KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Франсуа Мориак - Клубок гадзюк (на белорусском языке)

Франсуа Мориак - Клубок гадзюк (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Франсуа Мориак, "Клубок гадзюк (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Разважлiвасцi табе заўсёды не хапала. Вось i на гэты раз ты лаяла на чым свет стаiць "злачынцу". Павер, нiколi ў жыццi не сустракаў я чалавека больш несправядлiвага, чым ты. На споведзi ты, пэўна, каешся ў сваiх маленькiх грашках, а не бачыш таго, што кожны твой учынак, усё тваё жыццё - грубае парушэнне евангельскiх запаведзяў. Калi трэба знiшчыць ненавiснага табе чалавека, ты i вокам не маргнеш i нагаворыш на яго ўсяго, што толькi не прыйдзе табе ў галаву. Тут ты не спынiшся нi перад праўдай, нi перад хлуснёю. Ты нiколi ў вочы не бачыла мужа сваёй сястры, ведаць не ведала яго, а з поўнай упэўненасцю ўсiм трубiла: "Ведаеце, Марынета паехала ў Б'ярыц i стала ахвярай гэтага нягоднiка. Прайдзiсвет, з тых, што бадзяюцца па свеце i арудуюць у атэлях..."

Калi няшчасная Марынета памерла ад родаў (ах, не хачу я судзiць цябе так жорстка, як ты мяне пасля смерцi Мары!), - мала сказаць, што ты спакойна перанесла гiбель сваёй сястры, ты, здавалася, нават радавалася: "Ну, што я гаварыла? Iнакш гэта i не магло скончыцца. Сама пайшла на пагiбель!.." Ну, а табе, вядома, няма ў чым сябе папракаць: абавязак ты выканала поўнасцю: "Сястра ведала, што дзверы ў бацькоўскi дом для яе не былi зачыненыя, мы чакалi яе, варта ёй было толькi знак падаць..." Ва ўсякiм разе, ты шчыра магла сабе сказаць: "Не я на гэта яе падштурхнула". Не так проста, аказваецца, было табе вытрымаць сваю цвёрдасць. "Але што зробiш, - апраўдвалася ты, - у жыццi бываюць выпадкi, калi трэба прымусiць сваё сэрца маўчаць".

Не, не буду я цябе дакараць. Я гатоў нават прызнаць, што ты з дабрынёй i пяшчотай ставiлася да сына Марынеты, яе маленькага Люка. На лета ты забiрала хлопчыка да сябе, а зiмой ездзiла да яго, - ён вучыўся ў пансiёне недалёка ад Баёна. Ты гаварыла: "Я выконваю свой абавязак, раз яго бацька не хоча клапацiцца пра хлопчыка..."

Я нiколi табе не расказваў, што ў вераснi 1914 года бачыў у Бардо бацьку нашага Люка. Я хацеў купiць сабе сейф, але ўсе сейфы разабралi бежанцы з Парыжа*. Нарэшце дырэктар Лiёнскага банка паведамiў мне, што адзiн яго клiент вяртаецца ў Парыж i, магчыма, згодзiцца прадаць мне свой сейф. Калi мне сказалi прозвiшча гэтага клiента, я зразумеў, што гэта бацька Люка. Мушу цябе засмуцiць: ён зусiм не быў падобны да той пачвары, якую ты сама сабе намалявала. Самы звычайны чалавек. Узрост - трыццаць восем гадоў, выгляд стомлены. I напэўна ж баяўся, каб не забралi ў войска. Цяжка ў iм было пазнаць таго маладога чалавека, якога бачыў я чатырнаццаць гадоў таму назад на пахаваннi Марынеты. Тады ж я меў з iм дзелавую размову. Ён гаварыў са мной шчыра, адкрыта. Аказваецца, у яго была сужыцелька-жанчына, мусiць, не вельмi добрая, бо ён не хацеў, каб Люк быў разам з iмi. I, жадаючы сыну дабра, ён аддаў яго тваёй мацi. Бедная мая Iза, калi б толькi ты i дзецi ведалi, што я прапанаваў гэтаму чалавеку ў той дзень! Цяпер гэта можна сказаць. Я хацеў, каб ён пакiнуў гэты сейф сабе на сваё прозвiшча, а мне даў даверанасць. Тады ўсё маё багацце можна было б захоўваць у гэтым сейфе. Там быў бы i дакумент, якi сведчыў бы, што ўсё гэта належыць Люку. Пакуль я жывы, бацька Люка не меў бы доступу да сейфа, а пасля маёй смерцi ён станавiўся яго поўным гаспадаром, пра што, безумоўна, вы нiчога не ведалi б...

