KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Уладзімір Някляеў - Лапаціна

Уладзімір Някляеў - Лапаціна

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Уладзімір Някляеў, "Лапаціна" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Што?.. Хто абрухаціў?.. Віт?

- Бацька.

- Ды кінь! Скуль ты ўзяў?..

- Мілава сказала.

- Калі?

- Сёння. Як навальніцай гароды змыла. “Гэта ж голад, - заплакала. - Дзіця маё памрэ. І гэта праз мой грэх”. Я спытаў: “Праз які?..” - і яна сказала.

Юр падышоў да брата, абняў яго адной рукой.

- І ты яе не забіў? Адпусціў?

- Як я заб’ю? Калі ў Смаленску, як толькі ўбачыў, ува мне нібы гром выбухнуў: “Мая!” А дакрануўся - закалаціла ўсяго. Нібы жанчын не меў ніколі. І дасюль так. Яна кінжал турэцкі, крывенькі такі, з похваў: “Возьмеш мяне сілай - ніколі твая не буду!” А я ўзяў. Не ўтрымацца было. Можа, праз тое яна з бацькам. Каб адпомсціць... Хоць сказала, што і ён сілай узяў. Але яго пакахала. Так, сказала, што насмерць. Вось як так?..

- Што як?

- Яго пакахала, мяне - не. Праз тое самае...

- Відаць, не праз тое. Ты здагадваўся?

- Мільгалі думкі. Але...

- Але не верыў у тое, што думалася?

- Не верыў.

- І не пытаў яе?

- Не.

- Тады навошта?

- Што навошта?

- Навошта прызналася?

Дан пацепнуў плячыма.

- Не ведаю. Спытаў сёння пра грэх - яна й сказала. Прагаварылася.

- Але ж магла пра іншы грэх сказаць?

- Магла.

- А сказала пра гэты. Чаму?

Дан не вытрымаў, адштурхнуў Юра.

- Што ты да мяне прычапіўся! Чаму, чаму?.. Голаду спалохалася. Ці спалохалася, што сам дазнаюся!

- Як? Сёння бацьку канец - і як бы ты дазнаўся? Ніхто б не дазнаўся ніколі. А яна прызналася. Чаму?

Дан ледзь не накінуўся на Юра.

- Ды не хачу я ведаць, чаму! Якая мне розніца, чаму! Мне трэба думаць, што рабіць, а не чаму прызналася!

Юр не адступіў, зноў абняў брата.

- Так. Трэба думаць, што рабіць. Бо Мілава прыдумала нешта.

Дан раптам абмяк.

- Я ведаю, што. Ну, здагадваюся. Памятаеш, я сказаў табе, што Агну ў Альконах засек, бо ты праз яе без рукі застаўся. Дык не. Я там і не помніў, што ты без рукі. Яно як было. Мы ўварваліся - Агна перад Даўмонтам на калені. Ногі яму цалаваць. «Толькі не забівай Міндава! Бо не ён вінаваты! Гэта мой грэх, гэта я вінаватая, што пакахала яго і засталася з ім! Мяне забі, толькі яго не забівай!..» Даўмонт разгубіўся, не чакаў. Тут Міндаў на нас кінуўся. Даўмонт яго засек, а я Агну.. Напалам разваліў! Ад шыі да похвы. Курва! Я б зразумеў, каб за дзяцей папрасіла. А яна за яго! Ён мужа яе, сям’ю, Крэва, Нальшу зняважыў, а яна. Дык і Мілава за бацьку, разумеет? Ён сілай яе, а яна мне: «Яго аднаго кахаю! Хоць забі!..» Вось у мужыках такога быць не можа, а ў іх ёсць. У гэтых бабах. Так што яна.

- Ціт! - гукнулі з вуліцы. - Ты дома? - І, не чакаючы адказу, на падворак ступіў вайдэлот Тур са сваімі жрацамі. - Дзе бацька? Пара.

3 хаты выйшаў Віт, за ім бацька. У белым споднім, падперазаны поясам з тэўтонскім мечам, падараваным некалі вялікім князем Міндавам. Павярнуўся тварам да дзвярэй, укленчыў, пацалаваў парожны камень. Падняўся:

- Я гатовы. Юр, падай лапаціну... - І нахіліўся да вуха Юра. - Калі не справішся лапацінай, мечам дасячэш.

