Ала Сямёнава - Бэзавы попел
<...>„
Датаваны ліст 8.08.82 года.
„Ужо даспеў твой лістапад...”
Да Эстляндый, Курляндый i Дэрптаў ахвоты ў мяне нават Міхась Стральцоў не адбіў. Да гэтай пары. Балтыя мае вялікую прынаду для мяне. Сама па сабе. Ніякіх прыемных асабістых падзей там не адбывалася. Годны, „вселенский” спакой восеньскай Юрмалы... A „Санкт-Піцербурх”...
И страны, по которым нам
Хотелось бы пройти,
Исчезли — их теперь уже
На карте не найти.
A ці трэба шукаць?
Што ж мяне здзівіла — чаму Міхась не згадаў Блокава: „Она пришла с мороза раскрасневшаяся...” Праўда, ён не любіў хрэстаматыйна вядомых узораў... Тонка разумеў умоўнасць i „літаратурнасць” нашага ліставання:
„Слухай, калі вярнуся, ці змагу я прэтэндаваць на колькі твайго часу i ўвагі тваёй? Я разумею, што табе цяпер не да мяне: але я i зразумею нават малую ўвагу адпаведна, надаўшы ёй цаны. Я не такі ўжо капрызлівы i не такі эгаіст, толькі мне цяпер так хочацца, каб нехта, як малога, пагладзіў па галоўцы, каб першай парой я не баяўся за той ці іншы душэўны pyx, каб адвучыўся трохі ад душэўнай зацятасці, якая, на жаль, бывае непазбежнай у пэўных абставінах i ўмовах. Адным словам, калі многа нельга, чалавек, хоць i нехаця, задавальняецца i роллю спажыўца нейчай „філантропіі”, a хіба я выключэнне? Проста, мне не шанцуе так, як i іншым, a ім „несть числа” ўсюды i заўсёды. Такая апартуністычная ці плюралістычная „філасофія”.
Івашчанку не толькі паўшчувай пры выпадку за мяне, але „и власть употреби” — хіба так можна: не адказваць на пісьмы, схавацца сярод хахлоў i тым цешыць сваю лукаво-сентиментальную” душу? A сапраўды: цікава гэта атрымліваецца [нечытэльна] у хахлоў: сантыменты i рознае іншае несентыментальнае. Ты не заўважыла? Панаглядай.
Як мы сустрэнемся? Не буду загадваць, бо сурочыць баюся. Тэлефоны ўсё ж прышлі.
Барадул[іну] прывітанне перадай — хай бы напісаў мне што духаўздымнае, лайдак! У зняволенні добра было сядзець хіба якому Беранжэ: віно, дамы, візіты, Жюдиг (?), агнём наэлектрызаваная грамадская думка; а што казаць нам, грэшным, калі нават да Ал[ександра] Сярг[еевіча] не на край свету, а на Пскоўшчыну завіталі хіба два чалавекі, якімі ён душэўна даражыў — Пушчын ды „п'яніца” i „рохля” Дэльвіг. А „лукавый”, зноў лукавый, царадворца Жукоўскі адпісваўся пахваламі: „Борись, силач!..” i г.д. Дык той жа ўжо на той час новым Дзяржавіным мог сябе адчуваць, а тут...”
Безумоўна, то быў папрок. Мне, Барадуліну, іншым... Наконт іншых — не буду меркаваць. Сама ж я i цяпер упэўнена, што пацвельванні наконт майго прыезду былі таксама больш умоўнымі: „літаратурным” ходам. Не ведаю, ці было б лепш, каб я раптам рушыла ў той Мазыр... Пад які настрой Стральцова трапіла б...
Ці не была б тая сустрэча чарговай „невстречей”... Вобраз — ён вышэйшы за чалавека...
Тым часам я „пребывала” ў Каралішчавічах.
I атрымала ад Міхася вось гэты ліст. „Пошты ўчора, як заўсёды ў суботу, не было, а сёння прыйшло ад цябе аж два пісьмы. Чытаю i перачытваю ix у бібліятэцы — пад нуднае чваканне i пялёхканне дажджу за акном, а перад вачмі — твае Каралішчавічы, на якія міжволі пераношу i тутэйшую непагадзь: не вельмі ўтульна, мабыць, там i табе.
