Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы
— Добра! — у слухаўках Сарвы нягучна пстрыкнула.
— Спадар палкоўнік, наколькі далёка могуць дабрацца вашы боты?
— У рэжыме вяртання запасу паліва хопіць на дзве астранамічныя адзінкі туды і назад, у рэжыме вольнага палёту межаў не існуе... Толькі магутнасці перадатчыка не хопіць, каб прымаць сігнал!
Інспектар у думках прыкінуў адлегласць. Занадта вялікая для таго, каб перадаць кіраванне ботам іншаму аператару.
— Што ж, хай будуць чатыры астранамічныя адзінкі!
— Што вы задумалі, спадар інспектар?
— Хачу пусціць бот па траекторыі руху «Эрнста Юліуса Эпіка».
— Што гэта дасць?
— Магчыма, нічога, а магчыма...
Мармылёў тлумачэнняў не запатрабаваў, і навігатары прыступілі да разлікаў. Праз гадзіну бот стартаваў. Тэлеметрыю забяспечвалі тры відэакамеры. Інфармацыя паступала на цэнтральны дысплэй капітанскага мосціка крэйсера.
Сарва і сам не мог дакладна сказаць, што ён чакае знайсці. Хутчэй за ўсё, за адпраўкай бота стаяла жаданне пазбегнуць пакут сумлення, што напэўна здарыцца, калі інспектар не адпрацуе ўсе версіі.
Адсутнасць чалавека на борце дазваляла робату рухацца з хуткасцю, блізкай да хуткасці святла. Аператару нават не трэба было карэктаваць траекторыю палёту — гэтую функцыю ўзяў на сябе камп'ютар «Агесілая II».
Пяцьдзясят мільёнаў кіламетраў. Сто мільёнаў. Дзвесце... Лічбы на індыкатары спідометра змяняліся з ашаламляльнай хуткасцю. Ніякіх адхіленняў у рабоце прыбораў не адзначалася.
На мяжы поўнага згасання сігналу, калі інспектар ужо быў гатовы прызнаць сваё паражэнне, прыборы нібы звар'яцелі. Камп'ютары літаральна захліснуў паток інфармацыі.
— Квантавая чорная дзірка! — ахнуў Ішора.
Неўзабаве высветлілася, што лейтэнант паспяшаўся з высновамі. Бот праскочыў фатонную сферу, гарызонт падзей, сінгулярнасць, і не трапіў пад уздзеянне ніводнага з фактараў, абавязковых для сустрэчы з касмічным целам, здольным прыцягваць святло сілай гравітацыі: ні спагетыфікацыі, ні скрыўлення прасторы, ні запаволення часу, ні гравітацыйных канвульсій.
— Стоп! — крыкнуў Сарва, перш чым Мармылёў аддаў аналагічны загад. Робату спатрэбіўся час на атрыманне сігналу і манеўр тармажэння. — Цяпер развярніце бот і на мінімальнай хуткасці — наперад!
Апарат далёкага пошуку павольна падплыў да дзіркі. Як толькі робат апынуўся ў зоне гравітацыйнага прыцягнення, яго неадкладна засмактала ўнутр. Аператар нават не спрабаваў вярнуць бот, паколькі найменшы рух апарата няўхільна вабіў бот да кропкі сінгулярнасці, паблізу якой сіла прыцягнення імкнулася да бясконцасці. Час і прастора памяняліся месцамі.
— Сігналу няма...
Аднак праз чвэрць гадзіны бот зноў вынырнуў — праўда, ужо ў выглядзе кучы металалому і за сто тысяч кіламетраў правей.
— Максімальнае набліжэнне! — загадаў палкоўнік.
Бот зрушыўся не толькі ў прасторы, але і ў часе. Цяпер ён выглядаў так, як быццам падарожнічаў у адкрытым космасе не адну сотню гадоў.
— Ахоўная мембранная тканіна...
— Прабачце, спадар інспектар?
— Спадар палкоўнік, трэба вярнуць бот на борт крэйсера! Мне здаецца, я знайшоў адказ!
— Выконваць! — кіўнуў Мармылёў, і да апарата накіраваліся два новыя. Палкоўнік таксама загадаў праверыць касмічную прастору на сто тысяч кіламетраў у чатыры бакі, аднак ніякіх новых дзірак выяўлена не было. Сарва не прамовіў ні слова, пакуль асабіста не даследаваў з дапамогай газавага храматографа шар метровага дыяметра, які пабываў у анамаліі.
— Гэта не чорная дзірка ў класічным разуменні, а своеасаблівы фільтр, які не дазваляе інфармацыі, арганічнай тканіне і ядзернаму паліву перасекчы мяжу. І гэты фільтр, нягледзячы на тое, што працуе паводле прынцыпу класічнай чорнай дзіркі, мае ярка выражаны тэхнагенны характар. Прычым фільтр спыняе толькі тыя караблі, якія накіроўваюцца да воблака Аорта.
— Атрымліваецца, чалавецтва не самотнае ў Сусвеце?
— Цяпер ужо так, спадар Ішора!
— Дазвольце пацікавіцца, спадар інспектар, на падставе чаго вы зрабілі гэтую смелую выснову? — словы палкоўніка прымусілі ўсіх прысутных павярнуцца да Сарвы.
— Вы ж не будзеце спрачацца, што інфармацыя — прыкмета разумнага жыцця, спадар палкоўнік?.. Роўна як і кантроль над тэрмаядзернымі рэакцыямі.
— А ці не больш надзейна было б проста анігіляваць караблі разам з экіпажамі?
— Логіка іншапланецян можа ў корані адрознівацца ад чалавечай, спадар палкоўнік. Па адказ вам варта было б звярнуцца да ксенапсіхолагаў. Хто пабудаваў бар'ер і для абароны чаго ён служыў, яшчэ трэба будзе разабрацца спецыялістам.
