Зміцер Падбярэзскі - Сталёвая поўня
На тым месцы, дзе спачатку спыніліся дэсантнікі, іх ужо не было. Дзед Васільевіч рашуча пакрочыў углыб лесу, дзе хутка ўбачыў нешта накшталт новага лагера. Вакол вогнішча сядзелі сямёра, яшчэ адзін ляжаў на спіне побач на лапках яліны, накрыты коўдрай. На з’яўленне дзеда амаль не зрэагавалі. А калі крыху ўбаку ад паляны ён заўважыў горку свежага пяску, упэўніўся, што начны паход на чыгунку быў у парашутыстаў сапраўды няўдалы.
- І на якую халеру вы туды папёрліся, не зведаўшы броду? - не вітаючыся, спытаў дзед.
Яму ніхто не адказаў.
- А з гэтым што? - дзед паказаў на таго, што ляжаў на спіне.
- Кулю ў жывот атрымаў, - адказаў Карчоў і дадаў: - Не жылец.
- Мост ахоўваецца, ці не ведалі?! Я ж казаў вам, каб рабілі свае справы далей ад вёскі, там, дзе на чыгунцы патрулі толькі час ад часу. А вы дападрываліся! Немцы з самага ранку ў Лохвіцу прымчаліся, распытвалі, хто што чуў ды бачыў.
- І што твае? - пацікавіўся Агмаль. - На нас навялі?
- Нашыя не балбатлівыя, - адрэзаў дзед. - Дый не ведаюць, дзе вы ў лесе. А вось як вы й надалей будзеце так сябе паводзіць, дык не гарантую, што не падкажуць. Зрэшты, дзе вас шукаць трэба, нават качаня дурное зразумее.
- Што такое - качаня? - ляніва пацікавіўся Агмаль.
- Татарын, я ж сказаў - маўчы!
Павісла маўчанне. Вогнішча гэтым разам гарэла роўна, без дыму. “Ну, хоць нешта па-майму зрабілі”, - адзначыў дзед.
- Мяхі нашыя ў лесе не бачыў? - пацікавіўся камандзір. - А то есці ўжо амаль няма чаго...
- Мяхоў не бачыў, - адказаў дзед. - Во тытуню прынёс, свойскі самасад, дзяручы. Праз такі і пра ежу забудзецеся.
- Што ён прынёс? - спытаў татарын у Карчова. - Чаму ён нармальна не гаворыць?
- Змоўкні, ты! - як адрэзаў той. - Тут жа не Расія, а дзікі край. Яны ўсе па-свойму гавораць, цемра.
Дзед Васільевіч прамаўчаў. Сапраўды, рускую мову ў гэтых краях збольшага разумелі, але вось гаварыць больш-менш складна мала хто мог. Ён развязаў торбу, дастаў мяшэчак з самасадам і газету. За выняткам аднаго, усе дэсантнікі накінуліся на пачастунак. Яны ірвалі газету на кавалкі, круцілі казіныя “ножкі”. Прыпаліўшы, ледзь не заходзіліся ад кашлю.
- Дзед, ты няйначай атруціць нас хочаш, - заўважыў адзін з салдатаў.
- Не я гэта, хлопцы. Вы ж паглядзіце, якую газету падралі. “Правда” называецца. Вы і яе на шматкі пусціць гатовыя?
- І што такога? - не зразумеў той.
- А тое, што гэта праўда вам глотку дзярэ, - сказаў дзед. - Так заўсёды з тымі здараецца, хто з праўдай гэтак абыходзіцца.
- У вайны - свая праўда, - сказаў Карчоў. - Праўда ў таго, хто стрэліць першы, зразумеў?
- Тады з такой вашай праўдай вам доўга не пражыць, хлопцы. Бо немцаў са сваёй праўдай тут куды больш за вас. А яшчэ праўда ў тым, што на вайне праўды для ўсіх не бывае. Яна ў кожнага свая. І кожны б’ецца за ўласную праўду.
- У нас, запомні, праўда адна: біць немца. І таму кожная іншая праўда
- варожая дыверсія, якую мы абавязаны нішчыць пад корань.
