Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты
Няўжо тады, калі бацька ўзяў яго з сабою ў райцэнтр. Горад... Яго больш за ўсё ўразіла колькасьць платоў – у “прыватным сектары”, каля рынку, яны былі бясконцыя... Ён узяў пруток, ішоў побач з бацькам і тарабаніў ім па штыкецінах. І так заняўся гэтым, што і не заўважыў, як яму насустрач ідзе, гэтаксама стукаючы па плоце, дзяўчынка. Яны сышліся і сутыкнуліся лоб у лоб: ударыліся галовамі да гузакоў. Ён сьцярпеў, пэўна, адчуваючы нейкую сваю віну, а дзяўчынка заплакала. Голасна, залілася сьлязьмі. Румзаючы падняла ручкі, кароценькая сукеначка падцягнулася, агаліўшы ружовенькія трусікі... Яна была міленькай, бо чысьценькай і акуратненькай. Ён такой яе запомніў... Маці дзяўчынкі кінулася на яго з крыкам. І тады ён таксама заплакаў ад болю.
Потым Стах недзе чуў, што гэта – лёс, што, маўляў, тая дзяўчынка павінна стаць ягонаю жонкаю... Няўжо і сапраўды ёсьць “лёс”?
Зрэшты – пра “першае каханьне”. Садка (дзіцячага), дзе, дарэчы, у большасьці дзяцей якраз і прачынаюцца пачуцьці, у іхняй вёсцы, зразумела, не было. Аднак мама з ім сядзець доўга не магла: які там “дэкрэтны” адпачынак, месяц – і ў калгас, на працу: кароўкі зачакаліся... А тут бабуля, з якою пакідала яго мама, надумала да сына ў Карэлію зьезьдзіць. Ды і засталася там унукаў глядзець. Мама папрасіла назіраць за ім суседзкую дзяўчынку, яшчэ ня школьніцу, Вальку. Ён чамусьці запомніў яе тою, якою яна была тады. Чаму? Ня ведае. Але як нейкі сімвал – не ідэал, не, — а проста сімвал жаноцкасьці ці прыналежнасьці да жанчынаў, яна запомнілася. Гэта каханьне? А хто яго ведае...
Так, яго заўсёды, усё сьвядомае жыцьцё, цягнула да жанчын. Сьвядомае?.. На сенакосе жанчыны ў абед купаліся голыя (вось жа, запомнілася – першы эратычны “фільм”) у рачулцы, яго, малога, не саромеючыся. І ўжо тады ён разумеў нейкім сваім разуменьнем, што ёсьць прыгажосьць, і вылучыў сярод аголеных баб і дзяўчын самую вабную. І гэта была не ягоная мама... Тая цётка і сапраўды была самай прыгожай у вёсцы – ён ацаніў гэта, калі падрос, але яна так і засталася адзінокай...
Потым, згадваецца, стаіўшыся з суседскай Нінкай за хлявом, яны паказвалі адно аднаму, чым адрозьніваюцца. Чаму гэта запомнілася? Хутчэй таму, што кепска яны схаваліся: бачыў іх здалёку Сёмка-Гец, які доўга з яго зьдзекваўся-кпіў, крычаў усьлед “жаніх і нявеста”, а ён саромеўся, чырванеў...
4б.
...Нічога ня здарылася. Гром ня грымнуў, маланка ня бліснула. Цемра не расступілася. І не асьляпіла...
Але якая асалода пранізала ўсё Стахава цела... Чаканая, аднак неспадзеўна магутная.
Стах забыўся, дзе ён. Трэба было ўжо, як злодзею, адсоўваць нагу, а ён не здалеў прымусіць сябе зрабіць гэта. Д-р-э-в-ы нясуцца ўздоўж д-а-р-о-г-і – убачыў Стах затуманена-абвостраным зрокам – с-л-у-п-ы мільгаюць, часта, бы ш-т-ы-к-е-ц-і-н-ы, успыхваюць і патухаюць да-рожныя з-н-а-к-і... Але – трэба вяртацца ў салон: хітрасьць ня можа працягвацца в-е-ч-н-а.
І ён адарваўся ад цяпла дзяўчыны.
Яна, здаецца, нічога не адчула. Сьпіць? Няўжо сьпіць? Ага, сьпіць... І тады Стах таксама “заснуў”. І ў “сьне” лёгенька зноў прытуліў сваю нагу да нагі дзяўчыны: калена да калена, потым лытка да лыткі... Яна не варухнулася. Стах сядзеў з заплюшчанымі вачыма і лавіў кайф, на яго. Яму хацелася, каб гэты стан доўжыўся і доўжыўся. Бясконца. Яму карцела большага: прытуліцца да гэтай мілай дзячыны ўсім целам, ці хоць бы бокам... Не, абняць яе, прыгарнуць да грудзей… Грудзі да грудзей… Ды гэта было немагчыма. І ўсё ж плошча судакрананьня, паддаючыся пакалыхваньню аўтобуса, усё большала і большала.
Яны “спалі”. Стах балдзеў. Ён жыў цяпер толькі гэтым. Праз дотык ён адчуваў усю дзяўчыну, ён ужо “абсьледаваў” яе. Пабываў заплюшчанымі вачыма ўсюды, дзе хацеў. І гатовы быў паклясьціся, што яна ня сьпіць. Бо і яе сэрца білася там, у назе, і ўсё часьцей, часьцей, часьцей… А, можа, яна сьпіць – засумняваўся Стах. Няўжо сьпіць? Няўжо яна не адчувае “кантакту”? Няўжо ёй не прыемна? Няўжо ёй да “ліхтара”? Ці ёй таксама хочацца гэтага?
Стах паспрабаваў (як жа яму не хацелася таго!) крыху адхіліць сваю нагу (дзеля эксьперыменту, вядома, у такт аўтобусу), і яму падалося, дзявочая нага хітнулася ўсьлед... Ён вярнуў нагу назад і атрымаў яшчэ большую порцыю асалоды, бо, здаецца, адчуў “кантакт”. Зноў адтуліў нагу (эксьперыментатар, пта маць!), і цяпер ужо праз паўрасплюшчаныя павекі ўбачыў, як дзявочая нага нібы за магнітам пахіснулася за ягонай... “Ня сьпіць”, – вырашыў ён.
Колькі часу яны сядзелі гэтак – ловячы асалоду ад блізкасьці адзін аднаго, і целы іх патроху-паціху, як яму думалася, зусім незаўважна, прыцягваліся... І хто да каго падсоўваўся? Стах мог пабажыцца, што і яна таксама... Ці гэта ён выдумваў сабе апраўданьне, разумеючы, што займаецца ня дужа прыстойнай справай. Але спыніцца ня мог. Ноч... Дарога... Аўтобус гайдаецца, спакушае... І адна адзінота туліцца да другой, каб хоць адною адзінотай у сьвеце стала менш.
Калі экспрэс пад’ехаў да першага свайго прыпынку – падкаціўся пад павець і сьцішыўся, калі заварушыліся пасажыры, калі пайшла гамана па салоне: “Дзе гэта мы?”, “Што за станцыя?”, “Бабруйск?”, “Асіповічы?”, “Колькі будзем стаяць?” – “прачнуліся” і Стах з дзяўчынаю. Першаю яна: ён адчуў, як холад атуляе, агортвае мейсца, дзе яшчэ нядаўна было ейнае цяпло. І тады “прачнуўся” ён. Зірнуў на дзяўчыну. І ўбачыў тое, што хацеў: яму падалося, што яна аднымі вачыма “ўсьміхнулася” яму, нібы “падзякавала”, нібы “адобрыла”. А што? А чаму б і не?..
“Вы выходзіце? – спытаў Стах, і выдаў сябе, сваё хваляваньне, бо язык непаслухмяна заплёўся на гэтым “вы-вы”, — не?.. Тады дазвольце...” Дзяўчына моўчкі ўстала, прапусьціла яго. Стах сьлізгануў вачыма па яе чыстым ілбе, па густых валасах, чуйным носам злавіў пах – тонкі пах парфумы і жаночага цела… і выйшаў у начную прахалоду. Мужчыны і жанчыны разбрыліся па платформе, палілі, прагульваліся. Сонныя, нечым незадаволеныя, бурклівыя. І Стах пасьміхнуўся, гледзячы на іх.
4в.
Скошаная травінка стала сенам, сена – малаком. Сагрэтае малако ўратавала чалавека ад сьмерці...
Нічога на сьвеце няма выпадковага.
Часовасьць усяго – вось што найбольш турбуе. Бо часовасьць, нанізаная на выпадак, робіць усё кароткае – імгненным, а доўгае падаўжае да бясконцасьці.
Толькі сон лечыць, расьцягваючы ў часе, аддаляючы ад нас падзеі і здарэньні. І сваё пачынае здавацца чужым.
Адзінае, што трэба чалавеку – спакой. Нават у экстрыме ён шукае спакою: “а ён, мяцежны, хоча буры...” Цэлае жыцьцё шукае, нібыта ня ведаючы, што якраз спакоем усё і заканчваецца.
Кажуць: адтуль яшчэ ніхто не вярнуўся. Сюды. Няпраўда – вярталіся.
Ніхто так хутка не аддаляецца ад вас, як вашыя дзеці, бо ніхто ня быў так блізка.
Боль і асалода, пакута і шчасьце – рэчы настолькі палярныя, што сыходзяцца на другім полюсе і зьліваюцца ў адно. Боль робіцца асалодай, пакута – шчасьцем. І наадварот.
Людзі ўсяму зайздросьцяць. Нават чужой сьмерці: адпакутваў. А самі чапляюцца за жыцьцё да апошняга.
Хто, калі, дзе бачыў цалкам задаволенага сабою, сваім лёсам? Ніхто, ніколі, нідзе. Хоць, часам, людзі гэтую незадаволенасьць скіроўваюць на іншых: кепскі муж, паганая жонка – яны вінаватыя. Падман. І добра, калі самападман.
Калі Марфей апераджае Харона – жыцьцё дае нам надзею прачнуцца.
Усё на сьвеце глыбока асабістае. Усё ў адзіночным ліку. Чалавек – самая адасобленая, самая замкнутая ў сабе істота з усіх статкавых.
Ніхто ня можа пабыць у скуры іншага. Чалавек – уяўны сьвет, які зьяўляецца з ягоным нараджэньнем і зьнікае з ягонай сьмерцю.
Але прыходзіць сон. Сьніцца прыгожае і страшнае, пакуль не прачнешся.
Здольнасьць марыць – апошняе, што адрозьнівае чалавека ад жывёлы. І першае, што зрабіла яго чалавекам. Ці марыць муха? А слон? Мядзьведзь? Дрэва зімою?
Мала хто запісвае свае думкі і амаль ніхто не фіксуе іх. А калі нехта паспрабуе зрабіць гэта – ён жахнецца: колькі зла носіць у сабе чалавек. І як мала дабра.
Жыцьцё кароткае, і толькі адзінота падаўжае яго: бярэ ў канцы і прыточвае ў сярэдзіне.
Адзінота – гэта вайна шэрага з шэрым, у якой перамагае шэрае.
Усё часовае – вечнае. Усё абсурднае – звышлагічнае. Трэба толькі не ленавацца.
Не стамляйцеся лячыцца сном. Бо менавіта ў сьне вы адкрытыя для вы кантактуеце з іншымі. Удзень вы – рэч у сабе. Ніхто ня ведае вашых думак, а чужыя – вы самі выдумляеце.
“У добрых думак – кароткія штонікі”, “Дзе коратка – там і рвецца”, “Ціха сам з сабою... з цэлым народам гутарку весьці”.
Кепскае – кароткае – сваё.
Добрае – доўгае... у чужых руках...
Шчасьце доўгім не бывае, як гора кароткім.
Самае доўгае шчасьце можа ня даць шчасьця, а самае доўгае гора ня быць горам. Не таму, што ўсё адносна і залежыць толькі ад нашага ўспрыняцьця, а таму, што няма нічога вечнага.
Апроч адзіноты.
…Чалавек – скошаная травінка, якая думае, што яна думае.
5a.
Стах сядзеў за другою партай, а за першай, каля стала настаўніцы, сядзела самая файная дзяўчынка ў класе.