KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Ганна Навасельцава - Лесавік, вадзянік, палявік

Ганна Навасельцава - Лесавік, вадзянік, палявік

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Ганна Навасельцава, "Лесавік, вадзянік, палявік" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

— Ды што дзіўная-цудоўная. — цяжка ўздыхнуў лесавік. — Што цудоўная, я і без цябе ведаю. Але ж як гэта ды здзейсніць?!

Паглядзелі сябры-суседзі адзін на аднаго. Падумалі. Яшчэ раз паглядзелі. Яшчэ раз падумалі. І раптам вадзянік ледзьве не выскачыў з возера.

— Чаго ты, вадзяніла, скачаш? — недаверліва хмыкнуў лясун. — Ці ўспомніў, што яшчэ аднаго залацістага карасіка можаш здабыць?..

Лесавік добра ведаў, як моцна падабалася ўсё бліскучае ды іскрыстае ягонаму сябру.

— Ой, братачка! Хочаш, здзекуйся, хочаш — не, — аж задыхнуўся ад хвалявання азёрны валадар, — толькі ведаю пэўна, як нашую думу-мару ды спраўдзіць!

— Маю, маю думу! — паспрабаваў не саступіць лесавік.

— Не, нашую, нашую! Іначай не скажу!

— Ды кажы ж ты!

— А не скажу!

— Добра, добра, нашую! Толькі кажы ж хутчэй!

Надзьмуўся ад пыхі вадзянік ды мовіў:

— Трэба запытаць у палевіка!

— Ах ты ж, вадзяніла! А я думаў, ён што разумнае скажа! Прытопленае бервяно! — усхадзіўся лесавік ды ў хуткім часе супакоіўся, разважыў.

— А што ж! Палявік гэты ледзьве не па ўсім свеце лётае. Многа бачыць, шмат чуе. Ведама, малады, хуценькі.

Вадзянік ды лесавік згодна заківалі галовамі, заўсміхаліся. Палевіка яны абодва не любілі.

— Можа, і дарадзіць чаго. А калі што якое, дык мы ж яго заўсёды падманем!

Разважылі так вадзянік з лесавіком. Пайшлі да палевіка ў госці.


ПАЛЯВІК


А палявік ні пра што не думаў, ні пра што не марыў, сядзеў сабе ў ценю калючай ігрушыны, што адзінока глядзела на няблізкі лес, на далёкае возе­ра. Такой цяжкай здавалася палевіку паўдзённая спякота... У яго ж няма ані шумлівай прахалоды лясоў, ані ласкавай сцюдзёнай вады. А лета ж выдалася гарачае. Апоўдні робіцца так млосна, што бачна, як дрыжыць паветра над узгоркамі. Цяжка яму, беднаму, цяжка. А пад вечар так стомішся сядзець ды ляжаць пад цяністай ігрушынай, што ажно бакі забаляць. І што гэта за валадарства такое, смех ды і толькі.

А тут яшчэ тая самая ігрушына шыпіць раздражнёна, злосна:

— Дождж пакліч, каб палеткі твае паліў. Выгарыць усё!

Не стрымаецца тут палявік:

— Каб ты кеміла так, як добра колішся сваім веццем! Не можа палявік клікаць дажджоў. Лепш цень старанна трымай, а то мне сонца ўжо вочы засціць.

— Ах ты ж, ляноціна! Ценю табе мала, сонца табе вочы засціць! Плыве сонца — бяжыць цень! Ніяк яго не ўтрымаеш. Як горача, дык сам перапаўзай! — і смачна кідала ў палевіка няспелай дулінай.

— Ох-вох! — уздыхаў палявік. — Каб ты ссохла!

Але памалу пераходзіў у цень. Сонца сапраўды засціла вочы.

— Я з табой і так дашчэнту высахла, — адказала груша. — І здарылася ж мне не ў лесе вырасці. Вось жа непашчасціла. А мо ля хат, ля калодзежаў у садзе. Вось любата была б!

— Ды каму ты патрэбная, дзічка! — салодка пазяхаючы, азываўся палявік.

