KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Бычковский Алесь - Прапаведнікі смерці

Бычковский Алесь - Прапаведнікі смерці

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Бычковский Алесь, "Прапаведнікі смерці" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

— Дурань, — кінула Анжэла на развітанне і грымнула дзвярыма.

Калі цоканне абцасаў на лесвіцы сціхла, Славамір шумна ўздыхнуў і пайшоў да ложка. Непрыкметна праваліўся ў сон. Прыснілася, як вырашыць праблему з літкансультантам.

Ромка Фокін закідвае даўжэзныя худыя ногі ў сініх джынсах адну за другую і з цікавасцю ўзіраецца ў стос папер. Літаратурнага кансультанта Ромку інтрыгуе назва, выведзеная пунсовым маркерам на белым фоне. Словы «Поўны Капец» сімвалізуюць штосьці канцэптуальна-футуралагічнае. Быццам гаворка ідзе пра канец свету. Звычайна флегматычны Ромка злосна паліць цыгарэты.

— Гэта што за назва? Гісторыя эканамічнай палітыкі ў свеце?

Славамір сядзіць насупраць і моўчкі ўздыхае.

— Я пытаю. Гэта і ёсць абяцаны рукапіс? Выдавецтву патрэбна космаопера разумееш? А ты што прапанаваў? Дэтэктыўны баявік з элементамі трылера, ды яшчэ пад такой смешнай назвай!

— Ты лепей пагартай рукапіс.

Ромка пагартаў і аслупянеў.

— Што гэта значыць, Славамір?

— Падумай.

— Хана, завалілі план, — абыякава паведамляе ён. — На халеру я сёння тут з табою валэндаюся? Спісаўся ты, сябра. Нават старонкі тэксту прыдумаць не здольны.

— Не, ты нічога не зразумеў.

— Што разумець? Прынёс стос чыстай паперы, а я, нібы дурань, чакаю даведзены да кандыцыі рукапіс!

— На апошняй старонцы ёсць выраз «.а потым усіх замачылі», адкуль ясна, што перад намі дэтэктыўны баявік.

— Вельмі канцэптуальна, — не хаваў сарказму літкансультант. — Ва ўсёй кнізе ўсяго адзін радок і той напрыканцы. Чым тлумачыць загадку? Распавесці казку, быццам на пустых старонках аўтар разумее нябачную прысутнасць утоенага тэксту ў форме трылера або баевіка? Падобнае здаралася ў літаратуры.

— Паслухай мяне, Раман. Днямі ў сеціве натыкнуўся на сайт вядомага мастака. Ён не стварыў ніводнай карціны або скульптуры, ён кансерваваў у бляшанкі лайно і прадаваў з аўкцыёна па дзесяць тысяч долараў і тое назваў мастацтвам. І ведаеш, слоічкі-бляшанкі куплялі! Чаму ж слоік лайна або чорны квадрат лічыцца мастацт­вам, а стос чыстай паперы не можа лічыцца літаратурай? Няхай чытачы купляюць кнігу з чыстымі старонкамі ў бліскуча-каляровай вокладцы і самі выдумляюць уласных герояў, фабулу, сюжэт. Па-сутнасці, усе ж дэтэктывы, трылеры, баевікі вашага выдавецтва аднолькавыя, толькі з рознымі дэкарацыямі і іншымі імёнамі герояў.

— Таму што мы гонім шырспажыў, а не мастацтва. Слоічкам і чорным квадра­там натоўп не праняць, наш чытач патрабуе якасныя баевікі!

Ромка шпурляе ў сметніцу недапаленую цыгарэту.

— Прапаную альтэрнатыву, — гаворыць нарэшце літкансультант пасля нядоўгіх разваг. — Лічу, трэба дадаць да заключнага радка некалькі важкіх слоў.

Ён дастае з нагруднай кішэні джынсавай камізэлькі цяжкі «Паркер» і нешта дапісвае на апошняй старонцы. Атрымліваецца «. а потым усіх замачыў Дарт Вэйдэр».

