KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Научные и научно-популярные книги » История » Вера Смирнова - Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)

Вера Смирнова - Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Вера Смирнова, "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Язон зразумеў, што перад iм правадыр гэтых дзiкiх людзей, i, ступiўшы на зямлю, звярнуўся да яго.

- Вiтаю цябе! - сказаў Язон. - Калi ласка, скажы нам, чыя гэта зямля i якi народ тут жыве? Мы - арганаўты, вольныя мараплаўцы. Плывём з грэчаскага горада Iолка ў далёкую Калхiду, каб здабыць залатое руно, якое прыносiць людзям багацце i дастатак. Не бойцеся нас, мы не зробiм вам нiякай шкоды. Мы толькi набяром у нашы пасудзiны свежай вады i паплывём далей. Вялiкi Зеўс загадвае ўсiм людзям быць гасцiннымi i даваць прытулак падарожнiкам...

- Не ведаю нiякага Зеўса! - груба перапынiў Язона чалавек у чорным плашчы. - Я - Амiк, у мяне свае законы. Калi ўжо лёс занёс вас да мяне, у царства бебрыкаў, дык ведайце, як я прымаю гасцей. Глядзiце! - I ён паказаў дубiнаю: каля ўвахода ў паселiшча на доўгiх жэрдках тырчалi высахлыя чалавечыя галовы. - Месца хопiць i для вас, марскiя бадзягi! - засмяяўся дзiкун.

Бебрыкi таксама ўсмiхалiся, iм падабаўся жарт цара.

Амiк гаварыў далей:

- Усiх чужаземцаў, якiя ступяць на маю зямлю, я частую па-свойму. Вось! I ён ганарыста ўзняў свой кулак велiчынёй з галаву Язона. - Гэй вы, мараплаўцы, хто з вас самы дужы, няхай выходзiць са мною на кулачкi! Хто мяне пераможа - будзе тут гаспадаром, каго я перамагу - з таго галаву здыму на памяць... Ну? Прымаеце мой пачастунак?

Ледзь стрымлiваючы гнеў, слухалi арганаўты пахвальбу цара бебрыкаў. Язон не сказаў нi слова i пачаў здымаць з сябе зброю. Ды яго апярэдзiў Палiдэўк.

- Мяне называлi калiсьцi лепшым кулачным байцом у Эладзе, - сказаў ён таварышам, - дазвольце мне ўцiхамiрыць гэтага бебрыка. - I, павярнуўшыся да Амiка, пачцiва пакланiўся: - Дзякую за сардэчную сустрэчу. Не будзем марнаваць часу. Я гатовы!

Велiкан паглядзеў на Палiдэўка з усмешкаю: юны герой ледзь даставаў яму да пляча.

Але Палiдэўк спакойна зняў з сябе шчыт, меч i шлем i аддаў у рукi брату Кастору, каб ён патрымаў iх у час бою.

Амiк, сярдзiта буркнуўшы, адкiнуў убок сваю дубiну з такою сiлаю, што пыл узняўся слупам. Працiўнiкi скiнулi на траву свае плашчы i абматалi рамянямi рукi па локцi.

Бебрыкi прагным натоўпам акружылi iх. Арганаўты горда стаялi стройнымi радамi воддаль.

- Ну, малы, зараз табе будуць канцы! - фанабэрыста сказаў Амiк, размахнуўся i абрынуў свой цяжкi кулак проста на галаву Палiдэўка.

Але Палiдэўк своечасова ўхiлiўся i стукнуў злёгку працiўнiка ў жывот.

- О-хо-хо! - рагатнуў Амiк. - Ты вёрткi, малыш, але не дражнi мяне - я не люблю, калi мяне казычуць. - I, нагнуўшыся, з сiлай выкiнуў уперад кулак, каб ударыць юнака ў грудзi, пад сэрца.

Палiдэўк адскочыў убок i з размаху стукнуў велiкана ў скроню так, што ў галаве ў таго зазвiнела i чырвоныя кругi паплылi перад вачамi. Бебрык раз'ятрыўся i, не памятаючы сябе, пачаў бiць направа i налева, куды папала, трацячы дарэмна сiлы, таму што юнак арганаўт кожны раз паспяваў ухiлiцца, адскочыць назад i толькi стараўся знясiлiць свайго працiўнiка, а сам чакаў зручнага моманту, каб нанесцi рашаючы ўдар. Нiбы раз'юшаны бугай, кiдаўся Амiк ва ўсе бакi, цяжка дыхаючы, i пот буйнымi кроплямi кацiўся з расчырванелага твару i падаў на зямлю, нiбы дождж.