— А ты каму патрэбны? — аж скаланалася ігрушына ад камля да верхавіны. — Нічога не робіш, не ўмееш, адно спіш, каб ты не прачнуўся!

— Я цябе не слухаю! Не слухаю! Не чую!

— А вось я табе! — шпурляла ў палевіка цэлую жменю кіслых маленькіх дзічак.

Палявік, ратуючыся, наўцёкі. Падхапіўшыся, бег дарогай і бездаражжу, ажно пыл з-пад ног курэў. Але нядоўга. Спякота не спадала, наадварот, даймала ўсё мацней. Валадар палёў супыняўся, сядаў дзе-небудзь пры дарозе і разважаў пакрыху-паціху:

— Ну і што, як няма дажджоў? Канешне ж, яно лепей, калі паліць. І жыта добра расце, і трава. Ат, што паробіш. Пайду, заміруся. Няма ж анідзе болей ценю. Так горача, хоць плач!

Мяркуе так палявік, аж бачыць, як з узмежжаў сваіх валадарстваў яму замахалі рукамі вадзянік ды лесавік. Маўляў, падыдзі да нас.

— І што ім трэба? — незадаволена чмыхнуў палявік.

Так павялося ўжо, што ні лесавіка, ні вадзяніка ён не надта каб прывячаў. Часцей сварыўся з абодвума ледзьве не да бойкі. То лясун які кавалак поля адбярэ ды лес там вырасціць. Хоць і прыгожа зробіць, слаўна, ды і палёў у валадарстве столькі, што і не злічыць, але ўсё роўна шкада. А то вадзянік гэты вясной поймы залье, трава вырасце там густая, высокая. Прыйдуць людзі на сенакос, песні пяюць, аж заслухаешся. Пра зямлю, пра крыніцу. А яму, палевіку, крыўдна. Гэта ж не яго, а вадзяніка славяць. Крыўдна. І ўсё тут!

— Ну, чаго хацелі, суседзікі? — палявік зычліва ўсміхнуўся. — З чым прыйшлі?

— А прыйшлі мы з добрай думай, — сказаў першым вадзянік.

— Ага, з добрай, — захітаў галавой лесавік.

— Ніводнай лапіны поля вам не аддам, — рашуча махнуў рукой палявік. — І думаць тут няма чаго!

— Ды ты паслухай.

— І слухаць не буду! — зверху ўніз паглядзеў на лесавіка і вадзяніка. І павесялеў: што і казаць, тыя нібы прысадзісты пянёк ды мокрая лужына. — Ну, што за дума такая? Га?

— А задумалі мы, суседачак, думу вялікую.

— Ага, вялікую.

«Вялікія думы з лесу ды вады, — падазрона азірнуўся па баках палявік. — Тут трэба быць асцярожным.»

— Задумалі мы, братачка, зрабіцца ласкавымі ды спагадлівымі.

— Чуйнымі і добрымі.

— А да каго? — асцярожна пацікавіўся палявік.

— Да ўсіх. — шчыра-шчыра мовіў вадзянік.

— Да ўсіх. — сумленна-сумленна прызнаўся лесавік.

«Тут нешта не тое, — упэўніўся палявік. — Ох, не проста ўсё гэта.»

— Зрабіцца ўважлівымі, мілымі, чулымі, — гнуў сваё вадзянік.

— Па-чалавечы даравальнымі, — азваўся лесавік.

— Праніклівымі, — летуценна ўздыхнуў вадзянік.

— Хітрымі, — утрапёна прашаптаў лесавік.

— Чаго? — узбурыўся палявік. — Вы і так праніклівыя і хітрыя. Што адзін, што другі.

— Ой, не! — схамянуліся сябры-суседзі. — Без гэтага. Але зрабіцца добрымі ды спагадлівымі сапраўды вельмі-вельмі хочам.

— Дык за чым жа справа?

— А парай ты нам, суседачак, ці ж няма на свеце такіх чараў-цудаў, каб у адзін момант.

— Узяў ды зрабіўся добрым. І ўсё тут!