— Вось цяпер гэта космаопера, — задаволена прамаўляе Ромка. — Вяртаю рукапіс на дапрацоўку.

Ён падсоўвае стос папер бліжэй да Славаміра, устае і крочыць прэч.

***

Анжэла была жанчынай даволі прывабнай. Калі карэкціраваць асаблівасці твару дапамагалі касметалагічныя сродкі, то з фігурай праблем не мелася. Адны ногі чаго вартыя. А на іх мужчыны, як вядома, звяртаюць увагу раней, чым на твар. Тую іх сустрэчу Славамір успамінаў часта. Калі не браць у разлік няёмкую канцоўку гэтай гісторыі, усё было вельмі няблага. А тое, што закончылася не хэпі-эндам, дык тут Анжэла сама вінаватая: прыйшла з шампанскім, сама сябе прапанавала. Трэба быць абсалютным ідыётам, каб адмовіцца. Апраўданні, што раз-пораз снавалі ў галаве, саступалі месца думкам больш глабальным: баявік усё ж трэба заканчваць, а ў гала­ве па-ранейшаму хаос. Быццам сам сябе страчваеш у гэтай працы, да якой ужо не адчуваеш смаку. Не падштурхоўвала да здзяйсненняў і матэрыяльнае ўзнагароджванне. Павагаўшыся наконт таго, што цікава было б адхіліцца ад пачатковай задумы кнігі ды змяніць забойцу пол, Славамір сеў за камп’ютар і запісаў некалькі сказаў.

Праз нейкі час Славамір зайшоў у інтэрнэт і адкрыў сваю старонку на сайце знаёмстваў. Напісанне баевікоў і дэтэктываў, а апошнім часам і нейкае падабенстватворчай дэпрэсіі займалі яго поўнасцю, таму пошук дамы сэрца адкладваўся на будучыню. На амурныя справы патрэбны час і моцныя нервы. Так, яшчэ і грошы. І паболей... Куды прасцей знаёміцца з дзяўчатамі праз інтэрнэт. Аксіёма пра тое, што мужчына любіць вачыма, стабільна знаходзіла сваё пацверджанне. Славамір быў эстэтам, што наогул уласціва пісьменнікам. Яму падабалася разглядаць прыгожых жанчын. Апошнім часам не менш за дзясятак дзяўчат прапаноўвалі яму знаёмства ў інтэрнэце. Кожная праходзіла жорсткі эстэтычны адбор. Раніца наступнага дня прынесла Славаміру галаўны боль і звыклыя апошнім часам думкі пра недасканаласць і абсурднасць быцця. А на сайце прапаноўвала пазнаёміцца нейкая Карына. Яна была вельмі прывабнай: фотаздымак дэманстраваў тое, што павінна было паралізаваць мужчыну. На беразе мора ў ярка-жоўтым купальніку сядзела зеленавокая дзяўчына. Фігурка што трэба. Па плячах рассыпаліся русыя, сярэдняй даўжыні валасы. Фотаздымак непрафесійны, таму найбольш адпаведны арыгіналу, што Славаміру заўсёды падабалася. Сціплая, але надзвычай прыцягальная ўсмешка дзяўчыны вабіла да сябе і стымулявала фантазію. «Дзякуй Богу, хоць адзін пазітыўны момант за сённяшні дзень». Славамір узбадзёрыўся, расправіў плечы і павялічыў фота.

— Прывітанне! Мяне завуць Карына. Люблю танчыць, захапляюся добрай музыкай і цікавымі кнігамі. Калі вы не супраць, мы можам сябраваць.

«Жартуеце, спадарыня? Канешне, не супраць! Дзеля гэтага і тырчу ў гэтым інфармацыйным сметніку. Як можна адмовіцца ад сяброўства з такой жанчынай? Ды яшчэ так інтэлігентна на “вы” звяртаецца!»

— Прывітанне. Я — Славамір. Рады нашаму знаёмству. Ты вельмі прыгожая. Дазваляеш звяртацца на «ты»?

— О’кей, я не супраць!

— А імя Карына — незвычайнае. Гэта часам не псеўданім?

