Югася Каляда - Затрымка рэйса
Мішэль таксама ажывіўся.
— Вось-вось! І галоўнае: хто гэта вызначае? Я аб першапрычыне, аб пачатку з вялікай літары. То бок, я хачу сказаць: нехта існуе. Або нешта. Як звышрозум.
Уорвік перапыніў Мішэля: ён адчуў, што цяпер між імі ўсталяваліся такія адносіны, калі парушэнне бачнасці прыстойнасці не будзе лічыцца за абразу:
— Паслухай, я хвіліну таму прыпомніў арабскую байку, менавіта пра гэта. Француз — дарэчы! — вандраваў па пустыні ў таварыстве правадніка-араба, і той, заўсёды, як прыходзіў час маліцца, маліўся Алаху. Француз — не ведаю, чаму менавіта француз там быў, захацеў урэшце з яго пакпіць і спытаў, маўляў, да каго ты звяртаеш свае малітвы? Адкуль ты ведаеш, што твой бог існуе? Араб, у сваю чаргу спытаў француза: «А як ты даведаўся, што сёння ўначы паўз наш намёт прайшоў не чалавек, а вярблюд?»
І здзіўлены француз адказаў: «Ну як... я ж бачыў адбіткі ног вярблюда!» І тады араб паказаў рукою на сонца і сказаў: «Гэта не ёсць адбітак чалавека!»
— Рэлігія — гэта ўвогуле такая падстава для разваг, — падтрымаў Уорвіка Мішэль, — я, у прыватнасці, выкарыстоўваю рэлігійную тэрміналогію ў якасці метафар.
Мабыць, існуюць сярод людзей падвіды, або раскіданыя па планеце плямёны, якія з’яўляюцца аднадумцамі. Хто ведае, як яны выхопліваюць адно аднаго з чалавечага акіяна, якімі сімваламі пазнаюць пасвячоных, ніхто старонні не ведае. А можа, тое, што завецца еднасцю чалавечых душ, у двукоссі, або без яго, — таксама нішто іншае, як складаныя камбінацыі невядомай гульні?..
Мішэль і Уорвік запэўнілі адзін аднаго ў сваёй далучанасці да тайнага таварыства і ўжо некалькі хвілін ехалі моўчкі. Але маўчанне не было няёмкім, напружаным. Наадварот, дамова сяброў, у якіх ёсць аб чым памаўчаць, як Мішэль раптам пачаў гаворыць пра зусім іншае.
— Мая жонка — не францужанка, — сказаў ён пра жонку так, нібы расказваў пра самога сябе: «Я нарадзіўся і вырас у Парыжы». — Яна з былога Савецкага Саюза.
— Руская? — з цікавасцю спытаў Уорвік, на працы яму ўжо даводзілася сутыкацца з некалькімі рускімі жанчынамі.
— Не, не, з іншай краіны. З Беларусі. З Брэста. Ірэн беларуска. У іх таксама ёсць такі горад Брэст, як і ў нас.
Уорвік нешта чуў пра гэтую мясціну, лічыў, што Беларусь — частка Расійскай Федэрацыі.
— І што, яны цяпер незалежныя?
— Так, абсалютна! З дзевяноста першага года! — Мішэль сказаў гэта з такім гонарам, нібы сам прымаў актыўны ўдзел у атрыманні незалежнасці гэтай краіны.
Мішэль жа тым часам працягваў.
— Я не памятаю дакладна, хто гэта сказаў, здаецца, нехта з нашых каралёў, нейкі Карл. карацей, такі трапны выраз: колькі моў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек. Мне і цяпер дзіўна ўсведамляць, што ў маёй жонцы быццам жывуць два чалавекі, з якімі я абсалютна не знаёмы.
— Два? Чаму два? — спытаў Уорвік.
— Ну. Калі палічыць. Ірэн ведае рускую і родную, а яшчэ і суседнія мовы.
— Яны маюць сваю мову?! — здзівіўся Уорвік.