А юны грэк, лёгкi i гнуткi, спрытна кружыўся вакол непаваротлiвага бебрыка i раптам, iмклiва напаўшы на яго, ударыў у скроню - раз i другi - з такою сiлаю, што рассек яму чэрап.

Амiк захiстаўся, упаў на каленi; кроў лiнула ў яго з рота.

Узняўшы шчыты, гучна вiталi пераможцу арганаўты.

Бебрыкi ж, як толькi ўбачылi, што цар iх забiты, кiнулiся да Палiдэўка з дубiнамi. На выручку брату паспяшаўся з мячом Кастор i велiкан Анкей са сваёй цяжкай сякерай. Давялося арганаўтам уступiць у нечаканы бой. Мячы скрыжавалiся з дубiнамi. Бiтва была нядоўгая. Бебрыкi ў жаху кiнулiся наўцёкi; арганаўты гналiся за iмi i вучылi гасцiннасцi.

- Мы прыйшлi да вас з мiрам. Мы не хацелi рабiць вам зла, - гаварыў Язон. - Нам нiчога не трэба было ад вас, акрамя добрага слова i свежай вады на дарогу. Запомнiце ж цяпер нашу запаведзь: паважайце гасцей i чужаземцаў. Па нашых слядах прыплывуць iншыя - сустракайце iх як сяброў, памагайце тым, хто смела плыве ўперад па нязведаных морах, хто пракладае дарогу для ўсiх!

Язон загадаў зняць з жэрдак мёртвыя галовы чужаземцаў, забiтых Амiкам, i пахаваць iх.

Перапалоханыя бебрыкi прынеслi арганаўтам багатыя дарункi i наладзiлi баль. Героi перавязалi свае раны, забылi пра нядаўнюю бойку i весела балявалi на беразе перад паселiшчам бебрыкаў.

Пераможна гучала залатая кiфара, спяваў Арфей, i людзi ў звярыных шкурах са здзiўленнем слухалi песнi далёкай краiны.

Арганаўты ў Салмiдэсе. Голуб Фiнэя

Усё далей i далей на ўсход плыў "Арго". Ужо шмат дзён былi арганаўты ў дарозе. Яны мiнулi другое мора i хутка павiнны былi ўбачыць трэцяе - апошняе на iх шляху, самае шырокае, бурнае i невядомае мора. Нават спрактыкаваны марак Тыфiс нiчога не ведаў пра яго. Арганаўты доўга шукалi праходу з Прапантыды ў гэтае новае мора i, перш чым рушыць у апошнi пераход, вырашылi адпачыць i спынiлiся паблiзу фракiйскага горада Салмiдэса.

Незвычайная цiшыня сустрэла iх на беразе. Гавань была пустая i закiнутая, гарадскiя вулiцы бязлюдныя, дамы зачынены наглуха.

Арганаўты прайшлi па бязлюдным горадзе i наблiзiлiся да царскага дома. Страшэннае запусценне панавала тут. Усе раслiны ў царскiм садзе загiнулi. Куча агiднага бруду ляжала перад домам; сонца палiла яго, i нясцерпны смурод стаяў у паветры. На расчыненых варотах сядзелi дзве вялiзныя худыя птушкi i, схаваўшы галовы пад крылы, спалi.

Са здзiўленнем глядзелi на ўсё гэта арганаўты i хацелi былi ўжо як мага хутчэй прайсцi мiма, як раптам пачулi чыйсьцi слабы голас. Яны адгукнулiся. З дома выйшаў, хiстаючыся, стары i рушыў да iх, працягнуўшы ўперад дрыжачыя рукi i асцярожна ступаючы, нiбы сляпы. Ён i сапраўды быў сляпы i такi знясiлены i худы, што страшна было глядзець на яго. Ён ледзь дайшоў да прышэльцаў, аслабеў i ўпаў перад iмi на зямлю. Арганаўты паднялi яго, прывялi да ганка, пасадзiлi i абступiлi, чакаючы, што ён скажа.