Уяўляю „нубійскую конніцу”, якую додж загнаў пад дах, да тэлевізара i транзістараў — во дзе калоцяцца сцены! Памятаю гэта па тых жа Каралішчавічах у канікулярны час, калі мае ўласныя дзеткі, увогуле слухмяныя, выраблялі там Бог ведае што, каб не адстаць, вядома, ад іншых. Цяпер у тых дзетак свае дзеткі, а бацька адлучаны ад бацькаўскіх ды дзедаўскіх клопатаў. I, сучасны чалавек, можа, i не надта перажывае з-за гэтага. Пазбавілі нейкай там выхаваўчай ролі?
Дык выхавацеляў у нас i так даволі. Куды ні кінь вокам, усюды Песталоцы, то з пернікам, то з дубінай, i дальбог, чалавеку сама пара хавацца ад ix, што ён i робіць, пачынаючы са школы, — спачатку ў славутай „падваротні”, a пасталеўшы, i за тымі варотамі, што надзейна акантаваны казённым арнаментам. I там ужо яго справа думаць ці не думаць пра добрыя намеры выхаваўцаў i пра тое, „что под жизнью беспутной и путной разумели людские умы”.
Даражэнькая, нешта робіцца з „ячэйкамі” нашымі. У дзяцей няма бацькоў, бацькі ходзяць нейкімі навейшымі каралямі Лірамі. I выходзіць, што сапраўды ворагі чалавеку „сямейнікі” ягоныя, што наогул жыве ён не ў сям'і, дзе ў падпечку тоіцца старэнькі, трапятлівы, з дзіцячым мудрым сэрцам дамавік, i кватаруе на „съезжей” — з клапамі, з „околоточным”, з прыбіральшчыцай Дунькай, якая зранку крычыць не дакрычыцца, каб пусцілі яе ў нейкую Еўропу — ці не затым, каб адукаваць тамтэйшых наконт нейкага раўнапраўя? Бо розныя Аўроры Дзюдэван даволі слаба дзейнічалі па гэтай частцы, i сказаць ім дзякуй можна хіба за моду на мужчынскія штаны — гэтую ваяўнічую мімікрыю чаму не ацаніць? Даражэнькая, даруй, не фемінафобства гэта, а проста нешта накшталт раздражэння з выпадку таго, якія часам пачварныя формы набывае „жаночае пытанне”, узведзенае неразумнымі людзьмі ў неразумны ранг — так, што, урэшце, найбольш церпіць ад гэтага i сама жанчына, i „ячэйка” нейкая, i псіхалагічны тонус грамадства.
Кажу гэта не як „пацярпеўшы”: проста такі-сякі ўласны вопыт прымусіў паглядзець на каторыя праблемы, як ні дзіўна, не па-суб'ектывісцку, суб'ектыўная (псіхалогія) мне ўсё ж павінна быць бліжэй, паводле майго занятку. Памятаеш, у „Фаўсце”? „Мне нечего сказать о солнце и звездах — я вижу на земле страданье человека?” Я пісаў табе, здаецца, ужо неяк пра гэта.
У мяне тут было не тое каб даволі часу (яго забіраў распарадак i розная звязаная з ім нікчэмнасць i лухта), даволі ўсё ж, каб паразважаць над тым, над гэтым. Той час, што фільтраваўся з гэтай нікчэмнасці i лухты, проста шкада было аддаваць дробязям свайго „я”, тут, можа, было i падсвядомае жаданне нейкай кампенсацыі вымушанага марнатраўства — падсвядомы разлік.
Ведаеш, я зразумеў, што адзінота не так i згубная ў маім узросце. Цяпер я ведаю гэта, тым больш што яна звыклай была для мяне i раней, бо твой пакорлівы слуга пазбаўлены так званых талентаў „общительности” i трошкі „загартаваны” ў гэтым сэнсе. Мой „экзістэнцыялізм” памагаў мне.
