KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Франсуа Мориак - Клубок гадзюк (на белорусском языке)

Франсуа Мориак - Клубок гадзюк (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Франсуа Мориак, "Клубок гадзюк (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Гэта святы чалавек, - гаварыла ты пра абата Ардуэна, - але яшчэ зусiм дзiця: нiяк не можа ўцямiць, што на свеце ёсць лiха. Мой муж гуляе сабе з iм, як кот з мышкай, таму i трымае яго ў доме... Бач, i на бязбожнасць забыўся...

Праўду кажучы, я згадзiўся наняць гэтага духоўнага настаўнiка толькi таму, што нiхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмi за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лiчыў гэтага сарамлiвага, цыбатага юнака нiкчэмнай iстотай i не звяртаў на яго нiякай увагi. Ён даваў урокi дзецям, вадзiў iх на прагулкi, мала еў i ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу iшоў у свой пакойчык. Калi часам дома нiкога не было, ён спрабаваў iграць на пiянiна. У музыцы я не разбiраюся, але, як ты казала, "слухаць яго было прыемна".

Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, i не здагадваешся, што iменна з-за яго памiж мною i гэтым маладым чалавекам завязалася нiтачка ўзаемнай сiмпатыi. Аднойчы дзецi прыбеглi i сказалi мне, што да нас iдзе святар. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вiнаграднiк i схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у святара была нейкая пiльная патрэба. Праклiнаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. Не ведаю чаму, але я вельмi баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям'ёй. Калiсьцi ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семiнарыста - выдатнiка i вопытнага духоўнага настаўнiка. Тады святар нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымлiваецца з-за яго здароўя. I вось наш святар толькi што даведаўся, што гэтая затрымка з'яўляецца дысцыплiнарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасцi вельмi любiць музыку, i аднаго разу нехта з семiнарыстаў спакусiў яго пайсцi ў тэатр на канцэрт. З гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семiнарыi. Хоць ён быў у цывiльным, яго пазналi ў тэатры i данеслi дырэктару семiнарыi. Як знарок у той вечар у праграме ўдзельнiчала выканаўца арыi Таiс*, мадам Жаржэта Лебрэн. Калi яна выйшла на сцэну з голымi нагамi, у кароткай грэчаскай тунiцы, перахопленай пад грудзьмi сярэбраным поясам ("Кажуць, больш на ёй нiчога не было"), па зале пракацiлася спалоханае: "А-ах!" Нейкi стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: "Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакацiлiся?! Куды мы трапiлi?!" Вось на якiм канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну i яго сябру. Адзiн злачынец быў адразу выключаны з семiнарыi. Ардуэну даравалi за яго выдатныя поспехi ў вучобе, але начальства пастанавiла затрымаць на два гады яго пасвячэнне ў сан...

* "Таiс" - лiрычная драма кампазiтара Ж.Маснэ паводле аднайменнага рамана А.Франса, якi прасякнуты скептычным стаўленнем да хрысцiянскага фанатызму.

I я, i ты, Iза, у адзiн голас супакойвалi святара i гаварылi, што пасля яго расказу наш давер да абата Ардуэна не зменшыцца. Але святар быў няўмольны i з таго часу заўсёды з непрыязнасцю ставiўся да Ардуэна, якi "так брыдка ашукаў самога сябе". Ты, вядома, памятаеш пра ўсё гэта, але ты не ведаеш, што было потым. Вечарам, калi я палiў на тэрасе, да мяне падышоў абат Ардуэн i збянтэжана папрасiў прабачэння за тое, што сам не расказаў пра свой непрыстойны ўчынак. Я пачаў пераконваць абата, што тое юнацкае свавольства здалося мне хутчэй сiмпатычным, чым непрыстойным учынкам, аднак малады чалавек з нечаканай цвёрдасцю запярэчыў мне i ўпэўненым голасам выпалiў цэлую абвiнаваўчую прамову супраць самога сябе. З яго слоў выходзiла, што я не магу нават сабе ўявiць, якая вялiкая яго вiна: ён парушыў абавязак паслушэнства, апаганiў сваё прызванне, саграшыў супраць маралi. Акрамя таго, ён абняславiў усю семiнарыю... Словам, цяпер не хопiць усяго жыцця, каб выправiць бяду... Да сённяшняга дня стаiць у мяне перад вачыма згорбленая ад роспачы постаць гэтага чалавека. Пры ўсёй маёй непавазе да духоўных асоб я не мог западозрыць Ардуэна ў крывадушнасцi: увесь ён быў перапоўнены горам i смуткам. I, бедалага, усё прасiў дараваць яму, што ён адразу ва ўсiм не прызнаўся. Спрабаваў апраўдвацца, што прычынай гэтага была беднасць: яму трэба было знайсцi хоць якi заробак, каб не быць два месяцы абузай сваёй мацi, няшчаснай удаве, якая ходзiць па хатах i мые бялiзну ў Лiбурне. Я яму адказаў, што, на маю думку, ён не быў абавязаны папярэджваць нас пра гэты выпадак, якi датычыў толькi семiнарскай дысцыплiны. Тады ён узяў мяне за руку i сказаў такое, ад чаго я доўга не мог апамятацца:

- Вы добры чалавек...

