KnigaRead.com/

Андрэй Федарэнка - Ксю

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Андрэй Федарэнка, "Ксю" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Яна азірнулася.

- Давай куды-небудзь зойдзем? Хочаш у “Бярозку”? Кавы пап’ем...

У “Бярозцы” ў фае яны адбіліся ў вялікім люстры, і Дарафею неча-

кана спадабаўся яго двайнік: у чорных джынсах, белай майцы, загарэлы, дужы, наліты мужчынскімі здаровымі вясковымі сокамі, выглядаў ён малайцавата. Побач Ксю моцна трымала яго за руку, нібы баючыся, што ён уцячэ.

- Я так і ведала, што мы калі-небудзь сустрэнемся. Гэтага не магло не адбыцца, бо мне вельмі хацелася, а калі моцна хочаш - абавязкова спраўдзіцца.

Столік, попелка, пах кавы - і недарэчная музыка, веснавой сонечнай раніцай, калі побач - парк, рака, птушкі... Ксю закурыла.

- Ну, расказвай. Хто ты, дзе ты, кім ты?

- Усё там жа, - неахвотна адказаў ён. - У вёсцы жыву, на станцыі працую.

- Не можа быць! Праўда?!

Ён пасміхнуўся.

- Няма нічога больш пастаяннага за часовае.

Ён пачаў расказваць, што працуе брыгадзірам, прывязаны да хворай маці.

- Дык ты... у вёсцы, - не слухала яна. - У той самай - нашай, далёкай... Як мне сніцца ўсё гэта, як не хапае!..

- Нічога ўжо не засталося ад нашай вёскі, - сказаў ён. - Зарасло, і бэз ніхто не ломіць - акурат як у вас у Мінску.

- Усё роўна хочацца туды, да бяспамяцтва.

- Дык прыедзь. Гэта ж не цяжка. Ці занятая вельмі? Спраў многа?

- Ды не сказаць... Усё ў мяне о’кей. Муж, дзеткі... Большай дзесяць, меншай пяць. Працую псіхолагам. І выкладаю псіхалогію.

- “Лексус”, - не без з’едлівасці заўважыў ён.

- І “Лексус”.

- Муж таксама псіхолаг?

- Амаль што, - усміхнулася яна. - А колькі тваім дзецям?

- Я не жанаты.... У сэнсе, халасты... Адзін... кажу ж.

На яе твары адначасова з’явіліся недавер, здзіўленне і радасць.

- Ты жартуеш? Ніколі не паверу! Такі мужчына...

Яна задумалася, потым, апусціўшы вочы, ціха спытала:

- Гэта... з-за мяне?

- Ну што ты! Так склалася, так стала пытанне: жонка ці маці. Ды нідзе і не бываю, дзе мог бы пазнаёміцца з жанчынаю, а калі б і бываў, і пазнаёміўся - хто цяпер захоча жыць у глухой вёсцы, з хворым чалавекам?

- А чаму ты мне не пісаў, не адказваў на лісты, не шукаў мяне? - паўшчувала яна мяккім, як колер вачэй, голасам.

- Навінаў не было.

- Хіба ж мне навіны трэба? Мне ты трэба быў. Я шукала цябе па розных сацыяльных сетках... Ці ты не займаешся гэтым?

- Чаму - у мяне ўсё ёсць. Тэлевізар з “талеркаю”, кампутар, усе навароты... Машына, дарэчы, - пахваліўся ён. - Не “Лексус”, канечне, але таксама іншамарка. Маці ў паліклініку звазіць, па прадукты ў горад з’ездзіць...

Ён загаварыў пра адлегласці, якія цяпер не маюць вялікага значэння, пра сацыяльны статус, узрост і месца пражывання - як ўсё гэта знівеліравана, наколькі ўраўнялася.

- Так што неабавязкова дзікуны жывуць у вёсцы, - сказаў ён. - Зазіраю я і ў кампутар, і ў сацсеткі, але не люблю. Агрэсіі многа. Лепш ужо старая добрая кніга, якую ведаеш на памяць...

- Колькі ў цябе часу? - перабіла яна.

- Гадзіны дзве, можа, больш.

