Неизвестно - Дубянецкі
Ва ўсіх пакоях пасля доўгай карпатлівай творчай працы расставілі 12 букетаў і мудрагелістых кампазіцыяў. Можна было б зрабіць з іх яшчэ столькі цудоўных “адзінак”. Але ж вырашылі “не быць скупымі”, хоць і “дзелім” ужо апошнія дары сонца.
Больш за ўсё было астраў. Усё-такі яны ў нас пануюць у такі час. Не ўступаюць свайго месца нікому. Нават хрызантэмам. Ёсць яшчэ і рэшткі ружаў, бо астры цяпер іх ужо “не прызнаюць”, як, зрэшты, і гладыёлусаў. Вось гэтыя дык сапраўды страцілі сваю былую пыхлівую прыгажосць. Сімпатычна выглядае яшчэ мангрэцыя кракасмакветная. У нейкую кампазіцыю добра ўпісаліся і сціплыя аксаміткі. Па-ранейшаму цешыць кожнага серабрыстая кучаравая гіпсафіла мяцельчатая. Яна і сама па сабе не патрабуе ніякай “падстрахоўкі”, мае адмысловы выгляд. А як можна выратаваць, узняць у значэнні што-небудзь зусім непрыкметнае, калі скампанаваць яго з ёю. Мабыць, і лебяда са свірэпаю заганарыліся б у яе аправе, не кажучы ўжо пра бадзяковыя калючкі!
Самы багаты букет атрымаўся з сімпатычных даволі высокіх кветак, якія Галя чамусьці назвала, мабыць, жартам, “чартапалохам”. Вось гэты “чартапалох” ушанаваны быў самай дарагой крышталёвай вазаю і самым цэнтральным месцам. І вось ён красуецца – шырокі, сантыметраў пад шэсцьдзесят вышынёю, яркі фіялетава-жоўта-зялёны. Кожны названы колер – класічны, чысты. Форма кветак – круглая, ў сярэднім шэсць сантыметраў у радыусе. Сама кветка – гэта больш за сотню даўгаватых (~1,5 см) вузенкіх (~1-5 мм) фіялетавых пялёсткаў, размешчаных вакол сваёй сарцавіны “махрова”, у некалькі “паверхаў”. Сярэдзіна – светла-карычневая спачатку, а падчас “красавання” – яна жаўцее за кошт выскачыўшых з гэтай сярэдзіны і драбнюсенька зацвіўшых нібы жоўтай пыльцою тычынак. У гэты час сярэдзіна ўяўляе сабою самастойную прыгажосць – павялічваецца ў памеры да двух і болей сантыметраў, спярша жаўцее па ўсяму краю, а пасля – цалкам. Яе зялёныя лісцікі – таксама вузкія (5-6 мм), прадаўгаватыя (да 4 см). Гэта не травяністая расліна, а паўхмызняк.
Ну, раз пра кветкі, дык не зашкодзіць яшчэ раз прыгадаць мае “юбілейныя” гваздзікі. Нядаўна яны пусцілі новыя пупышкі. Тры з іх вось-вось растуляцца і парадуюць нас вялікімі махровымі кветкамі! Гэта ж з сакавіка ўсё цвітуць! У якасці падзякі ім я ўмацаваў іх тэлевізійнай антэнай.
14 кастрычніка 1987 году. Адбыўся т. зв. арганізацыйны пленум ЦК КП Беларусі. Яго склікалі тэрмінова, каб выбраць другога сакратара Цэка.
Генадзь Барташэвіч, які займаў гэтую пасаду, адкліканы ў Маскву і будзе прызначаны Надзвычайным і паўнамоцным паслом СССР у КНДР. Пакуль будзе апублікаваны ўказ пра гэту яго ганаровую ссылку, яго там некаторы час сяму-таму павучаць. У прыватнасці таму, як палачкамі есці рыс і як кланяцца “Светламу Сонцу Нацыі, Мудраму Бацьку, Цярпліваму Настаўніку, Самаму Паважанаму і Любімаму Правадыру Кім Ір Сену”.
