Зміцер Падбярэзскі - Сталёвая поўня
Каля леснічоўкі дзед Васільевіч сеў на пень і пачаў пільна ўслухоўвацца ў наваколле. У вершалінах дрэў пачынаў падвываць вецер, і было зразумела, што хутка, ледзь не праз дзень, зямлю пакрые снег, прыйдуць халады і зіма ўсталюецца трывала і надоўга. Міжволі дзед пачаў думаць, дзе паставіць першыя пелькі на зайцоў, дзе зручней будзе ўпаляваць дзіка, а дзе на рэчцы на якой яміне больш збярэцца рыбы. Разважаў бы і далей, але скрозь пошум ветру прарвалася рэха моцнага выбуху.
“Колькі ж іх туды пацягнулася? - падумаў дзед Васільевіч. - Чалавекі чатыры, не менш. Утрох бы не пацягнулі тыя пакункі. Так што дай Бог, каб усе чацвёра там і засталіся... ”
На наступны дзень сапраўды пайшоў снег. Спачатку ён нясмела зацерушыў, нібы спрабуючы, як яго сустрэне яшчэ не схаладзелая зямля. Вецер сціх, а таму снег, з кожнай гадзінай набіраючы моцы, павольна клаўся на лапіны ялін, шэптам церушыўся сярод дубовай лістоты. За два дні нападала яго столькі, што Васіліха ледзь не павалілася ад стомы, як увайшла ў леснічоўку, і пару хвілінаў, сеўшы на ляжанку, не магла вымавіць ані слова.
- Што здарылася? - не вытрымаў дзед Васільевіч.
Яшчэ колькі часу Васіліха шморгала носам, церла кулакамі мокрыя вочы і спрабавала нешта сказаць, але з яе рота выляталі толькі няўцямныя, здушаныя гукі.
- Данута?! - не вытрымаў дзед.
- А... ага, - выціснула з сябе Васіліха і зараўла на ўвесь голас.
Дзед выйшаў з леснічоўкі, разумеючы, што Васіліха, пакуль не выпла-
чацца, усё адно сказаць нешта не здолее. Вершаліны ялін гнуліся ад снегу, скрозь хмары, якія нізка паўзлі па-над дрэвамі, час ад часу прабівалася вока вялікага, поўнага месяца. Адчувалася, што вось-вось - і сапраўдная зіма сцісне гэтую знямелую зямлю.
“Казаў жа я табе, дзяўчынка, хутчэй сысці з вёскі...” - прамармытаў дзед Васільевіч і вярнуўся ў леснічоўку. Ягоная сястра сядзела нерухома, яе вялікі цень ад газнічкі ледзь пагойдваўся на сцяне жытла.
Нічога не пытаючыся, дзед прысеў на лаўку. І тады Васіліха сама пачала распавядаць сухім, драўляным голасам...
Парашутысты ўваліліся ў яе хату ўдзень, калі на вуліцы яшчэ не пачало нават шарэць. Былі толькі ўдвух: галоўны і вузкавокі. Адразу запатрабавалі гарэлкі і ежу. Посную бульбу рукамі запіхвалі ў рот, цадзілі самагонку, чорнымі пальцамі рвалі на кавалкі бохан хлеба. Пад’еўшы, узялі мяхі і пайшлі па хатах, забіраючы з ежы ўсё, што траплялася на вочы. Лазілі пад печы, зазіралі пад ложкі. Дайшлі да Марысевай хаты, дзе ў гэты акурат час Данута вучыла дзяцей, як трэба бінтаваць парэзаныя пальцы. Сам выгляд таго, што нагадвала школьны клас ды скрутак белага бінта на стале, літаральна раз’юшыў вайскоўцаў. “Што, сучка, школку арганізавала? На немцаў працуеш?!” - зароў галоўны. “Бач ты, нашыя таварышы ад ранаў паміраюць, а яна тут бінты ад нас хавала!” - дадаў другі. Потым галоўны загадаў Дануце збірацца, каб ісці з імі ў лес. Данута адказала, што яны забілі яе брата, і яна іх ненавідзіць, таму нікуды не пойдзе. Прыбышы пакідалі мяхі з нарабаваным на падлогу і, лаючыся, выцягнулі Дануту на вуліцу, не даўшы ёй нават апрануцца. Дзеці, якія збегліся да вакна, бачылі, як партызаны штурхнулі Дануту да сценкі адрыны, галоўны нешта сказаў, пасля чаго некалькі разоў стрэліў з пісталета. Вайскоўцы вярнуліся ў хату, дзе камандзір яшчэ раз стрэліў у столь, пабралі мяхі і з мацюкамі пасунуліся ў бок лесу...