— Канечне ж! — усклікнуў Мішэль, і амаль адразу засмяяўся. — Гэта цяпер мне вядома, а раней я таксама нічога пра гэта не ведаў. Ні геаграфіі — што ў іх там на ўсходзе робіцца, ні палітыкі, нічога! Ірэн мяне яшчэ называла цемрашалам. Мы, дарэчы, пад’язджаем ужо, зараз вы з ёю пазнаёміцеся.
Яны зноў змоўклі. Уорвік паспрабаваў уявіць, якая можа быць жонка ў Мішэля; чамусьці яна з’явілася перад ім у выглядзе маленькай вяртлявай чорнавалосай жанчыны сталага веку, якая кпліва крывіла вусны ды вымаўляла: «Цемрашал!» Уорвік думаў, што не можа быць такога шчасця, каб вакол яго раптам сабраліся «толькі свае»... Але гэтая незнаёмая Ірэн магла быць недарэчнасцю, жартам пана Лёсу. А пан Лёс часам падсоўвае табе ў каханыя зусім чужога чалавека: а раптам ягоны сябар Уорвік ужо лічыў Мішэля сябрам, аслеплены ды загнаны пад абцас якой-небудзь дурнаватай сквапнай сцервай, з тых «эмігрантак», з якімі ён сутыкаўся ў Манрэалі. Такія ведаюць чаго хочуць...
Да Уорвіка нават прычапілася брыдкая блюзнерская думка: а што, калі раптам гэтая Ірэн пачне заляцацца да яго? Ён жахнуўся ад гэтай думкі, спрабаваў адагнаць яе, але гэта ў яго не атрымлівалася. Яму ўяўлялася вадэвільная сцэнка: хлусліва-спакуслівыя позіркі Ірэн, шматзначныя яе ўздыхі ды выпадковыя дотыкі іхніх ног пад сталом. Уорвік нават на імгненне пашкадаваў, што не застаўся ў аэрапорце, і пачаў ужо турбавацца: яму не было так лёгка і бесклапотна, як раней.
— Пад’язджаем, — коратка паведаміў Мішэль.
У навальнічнай цемры Уорвік не бачыў, дзе яны едуць, па якой мясцовасці. Адзінае, што можна было заўважыць, дык тое, што святло ліхтароў адбіваецца ў вадзе, значыць, злева...
Мішэль жыў у звычайным шматпавярховым доме.
— Валізу тваю пакінем у машыне! — крыкнуў ён Уорвіку праз шум залевы і ветру, калі яны выйшлі з машыны.
— Там ручнік! — крыкнуў у адказ Уорвік. Мішэль памахаў рукой ля вуха, маўляў, не чую. Але праз секунду зразумеў, махнуў інакш, найграна-пакрыўджана: і што, хіба я табе не знайду ручніка?
— Дзіўна, — Мішэль націснуў кнопку з лічбаю дзевяць, дзверы ліфта мякка зачыніліся, ён паплыў уверх.
Падлога ў ліфце адразу стала мокраю, з парасонаў сцякала вада.
— Што дзіўна? — не зразумеў Уорвік.
— У нас у кватэры не гарыць святло. Я гэта заўважыў яшчэ з вуліцы.
«Ну вось, — блюзнерская думка атрымала яшчэ адзін штуршок, — не
хапала толькі заспець ягоную жонку з якім-небудзь каханкам», — падумаў Уорвік, але сказаў іншае:
— Мабыць, ужо лягла спаць?
Напэўна, ягоны калега не памыліўся, калі аднойчы заўважыў Уорвіку, што той кепска ставіцца да жанчын.
Але Мішэль спакойна адмоўна пакруціў галавой.
— Не. А, я здагадваюся чаму. Ды не турбуйся, мы позна кладзёмся спаць!
Мішэль першы выйшаў з ліфта, і Уорвік адразу пачуў глыбокі, крыху прыцішаны, жаночы голас:
— Ну нарэшце. Такая навальніца, як вы даехалі?
Але скандалам тут не пахла...