- Ці не з гэтай праўдаю вы нішчылі маіх аднавяскоўцаў?! - выбухнуў Васільевіч. - Уся праўда ў іх была - гэта жыць для сябе, для ўласных дзяцей. А вы - й малых пад корань...
- Дзед, яшчэ слова - ляжаш побач з тым вунь!.. - камандзір кіўнуў у бок пясчанай гурбы. - А жыць яны павінны былі для ўсіх нас. Відаць, не схацелі...
У лесе запанавала цішыня. Спрачацца дзед Васільевіч забаяўся, дый і ў Карчова, верагодна, нешта зварухнулася ў дуты.
- Так, на вячэру есці шышкі нам няма ахвоты, - нарэшце прамовіў ён. - Таму, татарын, бяры трох чалавек і дуйце ў вёску. Немцы ўжо былі сёння, другі раз не паедуць, няма чаго ноч чакаць. Пакуль відно, набярыце колькі прынесці зможаце. Птушак там, падсвінка той раз бачылі - забіце і сюды цягніце.
- Камандзір! - узняўся на ногі дзед Васільевіч. - Зіма вось-вось, як людзям выжыць будзе?
- А мне пляваць, як яны выжывуць, - таксама ўскочыў Карчоў. - Хто не з намі, той супраць нас, хто будзе за курэй хапацца - той памагаты ворагу. А таму, хлопцы, як што - размова кароткая, зразумелі?
Байцы хутка сабраліся, закінулі за спіны аўтаматы, схапілі прасціны і коўдры, у тым ліку і тую, якой быў накрыты паранены.
- Ідзіце праз рэчку па дрэве, - загадаў камандзір. - І далей полем, так хутчэй будзе.
- А калі немцы раптам? - заўважыў дзед. - На полі яны як у тым ціры будуць.
- Не бздзі, стары! - рагатнуў татарын. - Мы таксама не лыкам шытыя.
“У гэтым уначы можна было пераканацца”, - сам сабе сказаў дзед Васільевіч, гледзячы ўслед парашутыстам, якія ледзь не бягом накіраваліся ў бок рэчкі.
- Сядай, дзед, пагаворым, - прапанаваў Карчоў, і мужчыны паселі на спілаваныя дрэвы.
- Што тут наўкола з партызанамі, ці сустракаў якіх?
- Няма тут ніякіх партызанаў, - адказаў дзед. - Можа, недзе там, за мястэчкам, хто й хароніцца ў лесе. А тут - ціха, дзякаваць Богу!
- А дзе нам мужыкоў у атрад набраць? Нам бы для пачатку чалавек з трыццаць яшчэ...
- Во як, чалавек з трыццаць! - ускінуўся дзед. - Вы й пяцёх наўрад адшукаеце, дый то - кульгавых ды слепаватых. Усіх спраўных мужыкоў адсюль павымятала. Каго ў Сібір, як вашыя прыйшлі, каго польскімі шпіёнамі нараклі, каго ў савецкае войска схапіць паспелі - і з канцамі. Таму спадзявайцеся на сябе.
- У мяне баявая задача: за тры месяцы сабраць атрад у сто чалавек, зразумеў? - нахіліўся да дзеда камандзір і ледзь не шэптам дадаў: - Сто чалавек, каб тут у захопнікаў зямля гарэла пад нагамі!
- І збярэш сто, толькі пры ўмове, што іх табе з неба скінуць, - адказаў дзед. - Спачатку вы тут мужыкоў вынішчылі, а потым пачалі шукаць вам адданых. А іх - няма! У Лохвіцы вунь з мужыкоў мой пляменнік Мішка пятнаццацігадовы ды Пятрусь, хворы на галаву, як на ягоных вачах сястру Марысю вашыя разам з сям’ёй паклалі. Вось і лічы: добра калі паўтара мужыкі на вёску. І тыя - самі за сябе.
- Нічога, па іншых вёсках пашукаем!
- Ага, Езус вам у дапамогу... А лепш адразу ў мястэчка ідзіце, - пагадзіўся дзед. - Тамака паліцэйскіх смачнай ежай да сябе мо пераманіце.
