Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
М'юлi зазначыў:
- Суддзя казаў: табе вынеслi такi мяккi прысуд таму, што не ты адзiн быў ва ўсiм вiнаваты.
Джоўд гаварыў:
- У Макалестары сядзеў адзiн пажыццёвiк. Усё чытаў i вучыўся. Сакратаром пры начальнiку хадзiў - перапiску за яго вёў i ўсё такое. Надта разумны, у законах разбiраўся i яшчэ ў сiм-тым. Аднаго разу я з iм загаварыў пра тое, аб чым думаў, ён шмат з кнiг навучыўся. I ён сказаў мне: кнiжкi тут не памогуць. Я, кажа, пра турмы ўсё перачытаў - i пра сённяшнiя, i пра даўнейшыя, i цяпер яшчэ менш разумею, чым калi толькi браўся чытаць. Тут, кажа, такая неразбярыха, сам чорт нагу зломiць, i нiхто рады даць не можа, а каб што-небудзь перамянiць, дык на гэта нi ў кога мазгоў не хапае. Толькi, крый божа, не ўздумай, кажа, за кнiжкi засесцi. Па-першае, заблытаешся яшчэ больш, а па-другое, страцiш павагу да тых, хто пры ўладзе сядзiць.
- Я i так iх нi ў грош не стаўлю, - сказаў М'юлi. - Над намi тут адна толькi ўлада - "надзейны мiнiмальны прыбытак", ён i правiць намi. Але вось чаго i нiяк не магу ў розум узяць: як гэта Ўiлi Фiлi згадзiўся сесцi на трактар, ды яшчэ надумаў хадзiць за начальнiка тут, на той самай зямлi, з якой сагналi яго сям'ю. Вось што грызе мне нутро. Калi б каго чужога прыслалi, тады, што ж, тады справа iншая, а то Ўiлi ж тутэйшы. I так мяне разабрала, што я пайшоў i спытаўся ў яго ў самога. Ён проста ашалеў. У мяне, кажа, двое малых. У мяне, кажа, жонка i цешча. Iм есцi трэба. Загарэўся, як чорт. Я, кажа, перш-наперш пра iх думаю. А iншыя няхай самi пра сябе паклапоцяцца. Яго, вiдаць, сорам узяў, вось ён i кiпеў ад злосцi.
Джым Кейсi ўсё сядзеў, утаропiўшыся на апошнiя язычкi полымя ў вогнiшчы, вочы яго былi шырока расплюшчаныя, мускулы на шыi выпнулiся. Раптам ён усклiкнуў:
- Цяпер зразумеў! Калi на чалавека можа сысцi хоць калiва боскае шчырасцi, дык я ўсё зразумеў! - Ён ускочыў на ногi i пачаў хадзiць узад i ўперад, кiваючы з боку ў бок галавой. - Адзiн час у мяне была пераносная кафедра. Народу вечарамi находзiла чалавек з паўтысячы. Даўно гэта было, вы мяне яшчэ тады не ведалi. - Ён спынiўся, паглядзеў на Джоўда i М'юлi. - Наогул, вы заўважалi, што я нiколi не збiраў грошай пасля пропаведзi - i ў адрынах, i пад адкрытым небам?
- Бог сведка, нiколi, - сказаў М'юлi. - Тут нашы ўсе так да гэтага прывыклi, што iх злосць брала, калi iншыя прапаведнiкi хадзiлi па радах з капелюшом. Так, сэр, усё праўда.
- Ад ежы я не адмаўляюся, - гаварыў Кейсi. - Штаны браў, калi свае зносяцца, цi пару там старых чаравiкаў, калi падэшвы ў маiх прадзiралiся так, што ходзiш амаль босы. Але з пераноснай кафедрай было iнакш. Здаралася, за дзень дзесяць, а то i дваццаць даляраў збяру. Толькi радасцi мне з таго не было нiякай, i я кiнуў усё гэта, i як быццам на душы палягчэла. Цяпер я, здаецца, усё зразумеў. Толькi словамi выказаць не ведаю як. Бадай што, i спрабаваць не буду... але здаецца мне, што цяпер прапаведнiку знойдзецца месца. Думаю, я зноў магу з пропаведзямi да людзей iсцi. Яны блукаюць самотныя па дарогах, без зямлi, без прыстанiшча. А калi няма даху над галавой, трэба даць iм нейкую iншую прыстань. Можа стацца... - Кейсi стаяў над вогнiшчам. Шматлiкiя мускулы ў яго на шыi яшчэ больш напялiся, водблiскi агню глыбока пранiкалi ў вочы i распальвалi там чырвоны жар. Ён стаяў i глядзеў на агонь, напружыўшы твар, нiбы прыслухоўваўся да нечага, а рукi, заўсёды такiя ўвiшныя, гатовыя сваiмi рухамi ўдакладнiць, падкрэслiць або адхiлiць свае цi чужыя думкi, цяпер вяла павiслi i паволi пасунулiся ў кiшэнi. Кажаны кружылi ў цьмяным святле вогнiшча, здалёку, з палёў, глуха даносiўся ледзь чутны клёкат начной драпежнай птушкi.
