Алесь Марціновіч - Былое, але не думы
Паколькі ў нас з Аляксандрам Пятровічам вялікіх сакрэтаў не было, я ўспрымаў яго не толькі, нават не столькі начальнікам, колькі старэйшым таварышам, то пачалі думаць, як выйсці са становішча. У рэшце рэшт спыніліся на тым, што прадмоўку напішу я, а прозвішча паставім Мікола Гамолка. Даведаўшыся аб гэтым, Мікола Іванавіч ахвотна згадзіўся. Тым больш, што з Капусціным яны сябравалі.
Калі кніжка пабачыла свет, паколькі ў рэдакцыі «Вожыка», зразумела, падобнай падстаўкі ніхто не ведаў, ганарар атрымаў Гамолка. І нямалы па тым часе. Добра помню, што гэта было недзе 25 рублёў — прыкладна пятая частка маёй месячнай зарплаты. Падыходзіць да мяне Аляксандр Пятровіч: так і так, маўляў, што рабіць будзем. І сапраўды — што?! Як быццам ганарар і мой, але ў той жа час ён і не мой.
Пагадзіліся на тым, што паклічам Гамолку (з грашыма, канечне) і пойдзем утрох у рэстаран «Лето», які тады знаходзіўся на вуліцы Ульнаўскай, непадалёку ад моста праз Свіслач, насупраць парку. Так і зрабілі. І, скажу шчыра, цудоўна правялі вечар: хапіла і на гарэлку, і на закусь. А гэта яшчэ адно сведчанне, як «цяжка» жылося ў так званыя «застойныя» часы. Асабліва творчым работнікам.
Калі ж у згаданай «Бібліятэцы.» выходзіла чарговая кніга Аляксандра Пятровіча, то невялікая жартаўлівая прадмова з’явілася пад маім ужо сапраўдным прозвішчам. Нарэшце, і я дарос да таго, каб прадстаўляць іншых. Напісаў, што Капусцін з тых людзей, якім ад нараджэння ўсё жыццё . хочацца. Меў на ўвазе, канечне, літаратурную творчасць. Праўда, рэдактар зборніка Нэлі Тулупава ўсё ж асобныя месцы «змякчыла». Але такой бяды. Галоўнае, што і прадмоўка, дый і сама кніжка смешнымі атрымаліся. Задаволеным быў, зразумела, найперш сам Аляксандр Пятровіч. Праўда, гэтым разам абышлося без адзначэння такое важнай падзеі, бо наступілі такія часы, калі з ганарарам за прадмоўку ў рэстаран і совацца няма чаго. Дый, бадай, за грашовае ўзнагароджанне, атрыманае за кнігу, Капусцін наўрад ці мог бы належным чынам пачаставаць. Толькі такой бяды, можна і іншым разам у каго-небудзь на кватэры сабрацца. На тым і разышліся, калі ў бухгалтэрыі «Вожыка» атрымалі грошы.
Курыца — мара «паэта»
Не ведаю, чым і вытлумачыць гэта. Магчыма, просты збег выпадковых абставін, а можа, нешта і іншае. Хоць, бадай, правільным будзе другое, бо, калі мець на ўвазе звычайную выпадковасць, то чаму часта атрымліваецца так, што некаторыя пісьменнікі, якія ў сябе на радзіме былі па сутнасці незаўважанымі, выехаўшы ў Расію, адразу ж ярка заяўляюць аб сабе. Аднак ёсць адно «але» — гэта тычыцца рускамоўных літаратараў. Ці не самы красамоўны прыклад — ураджэнец Бялыніцкага раёна паэт Ігар Шклярэўскі. Менавіта з пераездам у Маскву ягонае імя па-сапраўднаму загучала.