У маленькім холе Мішэлевай кватэры, куды яны неўзабаве ўвайшлі, было цёмна. У добра разбаўленым святле, якое пранікала з дзвярэй адкрытых на пляцоўку, Уорвік убачыў невыразны сілуэт Ірэн: высокая жанчына з доўгімі валасамі — ён у паўзмроку не заўважыў, якога колеру, — апранутая ў светлы світар. Чамусьці ў яе на плячы вісела маленькая бухта нейкага дроту.
Жанчына працягнула Уорвіку руку:
— Ірэн.
— Дэніс Уорвік, — Уорвік паціснуў ейную далонь.
Ірэн адной рукою абняла мужа за шыю, пацалавала ў шчаку.
— Зноўку? — спытаў Мішэль у жонкі.
— Ужо хвілін пятнаццаць! — Ірэн пра нешта невядомае паведаміла Уорвіку.
— У нас чамусьці стала гаснуць святло, — патлумачыў Уорвіку Мішэль, — толькі ў нашай кватэры, ужо чацвёрты раз.
— Пяты! — удакладніла Ірэн, амаль непрыкметная ў цемры. — Але так доўга — першы раз.
— Заўтра трэба будзе выклікаць брыгаду, хай рамантуюць, пакуль мы ўсе не згарэлі тут.
— Ну не стойце на парозе, праходзьце, — раптам схамянулася Ірэн. — Я пайду пазычу агню ў суседняй пячоры, — сказала яна і хутка выйшла на пляцоўку.
Уорвік нарэшце зразумеў навошта патрэбны дрот, які вісеў на ейным плячы.
Найгоршыя ягоныя чаканні не спраўдзіліся, ён зноўку адчуў палёгку.
Мішэль за руку зацягнуў яго ў нейкі пакой, хутчэй за ўсё гэта была сталовая. Натуральна, гаспадар цудоўна арыентаваўся ў нетрах сваёй кватэры, праз некалькі секунд Уорвік ужо сядзеў каля стала на крэсле, якое яму падсунуў Мішэль.
Неўзабаве ля ўвахода пачуўся рух — гэта вярнулася Ірэн, і амаль адразу ў холе разлілося маленькае жоўтае возера святла.
Ірэн увайшла на кухню, трымаючы ў руцэ лямпу на доўгім складным кранштэйне, і Мішэль адразу ўзяўся прыкручваць яго да стала. Па сценах замітусіліся доўгія цені.
— Я зараз кавы ад суседзяў прынясу, — сказала Ірэн, і Уорвіка зноў ахапіў прыпознены параксізм ветлівасці.
— Можа, не варта іх трубаваць так позна? — сказаў ён
— А, нічога! — махнула Ірэн рукой, — гэта нашыя сябры, — і дадала ўжо з парога: — Яны таксама не спяць.
— Каторы час? — спытаў Уорвік, каб запоўніць паўзу.
— Неістотна, — Мішэль мыў рукі, — палова на першую, прыкладна. Хвілін пятнаццаць, і пакладзём цябе спаць.
Уорвік уладкаваўся як зручней, абапёрся локцямі аб стол, выцягнуў ногі. Сёння ў гатэлі ён прачнуўся ў шэсць гадзін, затым быў сняданак, потым — офіс, затым яшчэ адзін, і абед — афіцыйны, а калі згадаць, што ўчора ён лёг бліжэй да раніцы... Стома павольна авалодвала ім, і Уорвік амаль машынальна правёў рукою па лобе, нібы спрабуючы сагнаць сон.
Ірэн вярнулася ад суседзяў з гарачай кавай, моўчкі разлівала яе па філіжанках; Уорвік праводзіў занямелымі пальцамі па скронях. Яму зноўку пачало здавацца, што плынь часу спынілася, як вада ў ручаі перад нечаканай перашкодай, і час пакінуў рэчышча, выйшаў з берагоў, пацёк у іншым кірунку. Замест таго, каб у чэраве самалёта ляцець ва ўчарашні дзень, ён сядзіць на кухні, і тут усё дзіўна і незвычайна: таемна згасла святло, новы сябар, доўгавалосая і даўганогая ягоная жонка, суседская кава, прыгарадны парыжскі дождж.