* У вераснi 1914 г. многiя парыжане пакiнулi сталiцу, баючыся наступлення нямецкiх войск.

Зразумела, што такiм чынам я аддаў бы ў рукi гэтага чалавека сябе i сваё багацце. Вось да чаго вы мяне давялi! Вось як я вас ненавiдзеў! I што ты думаеш?! Ён не захацеў пайсцi на такую здзелку. Не пасмеў. Загаварыў пра свой гонар.

А як магло здарыцца, што я адважыўся на такое вар'яцтва? На той час дзецям было ўжо пад трыццаць гадоў. Яны мелi свае сем'i. I Жэнеўева, i Хюбэр былi тваiмi надзейнымi супольнiкамi. Вы дзейнiчалi спадцiшка, а ворагам вашым быў я. Iза, але ж i з дзецьмi, асаблiва з Жэнеўевай, у цябе вялiкай згоды не было. Ты яе папракала, што яна заўсёды пакiдае цябе адну, нi ў чым не раiцца з табой, усё робiць па-свойму. Тым не менш вы адразу забывалiся пра свае спрэчкi, калi справа заходзiла пра мяне. Зрэшты, усё рабiлася цiшком, а выключэннем былi толькi ўрачыстыя падзеi ў нашым жыццi. Помню, якiя разгарэлiся баталii, калi давялося жанiць Хюбэра i выдаваць замуж Жэнеўеву. Я не хацеў даваць пасагу, а толькi рэнту. Я адмовiўся тады даць звесткi пра сваю маёмасць, з чаго яна складаецца, дзе захоўваецца. Я стойка трымаўся i зламаў вас. Мне дапамагла не толькi нянавiсць да ўсiх вас, але i любоў, любоў да маленькага Люка. А бацькi маёй будучай нявесткi i будучага зяця згадзiлiся на ўсё, бо цвёрда ведалi, што ў маiх руках незлiчонае багацце.

Але маўчанне маё трывожыла вас. Вам так не цярпелася выведаць мой сакрэт. Жэнеўева, бывала, хацела купiць мяне сваёй ласкай. Якая прасцячка! Я ўжо здалёк чуў яе цяжкiя крокi i часта ёй гаварыў: "Благаславiце мяне, хутка я памру". Я жартаваў, i мне прыемна было глядзець, як нервуецца яна, як сквапна блiшчаць яе вочы. Потым Жэнеўева пераказвала табе гэтыя словы. I ўся сям'я аж стагнала ад радасцi i нецярпення. А я тым часам думаў, як пакiнуць вам толькi тое, што немагчыма ўтаiць. Я думаў пра маленькага Люка i збiраўся нават закласцi зямлю...

I ўсё ж праз год пасля смерцi Мары я папаўся на ваш кручок. Я захварэў. Некаторыя прыкметы былi такiя самыя, як i ў той хваробы, што загубiла нашу дачушку. О! Як я не люблю лячыцца! Не пераношу дактароў, лекаў! Глядзець не магу, як вакол мяне топчуцца, разглядаюць, спачуваюць! Але ты не адступiлася ад мяне, пакуль я не згадзiўся легчы ў пасцель i выклiкаць Арназана.

Што ж, няма слоў, ты шчыра клапацiлася пра мяне. Часам, калi ты ў мяне пыталася, як я адчуваю сябе, мне нават здавалася, што ў тваiм голасе гучалi ноткi трывогi. Ты мацала мой лоб з такой самай пяшчотай, як i хворым дзецям. Ты загадала, каб перанеслi твой ложак да мяне ў пакой. Калi ноччу я пачынаў варушыцца, ты ўставала i памагала мне напiцца. "Яна даражыць мною! - думаў я. - Хто б мог падумаць? - Напэўна, таму, што "зарабляю добрыя грошы..." Не, грошы самi па сабе радасцi ёй не даюць... А можа, яна баiцца, што пасля маёй смерцi дзецям будзе горш? Вось тут больш праўды..." Але я не адгадаў.

