KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Стефан Гайм, "Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсiх законах гонару, натуральна: ён i лэдзi будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магiстр лепш ня ўчынiў бы.

I з гэтымi словамi ён кажа маладзёну й ягонай Барбары стаць поруч ля падножжа ложка. Лёйхтэнтрагер раптам аказваецца ў духоўнай хабiце, увесь у чорным i зь белым каўнерыкам, трымаючы ў руках кнiгу, была яна Бiблiя цi не, Айцэн сказаць ня можа, бо ў яго круцiцца ў галаве, вочы лезуць з вачнiц, калi ён вось так стаiць перад ложкам поруч з суджанай яму нявестай i яму здаецца, што бачыць Маргрыт, голую, як на карцiне майстра Кранаха зь Вiтэнбэрга, з каштоўным калье на шыi й рознымi iншымi залатымi штукенцыямi на руцэ.

А Лёйхтэнтрагер разгортвае кнiгу й кажа:

- Слухайце, вы каханыя, чаму вучыць Сьвятое Пiсаньне пра боскае ўстанаўленьне шлюбу: Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, i стварыў ён мужчыну й жанчыну, бо сказаў Бог, я хачу зрабiць мужчыне памочнiцу, каб ня быў ён адзiн. Але муж павiнен быць верны сваёй жонцы, як i жонка свайму мужу. Але жанчына ня мае ўлады над сваiм целам, а муж. Вы, жанчыны, павiнны, слухацца сваiх мужоў, як валадароў, бо муж ёсьць галава жонкi, як Хрыстос ёсьць галава эклезii вернiкаў. Але як абшчына вернiкаў падданая Хрысту, так i жонка падданая мужу свайму ва ўсiх справах ягоных.

Магiстр ведае тэкст вельмi добра й яшчэ ведае, што Лёйхтэнтрагер прамаўляе слова ў слова, дакладна дэка ў дэку, i ўсё ж яму здаецца, што гучаць яны як чысты зьдзек i кпiны, асаблiва калi сэнс iх прыкласьцi не да сухарэбрай Барбары, а да голенькай Маргрыт, на якую жыд паклаў руку як яе гаспадар i валадар. I ўвесь сьцiнаецца, калi Лёйхтэнтрагер пытаецца ў яго:

- Цi хочаш ты, Паўль фон Айцэн, сутную тут дзеву Барбару Штэдэр прыняць з рук божых за жонку сабе, кахаць яе й шанаваць яе й трымацца непарушна вернасьцi, пакуль сьмерць не разлучыць вас?

- Хачу, - кажа ён, не таму, што сапраўды хоча, а таму, што адчувае, што ўсё яму ўжо вызначана наперад з таго дня ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, i чуе, як яго сябар вось ужо гаворыць да дзевы й задае ёй пытаньнi, цi хоча яна ўзяць сутнага тут Паўля фон Айцэна за мужа, цi хоча слухацца яго й падпарадкоўвацца яму ва ўсiх справах, пакуль сьмерць не разлучыць iх, чуе яе згоду й бачыць, як Лёйхтэнтрагер падымае руку й дабраслаўляе новы саюз у iмя Бога Айца, Сына й Сьвятога Духа, быццам ён быў высьвечаны й рукапаложаны й быў на "ты" са Сьвятой Тройцай. Бачыць таксама, як Барбара адразу ж дае нырца ў ложак, раскiдае рукi, але не да яго, а да ягонага сябра Ганса. Але той нагiнаецца, расшнуроўвае абутак, а менавiта на кульгавай назе, кладзе гэты чаравiк на коўдру над жыватом дзевы й кажа: "Каб ты ведала, пад чыiм ботам ты будзеш жыць з гэтага часу й хто ёсьць твой гаспадар"; а Маргрыт, то-б-тое прынцэса Трапезундзкая, то-б-тое лэдзi звонка пляскае ў далонi й курчыцца ад сьмеху. А сэр пасьмiхаецца далiкатна й пытаецца ў магiстра, цi не хацеў бы ён зрабiць прыгатаваньнi й далучыцца да суджанай яму.

