KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Генрих Белль, "Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Крамнiк яшчэ раз прынюхаўся i сказаў:

- "Партагас-Эмiнэнтэс". Даю галаву на адсячэнне, калi памыляюся, пане радца. Чатыры маркi за штуку - колькi Вы жадаеце?

- Адну, шаноўны Кольбэ, адну. Чатыры маркi - гэта столькi, колькi зарабляў мой дзед за тыдзень, а я шаную нябожчыкаў, я сентыментальны, Вы ведаеце. Божа мой, гэтая цыгара перабiла пах тых дваццацi тысячаў цыгарэт, што тут выкурыў раней мой сын.

Яна ўспрыняла як вялiкi гонар для сябе тое, што стары Фэмель выкурыў сваю цыгару пры ёй; ён сядзеў, адкiнуўшыся ў сынавым фатэлi, якi быў яму завялiкi; яна падсунула яму пад плечы падушку i слухала ягоную гаворку, выконваючы найбольш адтрэнiраваны свой абавязак: наклейванне марак на канверты. Яна павольна праводзiла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакiтнага "хойса" па губцы, наклейвала яго акуратна на правым верхнiм рагу лiстоў, якiя чакала падарожжа ў Шыльгенаўэль, Глудум або Блесэнфэльд. Яна рабiла гэта рупна i дакладна, а ў гэты час стары Фэмель у фатэлi аддаваўся асалодзе i раскошы, якiх ён дарэмна шукаў апошнiя пяцьдзесят гадоў.

- Божа мой! - ускрыкнуў ён. - Дарагое дзiцятка, я нарэшце ведаю, што такое цыгара! Так доўга я мусiў чакаць гэтага - аж да самага дня, калi мне споўнiлася восемдзесят год... не трэба турбавацца, мiлая мая, але напраўду мне сёння споўнiлася восемдзесят - хiба гэта не Вы хадзiлi сёння заказваць кветкi на даручэнне майго сына? Ну, хай сабе... Пра мой дзень нараджэння пагаворым пазней, добра? Ад сэрца хачу запрасiць Вас на святочную вячэру, сёння а сёмай, у кавярнi "Кронэр" - але ж скажыце мне, калi ласка, чаму за тыя пяцьдзесят, а дакладней - за той пяцьдзесят адзiн год, што я купляю цыгары ў гэтай краме, такой вось мне не прапаноўвалi нi разу? Можа, яны думаюць, што я скнара? Нiколi ў жыццi iм не быў, даражэнькая Леанора, Вы ведаеце гэта. Малады я курыў цыгары па дзесяць пфенiгаў, калi пачаў зарабляць трохi болей, пачаў курыць цыгары па дваццаць, пасля - доўгiя гады - па шэсцьдзесят. Мiлае дзiцятка, скажыце мне, што гэта за людзi - тыя, што з гэткай во штукай за чатыры маркi ў роце шпацыруюць па вулiцы, заходзяць у бюро i выходзяць з яго - як быццам гэта яны смаляць грашовую цыгарку? Што гэта за людзi, якiя памiж снеданнем i абедам пускаюць дымам тры тыднёвыя заробкi майго дзеда i пакiдаюць па сабе такi пах, што старому чалавеку займае дых i ён, не раўнуючы як ганчак, пачынае абнюхваць кожны закутак у кабiнеце свайго сына? Як? Робертаў школьны таварыш? Мiнiстэрскi дарадца, кiраўнiк спраў цi намеснiк мiнiстра; можа, нават мiнiстр? Я яго павiнен ведаць. Iнтарэсы абароны? Зброя?