Ён хацеў яшчэ нешта дадаць, як з боку вёскі прагучаў адзін стрэл, потым другі, пасля чаго разы з чатыры чэргамі коратка адгукнуліся аўтаматы. Дзед ускочыў з месца, за ім - пазасталыя парашутысты.
- Немец? - спытаўся дзед.
- Не, нашыя аўтаматы білі, - аспрэчыў камандзір. - А першай нібыта вінтоўка была...
“Мішка! - здагадаўся дзед Васільевіч. - Засранец! Я ж прасіў цябе не рыпацца!”
І дзед Васільевіч пашыбаваў у бок Лохвіцы. Ледзь не зваліўшыся з дрэва па-над рэчкай, ён выскачыў на поле і хутка сустрэў дэсантнікаў. Адзін з іх крочыў кульгаючы, паклаўшы руку на плячо таварыша.
- Бач ты! - сплюнуў Агмаль. - Такі падстрэліў нашага!
- Хто падстрэліў?! - не зразумеў дзед.
- Ды нейкі малы. Смальнуў з вінтоўкі, вунь Казанаву ў нагу ўсадзіў. Але больш не будзе.
- Што - не будзе?
- Адстраляў сваё малы, - татарын нядобра паглядзеў на дзеда. - Ты там скажы сваім: калі хто яшчэ надумае страляць, дык пусцім усю вёску дымам.
Дзед Васільевіч нічога не адказаў і пайшоў у бок Лохвіцы. Яшчэ здалёк ён пабачыў каля плота крайняй хаты купку баб, пачуў плач. Галашэнне Васіліхі рэзала паветра, бы той нож.
Мішка. ляжаў на жываце, выкінуўшы наперад левую руку, якой ён, відаць, падтрымліваў вінтоўку. Па ўсім было відно, што аўтаматныя кулі працялі ягоны жывот, пасля чаго хлопец проста паваліўся наперад.
- Так, бабы... Слязьмі Мішку ўжо не дапаможаш. Падрыхтуйце ўсё ў хаце. А Мішку я сам прынясу. Ён цяпер няважкі, хлопча, як той парашуцік дзьмухаўцовы...
За ўвесь той час, як дзед Васільевіч майстраваў труну, капаў дол на могілках, як сядзеў за памінальным сталом, ён не прамовіў ані слова. Адно бязгучна шаптаў: “Мішка... Мішка...” І толькі як сыходзіў з хаты ў лес, яшчэ раз нагадаў пляменніцы:
- Давай, Данутка, у мястэчка. Не марудзь. Мы тут ужо самі неяк...
У леснічоўцы ён доўга не мог заснуць, круціўся з боку на бок. Заснуў пад самую раніцу, а як ускінуўся на ногі недзе на пачатку восьмай, з’еў сала з халоднай бульбай і пачаў збірацца. У мяшок паклаў скрутак тонкага дроту, дзве гранаты, закінуў за плечы вінтоўку і пакрочыў у бок чыгункі, туды, дзе ўпалі мяхі дэсантнікаў. Там на вышыні чалавечага росту дзед Васільевіч прыкруціў дротам некалькі кавалкаў выбухоўкі, прымацаваў да іх гранаты, звязаўшы ім кольцы дротам. Канец дроту прывязаў да аднаго з мяхоў. Адыйшоўшы на колькі крокаў, прыгледзеўся. Ягоны сюрпрыз мог убачыць хіба толькі той, хто пра яго ведаў.
- Вось так, Мішка, - прамармытаў дзед Васільевіч. - Я іх папярэджваў. Больш не выпадае. Так што хопіць ім шчасця...
Ён прыйшоў да лагера парашутыстаў і не вітаючыся, сказаў:
- Знайшоў я вашыя мяхі...
- Во! - ускочыў на ногі Карчоў. - Дзе яны, вядзі!
- Самі адшукаеце, - адрэзаў дзед. - Яно проста: там, дзе вы на чыгунку палезлі, злева балотца. Як будзеце яго абмінаць з боку лесу, там акурат на дрэве і вісіць парашут. Мяхі на зямлі. А хадзіць з вамі ў мяне менш за ўсё ахвоты.
З тым і пайшоў да сябе, не азіраючыся, адно ў які ўжо раз прашаптаў сам сабе: “Мішка...”