Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў
Р S: нумар дзічага садка — «21».
Р Р S: згуляем у пінг-понг?
Твая Аня».
***
Ветру амаль не было. На сонечным баку ўжо адчувальна прыгравала. Там-сям хадзілі па зямлі каўкі. Адна з іх трымала ў дзюбе дробную галінку — мабыць, дзесьці будавала гняздо. Студэнт Ігнат Мазур нерухома сядзеў на лаўцы і слухаў шум горада. Раптам звыклая туга ахапіла яго, ён падумаў, што зусім не ведае, як жыць далей і да якой мэты імкнуцца, і што ён як быў, так пакуль і застаўся самотным і неўладкаваным у жыцці няўдачнікам.
Ён убачыў мятліка — звычайную, распаўсюджаную ўвесну і летам чырвона-чорна-жоўтую крапіўніцу. Мятлік сеў яму на руку і варушыў вусікамі. Раз-пораз крохкія яго крыльцы схвостваліся, а потым зноў раздзімаліся, прымаючы на сябе сонечнае цяпло.
Студэнт Ігнат Мазур нечакана ўспомніў народную прыкмету, калі мятлік сядае на каго-небудзь, гэта азначае, што да таго прыходзіць каханне...
Адвячоркам, як пачало ўжо сутонець, у пакой вярнуўся Дзяніс Маркін. Убачыў Ігната Мазура, які паліў чарговую цыгарэту, а таксама пустую бутэльку на стале, і сказаў:
— А я думаю, хто гэта на вахце ключ забраў? Ты, можа, практыку скінуў?
— Ды не. Заўтра назад.
— А я тут адзін, — сказаў Дзяніс Маркін. — Байкоў паехаў у сваю раёнку. Хто на практыцы, а іншыя — на вакацыях.
— Паслухай, Дзяніс, — сказаў Ігнат Мазур, — хто з нашых тут, у інтэрнаце, застаўся?
— Ды амаль усе раз’ехаліся. Хіба што Зялёнка, Ганабец тут. Яшчэ Гужын, дзяўчаты некаторыя засталіся. Ганабец у міліцэйскай газеце прыбартаваўся, Зялёнка — на радыё, Гужын ля цэка камсамола ашываецца, ну, усіх не пералічыш.
— А сам практыкуешся?
— У акруговай вайсковай газеце. Я пасля збораў, як званне атрымаю, пайду служыць. Можа, там, у газеце, і застануся. У мяне бацька — вайсковец. Дапаможа. Дый перспектыва, сам уяві: у сорак пяць на пенсію, а працу пасля, калі захочаш, то заўсёды знойдзеш.
— А мяне ніхто не пытаўся? — кружыў здалёк вакол свайго Ігнат Мазур.
Студэнт Дзяніс Маркін раптам ляпнуў сябе па невялікай галоўцы.
— А, добра што падказаў. Тут зазірнула неяк Конкіна. Пакінула табе канверт. Толькі, дзе ён? Я зараз успомню, чакай...
Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка.
— Шукай. Мне трэба. Ды хутчэй думай, што ты корпаешся!
— Знойдзем, чаго так усхваляваўся? Ага, вось ён.
Дзяніс Маркін выцягнуў з-пад нейкіх пажухлых папак і лістоў даволі ўжо змяты канверт і аддаў нецярпліўцу.
— Нешта я не разумею. Ты ж быццам з Мараковай «прыкурваеш», а тут Конкіна. Яна ганарлівая, кручаная нейкая, які ў ёй інтарэс? Можа, патлумачыш? Але, бадай, твае справы. Маўчу, маўчу.
Студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яго. Выскачыў у калідор, пасунуўся да акна і ўскрыў канверт.
«Ігнат!
Першакурсніцы і клапы дасталі мяне напоўніцу, і я ўсё больш і больш хачу заставацца адна. Ну, хіба толькі яшчэ з табой. Апошняга сама не чакала, і вось так адбылося.
Айчым завочна зняў мне пакойчык у прыватнай кватэры. Тут недалёка, на першым паверсе. Калі стаць тварам да фасада дома, то злева трэцяе акно.
Я практыкуюся ў абласной газеце. Урэшце, мне ўсё роўна.
Разам са мной, толькі ў іншым аддзеле, наш калега Вінцук Кішчык. О-о, які гэта прадбачлівы і хітры хлопец! Ён вылазіць са скуры, каб застацца тут па размеркаванні. Нават у мясцовай партарганізацыі ўжо стаў на ўлік. Ды зашмат гонару пра яго пісаць, бо лічу дні, калі ўсё гэта скончыцца, і можна будзе неяк змяніць свой лёс.
Я вось часта думаю, што чалавек — гэта проста нейкая нікчэмнасць. І сябе з гэтага шэрагу не выключаю, бо за мной шмат усялякіх брыдкіх учынкаў. Хочаш — раскажу, калі пабачымся?
Днямі прачытала «Чуму» Альбера Камю (я цяпер шмат чытаю) і проста абалдзела ад таго, як ён апісвае каханне. Бо яго, кахання, прысутнасці (фізічнай) у тэксце зусім няма, але яно схавана ў глыбіні, па-за кантактам. Так кранальна. Гэта супер!
У мяне, пэўна, дэпрэсія. Не хачу падрабязнасцей, бо яшчэ хто дадумаецца прачытаць, а гэта вельмі непажадана. А калі ты апынешся ў Мінску раней, то мой адрас: зав. Зароўскага, д. 6. кв. 8.
Астатняе — потым, потым.
Святлана К.»
Студэнт Ігнат Мазур таропка прывёў сябе ў парадак. Памыўся, пагаліўся, рукі яго пры гэтым дрыжэлі, апрануўся і на пытанне Дзяніса Маркіна, калі вернецца, адказаў:
— Не ведаю.