Нешта загаварыўся я i „воспарил”. Не буду.
Давай пра што іншае.
У Пальміры розныя я без цябе не паеду. Вось што мушу табе сказаць. Сёлета ўсё роўна позна. Гэта вучыцца толькі ніколі не позна, як, дарэчы, мондра разважалі тыя „соревнователи просвещения”, якія дбаюць пра твой надзённы i духоўны правіянт. Вучыся i адпавядай пасадзе. Хлеб апраўдваць трэба, i вялікім пачынанням спрыяць трэба таксама.
Пра Скрыгана скажу, што гэта ў яго „пункцік” — з імёнамі мудраваць. Сам ён то Янка, то Ян (а жонка, здаецца, заве Янчыкам), то ён Ів[ана] Сіпак[ова] падаб'е Янкам звацца, то Цвірку закапыліць нос на манер Гадзіцкага нейкага, то мяне Міхалем хрысціў, а на благі выпадак — Міхалам — слухай толькі яго! А ты завіся ўжо лепей Алінай, калі хочаш, а я табе нагадаю пушкінскі вершык:
Алина, сжальтесь надо мною!
Не смею требовать любви:
Быть может, за грехи мои,
Мой ангел, я любви не стою,
Но... и т.д.
Макарэвічу не звані. Навошта яму вершы друкаваныя? Я пасылаў яму „лімаўскія”, думаючы, што паспее да публікацыі пракруціць, дадаўшы, можа, што з таго, што змарнавалі мінулы раз. (З „палымянскіх” — памятаеш?) Ён змоўчаў. З гэтым народам ні ў лазні парыцца, ні ў менскім метро (дарэчы, што яно?) на „чарнілы” прасіць. Цьфу! — прабач!
Бывай. Пішы хутчэй. А часу — часу яшчэ хапае. Я ў верасні яшчэ буду тут, мусіць, сядзець.
Міхась.
22.08.82”.
Наконт Скрыгана — гэта я распавяла Міхасю Стральцову, што раіў Ян Аляксеевіч мне вярнуцца да свайго нармальнага, дадзенага бацькам імя — Альбіна. І нядрэнна было б матчына ці бабчына прозвішча згадаць: Чапкоўская ці Зорыч.
А давялося марнавацца Міхасю Лявонцьевічу там яшчэ ажно да снежня. I быў яшчэ час падумаць i пра марнасць нашых высілкаў грамадскіх наконт розных там „эмансіпэ”. Намёк тут быў таксама. Пісаў ён адной з самых цяжкіх ахвяр таго раўнапраўя. Маю на ўвазе звіх псіхалагічны. Паталагічны. Хранічны.
Экзістэнцыялізм — ён быў філасофіяй нашага пакалення. Пра тое ўжо згадвалася. Тут, дарэчы, i тлумачэнне шматлікіх драм нашых равеснікаў. Драм відавочных i драм, што не відаць старонняму воку.
Выявіць сябе ў нейкім сацыяльным, грамадзянскім сэнсе, не ўваходзячы ў канфлікт з уласнымі прынцыпамі, з уласным сумленнем i — галоўнае! — уласнымі схільнасцямі, было немагчыма. Дарэчы, маю вялікае сумніва — ці магчыма гэта ўвогуле калі-небудзь. I ў тым самым быцці-для-сябе, што ствараецца з быцця-ў-сабе, у тым свеце феноменаў, што быў адзіна рэальным для нас, у свеце рэчаў i падзей — тая „ячэйка”, пра якую вядзе гаворку Міхась Стральцоў, была зусім немалаважнай. Была яна, хаця i хісткім, не апірышчам, вядома, але прыстанкам для душы. I мала каму па-сапраўднаму шчасціць на тую „ячэйку”, нават калі перайначваюць, мяняюць, спрабуюць варыянты. Ці трымаюць яе як дот, дзот, бамбасховіпіча, выскокваючы адтуль на „разведку боем” ці дзеля рызыкі „пагуляць з агнём”.