З Барташэвічам сыгралі нядобры жарт. Яму прапаноўвалі такую пасаду ў Фінляндыі, а ён кінуўся ў амбіцыю, мабыць, хацеў у Крэмль. Тут яму і падкінулі гэты канцлагер, праўда, сацыялістычны і нават называецца “народна-дэмакратычны”.
У нечым, нават ува многім, лёс папярэднікаў Г. Барташэвіча нагадвае ягоны лёс: Аляксандр Аксёнаў з другога сакратара ЦК КПБ трапіў спярша прэм’ер-міністрам БССР, а адтуль – у такую ж ссылку, толькі ў Польшчу. Шлях апошняга дакладна паўтарыў Уладзімір Бровікаў, якога Барташэвіч мяняў у ЦК КПБ. Цяпер можам сказаць, што “ранг” пасла ў Польшчы прыбраў вагі: Бровікава там будзе мяняць зноў беларус, але ж ужо не “Прэм’ер”, а… “Прэзідэнт”, пяцідзесяцігадовы Георгій Таразевіч, дарэчы, самы таленавіты з цяперашніх беларускіх кіраўнікоў.За гэта і дамогся яму Яфрэм Сакалоў ссылкі.
Добра жывецца беларускім намеснікам: як толькі хто з найбліжэйшага яго акружэння перастане зазіраць яму ў рот, на ляту ловячы кожнае яго слова, тут такому “смеламу” і засвяціла Польшча.
Перад усімі названымі тут пасламі паняволі там пабываў будучы самазабойца Станіслаў Пілатовіч. Праўда, яго турнуў туды П. Машэраў з пасады свайго ідэалагічнага сакратара.
О колькі і цяпер з таго дома і з параднённых з ім дамоў такіх “дыпламатаў” таксама ў іншых краінах.
Аднак я моцна адхіліўся ад галоўнага. А галоўнае тут палягае якраз не ў тым, каго Паўночная Карэя ці Польшча атрымае ад СССР паслом, а ў тым, каго Беларусь атрымае, скажам, тым жа самым другім сакратаром. Дагэтуль, з нейкага часу заўсёды быў ім беларус. Цяпер жа, пры Гарбачоўскіх рэформах, спатрэбіўся… рускі. Ім стаў Николай Стефанович Игрунов – намеснік загадчыка аддзелу аргпартработы ЦК КПСС (!).
Робячы такія непажаданыя нацыянальныя змены ў галоўным органе “рэспублікі”, Гарбачоў нават вырашыў нікога ад сябе не пасылаць, каб тут растлумачыць свой “ход”, дый прадставіць сваю кадру.
Значыць, цяпер з пяці сакратароў ЦК КПБ ужо непасрэдна рускіх двое – гэты і “прамыславік” Ляпёшкін. Цяпер возьмем першага, Сакалова: ён, магчыма, пішацца беларус, аднак гэта рускі з зацятай стараверскай закваскаю. Астатнія двое – русіфіцыраваныя “беларусы”.
Такога ахаўскага становішча бадай што больш у ніводнай “рэспубліцы” няма.
15 кастрычніка 1987 году. Тэлемост “Крэмль – Капітолій”, з савецкага боку В. Загладзін, І. Лапцеў. З амерыканскага – Д. Мойнікен, С. Хойер.
Цяжка даводзіцца вучыцца дэмакратыі! Столькі “накладак”, столькі няўпэўненасці ў сабе, а таму і злосці. Але ж нічога, “таварышы”, вучыцеся весці палеміку адкрыта!
10 лістапада 1987 году. Антырэлігійная прапаганда апошнім часам узмацнілася. Займацца ёю партыйныя органы прымушаюць не толькі розныя грамадскія ўстановы. Зноў, як у самыя цемрашальна-рэпрэсіўныя гады, за гэтую справу ўзяліся ўсякія дзяржаўныя інстытуты. Вось адзін з іх – Усесаюзны навукова-даследчы інстытут медыцынскіх праблем фармавання здаровага ладу жыцця насельніцтва.