Кажучы гэта, бярэ пад руку лэдзi й выходзiць, за iм Лёйхтэнтрагер; пасьля чаго заслона зачыняецца, i толькi салодкая музыка застаецца. I тут нападае на Айцэна вялiкi юр, i ён прыгадвае, што сказаў яму яго сябар Ганс, менавiта, што Бог стварыў усiх i ўсякiх жанчын з аднолькавай дзiркай i для аднолькавых патрэб i мэтаў; i не марудзячы далей, ён скiдае зь сябе парадную вопратку i ўпаўзае да Барбары пад коўдру; а тая ўжо растапырылася ў поўнай гатоўнасьцi й юрзае заднiцай, быццам змалку нiчога iншага не рабiла, уся жарсьць i пажада, i стогне й клiча: "Ходзь, каханы, ходзь да мяне", i Айцэну робiцца весела, калi чуе, якi ў яго прыгожанькi гарбок, якiя прыгожыя i густыя валаскi на грудзях, ну, i ўсё такое iншае. I заўважае раптам, што на ёй iнкуб, але й сам адчувае, што такi самы iнкуб i пад iм, нiбыта Барбара, i ведае, што гэта голая Маргрыт, на якой ён гарцуе поўным чвалам, а пасьля зноў павольна роўненькiм i леным трушком, а яна трымае яго й прымае, прымае, пакуль яму самому не пачынае здавацца, што ўсё ягонае жыцьцё перацякае зь яго ў яе й нiчога ад яго не застаецца, акрамя высахлай скуры.

А тады спачын. Ён уздыхае й бярэ Барбарыну руку ў сваю, i абое засынаюць. Калi празь некалькi гадзiн прачынаюцца, на дварэ займаецца на ранiцу, i ляжаць яны на сьмярдзючым лежаку ў каморцы, поўнай усякай дрэнi й затканай павуцiньнем, у нейкай дзiкай трушчобiне на прадмесьцi, i нi ён, нi Барбара ня ведаюць, як сюды дасталiся, i замест iх прыгожых вясельных рызаў ляжыць куча дранага рызьзя, у якое яны хутаюцца; толькi адмысловага швiва бот Лёйхтэнтрагера адзiнока стаiць на коўдры, быццам забыты сябрам. А калi яны цiхенькiм крадком сыходзяць па лесьвiцы, выходзiць фраў гаспадыня i гарлае, патрабуючы грошай, восем грошаў гамбургскiх, а ў яго нi пфенiга нi ў кашулi, нi ў штанах, i Айцэн мусiць паслаць пасыльнага з запiскай да брата ў кантору па грошы й чакаць тут, тым часам як зброд у карчме рагоча й строiць зьдзекi ўсялякiя, што а скажы, як пачувалася, як начавалася, як зь дзеваю шпокалася, i колькi сiнякоў яму яна насадзiла сваймi касьцямi.

РАЗЬДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ

У якiм дасьледуецца, адкуль магло пайсьцi, што з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самыя зацятыя ахоўнiкi парадку, i адначасова расказваецца пра процiлегласьць памiж "не" i "так" i цяжкасьцi пры будаўнiцтве царства свабоды

Мы лунаем.

У глыбiнях прасторы, якая называецца шэол, што распасьцiраецца па-за межамi стваральнасьцi, бязь цемры, безь сьвятла, паўсюль, у бясконцым скрыўленьнi.

Тут мы можам гаварыць, кажа Люцыпар, тут няма нi Бога й нiкога зь Яго твораў, будзь тое духоўных, будзь матэрыяльных; тут ёсьць толькi Нiчога, а Нiчога ня мае вушэй.

Я не баюся, кажу я.

Люцыпар крыва ўсьмiхаецца. Той, хто, як ты, хацеў бы зьмянiць сьвет, кажа ён, мае ўсе падставы баяцца свайго посьпеху ў гэтым.

Нешта падобнае на павеў ветру кранае нас; але гэта ня вецер, а паток часьцiц, мiзэрных часьцiнак Нiчога, якiя зь Нiчога рухаюцца ў Нiчога.

Я шукаў цябе, брат Агасфэр, кажа ён.

Дзе астатнiя? кажу я. Дзе твае цёмныя сонмы, якiя былi скiнутыя зь неба над нябёсамi разам з табою i са мною за тое, што мы перад Богам адмовiлiся ганараваць чалавека, якога Ён стварыў паводле вобрзу свайго з грудачкi пылу й кропелькi-вадзiнкi й вятрынкi й жарынкi агню. Дзе яны?

Тут мiнаецца ўсё, кажа ён.

Я бачу, як ён дрыжыць ад вялiкага холаду, якi вакол нас, i я разумею, што ён шукаў мяне, бо яшчэ горш за Нiчога ёсьць думка пра яго, Нiчога, вечнае iснаваньне.

