьбярэжжа - да тых самых фатографаў, да музыкаў, што могуць i "Соme together", i палянэз Агiнскага, да вогненназадай мартышкi, да пiтона, да варажбiтак i прадказальнiкаў, абстаўленых кампутарамi, якiя, апрача ўсяго iншага, выдадуць табе навукова абгрунтаваныя зьвесткi, што ты памёр 23 лютага 1988 году, да херасу, да афiцыянткi з кляснымi нагамi й распусным разрэзам вачэй, зь якой шмат хто хацеў бы спаткацца зусiм не на вулiцы, да плюшавага прэзыдэнта СССР, да ўсiх тых, з кiм разам ты ляцiш сёньня да зор... А ў чарцы цёмнай i глыбокай будзе зноў i зноў сьветлым хмелем калыхацца вiно i, ускараскаўшыся на гару, ты, палохаючы Ашота зь Зiнай i ўкормленых лiтфондаўскiх катоў, будзеш чытаць з начнога гаўбца:

Скарына, доктар лекарскiх навук,

У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры...

I набяжыць новы дзень, калi ты будзеш плаваць па цёплым, як калюжына, моры, i думаць, цi шмат было ў Максiма ў Ялце жанчын, i, чуючы абураны хор дбайцаў пра паэтавую цнатлiвасьць, будзеш раiць iм пачытаць Максiмаў дзёньнiк. Потым ты наведаеш Лiвадзiйскi палац, дзе адпачываў расейскi iмпэратар Аляксандар II, у якога кiнуў бомбу твой суайчыньнiк рэвалюцыянэр Iгнат Грынявiцкi, i зусiм па-клясаваму й па-пралетарску ў памяцi ў цябе застануцца не эксплёататарскiя iнтэр'еры, а букет ружаў у палацавай прыбiральнi.

А недзе на ўзьбярэжжы ў гэты час будзе кiмарыць на сонейку падобны да таварыша Краўчанкi пiтон, яшчэ ня ведаючы, што адвячоркам да ягонага гаспадара падыйдзе аматар экзатычных фотак - загарэлы мацак у адных шортах i з такой шыкоўнаю татуiроўкай, што здалёк яна будзе выдаваць на бэзавую кашулю. Усьцешаны фатограф абкруцiць свайго смарагдавага кампана вакол мацака й замiтусiцца каля апарату, а ты разам з натоўпам будзеш захоплена разглядаць татуiроўку, на якой у непрыстойнай блiзкасьцi зь Iльлiчом ды iншымi выдатнымi кiраўнiкамi Камунiстычнае партыi й Савецкай дзяржавы будуць выстаўляць свае вабноты прыгажунi з падпiсанымi ўнiзе ймёнамi. Ты будзеш думаць пра час, калi давядзецца падпiсваць i правадыроў, i раптам у паветры запахне ня толькi алеандрам, але й скандалам. Мацак пачне зьлякана азiрацца й дзiўнавата тузацца. Што падзейнiчае на пiтона, застанецца загадкаю: цi то ён будзе прыхiльнiкам бальшавiцкай плятформы ў КПСС i абурыцца суседзтвам правадыроў з цыцкастымi вярцiхвосткамi, цi то спрацуе iнстынкт вольных ад эксплёатацыi фатографамi продкаў, але вынiкi будуць вiдавочныя: татуiроўка стане бачная лепей, а ейны гаспадар зьбялелымi вуснамi вымавiць: "Сними змею". Зьляканы фатограф аберуч ухопiцца за пiтонаў хвост i пачне лiхаманкава адкручваць зялёныя кольцы. "Адресок! Адресок!" - закрычыць ён наўздагон уратаванаму мацаку, а той iстэрычна выгукне цераз плячо: "Пошел ты со своей змеей на х..!"

Чамусьцi менавiта ў тую хвiлiну ты вырашыш: сёньня...

Валошак на ялцiнскiм рынку ня будзе, i ты купiш букет вялiкiх, пабiтых начным дажджом рамонкаў. Прыватнiк завязе цябе на гару колеру прывялага лаўровага лiста й высадзiць ля брамы старых Лiвадзiйскiх могiлак, а п'янаваты вартаўнiк растлумачыць, што трэба йсьцi па стрэлках, якiя паказваюць шлях да магiлы нейкага Бiрукова. На адным з паказальнiкаў пад словамi "К могиле Бирюкова" зусiм па-беларуску будзе цьвiком надрапана: "i М. Багдановiча", i ты ўдзячна падумаеш, што, можа, гэта зрабiў наш мiнiстар культуры, калi быў тут у траўнi са сваёй дэлегацыяй, адзначаючы ўгодкi Максiмавай сьмерцi...

На магiле ты ўбачыш стандартную цэмэнтаваную пiрамiдку зь пяцiканцоваю зоркай, якая, мусiбыць, значыць, што - каб не сухоты - Багдановiч атрымаў бы парцейную кулю ў патылiцу адзiн зь першых. Ты ўбачыш, што нейкi мастак замаскаваў зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюмiневы iмбрычак са збуцьвелымi кветкамi й яшчэ чатыры валошкi - капронавыя.

Казаць пра астатняе табе буцзе няёмка. Магчыма, ты прачытаеш сам сабе "Пагоню", магчыма, пагаворыш зь iм i нешта дакляруеш - яму й сабе...

Пасьля ты памяняеш ваду ў iмбрычку, напiшаш пад слупком датаў на харугвачцы сваю й пойдзеш, разы тры азiрнуўшыся на адвiтаньне, сьцежкаю да брамы з думкай, што яму добра ляжаць тут, над морам, у засенi старога кiпарысу, у краiне сьветлай, дзе суха, цёпла й не чуваць узьнёслых прамоваў мiнiстраў, намесьнiкаў i загадчыкаў нашае культуры: "Удзячные нашчядкi сабралiсь, штоб адзначыць..."

Жыцьцё ў творчым доме будзе кацiцца сваёй каляiнаю. Перакладчык Ашот будзе круцiцца вакол гнуткай ташкенцкай жыдовачкi Розы. На ганку сталоўкi будуць лайдакавата даядаць лiтфондаўскiя секунцы дзясятка паўтара катоў. Ад творчага перанапружаньня павалiцца на газон паўночнаасяцiнскi драматург. А з-за Максiмавай гары выпаўзе булгакаўская хмара з блiскавiцамi ("Дзесь у хмарах жывуць павукi, што снуюць павучыну дажджа...") i зьнячэўку ўпадзе на горад смужыстаю непрагляднай залевай, каб праз гадзiну пакiнуць па сабе неверагодна празрыстую ноч, празь якую далёкiя агнi на схiлах будуць зьзяць, быццам калядныя зоркi.

Ноч будзе поўная паўдзённых пахаў, юрлiвага ёкату лiтфондаўскiх катоў i дзiўных гукаў зь нiжняга гаўбца ("Жыцьцё чуваць з усiх старон, жыцьцём напоўнены ўвесь змрок..."), зiрнуўшы куды, ты мiжволi ўбачыш, як перакладчык Ашот i жыдовачка Роза стоячы займаюцца любоўю.

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*