- Слухай, тут тлумна, музыка. Хадзем да мяне? Я цябе запрашаю ў госці. Гэта зусім блізка. Кавы пап’ем...

Тыя ж вочы, тыя ж словы, сказаныя адным і тым жа голасам, на міг перанеслі яго на пятнаццаць гадоў назад, у тое самае лета.

- Ксю... Даўно хацеў у цябе спытаць. Запрашэнне “на каву” - я тады быў упэўнены, што яно толькі адно азначае.

- Яно толькі адно і азначала. Малая была, дурная. Рыхтавалася, хацела, каб лепш, прыгажэй, рамантычна... Набівала сабе цану, вылучыцца хоць нечым хацела... А як перажывала потым!

Яна зноў пацягнулася да пачка з цыгарэтамі, але не закурыла.

- Дык паедзем? Дома нікога няма. Пустая кватэра.

- А дзеці?

- Большая ў школе, меншая ў садзе.

- А праца?

- Я пазваню ім зараз.

- А муж?

- Ты што, зноў баішся? Шукаеш прычыны не ехаць? Дзе тут муж? Пакажы мне яго. Людзі існуюць, пакуль яны ў полі нашага зроку. А знік з вачэй - значыць, няма яго ў прыродзе. Ну, а калі з’явіцца - з балкона будзеш скакаць. Жартую, на працы муж. Да таго ж у нас першы паверх.

IX.

У салоне “Лексуса” стаяла ватная цішыня. А ў яго “Кіа” хоць зачыняй вакно, хоць адчыняй - аднолькава, кожны гук звонку чуваць. Не больш як праз тры хвіліны машына ўкацілася ў зялёны дворык. Многа дрэў, клумбы, кветкі. Вялікая дзіцячая пляцоўка. Трохпавярховы цагляны дом, падобны на катэдж. Каля пад’езда бабуля адной рукой калыхала каляску, другой прыціскла да вуха тэлефон, і чамусьці па-беларуску, манатонна, як аўтаадказчык, паўтарала: “...Паехаў у вёску - прабіў галаву, паехаў у вёску - прабіў галаву, паехаў у вёску - прабіў галаву... ” У калясцы сядзеў і хітра пазіраў на Дарафея, відаць, сам герой паездкі ў вёску - малы з забінтаванай галавою, абмазаны зялёнкаю.

- Бесталковы, - сказала Ксю, адчыняючы дзверы. - Не разумею, як гэта паехаць у вёску і прабіць галаву?

У калідорчыку адразу кінуліся ў вочы чужыя мужчынскія туфлі пад вешаком, а побач - дзіцячыя сандалікі. У ванным пакоі на шнуры, на нікеляванай трубе сохлі шкарпэтачкі, калготкі, трусікі, маечкі - усё яркіх дзявочых колераў, у кветкі, мячыкі, слонікі; і зноў - пад люстрам на палічцы ў празрыстым пластыкавым футарале - дарослы, непрыемны, чужы тут станок для галення.

- У вас адны дзеўкі нараджаюцца, - сказаў Дарафей, выходзячы на кухню з ручніком, выціраючы рукі.

- Добра - вайны не будзе...

Яна ўжо збірала стол, ставіла віны, гарэлкі, закускі. Ён, крыху засаромеўшыся, што ўся гэтая мітусня з-за яго, папрасіў сабе толькі гарбаты, чорнай, моцнай...

- І, калі ласка, лусту белага хлеба з маслам. Больш нічога. Прывык толькі такое.

- Сапраўды. Здаровы мужчына, фізічная праца... А я віна вып’ю. Пад цыгарэту. Мне цыгарэты памагаюць трымаць фігуру, - апраўдваючыся, патлумачыла яна. - Закурыш, дык не так есці хочацца. А памятаеш, як я цябе карміла тады, даўно? Макаронамі з катлетаю?

- Гэта мой самы светлы ўспамін.

- І мой....

Так яны ільсцілі адно аднаму, і яшчэ больш раставала, знікала насцярожанасць паміж імі. Ён падумаў, што павінен пахваліць яе - хоць з ветлівасці госця перад гаспадыняю, ды і чаму толькі з ветлівасці? - ён шчыра зайзросціў ёй, ганарыўся ёю, рад быў за яе.

