KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)

Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джон Стейнбек, "Гронкi гневу (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Том супакойлiва сказаў:

- Тут нам, ма, усiм нельга заставацца. Вады няма. I нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цянi пакласцi.

- Ну што ж, добра, - сказала мацi, - паедзем далей. Спынiмся там, дзе будзе цень i вада. Грузавiк вернецца i павязе цябе ў горад. Купiш там тое, што трэба, i на грузавiку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. I наогул аднаго цябе я не адпушчу - раптам арыштуюць, а заступiцца не будзе каму.

Том падцiснуў губы i гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамi i ляпнуў сябе па бёдрах.

- Та, - сказаў ён, - калi б ты падхапiў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнiя навалiлся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, i справiлiся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух цi трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзiрку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кiпiць. Ого, на што здольны адзiн, але рашучы чалавек - цэлы натоўп раскiдае. Перамога за табой, ма. Толькi штучку гэтую кiнь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.

Мацi са здзiўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулi, i яна кiнула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата i паклаў на ранейшае месца.

- Ты, тата, выпусцi пару, ты, Эл, саджай усiх на грузавiк, знайдзi месца для прывалу, дапамажы i вяртайся сюды. А мы з прапаведнiкам знiмем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу i дастанем там шатунны падшыпнiк. Магчыма, i ўдасца - яшчэ ж субота. Толькi давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясi з грузавiка развадны ключ i пласкагубцы. Том прасунуў руку пад нiз машыны i памацаў замаслены паддон. - I яшчэ дай мне сюды бляшанку якую цi вядро - я масла спушчу. Яго трэба берагчы. - Эл прынёс вядро, Том падставiў яго пад машыну i пласкагубцамi аслабiў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамi, чорнае масла залiвала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налiлася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсiх пасадзiць на грузавiк. Запэцканы маслам Томаў твар вызiрнуў мiж двух колаў легкавой машыны. - Хутчэй вяртайся! - крыкнуў Том i пачаў адкручваць балты паддона. Грузавiк тым часам асцярожна пераехаў неглыбокi кювет i пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькi на адзiн абарот, каб не папсаваць пракладкi. Прапаведнiк апусцiўся каля колаў на каленi.

- А мне што рабiць?

- Пакуль што нiчога. Сцячэ масла, я выкручу балты, i ты паможаш мне апусцiць паддон. - Том зусiм запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом i выкручваючы iх пальцамi. Бакавыя балты ён адкруцiў не да канца, каб паддон не звалiўся. - Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, - зазначыў Том i запытаўся: - Што гэта ты, Кейсi, апошнiя днi такi маўклiвы стаў? Чаму? Калi мы з табой першы раз стрэлiся, ты ледзь не кожныя паўгадзiны прамовы гаварыў. А за гэтыя два днi i дзесяцi слоў не вымавiў. Што з табой - занудзiўся?

Кейсi ляжаў на жываце, зазiраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апiраўся на тыльны бок рукi. Капялюш ссунуўся на патылiцу, прыкрыўшы ззаду шыю.

- Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнiкам, - сказаў ён.

- Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.

- Я ўвесь растрывожаны, - сказаў Кейсi. - Калi быў прапаведнiкам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснiчаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажанiцца. Ведаеш, Томi, вельмi ўжо кроў зайграла.

- У мяне таксама, - сказаў Том. - У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дымiўся. Падчапiў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нiкому сказаць не магу.

Кейсi засмяяўся:

- Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасцiцца, а калi выйшаў, са мной тое самае было.

- Чорт ведае што! - сказаў Том. - Грошай я не патрацiў нi цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Вiдаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплацiць. Толькi ў мяне за душой нiчога не было, акрамя пяцi зялёненькiх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруцi вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам i выйдзе. Стары "додж" - усяго чатыры цылiндры. Ужо раз неяк такi разбiраў. Карэнныя падшыпнiкi вялiзныя, як мускатныя дынi. Ну апускай... мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася... лягчэй. Ну вось! - Замаслены паддон ляжаў мiж iмi на зямлi, i ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабiту. - Вось, - сказаў ён i пакруцiў абломак пальцамi. - Вал стаiць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмi яе. Пакруцi, пакуль я не крыкну.

Кейсi падняўся, знайшоў завадную ручку i прыладзiў да матора.

- Ну, можна?

- Давай крутнi... цiшэй... яшчэ трохi... яшчэ крышачку, ага, вось... Хопiць.

Кейсi апусцiўся на каленi i зазiрнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнiкам па каленчатым вале.

- Так яно i ёсць.