Том Джоўд спакойна палез у кiшэню, выняў адтуль свой капшук i пачаў рабiць самакрутку, пазiраючы паўз яе на вуголле. Ён нiяк не рэагаваў на ўсё, што гаварыў прапаведнiк, быццам лiчыў, што гэта асабiстая справа Кейсi i абмеркаванню не падлягае.
- Начамi ляжыш на турэмным ложку, - загаварыў ён, - i ўсё думаеш: як там усё будзе, калi дамоў вярнуся? Напэўна, думалася, дзед ужо з бабкай памруць i, можа, яшчэ малыя народзяцца. Можа, нораў у бацькi крыху памякчэе. Можа, мацi ўжо адпачынак сабе дасць i перакладзе хатнiя клопаты на Разашарну. Я ведаў: як было, так ужо не будзе... Ну што ж, давайце спаць, а як развiднее, пойдзем да дзядзькi Джона. Я дык абавязкова пайду. А ты, Кейсi, што вырашыў - пойдзеш?
Прапаведнiк усё яшчэ стаяў, пазiраючы на вуголле. Ён паволi прамовiў:
- Ага, пайду з табой. А калi твае рушаць у дарогу, паеду з iмi. А там, дзе будуць людзi, буду i я.
- Калi ласка, - сказаў Джоўд. - Мацi заўсёды ставiлася да цябе з прыхiльнасцю. Казала, такому прапаведнiку можна давяраць. Разашарна тады яшчэ маленькая была. - Ён павярнуўся да М'юлi: - А ты, М'юлi, пойдзеш з намi? - Той глядзеў на дарогу, па якой прыйшлi Джоўд з Кейсi. - Дык як, пойдзеш, М'юлi? зноў запытаўся Джоўд.
- Га? Не. Мне няма да каго iсцi i няма каго пакiдаць. Вунь, бачыш, святло скача ўверх i ўнiз? Напэўна, аканом тутэйшага ўчастка едзе. Вiдаць, нехта заўважыў наша вогнiшча.
Том скiраваў позiрк на дарогу. Святло фар паўзло ў iх бок цераз грэбень узгорка.
- Мы нiчога дрэннага не рабiлi, - сказаў ён. - Пасядзелi тут трохi, толькi i ўсяго. Нiякай шкоды нiкому.
М'юлi рагатнуў:
- Ха-ха! Адно тое, што мы прыйшлi сюды, ужо дрэнна. Парушэнне чужых правоў уласнасцi. Тут аставацца нiкому нельга. Мяне ўжо два месяцы ловяць. Вось што: калi гэтая машына едзе сюды, мы пойдзем у бавоўну i заляжам там. Далёка неабавязкова забiрацца. Няхай паспрабуюць знайсцi! Давядзецца iм кожны кусцiк абшнарыць. Галавы толькi не падымайце.
Джоўд запытаўся:
- Што з табой сталася, М'юлi? Ты ж раней у хованкi гуляць не любiў. Злосны быў.
М'юлi пазiраў на святло фар, якое наблiжалася да iх.
- Ха! - сказаў ён. - Я злосны быў, як воўк. А цяпер я злосны, як ласка. Калi ты палюеш на дзiчыну, ты паляўнiчы, а значыць, у цябе ёсць сiла. Такi нiкога не баiцца. Але калi на цябе самога палююць - гэта ўжо зусiм iншае. З табой нейкая перамена адбываецца. У цябе ўжо сiлы няма. Злосць застаецца, а сiлы няма. На мяне даўно ўжо палююць, я ўжо больш не паляўнiчы. Можа, яшчэ i падстрэлю каго-небудзь у цемры, але кала з агароджы ўжо не вырву i нiкога не пакалечу - гэта ўжо ў мiнулым. I няма чаго нам з табою ашукваць адзiн аднаго. Вось так.