Ты ж ведаеш, як я смяюся. Мой смех нават у пачатку нашага жыцця псаваў табе нервы. Гэты няскладны, працiўны смех яшчэ ў гады маёй маладосцi мог ушчэнт разбiць радасны настрой вакол мяне. У той вечар я клаўся ад смеху, пачуўшы гэтыя словы... Нарэшце я супакоiўся i змог гаварыць:

- Месье абат, вы самi не ведаеце, якую лухту вы толькi што сказалi. Спытайцеся ў кожнага, хто мяне ведае, добры я цi не. Паслухайце маю жонку, дзяцей, сваякоў, калег - i вы пачуеце толькi адно: злосць - вось яго натура.

Запiнаючыся, абат Ардуэн пачаў мне даводзiць, што па-сапраўднаму злы чалавек нiколi адкрыта не скажа пра сваю злосць.

- Паверце, месьё абат, - запярэчыў я, - вы не знойдзеце ў маiм жыццi таго, што вы называеце дабрачыннасцю.

Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесiю, прывёў словы Хрыста: "У цямнiцы я быў, i вы наведалi мяне..."

- Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж, гэта мая прафесiя, якая, дарэчы, прыносiць мне немалыя грошы. Калiсьцi я плацiў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулi на вуха падсуднаму маё прозвiшча... Вось як!.. А вы кажаце...

Не помню добра, што ён мне адказаў. Мы iшлi па лiпавай алеi. Што ж, ты, Iза, толькi рукамi развядзеш, калi я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з iм так добра!..

Здаралася, я ўставаў на золку i iшоў у сад, каб падыхаць свежым ранiшнiм паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такi засяроджаны, што мог за два крокi не заўважыць мяне... Якраз у тую пару я даймаў цябе сваiмi кпiнамi i стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваiмi прынцыпамi. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калi я лавiў цябе на скупасцi цi жорсткасцi, - я хоць i крычаў, што ў вас, набожных, не засталося i следу ад хрысцiянскага духу, - я ўсё ж такi ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, якi застаўся адданым гэтаму духу - абат Ардуэн...

VIII

У нашым з табою жыццi, Iза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лiчыць цябе агiднай. У 1896 цi 1897 годзе - табе гэта лепш ведаць памёр наш швагер барон Фiлiпо. Неяк ранiцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той - нi слова ў адказ. Яна адчынiла аканiцы i ўбачыла, што вочы ў старога закацiлiся, нiжняя скiвiца адвiсла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, i некалькi гадзiн (а можа, i болей) яна праспала разам а трупам.

Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нiкчэмнага чалавека: ён пакiнуў жонцы велiзарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою i другi раз замуж нiколi не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павiнна была перайсцi да пляменнiкаў нябожчыка.

- Трэба цяпер больш клапацiцца пра Марынету, - паўтарала твая мацi. Дзякуй Богу, што сям'я наша дружная, - адзiн за аднаго. Не трэба пакiдаць яе адну.

Марынеце на той час было каля трыццацi, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая - як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога i пакорлiва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Нiхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзiцца ўзяць на сябе i ролю безуцешнай удавы. Вы зусiм не ўлiчылi таго, якiм штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.

Не, Iза, ты не думай, што я буду злоўжываць прывiлеяй весцi свой маналог, якую я тут сабе прысвоiў. Табе вельмi хацелася, каб усе завешчаныя мiльёны засталiся ў сям'i i каб дзецi твае маглi iх скарыстаць. Гэта натуральна. Усе вы цвёрда вырашылi, што Марынета не павiнна губляць той узнагароды, якую яна заслужыла за дзесяць гадоў рабскага жыцця са старым баронам. Вы дзейнiчалi, як добрыя сваякi: нiякага другога замужжа, Марынета застанецца ўдавою! А цi ўспомнiла ты, Iза, што зусiм нядаўна ты сама была маладой жанчынай?! Ну, пра каханне да мяне я не гавару: яго ты нiколi не ведала, ты была толькi мацi сваiх дзяцей i больш для цябе нiкога на свеце не iснавала. У вас у сям'i нiхто не вызначаўся багатай фантазiяй: вы нiколi не змаглi б паставiць сябе на месца другога, будзь ён падонак, будзь ён самы прыстойны чалавек!

Усе пагадзiлiся, што першае лета пасля смерцi мужа маладая ўдава прабудзе ў Калезе. Не скажу, Iза, што памiж табой i Марынетай, - тваёй роднай сястрой, была вялiкая дружба, але яна вельмi любiла нашых дзяцей, асаблiва маленькую Мары. Я сам амаль не ведаў яе, i мяне перш за ўсё прыемна здзiвiлi яе прыгажосць i грацыя. Нiхто не паверыў бы, што яна старэйшая за цябе. Ты нараджала, зноў насiла ў сябе пад сэрцам дзяцей, i ад тваёй зграбнай фiгуры мала што засталося. А яна, здавалася, выйшла цнатлiвай з пасцелi гэтага старога барона. Тварык яе быў яшчэ зусiм дзiцячы. Па тагачаснай модзе яна насiла высокую прычоску. Яе залацiстыя валасы былi прыгожа завiтыя каля шыi (цяпер забылiся пра тую моду). Вочы яе былi, бадай, занадта круглыя, нiбы яна ўвесь час была чымсьцi здзiўленая. Жартуючы, я часам абдымаў яе "асiную талiю", хоць бюст у яе быў на цяперашнiя меркi залiшне развiты.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*