Во прыдумаў! “Мечам нельга...” - падаючы лапаціну, паспрабаваў запярэчыць Юр, але бацька не стаў яго слухаць.

Выйшлі на вуліцу. Паперадзе вайдэлот Тур са жрацамі, за імі Ціт з ме­чам на поясе і лапацінай на плячах, за Цітам трое ягоных сыноў. Уздоўж Крэўлянкі рушылі да Ярылавай гары.

- Ціт, - спытаў, калі прайшлі палову дарогі, вайдэлот Тур. - Скажы мне: ты здурнеў? Ці здзяцініўся?

- Састарэў я, Тур.

- Ды пры чым тут састарэў, не састарэў? Людзі ўжо забыліся, калі ў нас некага лапацілі. Пасля таго, як сын Драгавіта не дабіў бацьку, і той два гады лежма прамучыўся, стаў зводзіцца звычай. А ты за яго ўчапіўся. Чаму? Толькі не кажы, што сыны цябе ў запечча гоняць. Я даўно цябе ведаю, ты сам іх загоніш, калі захочаш. Хіба не так? Га, Віт?

- Загоніць, - сказаў з-за спіны бацькі Віт. - Калі захоча.

Ціт вышэй ускінуў рукі на лапаціну.

- Не захачу. Хаценняў ува мне ўжо ніякіх не засталося. - І дадаў, памаўчаўшы. - Апроч аднаго.

- Якога? - павярнуўся да яго вайдэлот Тур. - Якога аднаго?

Ціт усміхнуўся.

- Скажу - не спраўдзіцца.

- Пасміхаецца ён, - плюнуў пад ногі вайдэлот. - Галаве на плячах быць паўгадзіны засталося, а ён пасміхаецца...

Падышлі да Ярылавай гары, у падножжы якой ужо тоўпіліся крэўляне, а на вяршыні, раскінуўшы рукі, стаяў нерухома, як крыж, вярхоўны вяшчун Крыва-Крывэйта. У белым каптуры і ў чырвонай, аблямаванай белай тасьмой і падпяразанай белым поясам з бычынымі хвастамі на канцах, туніцы. “Зараз зноў праклінаць пачне...” - падумаў Ціт, але вярхоўны вяшчун глядзеў, як падымаюцца ўслед за вайдэлотам людзі ўгару, і маўчаў. Падняліся, сталі кругам - і Ціт рушыў па крузе, завяршаючы свой зямны шлях. Адзін круг, другі, трэці... Ішоў, нічога не думаючы, ні пра што не ўспамінаючы і ні пра што не шкадуючы, бо пра што шкадаваць? Круг за кругам, год за годам, з дня ў дзень праца, пот, мазалі, кроў, войны, бітвы, прасвету між імі не бачыў - і гэта жыццё? Хіба пад канец бліснула, як сонца на мечы, каханне, але нібы ўкрадзенае, дык што ж: чапляцца за яго? Тым больш, што не ў старонняга чалавека ўкрадзенае, як Міндаў у Даўмонта ўкраў, а ў сына свайго - вунь ён стаіць каля вайдэлота Тура, спадылба зыркае, чакаючы, калі ягоны брат малодшы бацьку чэрап раструшчыць. Дык Ціт на ягоным месцы і не чакаў бы... У ложку разам з Мілавай задушыў бы...

Але Ціт на сваім месцы. На тым, дзе завяршаюцца ўсе кругі. Чацвёрты, пяты, шосты... І не хочацца яму нікога душыць, нікому помсціць - увогуле нічога не хочацца. Хіба сына свайго наймалодшага ўбачыць, пра якога ўсе будуць думаць, што гэта ўнук - вось, бадай, адно, якое яшчэ засталося, жаданне. І дзіўна, што па жыцці, у якім ён назабіваў людзей болей, чым іх сабралася цяпер на Ярылавай гары, яно, жаданне ўбачыць яшчэ адно жыццё, засталося...

Нікога болей ён не заб’е, нікому не адпомсціць. Назабіваўся, напомсціўся. Досыць. І не таму, што Мілава пра свайго адзінага Бога яму нашаптала, пра смяротны грэх...