Дзед Васільевіч два дні не пакідаў леснічоўку, выходзіў адно па патрэбе. У леснічоўцы ён старанна агледзеў дзве старыя пасткі, адчысціў іх ад іржы, змазаў салам, праверыў спраўнасць спружын. За гэты час ён з’еў хіба адну лусту хлеба з цыбулінай, большую частку часу моўчкі сядзеў, гледзячы, як танчыць язычок газнічкі, паўтараючы сам сабе імёны: “Мішка... Данутка...”
Нарэшце рашуча падняўся і сам сабе сказаў:
- Удвух яны засталіся, удвух. Значыць - час!
Закінуўшы за плечы вінтоўку, дзед Васільевіч падхапіў мех з пасткамі, стаў на лыжы і пакрочыў у бок пераправы праз рэчку. Ён разумеў: не сёння, дык заўтра згаладалыя парашутыстыя зноў пасунуцца ў Лохвіцу. Чакаць іх з вінтоўкай каля рэчкі ані сэнсу, ані ахвоты не было. Дый хуткая смерць ад кулі была б для прыбышоў хутчэй падарункам, чым караю...
Снегу за гэтыя дні наваліла ледзь не па пояс, але на лыжах ісці было даволі спраўна. Недзе праз гадзіну, калі толькі пачало віднець, дзед Васільевіч быў ужо каля пераправы. Падумаўшы, першую пастку ён уладкаваў метраў за пяць перад бервяном, прымацаваўшы яе ланцугом да бліжэйшай альхі. Другую заглыбіў у снег акурат каля самой пераправы, гэтак жа старанна накінуўшы ланцуг на камель бліжэйшага дрэва.Снег не спыняўся, вецер шугаў пазёмкаю. Дзед Васільевіч загладзіў свае сляды веццем, падумаўшы, што праз якую гадзіну тут будзе ўжо амаль некранутая цаліна. “Мішка... Данутка...” - які раз паўтарыў ён гэтыя імёны сам сабе і пасунуўся ў бок свайго жытла. Снег сляпіў яго, і цяжка было зразумець, ці то ён раставаў на твары, ці то дзед Васільевіч нарэшце не стрымаў слёзы...
***
Прачнуўшыся ў зямлянцы ад холаду, Карчоў адчуў, як яму сціснула жывот. З яды ў іх на дваіх засталося адно яйка ды невялікі кавалак сала. Падумаўшы, Карчоў пакінуў яйка некранутым, а сам, седзячы, доўга і старанна пераціраў зубамі сала, аж пакуль скурка не зрабілася мяккай. Тады, праглынуўшы яе, Карчоў расштурхаў Агмаля і загадаў:
- Давай па ваду. Вып’ем цёплае, потым у вёску пойдзем.
- Мог бы і сам схадзіць, - прабурчэў той.
- Не зразумеў загад? - неяк абыякава адрэагаваў маёр і дадаў: - Вунь яйка праглыні - і марш!
Агмаль скінуў з сябе шынель, пад якім ляжаў уначы, працёр вочы і, адкінуўшы брызент, які закрываў уваход у зямлянку, высунуў з яе галаву.
- Ты бачыў, колькі снегу намяло? Тут да рэчкі ісці з гадзіну, не кажучы ўжо пра вёску... Лепш снегу натопім.
- Натопім, ага... Я буду дровы рэзаць? - рыкнуў Карчоў. - Давай па ваду, хутчэй. Сагрэемся, а потым пойдзем па харчы. Стратэгі маскоўскія, каб іх! Скінуць - скінулі, а як тут выжыць - парады не далі...