Праўда, празаік С., магчыма, і менш вядомы, ды, жывучы доўгі час ў горадзе на Няве — спачатку, зразумела, у Ленінградзе, потым у Санкт-Пецярбургу, напісаў шэраг кніг, чытаць якія адно задавальненне, бо гэта тая высока псіхалагічная проза, у якой глыбокае пранікненне ў душу чалавека. Не менш важна таксама і тое, што яна мацуецца на агульначалавечых каштоўнасцях. С. не прымае кан’юнктуру рынку, таму ніколі не падладжваўся і не падладжваецца пад яго.
Для С. стала правілам: пішу так, як жыву, жыву так, як пішу. Гэтага свайго крэда ён нязменна прытрымліваецца па сённяшні дзень, пераехаўшы на пастаяннае месцажыхарства з Санкт-Пецярбурга ў Маскву. Каб жа застаўся ў Мінску, у якім нарадзіўся, сумняваюся, што ён набыў бы такую вядомасць. Усё ж у нас нярэдка... Як бы лепш сказаць? Бадай, дае знаць аб сабе прадузятае стаўленне да тых, хто піша не на матчынай мове. Нават калі яны, як С., у душы, па сваім светаўспрыманні застаюцца беларусамі.
Але я не збіраюся аналізаваць ягоную творчасць, бо, упэўніўся ўжо чытач гэтай маёй кнігі, у мяне іншая задача. Таму і не называю прозвішча гэтага пісьменніка цалкам, як і прозвішчы многіх (за рэдкім выключэннем), каго згадваю. Хоць я схільны да думкі, што расказваючы пра людзей вядомых, як цяпер любяць казаць, публічных, неабходна ісці тым шляхам, якім апошнім часам ідуць выдаўцы знакамітай серыі «Жизнь замечательных людей». Гэта раней баяліся, каб чаго добрага, нават выпадкова не тое, што зняць глянец з тых, пра каго расказваецца, а проста злёгку «падрапаць» яго. Цяпер жа, калі ласка... Ужо ведаем, што і Пушкін зусім не той, якім мы яго ўспрымалі дзесяцігоддзямі. Канечне, ніхто ў ягонай геніяльнасці не сумняваецца, а ў астатнім. Як і ў любога чалавека, у яго, мякка кажучы, было нямала недахопаў.
Ды вернемся да празаіка С. Паколькі ён не толькі карэнны мінчанін, а ў Мінску ў яго жыла старэнькая мама, якой тады было за 90, а таксама нямала сяброў, то ён пастаянна наведваўся ў Мінск. Бываючы ж у нашай сталіцы, абавязкова сустракаецца з паэтам А. Хоць паэт А. прыкметна і маладзейшы за празаіка, у іх сяброўскія адносіны. Сустрэўшыся ж, зразумела, п’юць не толькі чай. Пры піцці ж не толькі чаю, абавязкова прыходзіць час, калі хочацца з кім-небудзь сустрэцца. Так аднойчы яны выйшлі і на мяне. Не па прынцыпе: патэлефаную таму, а калі яго няма, то другому, а таму, што ў мяне з абодвума таксама добрыя адносіны. Спачатку пагаварыў я з адным, пасля — з другім. Далей усё зразумела: сустракаемся.
Абодва, канечне, былі на падпітку. Праўда, празаік С. трымаўся куды лепш, няйначай сказвалася тое, што ў маладосці ён актыўна займаўся спортам і нават быў чэмпіёнам. Прыйшлі не проста так, а з бутэлькай каньяку. Каньяк я не вельмі люблю, болей — гарэлку. Дый, як кажуць, даронаму каню ў зубы не глядзяць. Каньяк, дык каньяк. Калі ж ёсць пра што пагаварыць, то, здаецца, і градусы не бяруць. Праўда, калі перайшлі на другую бутэльку, я пачаў заўважаць за сабой, што гэтага каньяку для мяне ўжо мнагавата. Тым больш, што паэт А. ужо амаль не піў, а толькі мы з празаікам С., які, нельга не адзначыць, трымаўся малайцом. Ні на чарку ад мяне не адставаў.