Я гнаў цябе й твой чын, кажа ён. Ты ўстаў, выпрастаўся i адняў свой кулак i рабiўся ўсё больш i больш прыгнутым i паламаным. I тым ня меней ты спадзяешся.

Бог ёсьць зьмяненьне, кажу я. Калi Ён стварыў сьвет, зь Нiчога, Ён зьмянiў Нiчога.

Гэта быў капрыз, кажа ён, выпадак, якi здараецца адзiн раз i больш нiколi. Бо глядзi, калi Бог азiраў Сваё тварэньне на сёмы дзень, Ён адразу агучыў, як цудоўна добра Ён усё знаходзiць у рэальна iснуючай форме й што сьвет мае заставацца на ўсе часы, якiм ён яго й стварыў, зь Верхам i Нiзам, з арханёламi й анёламi, хэрувiмамi й сэрафiмамi й сонмамi духаў, падзеленых паводле чыноў i ступеняў, i вянок над усiм - Чалавек. Бог ёсьць як i ўсе, хто нешта калi зьмянялi; i разам з тым яны баяцца за свой твор i сваё становiшча й з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самымi строгiмi ахоўнiкамi створанага iмi парадку. Не, брат Агасфэр, Бог ёсьць Iснуючае, Бог ёсьць Закон.

Калi б так было, кажу я, навошта тады Ён паслаў Свайго роджанага Сына, каб той праз свае пакуты браў на сябе вiну за грахi ўсiх i выбаўляў чалавека? Цi ж бо збавеньне ня ёсьць у сваёй аснове зьмяненьнем?

Мы лунаем.

I Люцыпар кладзе сваю руку на мяне, быццам нiчога нас не разьдзяляе, нiякае сваё бачаньне сьвету, нiякае ўяўленьне мэты, i кажа мне: ты таксама ведаў яго, рабi.

I я падумаў пра рэбэ Ёшуа i як я знайшоў яго ў пустынi: рэдзенькая бародка ў пяску й пыле й распухлы ад голаду жывот, i як я павёў яго на вяршыню высокай гары й даў яму зiрнуць на абсягi тварэньня ягонага бацькi з усёй галечай i з усёй несправядлiвасьцю i сказаў яму, што ўсё гэта ён можа ўзяць пад сваю руку, бо прыйшоў час збудаваць сапаўднае царства Божае; але ён адказаў мне: Маё царства не ад гэтага сьвету.

I што, кажа Люцыпар, ён здабыў, рабi? Цi менш грашылi пасьля таго, як ён даў сябе прыбiць на крыж, i зямля ня п'е больш крывi, як раней? Жыве воўк разам зь ягнём, i ўжо чалавек больш ня вораг чалавеку? Чаму ты ня пойдзеш да яго, што сядзiць у сьвятле, там у вышынях, праваруч бацькi, i ня спытаешся ў яго? Табе ён напэўна дасьць слова й адказ.

Ён пракляў мяне, кажу я, бо я адмовiўся даць яму цень маiх дзьвярэй, калi ён быў у дарозе да месца ўкрыжаваньня з крыжам на сьпiне.

I я бачу, як Люцыпар нецярплiва пацепвае брывом. Я ведаю, ведаю, кажа ён, але менавiта пра гэта ён i захоча гаварыць з табою, бо цi ж ня меў ты рацыi, праганяючы яго ад сваiх дзьвярэй як чалавека, якi цярпеў крайнюю нэндзу?

I тым ня меней, кажу я, рабi любiў людзей i цярпеў за iх.

Цярпеньнi, кажа Люцыпар, - не заслуга; ягня, якое аддаецца на корм, мацуе парадак ваўкоў. Але ты, брат Агасфэр, ня хочаш паслаць сябе ў гэты парадак i спадзяешся на Бога, што Ён табе дазволiць крыху павыдурнiвацца зь Ягоным тварэньнем, i пакiне табе шчылiнку, празь якую ты з чыстым сумленьнем можаш прапаўзьцi назад пад Яго Божую аслону й ня хочаш прызнаць, што гэты сьвет асуджаны на пагiбель ад пачатку праз парадак, якi Бог даў табе, i ўсё корпаньне ў iм марнае й толькi зацягвае скон. Хай жа ён iдзе ў пропадзь, гэты стары сьвет i дай нам з нашага духу будаваць царства свабоды, бяз гэтага маленькага Бога маленькага пустэльнага народу, якi толькi можа жыць, калi яму падпарадкоўваецца кожная iстота.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*