Агмаль схапіў яйка так, што раздушыў яго ў далоні, і прагна запіхаў у рот усё, што здолеў утрымаць. Сплюнуўшы колькі разоў шкарлупінне, ён выцер аб вопратку руку. Потым з вядром у руцэ выйшаў з зямлянкі, зрабіў крок і праваліўся ў снег ледзь не па пояс. Ён сапраўды дайшоў да рэчкі ці не за дваццаць хвілін, з цяжкасцю перасоўваючыся ў снезе. Ужо каля самага бервяна, там, дзе трэба было спусціцца да вады, ён спатыкнуўся і ўпаў на бок. Спрабуючы адразу стаць на ногі, абапёрся рукой аб зямлю, глыбока засунуўшы яе ў снег. У гэты момант нешта шчоўкнула, і цела вайскоўца працяў востры боль. Агмаль закрычаў, спрабуючы вызваліць руку, але ўсё, што ў яго атрымалася, гэта выцягнуць яе з-пад снегу. Пастка сціскала руку крыху вышэй за далонь, кроплі крыві падалі на снег. Патузаўшы ланцуг, вайсковец прабраўся да дрэва, дзе пераканаўся, што расшчапіць звёны шанцаў няма. Завыўшы ад разумения ўласнай бездапаможнасці, Агмаль асунуўся на снег і пачаў крычаць, спадзеючыся, што Карчоў яго пачуе. Завіруха ўзмацнялася, і ягоныя крыкі зносіла ветрам некуды ў бок вёскі...
Стаміўшыся чакаць Агмаля, Карчоў вылаяўся, начапіў на грудзі аўтамат і выправіўся на пошукі падначаленага. “Вось жа татарская морда, - думаў ён, імкнучыся трапляць след у след за Агмалем. - Няйначай, вырашыў без мяне пайсці ў вёску. Падла! У іншай сітуацыі адразу б расстраляў! Але што я тут буду рабіць адзін?”
Завея круціла свой адчайны танец, і Карчоў, арыентуючыся ў прасторы толькі па ледзь ужо прыкметных слядах, нарэшце ўбачыў наперадзе нейкую цёмную пляму.
- Гэй, татарын! - гукнуў ён. - Гэта ты?
З-за гуду ветру адказу ён не пачуў, але ўцяміў, што ягонаму напарніку патрэбная дапамога. Рашуча ступіўшы наперад, ён адразу не зразумеў, што адбылося. Нешта сціснула ягоную правую нагу, ды так, што боль ён адчуў толькі праз колькі імгненняў. Гэта быў не проста боль: здавалася, нехта спрабуе рэзаць ягоную нагу адразу з двух бакоў.
- А-а, маць тваю! - зароў Карчоў, імкнучыся выпрастаць параненую нагу. Пабачыўшы тоўсты ланцуг, ён з усяе сілы пацягнуў яго да сябе, потым ірвануў - адзін раз, другі, трэці. Без толку. Тады Карчоў сеў у снег, сунуў рукі ўніз, намацаўшы тоўсты метал, і зразумеў: так проста вызваліць нагу немагчыма. Таму ён зноў пачаў тузаць ланцуг, аж нарэшце папоўз у бок дрэва. Там ён, губляючы сілы, паспрабаваў рэзаць тоўсты камель нажом, усё выразней усведамляючы, што заваліць альху з дапамогай аднаго нажа - справа безнадзейная. Але ён працягваў рэзаць дрэва, аж пакуль лязо раптам не зламалася. Нага ўжо нібыта й не балела. Карчоў, разграбаючы снег рукамі, папоўз да Агмаля, аднак як ні намагаўся, не змог да яго нават дацягнуцца.
- Ты, дапамажы! - колькі разоў гукнуў ён, аднак у адказ не пачуў нічога.
“Глупа. Наколькі гэта глупа - паміраць вось так, а не ў баі”, - падумаў Карчоў, паволі перастаючы разумець, што адбываецца навокал.
Мінула колькі гадзін. Звечарэла. Завіруха пачала супакойвацца, вецер налятаў на два скурчаныя целы ўсё радзей. Неба паступова вызвалілася ад хмар, мароз усё мацней ахутваў зямлю. Колкія зоркі пераміргваліся на небе. З-за вершалін бору паволі высунуўся месяц, аднак і ў ягоным гулкім святле немагчыма было зразумець, што тут адбылося. Зіма легла на зямлю надоўга. А па вясне адзін толькі чалавек мог пра тое распавесці. Ды не стаў таго рабіць. Парэшткі вайскоўцаў дзед Васільевіч закапаў на ўскрайку бору. Пасткі пратрымаў пару дзён у рачной вадзе, пасля чаго змазаў салам, абгарнуў анучай і схаваў у леснічоўцы пад ложкам.