Аддыхаўшыся, стары загаварыў цiхiм i сумным голасам:

- Я пазнаў вас, героi Элады! Сэрца падказала мне, што вы - тыя, што адважылiся плыць па залатое руно цераз тры моры ў далёкую Калхiду. Арганаўты, таварышы i спадарожнiкi Язона, гэта вы! Даўно ўжо я чакаю вас. Мне прадказана, што вы прыйдзеце i выратуеце мяне. Слухайце! Калiсьцi быў я царом у Салмiдэсе. Маё iмя Фiнэй...

Пачуўшы гэтае iмя, з крыкам кiнулiся да старога Барэады, два крылатыя браты, сыны бога вятроў, i спынiлiся, баючыся паверыць сваiм вачам: гэта быў муж iх любiмай сястры, фракiйскi цар Фiнэй.

- Так, я не чужы вам, - сказаў стары, - я быў жанаты на красунi дачцэ Барэя. Два мiлыя сыны ў мяне былi, быў я багаты i шчаслiвы. Я ўмеў прадказваць будучае, многiя таямнiцы былi мне адкрыты, але я не меў права таварыць пра iх. А я быў добры i мяккасардэчны i пачаў гаварыць людзям пра iх лёс. Багi загневалiся на мяне: я аслеп. Сям'я мая распалася, сыны сышлi ад мяне. Людзi пакiнулi мяне аднаго, таму што багi паслалi сюды страшыдлаў, якiя пiльнуюць мяне i не дазваляюць нiкому памагчы мне. Голад мучыць мяне, я памiраю ад знясiлення... Выратуйце мяне, Барэады!

Арганаўтам зрабiлася шкада старога, яны хуценька сабралi тое, што ў iх было з сабою - хлеб, кавалак сыру i крыху садавiны, - i палажылi старому на каленi.

- Бяры i еш, - сказаў Язон. - Падсiлкуйся крыху, ды пойдзем з намi на "Арго", там мы накормiм цябе ўдосталь.

Раптам пачуўся хрыплы i працяглы крык i лопат крылаў: птушкi на варотах прачнулiся i ўзнялi галовы. Арганаўты ўбачылi: птушкi мелi жаночыя галовы, на доўгiх голых шыях, брыдкiя, кашчавыя старыя i страшныя твары. Ганарыста i прагна пазiралi яны на Фiнэя i нецярплiва пераступалi лапамi з доўгiмi кручкаватымi пальцамi.

Раптам яны ўзляцелi i з крыкам пачалi кружыцца над домам.

Стары спалохаўся i ўпусцiў з рук ежу.

- Гэта Гарпii. Хутка яны прыляцяць, - прамармытаў ён. - Вось яны!

Як гнеў багоў, зляцелi няўмольныя Гарпii на няшчаснага Фiнэя, кiпцюрамi раздзiралi яму рукi i вопратку. Яны выхапiлi ў яго хлеб i садавiну, у адно iмгненне зжэрлi ўсё i паляцелi, апырскаўшы беднага старога смярдзючай гразёю.

Крылатыя сыны Барэя выхапiлi свае мячы i паляцелi за iмi. Гарпii з крыкам памчалiся на захад, за мора. Барэады пагналiся за iмi i неўзабаве знiклi ў марскiм тумане. Тады з неба цераз усё мора перакiнулася сямiколерная дуга, на зямлю сышла вястунка багоў багiня Iрыда i сказала Фiнэю, што час яго пакарання скончыўся, багi даравалi яму i злосныя Гарпii нiколi больш не прыляцяць да яго дома.

Убачыўшы, што Гарпii паляцелi далёка за мора, салмiдэскiя жыхары пачалi выходзiць з дамоў. Хуценька вычысцiлi яны двор i дом, памылi самога Фiнэя i апранулi яго ў чыстае адзенне. На шпаркiх крылах сваiх вярнулiся назад Барэады i з радасцю абнялi Фiнэя. Арганаўты прынеслi з карабля тлустую авечку, якую падарылi iм бебрыкi, згатавалi смачны абед, пакармiлi Фiнэя, елi самi i частавалi ўсiх, хто быў галодны ў Салмiдэсе. А калi ўсе наелiся, паселi каля вогнiшча, пiлi вiно, гаварылi пра тое, як iм далей плыць, пра невядомае мора, i пыталiся ў Фiнэя, што чакае iх наперадзе. Удзячны Фiнэй так адказаў сваiм выратавальнiкам:

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*