— Не.

— Што яно азначае?

— Мама любіла серыялы глядзець, вось і ўзяла адтуль імя для дачкі. Дзякую, што Алімпіядай не назвалі, як у Савецкі час модна было. Жартую. Імя лацінскае, азначае «тая, што кіруе караблём». У гады засваення Паўночных тэрыторый імя набыло іншае значэнне — «дзяўчынка, народжаная ў Карскім моры». Мой бацька быў палярнікам, і Карынай тады часта называлі дзяўчынак, народжаных у сем’ях палярнікаў. Сёння імя рэдкае, таму адчуваю сябе ў нечым асаблівай. Думаю, яно мне падыходзіць. У цябе імя таксама незвычайнае.

— Згодзен. У гэтым мы падобныя. Славамір — імя славянскага паходжання. Пра значэнне можаш здагадацца сама — «той, хто славіць мір». Мне прыемна з табой размаўляць.

— І мне. Прыемна і цікава. А што прымушае маладых людзей шукаць знаёмствы ў інтэрнэце?

— Усё банальна — недахоп часу. Я шмат працую, няма калі мне. Можа, здзівішся, але я — пісьменнік. Але ж калі палічыш, што гэта гучыць занадта прэтэнцыёзна. магу назваць сябе прафесійным фантазёрам, падманшчыкам ці нейкім падабенствам пісьменніка.

— Ты пісьменнік? Здзівіў!.. Значыць, з табою ёсць пра што пагаварыць. А чаму ты называеш сябе «падабенствам пісьменніка»?

— Па-сутнасці, так і ёсць. Я ствараю гісторыі, фармірую чалавечыя адносіны ў сваёй галаве, пераношу на паперу, а людзі купляюць гэта і вераць. Мае персанажы калі праходзяць праз прызму чужой псіхікі, пачынаюць жыць самастойным, асобным ад мяне жыццём. Але мяне гэта мала хвалюе, я ўжо атрымаў за сваю пісаніну

грошы. Апошнім часам пакутую ад таго, што пішу пад заказ і не раблю тое, чаго душа просіць. Раней маўчала яна, душа, а цяпер даймае мяне. Не пішацца мне, вычарпаўся.

— Я цябе разумею. Гэта цяжка — адчуваць, што праца не прыносіць задаволенасці, а ў тваім выпадку гэта цягне за сабой і матэрыяльныя праблемы. Хаця псіхолагі раяць не ўжываць слова праблема. Праблем няма. Ёсць задачы і складанасці.

— Цікавішся псіхалогіяй?

— Я цікаўлюся многім. Люблю добрую літаратуру. Для мяне якасная літаратура — тая, што адкрывае для мяне новыя грані жыццёвых з’яў і вымушае мяняць свае заскарузлыя погляды, навязаныя грамадствам.

Тэлефонны званок прымусіў адарвацца ад камп’ютара. Стары сябар Юрка, аднакласнік, прапаноўваў «пафесціваліць» вечарам у бары. Славамір ніколі не разумеў, што аб’ядноўвае яго з Юркам. Разведзены аднакласнік быў дальнабойшчыкам, любіў выпіць, часта мяняў жанчын і аўтамабілі. Пры ўсёй павазе да шчырага сяброўства, на гэты раз Славамір адмовіўся. На справе, сяброўства абмяжоўвалася сумеснымі п’янкамі, на якія Юрка браў новую сяброўку, а тая, прыводзіла дзяўчыну для сябра свайго кавалера. Тым больш, назаўтра нязменна прыходзіў галаўны боль як расплата за весялосць.

Калі Славамір вярнуўся да камп’ютара, Карыны на сайце не аказалася. Яна стрымана развіталася, спасылаючыся на важныя справы. Знікла гэтак жа раптоўна, як і з’явілася. Славамір адчуў надзвычайную ўзрушанасць, быццам сустрэў нешта роднаснае. За дзесяць хвілін перапіскі ён паспеў расказаць Карыне нават пра свае творчыя пакуты, амаль нічога не даведаўшыся пра яе.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*