Пасля таго як Арназан агледзеў мяне, ты выйшла з iм на ганак i ад хвалявання гучна загаварыла:

- Доктар, прашу вас, гаварыце ўсiм, што Мары памерла ад брушнога тыфу. А то, ведаеце, у мяне два браты памерлi ад сухотаў, i цяпер па горадзе папаўзлi плёткi, нiбыта i ў Мары была гэтая хвароба. Чужыя языкi такiя злыя, доктар! Я так баюся, каб i мужава хвароба не нарабiла бяды Хюбэру i Жэнеўеве! Калi муж сапраўды цяжка хворы, зноў пойдзе погаласка. Я так перапалохалася i ўсё думала пра нашых дзетак! Вы ж ведаеце, прафесар, ён у маладосцi, яшчэ перад нашым вяселлем, таксама хварэў на лёгкiя. I пра гэта ўсе дачулiся. У нас жа ўсё пра кожнага ведаюць. I так ужо любяць смакаваць чужыя непрыемнасцi! Нават калi б муж памёр ад якой-небудзь iнфекцыйнай хваробы, нiхто б у гэта не паверыў, як не вераць, што i Мары сышла на вечны спакой ад тыфу. I за што ж такая бяда на маiх дзяцей?! Я месца сабе не знаходзiла: не хоча лячыцца i што хочаш яму рабi! Як быццам гэта датычыцца толькi яго аднаго. Такi ўжо чалавек: нiколi нi пра кога не думае! Нават пра сваiх дзяцей! Не, не, доктар, вам цяжка паверыць, што ёсць на свеце людзi, як мой муж! Вы ж такi самы, як абат Ардуэн, - вы не верыце, што на зямлi ёсць зло.

А я ляжаў у пасцелi i смяяўся. Ты зайшла ў пакой i спыталася:

- Чаго ты рагочаш?

- А так...

- Пра што ты думаеш?

- Нi пра што...

Х

Амаль месяц не браўся я за свае запiскi. Пасля цяжкага прыпадку мусiў я ляжаць у пасцелi пад вашым пiльным наглядам. Як толькi хвароба падкошвае мяне, вы ўсе тут як тут. Цэлымi днямi сядзiце ў пакоi i сочыце за мной.

У мiнулую нядзелю завiтаў да мяне Фiлi. Было горача, душна, я ледзьве мог гаварыць, думкi блыталiся, i я задрамаў... Цi доўга я спаў? Не ведаю. Пабудзiў мяне яго пранiзлiвы голас. У прыцемку я бачыў, як ён увесь насцярожыўся. Вочы яго блiшчалi, як у маладога ваўка. На левай руцэ над гадзiннiкам ён насiў яшчэ залаты ланцужок. На худых, яшчэ хлапечых грудзях кашуля была расшпiлена... I зноў я задрамаў... Прачнуўся ад скрыпу ягоных чаравiкаў. Я прыплюшчыў вочы i пачаў сачыць. Фiлi абмацваў мой пiнжак, дзе ва ўнутранай кiшэнi ляжаў мой кашалёк. Сэрца маё затахкала, але я прымусiў сябе не варушыцца. Няўжо ён нешта западозрыў? Вярнуўся на сваё месца...

Я зрабiў выгляд, што толькi-толькi прачнуўся, i папытаўся, цi доўга я спаў.

- Ды не, што вы, дзядуля! Мо дзве-тры хвiлiны.

На мяне напаў той страх, якi ахоплiвае адзiнокiх старых людзей, калi iх высочвае якi-небудзь малады спрытнюга. Няўжо я звар'яцеў? Мне здалося, што гэты ўнучак мог забiць мяне! Недарэмна ж Хюбэр сказаў неяк, што ад Фiлi можна ўсяго чакаць...

Вось бачыш, Iза, якое было маё шчасце... А калi ты будзеш чытаць пра ўсё гэта, позна ўжо будзе мяне шкадаваць. Але мне добра на душы ад адной надзеi, што ты ўсё ж такi паспачуваеш мне трохi. Не веру я ў тваё вечнае пекла з кiпучай смалою. Затое добра ведаю, што значыць быць праклятым на зямлi. Куды нi пойдзе такi чалавек - заўсёды перад iм сумная дарога! Не ўмее ён жыць на зямлi, - не ў тым сэнсе, як гэта разумееце вы, свецкiя людзi, а ў самым глыбокiм... Iза, я пакутую. Дзьме гарачы паўднёвы вецер. Мне душна, мяне мучыць смага, а ў мяне толькi цёплая нясмачная вада з умывальнiка. У мяне ёсць мiльёны, а шклянкi чыстай халоднай вады няма!

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*