I раптам вочы ў яго заблiшчалi, быццам з iх упала нейкая заслона: стары ў думках вяртаўся ў першае, трэцяе або шостае дзесяцiгоддзе свайго жыцця, праводзiў у апошнюю дарогу сваiх дзяцей. Каго? Ёганну цi Генрыха? На чыю белую труну кiдаў ён зараз жменьку зямлi i кветкi ўроссып? Цi тыя слёзы, што цяпер стаялi ў яго ўваччу, былi слязьмi з 1909 года, калi ён хаваў сваю Ёганну; цi з 1917 года, калi ён стаяў над Генрыхавай магiлай? А можа, гэта былi слёзы з сорак другога года, калi ён атрымаў паведамленне аб смерцi Оты? Альбо ён плакаў цяпер каля брамы псiхiятрычнай бальнiцы, за якой толькi што знiкла яго жонка? Слёзы, што засцiлi яму вочы, пакуль ад цыгары цягнулiся лёгкiя воблачкi дыму, былi слязьмi з 1894 года; тады ён пахаваў сваю сястру Шарлоту, дзеля якой ён ашчаджаў залатоўкi, каб потым зрабiць лягчэйшым яе жыццё; труна ссоўвалася ў дол на рыпучых вяроўках пад спеў школьнага хору: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?"; шчабятанне дзiцячых галасоў залятала ў вокны i ў дзверы гэтага бездакорна абсталяванага бюро, а старэчы голас спяваў тую песню з далечынi мiнулага паўстагоддзя; толькi гэты кастрычнiцкi ранак 1894 года быў сапраўдны: смужнае мроiва над Нiжнiм Рэйнам, палосы туману над бураковымi палеткамi, у вербах крумкаюць варанячыя зграi, нiбы запусныя бразготкi; Леанора ў гэтую хвiлю праводзiла чырвоным "хойсам" па вiльготнай губцы. За трыццаць год перад тым, як яна нарадзiлася, вясковыя дзецi спявалi: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?" Яна правяла па губцы зялёным "хойсам". Увага, лiсты да Гохбрэта аплачваюцца паводле тарыфу для мясцовай карэспандэнцыi.

Калi такое находзiла на старога Фэмеля, ён быў падобны да сляпога; Леаноры вельмi хацелася збегаць па кветкi ў краму, купiць яму ладны букет, але яна баялася пакiдаць яго самога. Стары распасцёр рукi ў паветры, яна асцярожна падсунула яму папяльнiчку; ён, iзноў узяўшы цыгару ў рот, зiрнуў на Леанору i прамовiў цiха:

- Hе думай, дзiцятка, што я з'ехаў з глузду.

Леанора любiла яго. Ён часцяком заходзiў па яе ў бюро, прасiў злiтавацца з яго бухгалтэрыi, што нядбайна вялася там, на другiм баку вулiцы, высока над друкарняй, дзе ён кватараваў у "атэлье сваёй маладосцi"; стары Фэмель яшчэ захоўваў дакументы, якiя рэвiзавалi падаткавыя агенты, чые магiлы былi забытыя, перш чым яна навучылася пiсаць; акцыi ў ангельскiх фунтах, у доларах, пакеты на плантацыi ў Сальвадоры; там, уверсе, Леанора корпалася ў запыленых рахунках, расшыфроўвала запiсаныя ад рукi выняткi з рахункаў у даўно лiквiдаваных банках, чытала тэстаманты, дзе ён завяшчаў грошы альбо маёмасць сваiм дзецям - тым, каго ён перажыў на сорак гадоў. "Сыну майму Генрыху аддаю ў неабмежаванае карыстанне абедзве сядзiбы з зямлёю, Штэлiнгер Гротэ i Гёрлiнгер Штуль - бо прыкмецiў у iм тыя спакой i радасць, якiя надае яму бачанне развiцця тых рэчаў, што мне здаюцца неабходным варункам жыцця гаспадара на зямлi..."

- Тут, - ускрыкнуў стары, узмахнуўшы цыгараю, - тут я дыктаваў тэстамант майму цесцю, увечары, напярэдаднi таго, як я адыходзiў у войска. Я дыктаваў, а мой хлопчык тады спаў наверсе; назаўтра ўранку ён яшчэ праводзiў мяне на вакзал... пацалаваў мне ў шчаку - вуснамi сямiгадовага дзiцяцi, але нiхто, чуеш, Леанора, нiхто не прыняў маiх дарункаў: усё вярнулася да мяне - маёнткi i рахункi ў банках, працэнты з рэнтаў i падаткаў. Я нiводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькi мая жонка магла рабiць гэта, i яе дарункi прымалiся - але калi я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: "навошта-навошта-навошта..."

I зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капiтан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькi дзён дадому ў сувязi са смерцю сямiгадовага сына; Кiльбава фамiльнае гробiшча прыняло белую дамоўку: цёмны, вiльготны мур i свежыя, нiбы сонечныя прамянi, лiчбы, год смерцi 1917-ты. Роберт, у чорным аксамiтавым касцюмчыку, чакаў на вулiцы ў карэце...

У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фiялетавая; у яе не ставала адвагi наклеiць яе зараз на лiст да Шрыта; конi, запрэжаныя ў карэту, пырхалi ад нецярплiвасцi перад могiлкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, i свежае золата лiчбаў, што зiхцела ярчэй ад сонечных прамянёў...

- Чым ён займаецца, што робiць мой сын - адзiны, якi застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робiць у гатэлi "Прынц Генрых" шторанiцы, з паловы дзесятай да адзiнаццацi... яму было дазволена зблiзку паглядзець, як коням падвязваюцца торбы з аброкам; што ён робiць? Скажыце мне, прашу Вас, Леанора!