Пачухаў патыліцу палявы валадар. Як жа гэта, каб раптоўна ды паласкавець. Асабліва вадзяніку ды лесавіку. Што ж тады, і на палеткі ягоныя сквапна пазіраць не будуць? Не можа так стацца. Але ж просяць, ледзьве не плачуць.

— Ты ж, палевічок, свет бачыш, усё ведаеш-чуеш. Дык ты ж нам падкажы. А мы ўжо ў даўгу не застанёмся.

«Значыць, цвёрды ў іх намер. Дапамагчы, ці што. Але, як толькі падумаў пра дапамогу палявік, зрабілася яму крыўдна-крыўдна. Суседзікі-братачкі, ці бачаце, лепшымі хочуць быць, а ён што, за іх горшы? Не, зусім не горшы! Хоць і валадарства небагатае, ды ж такое вялікае!»

— І я хачу зрабіцца добрым! Чаму гэта толькі вы? — паказаў сваю крыўду палявік.

— Чаму гэта ты? — не саступіў лесавік.

— А чаму ты? — насупіўся палявік на вадзяніка.

— А чаму я? Га? — перапытаў вадзянік у лесавіка.

— Таму што ты — самы разумны, — не міргнуўшы, адказаў лесавік. — Каму ж, як не табе.

— А вы чаго да мяне прылаўчыліся? Думаеце, што я стану добрым, і вы за мною? — адчуў павагу да сябе вадзянік, тупнуў мокрай нагой, адразу ж выбіўшы лужынку.

Яе адразу глынула перасохлае поле, як папрасіла яшчэ.

— Што ты гразі мне напускаеш! — не стрымаўся палявік.

— Якой такой гразі? Глеба стала, што камень. Дажджу просіць, — паважна адказаў вадзянік.

— Дык дажджу, а не вады! — фыркнуў, нібы кот, палявік.

— Браточкі-суседзікі, — усхапіўся лесавік. — Навошта ж нам зноў сварыцца. Да таго ж вядома даўно, што дождж — гэта таксама вада.

— Але ж, вада, — упэўнена мовіў вадзянік. — Гэта я, вадзяны валадар, табе кажу.

— Ну, можа, і вада, — пагадзіўся палявік, ужо зразумеўшы, што трохі даў маху. Трэба было ў чым іншым вадзяніка звінаваціць. Ці лесавіка. Ці абодвух. А самому, пакуль тое ды сёе, зрабіцца добрым і шчырым. Ах, не дакумекаў! Шкада, шкада!

— Слухайце, браточкі-суседзікі, — веў між тым далей лесавік. — А давайце ўсе трое зробімся і ласкавымі, і спагадлівымі. Так яно і лацвей, і цікавей.

«Ага, лацвей, — падумаў вадзянік. — Захапіць лесу палявое валадарства. Зашумяць сасёнкі з бярозкамі.».

«Ага, цікавей, — упэўніўся палявік. — Захапіць лесу вадзяное валадарства. Дачыста выпіць, а на тым месцы бярозы з сасёнкамі вырасціць».

— Не можа быць, каб мы на тры галавы ды такую справу не здужалі! — лесавік пляснуў у далоні.

— Ат, чаго там, здужаем, — плюхнуў і вадзянік мокрымі рукамі, абпырскаўшы і палевіка, і лесавіка. — Ды толькі як?

— Як?

— Можа так.

— Не!

— А можа.

— Не!

— І не думай!

— Ды я і не думаю!

— Вось і не думай!

— А я ведаю, ведаю!

— Не, не ведаеш!

— Не ведаеш!

— А вось жа ведаю! — аж падскочыў ад радасці палявік. — Нездарма ж я чаго толькі не бачыў, чаго толькі не чуў, чаго толькі не чуў, чаго толькі не бачыў!

— Ну! Кажы!

— Кажы!

— Ходзіць-вандруе па белым свеце непрыкметны цёмны-цёмны чарадзей, — распачаў палявік, зручна ўладкаваўшыся ў высыхлай траве, а лесавік і вадзянік слухаюць, утаропіўшыся. — Але не злы, не помслівы.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*