- Ксю, якая ты малайчына. Такая кватэра, у такім месцы, машына, праца... Выглядаеш свежа, як кветка. І сама ж выйшла ў людзі - без блатаў, без грошай, з такой глушэчы, усяго дабілася розумам, прыгажосцю...

- Ага. Дабілася. Успамінаць не хачу. Эканоміла па капейцы. Кожныя канікулы, яшчэ студэнтамі, на ўсё лета ў Фінляндыю клубніцы збіраць... Света памагла. Усё дзякуючы ёй - і кватэра, і машына. Я да іх часта езджу, у Прагу.

- А як яна сама? - спытаў ён.

- Яна? Цвіце і пахне! Не п’е, не курыць, выглядае маладзей за мяне. Дзіця свайму чэху нарадзіла. Таксама, дарэчы, дзяўчынку. Хочаш у кампутары здымкі паглядзець?

- Не, не хачу.

- Разумею... Прабач.

- Я калі-небудзь бачуся з Жэневымі дочкамі, прыязджаюць у вёску, ды і ў іх - таксама дзеўкі. Памятаеш, як твой дзядзька Жэня казаў? Кім ён акружаны?

- Яшчэ як памятаю!

- Ён не са злосці, бяскрыўдны быў.

- Я ведаю. Я табе больш скажу, як псіхолаг: самыя страшныя мае пацыенты не хамы, не п’яніцы, не пахабнікі, не цынікі, а - ханжы. Іх пазнаеш адразу, з першага позірку; на людзях - ліслівыя, ветлівенькія, вочы бегаюць, пальцы не знаходзяць месца, а дома, у сям’і, з жонкай ці з дзецьмі - тыраны, монстры, і гэтае ўвесьчаснае двайное жыццё, ці гульня ў жыццё, хаванне сябе сапраўднага, сваёй сутнасці разрывае іх, як бомба замаруджанага дзеяння. А ў выніку - мне іх слухаць, лячыць... Зрэшты, гэта мой хлеб. Без працы не застануся.

Ён піў, стараючыся не сёрбаць, сваю гарбату, Ксю - сваё віно.

- А раскажы яшчэ пра сябе, - папрасіла яна. - Мне страшэнна цікава ўсё, з табой звязанае. Як, чым ты жывеш?

- Як жыву? Не сказаць, каб о’кей. Як у цябе, напрыклад. У каго ні папытай: цудоўна, шчасліва... Моташна ад гэтага фальшывага аптымізму. Ну, які о’кей, калі мы старэем, хварэем і паміраем? Прычым не ў будучым, а кожную хвіліну, вось, напрыклад, у гэтую самую.

- Цяпер не модная філасофія хваробы і смерці, - гулліва заўважыла яна.

- Калі гадамі жывеш з хворым чалавекам, яшчэ не да такой філасофіі прыйдзеш. Зрэшты, я ні аб чым не шкадую. Стараюся задавальняцца тым, што маю. І веру, што ўсё да лепшага. А смерць, можа быць, самае лепшае.

- О-о! Вось як? Колькі я такога наслухалася! Да таго ж ты сабе супярэчыш. Калі ўсё да лепшага, а смерць - самае лепшае, дык тады ва ўсіх і сапраўды о’кей. Чаму тады аптымізм фальшывы? Ён якраз-такі натуральны паводле тваёй тэорыі.

- Ксю, - пакорліва здаўся ён, - я дылетант. Ты мяне разаб’еш па ўсіх пунктах. Давай без прафесійных тэрмінаў. Я ж пакуль не на прыёме ў цябе.

Яна засмяялася.

- Я, калі казала о’кей, мела на ўвазе цела. Можна быць шчаслівай матэрыяльна, а з душою трэба яшчэ разбірацца.

- На псіхатрэнінгах?

- Хоць бы. Да таго ж я проста павінна быць шчаслівая. Прафесія вымагае. Уяві - прыходзіш ты да псіхолага і бачыш знерваванага, няшчаснага чалавека з абкусанымі пазногцямі і скрушным паглядам. Чым такі паможа?

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*