- А чаму, па-твойму, гэта здарылася? - пацiкавiўся Кейсi.

- Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спiдометры шэсцьдзесят тысяч мiль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят - колькi разоў лiчбы назад пераводзiлi, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў - можа, хто з маслам недагледзеў цi яго проста не хапiла. - Том выцягнуў шплiнты i захапiў ключом адзiн з балтоў, што трымалi падшыпнiк. Рэзка павярнуў ключ, i ён сарваўся з галоўкi балта. На тыльным баку рукi з'явiўся доўгi i глыбокi парэз. Том глянуў на ранку - з яе выступiла кроў i, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.

- Дрэнь справа, - сказаў Кейсi. - Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.

- А, дробязь! Яшчэ нiколi не бывала, каб я разок не паранiўся, калi з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. - Том зноў прыладзiў ключ. - Шкада, тарцовага няма, - сказаў ён i, пастукваючы асновай далонi па дзяржаннi ключа, адзiн за адным аслабiў усе балты на падшыпнiку, выцягнуў iх i паклаў у паддон разам са шплiнтамi i балтамi ад паддона. Зняў шатун з поршнем i таксама паклаў у паддон. - Ну, дзякуй богу! - Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавiну i агледзеў рану. - Свiшча, сволач! - сказаў ён. - Зараз спынiм. - Ён памачыўся, згроб з зямлi жменю мокрага пяску i прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынiлася. - Лепшага сродку спынiць кроў няма, - сказаў Том.

- Павуцiнне таксама памагае, - зазначыў Кейсi.

- Правiльна, але павуцiння не заўсёды дастанеш, а мачу - калi заўгодна. Том сеў на падножку i пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнiк. - Цяпер каб знайсцi дзе "додж" дваццаць пятага года. Знiмем з яго шатун з пракладкамi i, можа, наладзiм. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.

Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсi таксама сеў на падножку i паглядзеў на захад.

- Хутка мы апынемся сярод высокiх гор, - прамовiў ён i змоўк. Потым паклiкаў:

- Том!

- Што?

- Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын - да тых, якiя мы абмiналi, i да тых, што ехалi паўз нас. Я лiчыў.

- Што ты лiчыў?

- Том, гэта ж такiя самыя сем'i, як ваша, цэлымi сотнямi на захад едуць. Я пiльна сачыў. На ўсход нiхто не едзе - усе, цэлымi сем'ямi, толькi на захад. Заўважыў?

- Ну заўважыў.

- Дык яны ж... быццам... быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краiна знялася з месца.

- Яно так i ёсць, - пагадзiўся Том. - Уся чыста знялася. Мы таксама кiнулi свой дом.

- Ну, а што будзе, калi... калi людзi гэтыя... i яны, i ўсе iншыя працы там не знойдуць, што тады?

- Iдзi ты да д'ябла! - гаркнуў Том. - Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькi ведаю - ногi перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак i ў Макалестары рабiў чатыры гады запар - у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкi... Госпадзi, а як я спадзяваўся, што на волi ўсё будзе iначай! У турме стараўся нi пра што не думаць, каб мазгi не перакруцiлiся, i цяпер таксама нi пра што думаць не хачу. - Том павярнуўся да Кейсi. - Вось падшыпнiк расплавiўся. Мы гэтага не ведалi, i нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылi паляцеў, што ж, адрамантуем. I, далiбог, гэтак трэба заўсёды рабiць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза i бабiт? Бачыш? Вось i ўвесь мой клопат, больш мяне нiчога на свеце не турбуе... Куды гэта, чорт, Эл правалiўся?

Кейсi сказаў:

- Не, Том, ты паслухай... Што за лiха! I словы нават патрэбныя на язык не iдуць...

Том зняў засохлую гразь з рукi, кiнуў на зямлю. Па краях ранкi засталася брудная палоска. Том перавёў позiрк на прапаведнiка.

- Ты, я бачу, настройваешся на прамову, - сказаў ён. - Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнiчаў. Нам шкоды нiякай, а яму ўцеха. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.

Адной рукой Кейсi пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.

- Нешта творыцца ў краiне, народ заварушыўся. Людзi, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногi i не задумваюцца, куды iдуць, але дарога ў iх адна, ва ўсiх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкi рух, таемнае шастанне, шоргат i... i нейкi неспакой. Нешта творыцца ў краiне, i людзi, тыя, каго гэта тычыцца, нiчога яшчэ не ведаюць... пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кiруе на Захад... пакiдае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немiнуча прывядзе да нечага такога, што пераменiць усю краiну.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*