Настаў час разыходзіцца. Паколькі нам з С. было ў адну дарогу, то развіталіся з А. і накіраваліся ў метро. Рызыка, калі мець на ўвазе наш стан, не малая. Але ёсць і станоўчы бок: С. — чалавек усмешлівы, ветлівы, дый я ў падобных выпадках ніколі не задзіраюся з міліцыянерамі, стараюся быць цішэй вады, ніжэй травы. А калі ты да міліцыянера як да чалавека ставішся, то ён да цябе адпаведным чынам. Таму мы без асаблівай цяжкасці спусціліся на платформу, а неўзабаве і цягнік падышоў.
У вагоне ужо, у якім цесна так, што ўсе стаяць упрытык, С. ледзь не ў вуха мне гаворыць:
— Паехалі да маёй мамы. Выпіць дома ёсць. А на Маскоўскай забягу ў гастраном, куплю курыцу, падсмажым...
Ідэя, канечне, была заманлівая. Заманлівая, аднак, калі б не адно «але». Я не сумняваўся, што тую курыцу мы з’ямо са смакам. Аднак не сумняваўся і ў іншым: будзе выпіта ўсё, што ёсць, а пасля гэтага мне дамоў ужо не дабрацца. У мяне ж даўно стала нязменным правілам: нягледзячы ні на што, вяртацца дахаты. Па прынцыпе: калі сам не можаш, то «аўтапілот» давядзе, які неаднойчы выратоўваў. Ды наўрад пасля такога гасцявання і «аўтапілот» дапаможа. С., відаць, угадаў мае думкі.
— Застанешся, пераначуеш, — сказаў ён і запэўніў: — Месца хопіць.
— Прабач, не магу, — адказаў я.
С. не паспеў ніяк зрэагаваць на гэта, як цягнік падышоў да станцыі Кастрычніцкая, на якой мне пераходзіць на другую лінію.
Прыехаўшы дамоў, я пачаў збірацца класціся спаць, па ўласным вопыце ведаючы, што раніцой будзе цяжка падымацца, а трэба ж ісці на работу. Але не паспеў раскласці пасцель, як зазвінеў мабільнік. Тэлефанаваў паэт А.
— С. у цябе? — запытаўся ён.
— З якой гэта нагоды яму быць у мяне? — здзівіўся я.
— Вы ж разам паехалі...
— Ехалі ды не даехалі, — пажартаваў я.
— Г авары, што здарылася, — паэт не падзяліў майго жартоўнага настрою.
— Ды нічога не здарылася.
— Дзе ж, у такім разе, С.?
— Дома, мабыць?
— Мабыць...
У голасе паэта А. чулася трывога:
— Дома яго няма.
— То па мабільніку пазвані, — прапанаваў я.
Паэт А. цяжка ўздыхнуў:
— Як жа я патэлефаную яму, калі мабільнік свой ён дома пакінуў.
Мне стала не па сабе: а што калі з празаікам С. і сапраўды штосьці здарылася? Атрымліваецца, што і я ў нечым вінаваты. Мог жа не пакідаць яго аднаго.
— Калі што высветлю, — абнадзеіў паэт А., — то патэлефаную табе.
Пасля гэтага ў мяне, зразумела, адпала ўсялякая ахвота класціся спаць. Ад
хвалявання нават у галаве прасвятлела. Калі паэт А. доўгі час не падаваў голасу, не вытрымаў, сам пазваніў яму. На жаль, дамоў празаік С. так і не вярнуўся.
— Можа, да каго-небудзь зайшоў? — выказаў я меркаванне.
— Але ж мог бы патэлефанаваць?
— А калі вясёлая кампанія, то не да гэтага...
— Будзем класціся спаць, — сказаў паэт А.
— Будзем, — згадзіўся я, тым больш, што стрэлкі гадзінніка збіраліся паказаць поўнач.
Назаўтра паэт А. патэлефанаваў гадзін у восем раніцы.
— С. жывы, — радасна паведаміў ён.
— І дзе ж ён быў?