— Адзін фільтр на сто тысяч кубічных кіламетраў... Ці не занадта буйныя вочкі для невада, спадар інспектар?
— Выяўленая намі псеўдадзірка можа з'яўляцца ўсяго толькі адным з мноства вочак, спадар Ішора. І не факт, што невад цэлы. Пра час яго вырабу мы можам толькі здагадвацца!
— Хай так, спадар інспектар! Не буду спрачацца!.. Аднак куды ўсё ж такі знік экіпаж «Эрнста Юліуса Эпіка»?
— Я думаю, яны ўсе былі мёртвыя задоўга да таго, як перасеклі гарызонт падзей, спадар палкоўнік. І адбылося гэта з прычыны скрыўлення прасторы і часу. У якасці прыкладу я прывяду выпадак з сяржантам Кайнам. Для пошукавай каманды ён знік на некалькі хвілін. Для самога сяржанта не прайшло і некалькіх секунд. Насамрэч ён адсутнічаў не менш за двое сутак — шчацінне так хутка не адрастае!.. Верагоднасць таго, што «Эрнст Юліус Эпік» патрапіць дакладна ў псеўдадзірку, была мінімальнай, аднак гэта ўсё ж такі здарылася... Рэкамендую выставіць вакол псеўдадзіркі ахову і як мага хутчэй выклікаць навукоўцаў!
ЧАРВЯК
Малы дапаможны катар, прыпісаны да пагранічнага крэйсера «Агесілай II», мякка дакрануўся падобнымі на ногі коніка апорамі керамічнага бетону да ўзлётна-пасадачнай пляцоўкі. Пілот вырашыў не заглушаць рухавікі дзеля высадкі адзінага пасажыра, няхай ён і належаў да Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў.
— Прыемна было папрацаваць з вамі, спадар Ішора!
— Аналагічна, спадар Сарва! — лейтэнант аддаў чэсць, пасля чаго паціснуў інспектару руку. — Бывайце здаровы!
— Удачы вам у дарозе! — падхапіўшы свае рэчы, Сарва спусціўся па складным бартавым трапе і паспяшаўся да краю пляцоўкі, дзе турбулентнасць была не такой моцнай, бо прымяняліся вязкапругкія гасільнікі. Катар стартаваў, як толькі інспектар адышоў на бяспечную адлегласць. Час пасадкі быў абраны з улікам надзвычай дынамічнай сістэмы штормаў Нептуна — вятры на паверхні ледзянога гіганта маглі дасягаць звышгукавых хуткасцяў.
Паглынанне чырвонага святла метанам надавала атмасферы Нептуна, якая складалася з вадароду з прымешкам гелію і метану, сіняе адценне. Яркі блакіт Нептуна адрозніваўся ад больш умеранага аквамарынавага колеру Урана. Але Сарва менш за ўсё жадаў любавацца фарбамі: тэрмометр паказваў мінус дзвесце трыццаць восем градусаў па Цэльсію.
Паверхневы слой ледзянога гіганта ўяўляў сабой газавадкую абалонку, пад якой знаходзілася ледзяная мантыя з воднага, аміячнага і метанавага лёду, таму мясцовыя калоніі ўяўлялі сабой рухомыя выспы, што дрэйфавалі ў залежнасці ад ружы вятроў. Вюртцытны нітрыд бору, які пакрываў сцены станцыі, быў нанесены ў два слаі і нівеліраваў наступствы доўгага знаходжання ў агрэсіўным асяроддзі.
У адным з купалаў адкрыўся люк, і апранутая ў скафандр павышанай абароны фігура запрашальна памахала інспектару рукой. Трымаючыся за абледзянелы лінь, Сарва дасягнуў модуля, адчуваючы, як пацяжэў ранец сістэмы жыццезабеспячэння і рэчы. Сіла цяжару складала адну цэлую чатырнаццаць сотых ад зямной.
— Вітаю вас, спадар Сарва! Мяне завуць Фрыдрых Дароўскі. Я — інжынер па тэхніцы бяспекі «Іагана Готфрыда Гале».
Шлюзавая камера была абсталявана магутнымі цеплавымі нагнятальнікамі, якія хутка паднялі тэмпературу да прымальнага ўзроўню. Да камеры прымыкаў гардэроб, дзе Сарва і Дароўскі пакінулі скафандры.
— Прабачце, спадар Сарва, што вам давялося прарабіць доўгі шлях — так ужо атрымалася, што вы аказаліся адзіным паліцэйскім на дзесяць астранамічных адзінак!
— Нічога страшнага! З вынаходствам гіперпрывода зоркі перасталі палохаць людзей жахлівымі адлегласцямі... Дык што ў вас здарылася?
— Эрык Кабат, інжынер-геакрыёлаг, здзейсніў самагубства! — калідор скончыўся герметычнымі дзвярыма, якія замыкаліся на крэмальерную засаўку. — Ён разбіў сабе галаву айсбалем.
— Не самы лепшы спосаб скончыць жыццё! Гэта да якога ж стану трэба дайсці, каб праламаць сабе чэрап малатком?!
— Можаце мне паверыць, спадар Сарва, Кабат не мог забіць сябе! — модулі былі падобныя на адсекі касмічнага карабля пачатку эпохі зорнай экспансіі.
— Дазвольце пацікавіцца, на чым заснаванае ваша сцвярджэнне? — інспектар пакінуў рэчы ў выдзеленай яму жылой ячэйцы і прыхапіў з сабой толькі чамаданчык з інструментамі. Расследаванне Сарва вырашыў пачаць з агляду тэхнічнага модуля, дзе скончыў самагубствам інжынер-геакрыёлаг.