Вахцёрка ўнізе паведаміла яму, калі спытаў, дзе завулак Зароўскага, што сама жыве непадалёк. Патлумачыла, дзе і як туды дайсці бліжэйшым шляхам.
Неба ўжо там-сям пакрылася дробнымі зоркамі. Па тратуарах у святле ад ліхтароў кудысьці спяшаліся заклапочаныя людзі. Асабліва людна было ля бліжняй, нядаўна пабудаванай гасцініцы «Планета», дзе месціўся і рэстаран. Студэнт Ігнат Мазур ледзь не спартыўнай хадой прайшоў далей, збочыў у патрэбным напрамку і неўзабаве знайшоў дом, на вуглавой сцяне якога ўбачыў адтрафарэчаную лічбу «6». Дом быў звычайны, пяціпавярховы, з няўклюднымі балконамі, шэрымі цаглянымі сценамі і невялікімі вокнамі.
Ён вылічыў патрэбнае яму трэцяе злева акно — адтуль выпраменьвалася слабая паласа святла, узняўся на муравы парэбрык і ціха пастукаў у шкло. Праз некалькі секунд святло пагасла, акно прыадчынілася. Знаёмая ўскудлачаная галава дзяўчыны з’явілася над падаконнем.
— Ты, Ігнат?
На нейкі міг адчуванне поўнага шчасця цалкам авалодала ім.
— Я зайду? Адчыні дзверы!
— Пачакай, гаспадыня, пэўна, спіць. Лепш яе не турбаваць. Ты зможаш сюды залезці? А то я вымушана буду сама адчыняць. Дык яна можа пачуць.
Замест адказу студэнт Ігнат Мазур падцягнуўся на руках, злаўчыўся і ўціснуўся ў расчыненае акно.
Моўчкі яны накінуліся адно на аднаго... І калі на канапе ён моцна прыціснуў да сябе яе гарачае цела, адчуў усё тое ж пачуццё шчасця, раптам падумаў, што раней з ім такога ніколі не было.
Гадзіны праз дзве студэнтка Святлана Конкіна прыадчыніла дзверы з пакойчыка і крадком прынесла з халадзільніка ўсё сваё, што там было: некалькі звараных крута яек, шакаладку, ліманад, кавалак кілбасы і палавіну бохана сітніка.
Перагаворваючыся шэптам, абое прагна паелі, а потым, абняўшыся, на кароткі час заснулі.
На досвітку дзяўчына разбудзіла яго, і студэнт Ігнат Мазур апрануўся, развітаўся з ёй да абеда — так дамовіліся — і вылез праз акно на падворак.
***
Да заканчэння практыкі, праз дзень-два, пасажырскі самалёт «АН» прымаў яго на борт, а на наступны дзень забіраў з аэрапорта назад. Сцюардэсы пазнавалі ўжо яго і лагодна ўсміхаліся, быццам разумелі, чаму ён лятае так часта ў сталіцу і назад.
Неяк у самалёце студэнт Ігнат Мазур разгарнуў кішэнны нататнік і запісаў туды:
«Ці з ’яўляюцца ў нечым незвычайныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, калі абое не могуць працягла існаваць адно без аднаго? Можа, сапраўды, цалкам верагодная тэорыя вірусаў, якія, калі верыць ёй, незаўважна кіруюцьусім на зямлі? Многія класікі, сярод якіх, лічу, былі сапраўдныя вялікія псіхолагі, даволі холадна іразлікова апісвалі такія адносіны. Прустаўскі Сван у фінале знакамітага рамана з сарказмам пытае сябе — маўляў, і што: на гэтую пустую жанчыну я згубіў два гады жыцця? Іва Андрыч нават перасцерагае — нельга давярацца жанчыне, бо гэта смяротна небспечна. Песіміст Кнут Гамсун у «Пане» ці ў знакамітых «Пад восеньскай зоркай». Талстой? Не, не тое. У нечым ён, як лічу, слабаваты. У тым-сім фальшывы. А вось «Кроткая» Дастаеўскага (на нашай мове «Рахманая») — гэта моц. Мяркую, лепшая навела ўсіх часоў і народаў. Так унікнуць і апісаць жанчыну мог толькі ён, дарэчы, ліцвін па паходжанні...»
А так — у студэнта Ігната Мазура ўсё ішло без асаблівых прыгод. Абкарнаны Казімірам Шахто яго сюжэт урэшце прайшоў па праграме літаратурнадраматычных перадач, і дырэктар Кухарчук падпісаў Мазуру паперы і характарыстыку.
***
Дзяржаўных іспытаў было няшмат. Шанцаў здаць іх без асаблівых намаганняў таксама пабольшала — у дэканаце няблага ставіліся да студэнтаў на апошнім этапе, бо ўсіх, хто не хацеў і не мог вучыцца, адлічылі на першым і другім курсах.
На іспыце па савецкай публіцыстыцы, які прымала «Агеньчык», студэнт Ігнат Мазур упершыню пакарыстаўся шпаргалкамі. Сам прадмет — публіцыстыку — ён не любіў, як і многія іншыя дысцыпліны. Літаратуру — аўтэнтыкі і дапаможнікі — амаль не чытаў, дый бракавала часу. Тое-сёе з праграмы чытаў раней, але гэтага для іспыту не хапала.
Шпаргалкі, вядома, былі не яго. Іх пакінулі ў нішы стала дзяўчаты, пра што паведамілі яму перад іспытам. Але, як толькі ён палез туды, каб адшукаць адказы на пытанні ў білеце, пільная выкладчыца Спіркіна кінулася да яго, выхапіла з рук вузкія стужкі паперы, складзеныя гармонікам, і радасная пабегла з імі да свайго стала.