Гэта – установа Міністэрства аховы здароўя СССР. На першы погляд, здаецца, ёсць чым заняцца таму інстытуту. Але ж не! Свае балючыя “медыцынскія праблемы” ён убачыў… у рэлігіі. Так-так, у рэлігіі.
Гэтымі днямі той маскоўскі “інстытут” разам з малюсенькім буклетам “Это надо знать о СПИДе” (Л-77688) распаўсюджвае спецыяльную насценную выстаўку “Религия вредит здоровью” (Л-77196)! Якое блюзнерства! Якая паралель!
Што ўяўляе сабою гэтая брудная мазня нейкага Тараса Кавальчука? Гэта шэсць выцягнутых вертыкальна кардонаў-шчытоў прыкладна 30х60 см. На кожным з іх наклеена лістоўка агіднага зместу. Зроблена нават спроба па-мастацку аформіць гэтае паскудства. Па-першае, усё “напісана” і “намалявана” нібыта ўсярэдзіне хрысціянскага храма. Гэтае падабенства прыдае закругленне лістовак зверху, накшталт скляпення.
Цэнтральнае месца першага шчыта займае блюзнерская выява мадонны з дзіцём. Гэта святы абраз, ікона. Ніжэй – чорная бутэлька з палоскаю-рэцэптам: “Святая вода”. Стаіць і шклянка. Гэта лекі хвораму дзіцяці, якое тут ляжыць пад коўдраю.
Тэкст – пад скляпеннем. Сярод іншага там можна прачытаць і такое:
“Молитвы изнуряют человека, а выполнение обрядов часто противоречит правилам гигиены и наносит вред здоровью”.
Калі тут абраз не надта вялікі, дык на 2-м кардоне ён ужо заняў асноўную яго плошчу – сантыметраў 30 у вышыню. Адзін рог абраза зацалованы. Яго і цяпер цалуе карыкатурнага выгляду жанчына з запаленаю свечкаю ў левай руцэ. Вядома, тэкст – пра распаўсюджванне праз рэлігійныя абрады інфекцыйных захворванняў, у т. л. і туберкулёзу.
Трэці шчыт – рэлігійныя фанатыкі. З тэксту даведваемся пра “дарогу да неўрозаў і іншых парушэнняў здароўя”.
Тэкст на чарговай лістоўцы папярэджвае, што “приобщение детей к религии и выполнению религиозных обрядов нарушает нормальное психическое и физическое развитие ребёнка”. А на малюнку – вялізны падсвечнік з запаленымі свечкамі і “жанчына” накшталт бабы-ягі моцна прыгінае да зямлі галаву хлопчыка-падлетка.
Многія рэлігійныя святы, чытаем на 5-м кардоне, суправаджаюцца масавым п’янствам, што вядзе да нешчаслівых выпадкаў і хваробаў. На малюнку – п’янае застолле, над гулякамі – ікона з лампадкай перад ёю.
Апошні брэх – супраць хрышчэння дзіцяці. Бо гэта, маўляў, выклікае і гнайнічковыя, і прастудныя захворванні. І малюнак адпавядае тэксту.
Усё гэта толькі што выйшла з друкарні “Чертановская” Масгарвыканкама. Сапраўды, бязбожнае гатуецца ў д’ябальскіх катлах!
14 лістапада 1987 году. Сёння надта многа трэба прачытаць перыёдыкі. Да звычайнай нормы дабаўляецца агромністы пераказ крамлёўскай калатнечы ў сувязі з выгнаннем адтуль і адусюль Барыса Ельцына.
Гэта сімптом трывожны, падобна на згортванне галоснасці і дэмакратыі. Значыць, няўпэўнена сябе адчувае там М. С. Гарбачоў. Раз дазволіў Лігачову з’есці аднаго з найвялікшых перабудоўчшыкаў.
Што толькі не вешаюць цяпер на Ельцына! Вось толькі маўчаць, што ён пазбавіў і пазбаўляе незаслужаных прывілеяў маскоўскую партыйна-савецкую вярхушку. Маўчаць таму, што гэта і з’явілася прычынаю навальніцы.