Вагаючыся, яна падняла фiялетавую марку i сказала цiха:

- Я не ведаю, што ён там робiць. Далiбог, не ведаю.

Стары зноў засунуў цыгару ў рот; усмiхаючыся, адкiнуўся ў фатэлi - як быццам нiчога не адбылося.

- Як Вы паглядзiце на тое, калi я запрашу Вас на пастаянную работу ў другой палавiне дня? Я б заходзiў па Вас сюды, у бюро, мы б разам палуднавалi, а з другой да чацвёртай або да пятай, як Вы жадаеце, Вы б дапамагалi мне ўпарадкоўваць паперы там, наверсе. Што Вы пра гэта думаеце, мiлае дзiцятка?

Леанора згодна кiўнула галавой:

- Добра.

Яна ўсё яшчэ не наважвалася правесцi фiялетавым "хойсам" па губцы, наклеiць яго на канверт; паштовы чыноўнiк выцягне яго са скрынкi, машына праштэмпелюе лiст: "6.09.1958., 13.00.". А тут сядзiць стары чалавек, якi зноў вярнуўся ў канец свайго восьмага - у пачатак свайго дзевятага дзесяцiгоддзя.

- Добра, добра, - сказала яна.

- Можна, такiм чынам, лiчыць, што Вы ў мяне на рабоце?

- Вядома.

Яна ўглядалася ў яго вузкi твар, дзе яна на працягу гадоў дарэмна iмкнулася адшукаць нейкае падабенства з яго сынам; толькi ветлiвасць, здавалася, была спадчыннаю рысай Фэмеляў; але ў старога яна была больш фармальная, дзеля аздобы; гэта была ветлiвасць старасвецкая, амаль што "грандэцца" - але не ветлiвая матэматыка, як у сына, якi культываваў сухую гжэчнасць, i толькi бляск яго шэрых вачэй дазваляў здагадвацца, што ён здольны да меншай афiцыйнасцi. Стары Фэмель напраўду карыстаўся насоўкай, жаваў канец цыгарэты, часам гаварыў Леаноры камплiменты пра яе прычоску, колер твару; яго гарнiтур быў паношаны, i не сказаць - каб трохi, гальштук быў заўсёды няроўна завязаны; пальцы - крыху заплямленыя тушшу, на абшлагах рукавоў - заўсёдныя сляды ад гумкi; алоўкi, цвёрдыя i мяккiя, кожны раз тырчалi з кiшэнi камiзэлькi; часам ён выцягваў з сынавага стала аркуш паперы, хуткiмi штрышкамi маляваў анёла, божае ягнятка, дрэва або партрэт такога, як сам, пажылога чалавека з вулiцы. Калi-нiкалi ён даваў ёй грошы на пiрожныя; аднаго разу папрасiў яе купiць другую фiлiжанку пад каву, i Леанора адчувала сябе шчаслiваю, што нарэшце можа ўключыць электрычную кававарку камусьцi яшчэ, не толькi сабе самой. Гэткае было жыццё ў бюро, з якiм яна звыклася: гатаваць каву, купляць пiрожныя i слухаць апавяданнi, у якiх усё iшло натуральным парадкам: пра жыццi, пражытыя ў тыльнай частцы дома, пра смерцi, якiмi там памiралi. Стагоддзямi Кiльбы шукалi там продыху i святла, граху i збавення, былi скарбнiкамi i натарыусамi, бургамiстрамi i канонiкамi; там, у тыльнай частцы будынка, у паветры асталося яшчэ нешта ад суровых модлаў пазнейшых прэлатаў; цёмныя грахi Кiльбiчанак - тых, што засталiся ў дзеўках, i раскайныя практыкаваннi пабожных маладзёнаў - у гэтым самым доме, дзе цяпер, штодня ў паабедзеннай цiшы бледнатварая дзяўчына з цёмнымi валасамi рабiла школьныя заданнi i чакала свайго бацьку. А можа, па абедзе ён сядзеў дома? Дзвесце дзесяць вiнных пляшак, апарожненых ад пачатку мая да пачатку верасня... Цi ён выпiў iх сам, а можа, з дачкой, з прывiдамi? Можа, з тым Шрэлам, якi нiколi нават не пытаўся пра яго? Усё было нейкае нерэальнае, больш нават нерэальнае, як попельнага колеру валасы сакратаркi, што пяцьдзесят год таму сядзела тут, на Леанорыным месцы, на варце таямнiц натарыяльнай канторы.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*