“Які грэх? - пытаў ён Мілаву. - Рыбы глынаюць рыб, птушкі дзяўбуць птушак, звяры загрызаюць звяроў. Так было, ёсць і будзе. Так мусіць быць, бо калі не заб’еш, не з’ясі ты, дык заб’юць і з’ядуць цябе. А калі я дам сябе з’есці, дык што пра мяне скажуць? Што я бязгрэшны? І што мне з таго, што я бязгрэшны, калі мяне з’елі?..”

“Ты быў як рыба, як птушка і як звер, пакуль не ведаў Бога”, - шаптала Мілава. І вучыла маліцца: “Ойча наш нябесны, ды свяціся імя Тваё...” І хрысціла: “У імя Айца, і Сына, і Святога Духа...” І тулілася да яго, распаленая: “Бог - любоў, Бог - любоў, Бог - любоў...”

Сёмы круг... восьмы... дзявяты... і кожны наступны карацейшы, вузейшы за папярэдні - чаму так?..

Ціт падышоў да ахвярнага каменя на капішчы, стаў тварам да сонца - і для сябе самога нечакана зашаптаў: “Ойча наш нябесны, ды свяціся імя Тваё...” Ён шаптаў зусім ціха, але Крыва-Крывэйта пачуў, заварочаў жаўлакамі. “Воля вашая будзе сцертая, як зярно ў жорнах...” - пачаў казаць вярхоўны вяшчун, падвышаючы голас, перакрываючы і малітву Ціта, і пранізлівы дзіцячы крык пад гарой, на вяршыні якой Ціт укленчыў, паклаў галаву на камень, скінуўшы рукі з лапаціны, што ляжала ў яго на шыі, як вясло, з якім пераплываюць мёртвую раку, з гэтага берага на той, а Крыва-Крывэйта не сціхаў: “Нашчадкі вашыя адвернуцца ад крыві сваёй... магілы вашыя зневажаць будуць...” - і вайдэлот Тур падвёў да каменя Юра, які ўзяўся за ўручча лапаціны, павярнуў яе рабром уніз, паглядзеў на братоў, адзін з якіх, Віт, адвярнуўся, а другі, Дан, галавой кіўнуў на сонца, якое напалову ўжо схавалася за небасхіл: “Пара.” - але вярхоўны вяшчун не дакрычаў яшчэ свае праклёны: “Жоны і дочкі вашыя стануць паслужніцамі... перад рабамі сваімі пахінеце каркі...” - і Юр упёрся паглядам у бацькаў карак, думаючы толькі пра адно, пра тое, што мечам - нельга, бо па звычаю - толькі лапацінай, таму злаўчыцца трэба ўдарыць так, каб адразу ўсё скончыць, каб бацька не мучыўся, ці, яшчэ горш, не застаўся, як Драгавіт, прыкутым да ложка калекам, якому не дапамогуць ні вайдэлот, ні вярхоўны вяшчун, які доўжыў: “Змоўкнуць вечавыя званы ў гарадах і песні свабоды ў сёлах...” - і Юр, на памяць ведаючы праклёны Крыва-Крывэйты, узняў лапаціну, ды тут Мілава, выскачыўшы з капліцы, загаласіла, нібы памёр нехта: “Сын! Сын! У Ціта сын!” - і пабегла ўгару з дзіцём, якога нават не абцёрла, у якога галава была ўся ў крыві, нібы пабітая камянямі слоў, праклёнамі, што кідаў з гары Крыва-Крывэйта: I перапоўняцца воды слязамі вашымі... і згінеце з аблічча зямлі... - і калі Мілава, прыпадаючы на локці, на калені, ускараскалася на вяршыню: “Ціт, глядзі: твой сын!..” - Ціт прыўзняў гала­ву, зірнуў на дзіця задаволена, як чалавек, у якога ўсё склалася так, як ён хацеў, і зноў паклаўся на камень, крыкнуўшы Юру: “Рэбрам! Роўна ўніз! Бі!” - але Юр не ўдарыў, адкінуў лапаціну: “Я не наймалодшы!..”

І закацілася за Перунову гару, бліснуўшы апошнім промнем, сонца. А на Ярылавай гары стала так ціха, што чуваць было, як дыхае немаўля.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*