- Што ж, - сказаў Джоўд, - iдзi хавайся. А мы тут з Кейсi пра сёе-тое пагаворым з гэтай сволаччу. - Палоска святла была ўжо зусiм блiзка - скокнула ў неба, знiкла i зноў скокнула ўгору. Усе трое стаялi, сочачы за ёю.
М'юлi сказаў:
- Тут ёсць яшчэ адна асаблiвасць, калi на цябе палююць: ты востра адчуваеш небяспеку. Калi сам палюеш, пра яе зусiм не думаеш, нiчога не баiшся. Ты ж сам казаў: варта табе толькi ў чым-небудзь правiнiцца, цябе зноў запратораць у Макалестар, i прасядзiш ужо там ад званка да званка.
- Правiльна. Так мне сказалi. Але хiба гэта парушэнне, калi сядзеш тут адпачыць цi ноч на голай зямлi захочаш пераначаваць? Нiкому нiякай шкоды. Гэта ж не тое, што напiцца цi дэбашырыць.
М'юлi засмяяўся:
- Вось убачыш. Пасядзi тут, дачакайся машыны. Можа, гэта Ўiлi Фiлi, ён тут цяпер за шэрыфскага наглядчыка. Ён запытаецца ў цябе: "Чаму парушаеш правы ўласнасцi?" Ты ж ведаеш, ён добры паганец, i ты яму скажаш: "А табе што?" Тады Ўiлi ўзлуецца i зараве: "Марш адсюль, а то арыштую". А ты ж не дазволiш кожнаму Ўiлi Фiлi камандаваць табой i раз'юшвацца з перапуду. Ён ужо ўлез, i яму трэба неяк выблытвацца, а ты таксама цуглi закусiў i напралом iдзеш... Не, чорт, залегчы ў мiжраддзi куды прасцей, няхай шукаюць. I да таго ж весялей, бо яны шалеюць ад злосцi, а зрабiць нiчога не могуць, а ты ляжыш сабе i толькi пасмейваешся. Паспрабуй пагавары з Уiлi цi з якiм iншым начальнiкам, яны цябе давядуць, ты кiнешся на iх, а яны цап! - i арыштуюць, i вернешся ты ў свой Макалестар яшчэ на тры гады.
- Талкова разважаеш, - сказаў Джоўд. - Кожнае тваё слова разумнае. Але вельмi ўжо не хочацца скакаць пад iхнюю дудку. Рукi так i свярбяць на гэтага Ўiлi.
- У яго стрэльба, - сказаў М'юлi. - Уiлi будзе страляць,бо ён шэрыфскi наглядчык. Значыць, альбо ён прыстрэлiць цябе, альбо ты яго, калi стрэльбу ў яго адбярэш. Ну пайшлi, Томi. Ты проста скажы сабе: я схаваюся i яны ў дурнях застануцца. Галоўнае настроiць сябе - i ўся справа. - Яркае святло фар цяпер скiравалася проста ў неба, ужо выразна чуўся роўны гул матора. - Пайшлi, Томi. Далёка забiрацца не будзем - радоў за чатырнаццаць-пятнаццаць. Адтуль пасочым за iмi.
Том падняўся.
- Правiльна кажаш, далiбог, - сказаў ён. - Будзе так цi гэтак, мне ўсё роўна нiчога не свецiць.
- Дык гайда. Вось сюды. - М'юлi абагнуў дом i вывеў iх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле. - Гэтага досыць, - сказаў ён. - Галаву толькi нiжэй апускайце, калi фары на вас накiруюць - i ўсё. Во будзе пацеха! - Усе трое разлеглiся на ўвесь рост на зямлi i аблакацiлiся. Раптам М'юлi ўскочыў на ногi, кiнуўся да дома, праз момант-другi вярнуўся i кiнуў у кусты скрутак пiнжак i загорнутыя ў яго чаравiкi. - А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, - паяснiў ён. Святло фар паднялося па схiле, потым нырнула ўнiз i скiравалася проста на дом.
Джоўд запытаўся:
- А не пойдуць яны з кiшэннымi лiхтарыкамi шукаць нас тут? Шкада, палкi няма.
М'юлi хiхiкнуў: