KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты

Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Барыс Пятровіч, "Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Стах зноў заплюшчыў вочы, каб пастарацца забыць пра дзяўчыну. Апошнія тыдні ў яго былі надзвычай трывожнымі: яму трэба было здаць усе іспыты на “выдатна”, каб атрымаць павышаную стыпендыю, бо бацькі асабліва не маглі дапамагаць яму вучыцца. Здаў, на апошнім, які быў сёнь­-ня, парваўшы троху нерваў. “Гісторыя КПСС” давалася яму з цяжкасьцю. А тут яшчэ тэма: “Роля асобы ў гісторыі”. Ніякая яна, гэтая роля, калі меркаваць па марксісцка-ленінску: усё вырашаюць масы. Ён не пага­джаўся з тым. А Аляксандр Македонскі, а Напалеон, а сам Ленін, урэшце... Масы ж – быдла, статак, хай сабе і такі абучаны, як войска ці дысцып­лінаваны, як партыя... Аднак мусіў адказваць так, як патрабаваў падручнік. Выкладчык заўважыў слабінку, раскусіў яго і крыху пазьдзекаваўся “наваднымі” пытаньнямі. Але “пяцёрку” паставіў. Стах вылецеў з аўдыторыі і адразу кінуўся на вакзал па квіток. У Менску заставацца не хацелася больш ні дня. Квіткі былі толькі на гэты – начны рэйс.

Стах расплюшчыў вочы. За вакном – цемра, суцэльная чарнота, пэўна, лес. Але калі зірнуць наперад, можна ўбачыць, як фары асьвятляюць-выхопліваюць край дарогі, як імкліва нясецца аўтобус. Белыя начныя матылькі разьлятаюцца перад ім, як адзінокія сьняжынкі. Стах вярнуў позірк у салон. Квола-жоўтае сьвятло на падлозе ледзь пазначала праход, большасьць пасажыраў спала. Чыталі яшчэ двое – бачна было гэта па сьвятле, што падала на іх зьверху. Дзяўчына таксама быццам драмала: загорнутая кніга ляжала на каленях і вялікі палец левай рукі быў у ёй закладкаю. Галаву дзяўчына паўадвярнула ад Стаха – і валасы адкрылі вушка, агалілі край шыі, тое асаблівае мейсца ў жанчын, што пад вухам – аксамітна-пяшчотнае, вабнае – гледзячы на якое, Стах заўжды нямеў, млеў ад замілаваньня, і сэрца ягонае пачынала вырывацца з грудзей...

Дзяўчына ня спала. Стах бачыў гэта па тым, як зьлёгку ўздрогвалі ёйныя павекі, па той асаблівай напрузе твару, якой не бывае ў людзей, што сьпяць. Але – як яму карцела дакрануцца да яе, нахіліцца над ёю і... Не, не, не... Трэба супакоіцца. Што тут такога. Чужая дзяўчына. Хай і побач. Чужая!.. Чужая?.. А што, калі паддацца гайданьню аўтобуса, даць волю сваёй левай назе... і прытуліцца на імгненьне да такой блізкай, такой даступнай, такой спакусьлівай нагі дзяўчыны...

І што яму гэтак далося калена дзяўчыны?.. Чым яно яго прываражыла? Што ў ім такога спакусьлівага? Блізкае, даступнае... Хіба што. Ну ты даеш! Даступнае... А па мордзе не хацеў? Але... Але – як бязвольна пагойдваецца нага дзяўчыны, крыху адстаючы ад калыханьня аўтобуса. І спыняецца ў нейкім міліметры ад ягонай нагі. Яшчэ трошкі, яшчэ... Дапамагчы? Не, не, не...

Ніколі раней не жадаў Стах нічога падобнага, хоць амаль год ад’езьдзіў у “самых сэксуальных у сьвеце” – так пісала адная газета – менскіх аўтобусах і тралейбусах, вечна перапоўненых у “гадзіны пік”. Людская хваля часта прыбівала-прыціскала яго да вабнага дзявочага цела, але ён стараўся адсунуцца, саромеўся, а тут… Колькі разоў у такіх вось начных экспрэсах ён ехаў разам з файнымі дзяўчынамі, бывала і знаёмымі, але ніколі, ніколі не апаноўвалі ім такія думкі, такое неспатольнае, нясьцерп­нае жаданьне.

Няўжо, няўжо прыйшоў ягоны час?..

Стах расплюшчыў вочы – твар дзяўчыны паружавеў, пакруглеў, быццам яна відочна паправілася. Заснула, пэўна, заснула…

І тады Стах зрабіў выгляд, што паварочваецца да вакна. Няёмка так, няспрытна. І пры павароце – міжволі! – зусім таго не жадаючы, проста па неасьцярожнасьці, крануўся сваім каленам нагі дзяўчыны...

3б.

Калі прыходзіла цемра і бабулькі, перамацаўшы бяззубымі ртамі дзённыя падзеі, разыходзіліся, сагрэтыя імі лавачкі займалі хлопцы і дзяўчаты. І распачыналі новыя гульні, у якіх ня зьмест быў важным, ня сэнс. Галоўнае, на лавачках можна было сядзець побач з дзяўчатамі, а лавачкі заўсёды былі кароткімі, мейсца ўсім не хапала – цяснота ней­маверная. Цяснота салодкая... Чутно, як тахкае сэрцайка тваёй суседкі, як дрыжыкі праходзяць па ейным целе... А можна, быццам неўпрыкмет, абняць яе за плечы, за талію – цесна ж, няма куды рукі падзець: такая дробная хлапечая хітрасьць. Дзяўчына заўважыць, сьцепанецца, крутнецца, каб адсунуцца, але – куды ж падзенешся – цяснота, і здасца...

А колькі гульняў было цудоўных, “лавачных”. “Садоўнік”... “Я садоўнікам назваўся, не на жарты раззлаваўся, усе кветкі мне абрыдлі, апроч... апроч (выбірай!!!)… апроч васілька...” “Васілёк” адгукаўся – усе бралі сабе імёны кветак, а калі зазяваўся поруч з суседачкай, табе – фант. І сканчалася ўсё тым, што за фанты хлопцам і дзяўчатам прызначаліся розныя выпрабаваньні, самым цяжкім (і частым!) сярод якіх было – пацалавацца... Так і Стах некалі ўпершыню ткнуўся вуснамі ў вусны дзяўчыне. Яго выбрала на год меншая суседская Нінка. Наўмысна. Ён няўмела і саромеючыся – хоць і цёмна, але здаецца, што ўсе ўсё бачаць – падставіў твар, і яна гэтаксама нясьмела і ня дужа ўмела чмокнула яго: а што ж – фант такі выпаў...

А вось жа, памятаецца – было ў тых гульнях столькі чысьціні і не­пасрэднасьці! І ні каліва бруду. Нават той жа Сёмка-Гец хацеў здавацца лепшым, чым ёсьць, і матам пры дзяўчатах ня лаяўся ніколі.

Адсюль, з такіх гуляў, Стах некалі ўпершыню правёў дахаты дзяўчыну. Каго? Вядома ж, Нінку. Выбар у яго быў ня дужа вялікі. Зрэшты, чаму ж. Выбар быў. Асабліва ўлетку, калі да бацькоў прыязджалі на адпачынак з гарадоў нядаўнія вяскоўцы са сваімі дзецьмі. Тады вёска ажывала. Доўгімі вечарамі мужчыны зьбіраліся на лавачках перакінуцца ў “дурня”, бабы – папляткарыць, а дзеці пагуляць пакуль відно – у “пікура”, у “клёца”, у “штэндара”... а калі сьцямнее – у “садоўніка”...

Зьбіраліся звычайна бліжэй да цэнтру вёскі, паблізу той самай пусткі. Большыя хлопцы ў гульні ня ўдзельнічалі, стаялі збоку, пакурвалі і зіркалі на дзевак. Чакалі пакуль скончацца гулі, каб потым разабраць дзяўчат. Стах, скажам, сядзеў каля аднакласьніцы Галі – пругкай, гарачай... і ведаў, што вунь стаіць Алік Атаманаў, які нярвова чакае яе, а Галя нібыта стараецца аддаліць той момант, калі пойдзе з Алікам, да­зваляе Стаху прыціснуцца да яе... Яна хітрыць... Дзяўчаты ўвогуле хутчэй за хлопцаў робяцца дарослымі, а ў вёсцы – тым болей. Мажліва таму, што страх працягу роду да іх прыходзіць раней...

3в.

Прага адзіноты – псіхічная хвароба, яшчэ не апісаная дактарамі і не названая. Ня фобія, а манія.

Але ж прага адзіноты ніколі не лічылася хваробай. Больш за тое, людзей, якія імкнуліся да адзіноты, называлі мудрацамі. Да іх ішлі па параду.

Яны хаваліся ад усіх – у бочцы, у пячоры, у скіце... каб ня бачыць нікога, а найперш тых, хто набіваўся ў суразмоўцы, а то і ў вучні.

Іх потым залічвалі ў сьвятыя, а трэба было проста вылечыць.

Хіба гэта нармальна, калі чалавек цураецца бліжніх, пазьбягае іх і ўрэшце замыкаецца ў сваім закутку. Ня есьць нічога, гніе жыўцом, адмаўляецца ад усяго, і ён – мудрэц?

Іншыя фобіі ды маніі – хваробы, а за гэтую – у сьвятыя.

Аднак, калі б людзі часьцей прыслухоўваліся да словаў такіх “псі­хічнахворых”, колькі б глупстваў удалося пазьбегнуць...

І ўвогуле, ці ёсьць сёньня абсалютна здаровыя людзі. Псіхічна. Па­кажыце такога. Вы ўпэўненыя? То-та ж...

Няма такіх.

Пагартайце падручнік па псіхалогіі, прачытайце сьпіс хваробаў. Сімп­томы некалькіх дзясяткаў у вас ёсьць, а дзьве-тры – у чыстым выгля­дзе. Баіцеся мышэй – вы хворы чалавек. Любіце мышэй... ці скажа большасьць, што вы нармальны? Баіцеся вышыні – у вас псіхічнае расстройства. Любіце вышыню – вы герой! А ці герой? У вас элементарная манія. Вы маньяк! Маньяк вышыні. Вам лячыцца трэба, а вы – у лётчыкі...

Боязь быць сьмелым. Сьмеласьць прызнацца, што баязьлівы. Боязь зрабіць тое, чаго хочаш, што прагнеш... Сьмеласьць дабіцца свайго...

Хочацца дакрануцца да жанчыны. Вам гэта прыемна. Фраттаж, кажаце. Цяга да супрацьлеглага полу? У бальніцу! У клініку! У дурдом!.. Да псіхіятра!..

Усё, што падабаецца вам, чаго хочацца, што вядзе да асалоды – загана, распуста...

Усіх лячыць трэба. Усіх да аднаго! Усім лячыцца трэба. Пачынаючы з псіхіятраў...

4a.

Першае каханьне... Што ёсьць “першае каханьне” і што ёсьць “каханьне” ўвогуле? Пажада? Жарсьць? Юр? Падман прыдуманы дзеля працягу роду?

Стаху здавалася – людзі і нараджаюцца ўжо закаханымі. Што ён мог бы назваць сваім “першым каханьнем”? Дакладней, каго? Маці – банальна, ня верце, гэта іншае... А калі ж у яго адбылося першае ўсьведамленьне сваёй цягі да... Госпадзе, як гэта кепска гучыць: “цяга да...”

Няўжо тады, калі бацька ўзяў яго з сабою ў райцэнтр. Горад... Яго больш за ўсё ўразіла колькасьць платоў – у “прыватным сектары”, каля рынку, яны былі бясконцыя... Ён узяў пруток, ішоў побач з бацькам і тарабаніў ім па штыкецінах. І так заняўся гэтым, што і не заўважыў, як яму насустрач ідзе, гэтаксама стукаючы па плоце, дзяўчынка. Яны сышліся і сутыкнуліся лоб у лоб: ударыліся галовамі да гузакоў. Ён сьцярпеў, пэўна, адчуваючы нейкую сваю віну, а дзяўчынка заплакала. Голасна, залілася сьлязьмі. Румзаючы падняла ручкі, кароценькая сукеначка падцягнулася, агаліўшы ружовенькія трусікі... Яна была міленькай, бо чысьценькай і акуратненькай. Ён такой яе запомніў... Маці дзяўчынкі кінулася на яго з крыкам. І тады ён таксама заплакаў ад болю.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*